Вы тут

Раім схадзіць


Выстава «Агні майго горада», Вікісустрэча, «Трое і Моцарт», спектаклі «На Балконе», мерапрыемствы ў абласных цэнтрах і іншае — афіша «Звязды».


Выстава да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна «Быў, ёсць, буду...»

Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, г. Мінск, зав. Музычны, 5

Калі: па 12 лютага

Уладзімір Мулявін (12.01.1941 — 26.01.2003 гг.) — выбітны беларускі артыст, кампазітар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Творчую дзейнасць у Беларусі пачаў у 1962 г. У 1969 г. становіцца мастацкім кіраўніком створанага ім ансамбля «Песняры» (першапачатковая назва — «Лявоны»). Творчасць гэтага славутага калектыву аб’яднала нацыянальную паэтычную фальклорную спадчыну ў адзіную плынь з меладызмам, сучасным для кожнага часу, адкрыла новы накірунак беларускага эстраднага мастацтва.

Важнай асаблівасцю дзейнасці У. Мулявіна з’яўляецца яднанне вакалу, інструментальнай музыкі і паэзіі. Сярод найбольш значных твораў — «Песня пра долю», вакальны цыкл «Я не паэта...», музычны спектакль «Ва ўвесь голас» паводле паэмы У. Маякоўскага і інш. Талент артыста даў новае жыццё беларускім народным песням «Касіў Ясь канюшыну», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка».

Творчасць і імя Уладзіміра Мулявіна шырока вядомыя за межамі Беларусі: ён разам з калектывам пабываў у многіх краінах свету, дзе слухачы і гледачы захапляліся канцэртамі ансамбля. Пясняр удастоены звання народнага артыста Беларусі і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У Маскве на «Алеі зорак» ззяе яго зорка.

Выстаўка «Быў, ёсць, буду...» уключае ўнікальныя экспанаты з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі: нотныя рукапісы У. Мулявіна; фотаздымкі; эскізы касцюмаў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай; канцэртныя строі «Песняроў»; магнітную стужку з рабочым варыянтам сумеснай працы «Песняроў» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна з групай «The New Christy Minstrels».

Выстаўка з’яўляецца сумесным праектам з Музеем У. Г. Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Фонды музея прадстаўляюць на выстаўцы некалькі касцюмаў знакамітага артыста, а таксама буклеты, праграмы канцэртаў і аўтабіяграфію вядомага творчага дзеяча Беларусі. Для наведвальнікаў будуць гучаць кампазіцыі «Песняроў», паказаны відэа з канцэртаў.

Наведванне выставы дасць магчымасць яшчэ раз дакрануцца да адметнай творчасці Уладзіміра Мулявіна, прайсці зорнымі шляхамі вядомага ансамбля «Песняры».


Вікісустрэча. «Вікіпедыі — 20»

radar24.info

Дзе: Фаланстэр, г. Мінск, вул. З. Бядулі, 3 (офіс 2Н)

Калі: 15 студзеня

Колькі каштуе: бясплатна

40-я сустрэча беларускіх вікіпэдыстак і вікіпэдыстаў прысвячаецца юбілею «Вікіпэдыі 20». Прыходзьце на святочны торт і сяброўскі пачастунак у «Фалянстэр».

У рамках святкавання юбілею 15 студзеня — 15 лютага 2021 году пройдзе тэматычны «Месяц беларускай літаратуры».

Удзельніцы і ўдзельнікі тэматычнага месяца атрымаюць за стварэнне найбольшай колькасці артыкулаў узнагароды на суму:

  • $300 — за 1-е месца;
  • $200 — за 2-е;
  • $100 — за 3-е;

а таксама на суму $100 — за паляпшэнне найбольшай колькасці артыкулаў.


Cinemascope. Анталогія

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: з 15 студзеня

Колькі каштуе: 7 BYN

Праграма:

  • 15 студзеня • «Эні Хол», 1977, Вудзі Ален
  • 22 студзеня • «Жанчына ў пясках», 1964, Хіросі Тэсігахара
  • 29 студзеня • «Лаліта», 1962 г., Стэнлі Кубрык
  • 5 лютага • «Інстытут Бенджамента, ці Гэты сон людзі называюць чалавечым жыццём» 1995, Стывен і Цімаці Квай
  • 12 лютага • «Пячатка зла», 1958, Орсан Уэлс
  • 19 лютага • «Абед галышом», 1991, Дэвід Кроненберг
  • 26 лютага • «Выгадуй ворана», 1976, Карлас Сауро
  • 5 сакавіка • «400 удараў», 1959, Франсуа Труфо

Пасля паказу можна застацца на абмеркаванне / абмен уражаннямі.

Усе фільмы на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі

Паказы праходзяць у скульптурнай зале музея з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў.

Слухаўкі выдаюцца на ўваходзе пры прад’яўленні білета, пасля заканчэння сеансу падлягаюць вяртанню.

Квіткі


Вялікі тэатр Беларусі. «Трое і Моцарт»

youtube.com

Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, г. Мінск, пл. Парыжскай камуны, 1

Калі: 20 студзеня, 19:30

Колькі каштуе: ад 9 BYN

20 студзеня ў камернай зале Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца праграма «Трое і Моцарт».

Па задумцы рэжысёра Алены Медзяковай, дзеючыя асобы — дама, двое яе кавалераў і музыка Моцарта. Мужчыны будуць весці барацьбу за сэрца юнай прыгажуні. Яна ж вырашыць, каму аддаць перавагу: прыгажуну або дабраку. Як адзначала рэжысёр, гледачы таксама будуць ўцягнутыя ў тое, што адбываецца і змогуць паўплываць на выбар прыгажуні.

Арыі і дуэты з опер Моцарта «Дон Жуан», «Вяселле Фігаро», «Так бывае з усімі ...», «Чароўная флейта» прагучаць у выкананні ўладальніка медаля Францыска Скарыны Юрыя Гарадзецкага, дыпламанта і лаўрэата міжнародных конкурсаў Дзяніса Янцавічы і Ірыны Кучынскай. За раялем — Ларыса Церахава. Яна ж выканае фрагменты санат Моцарта.


Выстава «Агні майго горада»

Дзе: Галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: па 14 лютага

Колькі каштуе: 5 BYN. — дарослым; 3,50 BYN — студэнтам, пенсіянерам; 2 BYN. — школьнікам.

Працуе выстава жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «АГНІ МАЙГО ГОРАДА», прысвечаная 10-годдзю Музея гісторыі горада Мінска.

На выставе прадстаўлены творы мастацтва з фондавых калекцый Музея гісторыі горада Мінска.

У 2020 годзе Музей гісторыі горада Мінска адзначыў сваё першае дзесяцігоддзе. За гэты невялікі прамежак часу ў структуры музея створана дзевяць пастаянных экспазіцый. Папаўняюцца і растуць музейныя калекцыі, сярод якіх асаблівае месца належыць збору жывапісных і графічных работ, прысвечаных гораду Мінску.

На выставе прадстаўлены мастацкія творы, па якіх можна прасачыць, як змяняўся Мінск на працягу 75 пасляваенных гадоў. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва, дзе кожнае дзесяцігоддзе характарызуецца сваімі дасягненнямі, знакавымі для гараджан падзеямі: будаўніцтвам новых мікрараёнаў, адраджэннем гістарычнага цэнтра, гарадскімі святамі.

Вядомыя летапісцы Мінска па-свойму адлюстравалі горад на палотнах і паперы, але кожнаму з іх удалося перадаць тое, што называюць душой горада. У Леаніда Дударэнкі — утульнасць старых прадмесцяў і вулачак, у Барыса Аракчэева — яркія парады і дэманстрацыі, у Леаніда Шчамялёва і Уладзіміра Тоўсціка — непаўторны каларыт гісторыі і сучаснасці, у Рыгора Сітніцы — гістарычная атмасфера і памяць стагоддзяў на старых мурах.

Выстава таксама ўяўляе сабой цікавы дакументальны матэрыял для даследчыкаў архітэктуры і гарадскога побыту. Малюнкі з натуры У. Стэльмашонка перадаюць маштаб ваенных разбурэнняў 1940-х гг. і пачатак складанага этапа адраджэння горада, прыўзняты настрой і энтузіязм пасляваеннага аднаўлення.

Асабліва багатую мастацкую спадчыну пакінулі Мінску 1950–1960-я гг. Жывапісныя і графічныя работы гэтага перыяду пранізаныя атмасферай вялікай будоўлі, надзеяй на добрую светлую будучыню, настроем мірнага і спакойнага жыцця, прадчуваннем свята 900-годдзя Мінска. Гэта асабліва выражана ў акварэлях Івана Мядзведзева, цёплым жывапісе Аляксандра Пуцейкі, вячэрніх пейзажах Барыса Аракчэева і Мікалая Назарчука. Прадстаўлены гарадскі пейзаж канца 1950-х гг. Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага «Свіслач».

Творы 1970–1980-х гг. адзначаны налётам настальгіі па старым горадзе ў працах Леаніда Дударэнкі і Віктара Маркаўца. Мастакі ўсё часцей звяртаюцца да тэмы рэканструкцыі гістарычнага вобраза горада.

Сум па адыходзячым драўляным Мінску адлюстраваў у сваіх працах Уладзімір Ісачанка. Яго «Зімовы вечар у Сухарава» цяпер толькі напамін пра тое, як выглядалі ціхія і ўтульныя раёны драўлянай забудовы ў 1990-я гг.

Вобраз сучаснага горада XXI стагоддзя ствараюць мастакі новага пакалення: Васіль Пяшкун, Глеб Отчык, Юрый Крупянкоў, Васіль Зянько.

На выставе працуе відэазона, дзе можна паглядзець дакументальныя фільмы пра Мінск.

У кожнага свой горад — вялікі, зменлівы і шматгранны. Дынамічны і павольны, шумны і спакойны, трывожны і вясёлы, парадны і будзённы, пахмурны і сонечны Мінск чакае мінчан і гасцей сталіцы ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага да 14 лютага 2021 года.


Спектаклі драматычнага тэатра БДУ «На Балконе»

Дзе: Арт-прастора БДУ, г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 10

Калі: увесь студзень

Колькі каштуе: 10,5 BYN

У студзені драматычны тэатр БДУ «На балконе» запрашае вас на сваі спектаклі.

18 студзеня, 19:00 — «БАЛАДЫНА»

«Баладына» была завершана ў снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. Драма паўстала ў эміграцыі падчас дыскусій пра прычыны нядаўняга разгрому лістападаўскага паўстання і дэбатаў аб агульнай гісторыі і будучым лёсе народа. Паэт злучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў.

Расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр — Баладыну і Аліну — стала вельмі папулярнай. Яна аказала вялікі ўплыў на нацыянальную культуру, а відовішчныя тэатральныя пастаноўкі натхнялі і захаплялі цэлыя пакаленні. Сёстры Баладына і Аліна жывуць з маці ў беднай хаце ў лесе.

Гаплана, каралева возера Гопла, закаханая ў Грабца — каханка Баладыны. З-за сваёй рэўнасці яна ўмешваецца ў чалавечыя справы і блытае лёсы герояў. Аднойчы служка Гапланы Скерка прыводзіць у лясную хату багатага каралевіча Кіркора. Гаплана спадзяецца, што Кіркор закахаецца ў Баладыну — і тады Грабец застанецца ёй. Аднак воляю Скеркі каралевіч закахаўся ў абедзвюх сясцёр адразу. Каб вырашыць, чыім мужам стане Кіркор, дзяўчаты спаборнічаюць у зборы малін.

Кіркор стане мужам той, якая першая назбірае поўны збан. Калі выяўляецца, што выйграла Аліна, Баладына забівае сястру... Прага ўлады, павольнае ператварэнне ў сапраўднага злачынцу і зацятая барацьба дабра з ліхам з’яўляюцца асноўнымі матывамі трагедыі.

  • Пераклад Лявона Баршчэўскага.
  • Рэжысёр: Андрэй Саўчанка.
  • Акторы: Кацярына Сірыўля, Іван Патапаў, Андрэй Новік, Мікола Варабей, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Аляксей Любчанка, Яраслава Федчанка, Аня Рудак, Павел Міхаленя.
  • Кампазітар: Канстанцін Яськоў.
  • Сцэнаграфія: Юрый Вінаградаў.
  • Касцюмы: Алеся Яфімік.
  • Грым: Марына Марцінчык.
  • Харэаграфія: Яўген Іваноў.
  • Святло: Сяржук Голік.
  • Гук: Аляксандр Яцкевіч.
  • Працягласць: 2 гадзіны 10 хвілінаў з антрактам.

25 студзеня, 19:00 — «Азірніся ў гневе»

Адзін з нас — вар’ят. Адзін з нас нікчэмны, дурны і шалёны. Хто ж гэта? Гэта я? Хто з нас?... Я вельмі рана дазнаўся, што такое быць у гневе.. Гнеў і бездапаможнасць. І я ніколі гэтага не забуду...

Джон Джэймс Озбарн — ангельскі драматург сярэдзіны ХХ стагодзя напісаў п’есу «Look Back in Anger», якой пахіснуў тагачасныя погляды на тое, якім павінен быць тэатр.

Мяне завуць Джон Джэймс Озбарн. Я нарадзіўся 12 снежня 1929 года ў Англіі. Я памёр 24 снежня 1994 года ў Англіі. Калі мне было 27 гадоў, я напісаў п’есу, якая распачала рух «Раз’ятрнаныя маладыя людзі», ў Англіі.

Горад у Сярэдняй Англіі. Мансарда ў кватэрцы жылога дома, якую здымае сям’я Портэраў — Джымі і Элісан. З імі жыве іх сябар Кліф. Наш час.

Гэтак распачынаецца спектакль Тэатра «На Балконе».

  • Пераклад: Уладзь Лянкевіч, Андрэй Саўчанка, Аляксей Любчанка.
  • Рэжысёр: Андрэй Саўчанка.
  • Акторы: Аляксей Любчанка, Яраслава Федчанка, Павел Міхаленя, Наста Караткевіч. Тэксты песень: Аляксей Любчанка, Павел Міхаленя.
  • Кампазітар: Эрык Арлоў-Шымкус.
  • Сцэнаграфія: Юрый Вінаградаў.
  • Святло: Сяржук Голік.
  • Гук: Аляксандр Яцкевіч.
  • Працягласць: 2:30 з антрактам.

28 студзеня, 19:00 — «САД»

Ідэя нарадзілася падчас Семінару для тэатральных выкладчыкаў і рэжысёраў у Берліне (даследчы цэнтр «AKT-ZENT», прафесар Юры Альшыц) Страчанае. Сад. Памяць. Гісторыя. Сам-насам з адзінотай, з набытым садам, са страчаным лёсам.

Пераасэнсаванне п’есы Антона Чэхава праз аднаго персанажа, аднаго актора, аднаго чалавека. Тэксты складаюцца ў асаблівыя шэрагі, ў бязгучныя чароды, ў маўклівыя рытуалы. Абраная форма монаперфоманса дазваляе надаць дзеі інтымны і сакральны характар, выкарыстаць нязвыклыя для класічнага твора прыёмы, стварыць асаблівы аўтарскі кантэкст.

  • Рэжысер і актор: Андрэй Саўчанка.
  • Музыка: Nicolas Jaar, Аляксандр Вярцінскі.
  • Працягласць: 1 гадзіна.

Даведкі


Выстава вялізных круглых карцін «REFLECTION»

Дзе: Галерэя DK, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: па 24 студзеня

Колькі каштуе: 7 BYN (ільготны — 5 BYN)

Галерэя ДК і мастачка Вераніка Ракашэвіч запрашаюць вас на выставу REFLECTION.

Мастачка прапануе адключыць крытычнае мысленне і даверыцца адчуванням. Усё роўна, хто вы і чым займаецеся — кожны зможа ўбачыць сваё.

Колер. Форма. Тэхніка. Рэфлексіўная абстракцыя — гэта адлюстраванне рэальнасці, якую бачыць мастачка.

Складаныя эмоцыі і палітра сацыяльных, палітычных, унутрычалавечых канфліктаў, пачуццё перамогі і несправядлівасці, кагнітыўны дысананс — усё гэта тут.

Свабода творчасці — свабода думкі, а мастацтва — гэта пачуцці. Адчувайце. А калі не атрымліваецца, нічога страшнага, проста рабіце ўсё, што захочаце.

Многія з карцін былі напісаныя на месцы руін знакавых месцаў, саляных паліц Беларуськалія, культурных кластараў Мінска, а таксама задакументаваныя з дапамогай фота- і відэаздымкі.

Прыгледзьцеся. І калі доўга ўзірацца ў карціну, яна пачне ўзірацца ў вас. Але галоўнае — даверцеся сваім пачуццям.


«Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў XX стагоддзя»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 47

Калі: па 8 сакавіка

Колькі каштуе: 12 BYN — дарослыя, 10 BYN — студэнты, 8 BYN — льготны

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і LIBRA запрашаюць гледачоў наведаць новы выставачны праект «Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў XX стагоддзя», дзе будуць прадстаўлены каляровыя літаграфіі такіх геніяльных мастакоў, як Пабла Пікаса, Анры Маціс, Эган Шыле.

Эрас — каханне і запал адначасова, пачатак, супрацьлеглы хаосу. Эратычны пачатак — першабытны, схаваны, які дае жыццё. Чым з’яўляецца эратызм у дачыненні да кахання? Чым з’яўляецца эратызм у дачыненні да жыцця і ў дачыненні да смерці?

На выставе «Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў XX стагоддзя» вечную тэму раскрываюць стваральнікі самых вядомых адкрытых палотнаў XX стагоддзя — Пабла Пікаса, Анры Маціс, Эган Шыле. Працы гэтых мастакоў рэдка сустракаюцца ў адным сходзе, але менавіта іх творчасць найбольш глыбока і рознабакова даследуе тэму.

Прастора эратычнага мастацтва вельмі тонкая — адкрытае і схаванае тут амаль непадзельныя. Мадэль адкрывае цела, мастак агаляе душу. Эратычныя працы — люстэрка ўнутранага свету мастака, ён роўны самому сабе і паўстае па-дзіцячы адкрытым.

Выстава эратычнага мастацтва — даследаванне. Тут захапленне прыгажосцю і саладосцю цялеснай цягі мяжуе з адказамі на глыбінныя пытанні.

На выставе прадстаўлены 60 работ у тэхніцы літаграфіі, якія сабраны з прыватных калекцый Еўропы. Выстава для гледачоў, старэйшых за 18 гадоў.

На выставе таксама будуць прадстаўлены работы вядомых і пачынаючых беларускіх аўтараў, творчасць якіх пышна дапоўніць асноўную экспазіцыю вялікіх майстроў.

Выставу суправаджаюць інфармацыйныя стэнды, якія дапамогуць вам лепш разабрацца з экспазіцыяй. Таксама на выставе будуць дэманстравацца дакументальныя фільмы, якія бліжэй пазнаёмяць вас з найвялікшымі майстрамі XX стагоддзя і іх творчасцю. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст па выставе, які ўяўляе сабой некалькі заданняў па экспазіцыі і інфармацыйным стэндам, каб зрабіць ваша наведванне выставы яшчэ больш займальным.

18+


Віцебск. Выстава французскага мастака Іва Франсуа Гі Жаё «Святло і атмасфера»

Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, г. Віцебск, вул. Леніна, 36

Калі: па 15 студзеня

Мастак чэрпае натхненне ў назіранні за прыродай, у пастаянных варыяцыях каларыту кожнага сезону года. Поўныя чароўнасці прадметы яго нацюрмортаў, узятыя з рамантычнага інтэр’еру сямейнага дома ў маленькай вёсачцы Шаран недалёка ад Дэсіза.

У цяперашні час Іў Жаё пражывае ў Беларусі. На выставе ў Мастацкім музеі ён прадстаўляе пейзажы і нацюрморты, выкананыя алеем на палатне, дрэве, кардоне. Для выставы «Святло і атмасфера» адабрана 52 работы.


Магілёў. «Мастацтва В.К. Бялыніцкага-Бірулі першай паловы ХХ стагоддзя»

Дзе: Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі, г. Магілёў, вул. Ленінская, 37

Калі: пастаянная экспазіцыя

Колькі каштуе: 4 BYN — дарослыя, 2 BYN — навучэнцы, студэнты

У музеі вы пазнаёміцеся з жыццём і творчасцю мастака.


Гомель. Выстава «Дзіўны свет павукоў»

Дзе: ДУ Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі, г. Гомель, вул. Карповіча, 4

Калі: з 13 студзеня па 29 лютага

У выставачнай зале Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі пройдзе выстава «Дзіўны свет павукоў». На выставе будуць прадстаўлены дзясяткі відаў павукоў і скарпіёнаў.

Мы сутыкаемся з гэтымі істотамі з самага дзяцінства ў казках і мультыплікацыйных фільмах. Успомніць хаця б галоўнага злодзея казкі К. Чукоўскага «Муха-Цакатуха». У свеце цяпер апісана больш за 114 тыс. відаў павукападобных (уключаючы 1,8 тыс. выкапнёвых відаў), большасць гэтага класа членістаногіх складаюць павукі і іх бліжэйшыя сваякі кляшчы.

Павукападобныя, арахніды (лац. Arachnida) — гэта клас членістаногіх з падтыпу хеліцэравых (Chelicerata). Найбольш вядомыя прадстаўнікі: павукі, скарпіёны, кляшчы. Лацінская назва павукападобных паходзіць ад грэцкага ἀράχνη «павук» (існуе таксама міф пра Арахне, якую багіня Афіна ператварыла ў павука). Навука аб павукападобных называецца арахналогія.

Павукападобныя распаўсюджаныя паўсюдна і пераважна з’яўляюцца наземнымі насельнікамі, хоць сярод кляшчоў шырока сустракаюцца віды, якія насяляюць як прэсныя вадаёмы, так і моры і акіяны. Паводле тыпу харчавання ў асноўным адносяцца да драпежнікаў.

На выставе можна на свае вочы ўбачыць найбуйнейшых з прадстаўнікоў павукападобных, якіх немагчыма сустрэць у нашых шыротах.


Брэст. Квэсты «Выяўлена у музеі»

Дзе: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, г. Брэст, вул. Карла Маркса, 60

Калі: па 20 лютага

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей арганізуе серыю зімовых квэстаў «Выяўлена у музеі».

«У першую чаргу, нам важна, каб у музеі захоўваліся яго навуковы і культурны складнікі. Па-другое, каб ён быў прывабным і цікавым для гасцей. У новым праекце, захоўваючы музейныя традыцыі, мы робім наведванне тэатралізаваным, дадаем інтэрактыў», — растлумачыў вядучы навуковы супрацоўнік установы Віталь Іваноў.

Для квэстаў будуць выкарыстоўвацца сучасныя светлавыя і гукавыя тэхналогіі, магчымасці інтэрнэту. Галоўным месцам дзеяння стануць экспазіцыйныя прасторы абласнога краязнаўчага музея і яго філіялаў: «Бярэсця», Мастацкага музея і музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці».

Арганізатары прапануюць гуляць невялікімі камандамі (у тым ліку з улікам эпідабстаноўкі).

Першая гульня прызначаная на 23 студзеня. У якасці лакацый заяўлены «Бярэсце» і Мастацкі музей у Брэсцкай крэпасці. Ужо 6 лютага дзеянне перамесціцца ў краязнаўчы музей, дзе правядуць вячэрні квэст з нестандартнымі заданнямі пры ўдзеле акцёраў. Гульцам спатрэбяцца ліхтарыкі і зараджаны смартфон. Трэці квэст плануецца днём 20 лютага ў краязнаўчым музеі і музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці».

«Магу адкрыць сакрэт, што ўдзельнікі пагутараць са „старажытным берасцейцам“. Задзейнічаем не толькі экспазіцыйныя пляцоўкі, але і новыя, якія былі зачыненыя для наведвальнікаў музея. Акрамя таго, не выпадкова выбраны для гульні цёмны час сутак, — прыадчыніў таямніцы суразмоўца. — Музей павінен ператварыцца ў нешта дзіўнае і пры гэтым навучаць гасцей у гульнявой форме».

Калі зімовы квэст «Выяўлена ў музеі» давядзецца брастаўчанам па душы, гульні будуць праводзіць і ў іншыя поры года.


Гродна. Рэлігія і культура ў Беларусі

Дзе: Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, г. Гродна, вул. Замкавая, 16

Калі: пастаянная экспазіцыя

У трынаццаці залах прадстаўлены комплексы прадметаў, якія адлюстроўваюць культуратворчую ролю архаічных вераванняў, хрысціянскіх канфесій, ісламу і іудаізму. Пабудаваная па тэматыка-храналагічным прынцыпе экспазіцыя асвятляе гісторыю культуры і рэлігіі ў Беларусі як грамадскую з’яву і неад’емную частку агульначалавечай культуры. Увазе наведвальнікаў прапануюцца раздзелы «Культура і архаічныя вераванні старажытных насельнікаў беларускіх зямель», «Жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста», Культура і хрысціянства на беларускіх землях у X–ХХІ ст.», «Іслам і татарская культура ў Беларусі», «Іудаізм і яўрэйская культура ў Беларусі».

Сярод экспанатаў багатая калекцыя археалагічных матэрыялаў, дробная пластыка ХІІ–ХХ ст., помнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХІІІ–XХ ст., творы выяўленчага мастацтва (абразы, партрэтны жывапіс, гістарычная карціна) XVI–XХ ст., а таксама гравюры, старадрукаваныя кнігі, музычныя інструменты.

Прэв’ю: telemediaonline.co.uk

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.