Вы тут

Як працуе віцебская «хуткая»?


Ці паўплывала летась пандэмія на колькасць выклікаў «хуткай»? Колькі тэлефануюць у навагоднюю ноч? А як выклікаць медыкаў... глуханямому? Гэтымі пытаннямі наш карэспандэнт напярэдадні свят пацікавіўся на Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі.


Налета 7 лістапада будзе святкавацца 100-я гадавіна дзейнасці «хуткай». Дарэчы, гістарычная паралель: тады таксама была эпідэмія, толькі халерная (аб'явілі 29 ліпеня 1922 года, а ліквідавалі 4 кастрычніка). На той час у Віцебску жыло 80 тысяч чалавек, сёння — каля 364 тысяч.

7 лістапада 1922-га, да пяцігадовага юбілею рэвалюцыі, пры бальніцы былога Чырвонага Крыжа быў адкрыты пункт хуткай дапамогі. Знаходзіўся ён на цяперашняй вуліцы Дзімітрова. Разам з дзяжурным урачом працаваў санітар, у абавязкі якога ўваходзілі адказы на тэлефонныя званкі, арганізацыя прыёму хворых. У 1925—1926 гадах працавалі ўжо пяць урачоў, тры тэлефаністы, санітар і тры рамізнікі.

Станцыя «хуткай» знаходзіцца каля аўтавакзала, недалёка ад чыгуначнага. Можна сказаць, «элемент брамы горада». У гэтым будынку калісьці была яўрэйская бальніца для беднякоў.

Паводле слоў галоўнага ўрача Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі Віктара Гоманава, пандэмія не стала прычынай для рэзкага росту выклікаў. Для параўнання, калі пазалетась па дапамогу выязджалі штомесяц каля 12,5 тысячы разоў, то летась — 13,2 тысячы.

На першым паверсе будынка станцыі нас з фотакарэспандэнтам запрасілі туды, дзе прымаюць званкі патэнцыйных пацыентаў. Фельчары па прыёме і перадачы выклікаў, калі быў час па-за работай, трохі расказалі пра нюансы. Звычайна іх на змене па шэсць.

Паколькі мы мелі стасункі напярэдадні навагодняга свята, яны расказалі пра асаблівасці ночы з 31 снежня на 1 студзеня. Сказалі, што традыцыя — першыя дзесяць хвілін цішыні ў чарговым годзе. Потым тэлефануюць і расказваюць, што нешта здарылася: выпаў з акна, апёкі атрымаў ад піратэхнікі, пабіўся з госцем... У глуханямых, аказваецца, ёсць магчымасць выклікаць «хуткую» пры дапамозе СМС-паведамленняў.

Прыкладна трэць выездаў — звароты з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. 17,5 % — праблемы з органамі дыхання, на трэцім месцы — траўмы, атручванні, потым — псіхічныя захворванні. Наконт апошніх, у Віцебску толькі адна спецыялізаваная брыгада. І «галоўны» ў ёй не тэрапеўт, а псіхіятр-нарколаг. У сумачцы гэтага медыка ёсць дадатковыя лекавыя сродкі, каб супакоіць агрэсіўнага пацыента. І ніякіх наручнікаў, уціхамірвальных кашуль, тым больш балончыкаў з газам. Усё гэта выдумкі. Дзяцей абслугоўваюць педыятрычныя брыгады.

У Віцебску людзям дапамагаюць 34 «хуткія». У Полацкім раёне — 9, Наваполацку — 10, Аршанскім раёне — 14. Усё залежыць ад колькасці насельніцтва. Але ў кожным раёне ёсць спецыялізаваная брыгада «хуткай». Калі трэба, медыкі суседзям дапамагаюць. Калі адлегласць перавышае 50 кіламетраў, дзейнічаюць падстанцыі, напрыклад, у Віцебскім раёне — у гарадскіх пасёлках Суражы і Янавічах, былых райцэнтрах, дарэчы.

Былі выпадкі, калі і ў суседнюю Расію прыязджалі, каб дапамагчы тым, хто пацярпеў, напрыклад у ДТЗ, надзвычайных сітуацыях. Цікава было ўбачыць картку з «фішкамі» — такім чынам раней адзначалі дзе знаходзяцца брыгады. Было вельмі складана кіраваць шляхамі руху аўто. У стагоддзе інтэрнэту ўсё прасцей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега Клімовіча

Загаловак у газеце: Едзе «хуткая» на выклік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».