Вы тут

Лукашэнка: За кожным дасягненнем стаяць працавітыя і сумленныя людзі, якія жывуць і працуюць на карысць роднай краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм


Сёння ў Палацы Рэспублікі ўручылі прэміі «За духоўнае адраджэнне», «Беларускі спартыўны Алімп» і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва

Прэмія «За духоўнае адраджэнне» прысуджаецца ў нашай краіне з 1997 года. Мабыць, ні адна культурная падзея ў краіне не робіць большы акцэнт на каштоўнасцях і традыцыях беларускага народу. Імёны яе лаўрэатаў становяцца вядомыя напярэдадні Новага года, а свае ўзнагароды з рук кіраўніка краіны, як павялося, лаўрэаты атрымліваюць у перыяд калядных святаў.


Шмат у падзеі і пра каштоўнасці духоўныя — сярод лаўрэатаў заўсёды імёны святароў і дзеячаў мастацтва рэлігійнага напрамку. Таму разам з Прэзідэнтам на сцэне падчас уручэння прэміі і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, кіраўнік самай вялікай канфесіі вернікаў у Беларусі. Сёння гэта свята і той сімбіёз свецкага і духоўнага, які яно ўвасабляе, набыло асаблівы, але, на жаль, сумны лейтматыў — пайшоў з жыцця Уладыка Філарэт. Шануемы беларусамі Мітрапаліт стаяў у вытокаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і ўяўляў сабой сапраўдны прыклад служэння краіне і людзям, пра якое будзе шмат сказана ў прамове Прэзідэнта.

Сучасная традыцыя

Цырымонію ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як адну з галоўных падзей года, якая трывала ўвайшла ў наша жыццё як сучасная традыцыя, што звязвае мінулае і сучаснасць роднай зямлі, напаўняе асаблівым сэнсам нашы мэты і памкненні.

Але галоўнае, па словах Прэзідэнта, што з году ў год такія сустрэчы аб’ядноўваюць нас у самых лепшых і шчырых пачуццях: гонару за годных людзей, падзякі за міласэрнасць і дабрыню, мужнасць і гераізм, пакланення перад творчасцю і талентам нашых суайчыннікаў.

«Мы, беларусы, народ з прыгожай душой. Я думаю пра гэта кожны раз, калі вывучаю гісторыі поспеху і падпісваю дакументы аб узнагароджанні, — сказаў кіраўнік краіны. — За кожным прафесійным або асабістым дасягненнем стаяць у першую чаргу працавітыя і сумленныя людзі. Людзі, якія аддаюць сябе цалкам сваёй місіі, жывуць і працуюць на карысць роднай краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм».

Прэзідэнт працягнуў: патрыятызм — і ў любові да дзяцей і бескарыслівым імкненні атачыць клопатам тых, каго лёс пазбавіў матчынай ласкі, у самаадданай барацьбе за жыццё і здароўе людзей, у беражлівым стаўленні да культурных здабыткаў нацыі, нашых спрадвечных традыцый і духоўных каштоўнасцей, у абароне гістарычнай праўды, памяці герояў нашай зямлі, інфармацыйнага суверэнітэту краіны, у выхаванні маладых беларусаў у любові да сваёй краіны і гонару за сваіх продкаў.

Прыклады самаадданага служэння

Аляксандр Лукашэнка назваў лаўрэатаў прэмій гонарам нацыі. «Менавіта такія людзі, як вы, пішуць гісторыю. Такія добрыя справы і пачынанні, як вашы, застаюцца ў памяці народа. Даюць будучым пакаленням маральны і духоўны арыенцір. Вядуць да новых высокіх мэт. І летапіс жыцця беларусаў працягваецца», — канстатаваў Прэзідэнт.

На яго думку, сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі, памятаць, што тут стагоддзямі жыў беларускі народ і будзе жыць, усведамляць сябе адзіным цэлым з пакаленнямі розных эпох, разумець, што ў нас ёсць свой шлях, які пачыналі вялікія людзі.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў — дабрыня і спачуванне, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць — ёсць у кожным з нас.

«Менавіта такім, сапраўдным героем Беларусі, шчырым і адкрытым быў наш Уладыка Філарэт, якога мы, на жаль, страцілі. Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабіста падтрымліваючы ўсіх лаўрэатаў сваім бласлаўленнем. У гісторыі Беларусі Філарэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям, якія нас аб’ядноўваюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яго памяць прысутныя на ініцыятыве Прэзідэнта ўшанавалі хвілінай маўчання.

Наша агульная мэта, як адзначыў кіраўнік краіны, — быць годнымі нашчадкамі Уладыкі Філарэта і іншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў.

Прэзідэнт пажадаў, каб узноўлены Тураўскі крыж, як і адроджаны раней крыж Еўфрасінні Полацкай абаранялі нас на гэтым шляху.

«Сімвалічна, што сёння два крыжы побач на сцэне Палаца Рэспублікі. Я з асаблівым пачуццём гонару і падзякі ўручаю прэмію аўтарам узноўленай нацыянальнай святыні. А таксама іншым нашым суайчыннікам, якія сваімі добрымі і шчырымі справамі сапраўды азараюць наша жыццё святлом беларускай душы», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны.

Чэмпіянат — не пра палітыку

Патрыятызм, як адзначыў кіраўнік краіны, — і ў спартыўных перамогах у гонар Беларусі. І тут ён зрабіў адступленне пра перамовы з Міжнароднай федэрацыяй хакея.

«Не паспелі яны закончыцца, як нашы збеглыя абрынуліся на лепшых нашых замежных сяброў, якія пастаянна падтрымлівалі і падтрымліваюць нас, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Я хачу сказаць, што мы гатовы да правядзення любых міжнародных у тым ліку і культурных, і спартыўных спаборніцтваў».

Права на правядзенне чэмпіянату свету па хакею, як дадаў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь выйграла ў сумленнай барацьбе і гатова арганізаваць яго хоць заўтра.

«Для гэтага яшчэ нямала прыйдзецца зрабіць і, на жаль, прыйдзецца даказваць, што мы завёмся людзьмі і ў нас ёсць свая краіна. Мы гатовы размаўляць з любымі шчырымі людзьмі. У тым ліку і з апазіцыяй, але не са здраднікамі. Мы гатовы весці дыялог з любой апазіцыяй, вы гэта бачылі і ведаеце, па любых пытаннях, пачынаючы ад канстытуцыйных змяненняў і заканчваючы будучыняй нашай Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З гэтым прыкладам ён звярнуўся да тых, хто яшчэ мае жаданне «перавярнуць краіну», і заявіў: «Нічога не атрымаецца».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў перамовах разам з Рэнэ Фазелем яны прыйшлі да адзінага меркавання — спорт павінен аб’ядноўваць, а не наадварот.

«Калі яны (прадстаўнікі МФК. — «Зв.») вытрымаюць ціск з боку сваіх жа палітыкаў, мы правядзём прыгожае, спартыўнае свята ў нашай краіне. Можам і без Латвіі, калі яны гэтага не хочуць. Упэўнены, што наша Беларусь, прыгожая, гасцінная і бяспечная — лепшае месца, якое можна знайсці для ўвасаблення ў жыццё ідэй алімпізма і культурных ідэй», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз нагадаў, што ўлады гатова весці дыялог з любымі сіламі, якія будуць працаваць на тое, каб краіна станавілася лепшай. Прэзідэнт падкрэсліў, што ўладу нельга ўзяць, асноўваючыся на разбурэнні. «Беларусы не будуць трываць адкату назад, разбурэння, а потым, як нам абяцаюць, мы ўсё гэта пераадолеем і станем заможнымі і багатымі. Так нідзе не было і не будзе. Суседнія прыклады кажуць пра адваротнае», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўручэння ўзнагарод Прэзідэнт зноў звярнуўся да прысутных і пажадаў ім не траціць жыццё на пустаслоўе, непатрэбныя справы і тым больш на разбурэнне.

«Не дай Бог нам у пылу гэтага сусветнага шаленства страціць тое, што больш ніколі не вернем, страцім беззваротна, знішчыць уласнымі рукамі тое, што зрабілі за апошнюю чвэрць стагоддзя. Мы ж з вамі гэта зрабілі. Нельга гэта страціць. Чытайце, думайце, аналізуйце і толькі потым рабіце вывады. На нас, як і на ўвесь свет і на тых, хто быў ініцыятарам усяго дрэннага ў нашым жыцці, абрынуўся шквал хлусні. І мы павінны гэта перажыць. Мы ж пра сябе кажам, што мы — мудрыя і таленавітыя», — дадаў Прэзідэнт.

Ён пажадаў прысутным дзеячам культуры і мастацтва не прыпадабняцца тым, хто збег.

«Не спяшайцеся, гэта не значыць, што вы павінны думаць, як я, як Уладыка, як усе, хто сядзіць на гэтай сцэне з падарункамі. Не. Але перад тым, як зрабіць вывады, — не спяшайцеся. Ад вашага слова вельмі шмат залежыць», — падзяліўся думкамі кіраўнік краіны.


Сяргей ПЯРВІЦКІ, галоўны архітэктар праектаў адкрытага акцыянернага таварыства па комлексным праектаванні аб'ектаў жыллёва-грамадзянскага назначэння «Інстытут Гомельдзяржграндпраект». Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» стаў у складзе аўтарскага калектыву за стварэнне мемарыяла «Ала» на месцы знішчанай фашыстамі вёскі ў Светлагорскім раёне:

— Менавіта з Алой мяне асабіста нічога не звязвае. Але маю сям'ю, як і многіх беларусаў, кранула вайна — абодва дзяды прайшлі вайну, мама была ў акупацыі ў падобнай вёсцы. Я  думаю, у нашай краіне няма чалавека, у якога нічога не было б звязана з вайной...

Наш інстытут у асноўным займаецца сацыяльнымі аб'ектамі, жыллём у Гомелі, таму стварэнне мемарыяла стала для нас своесаблівай удачай. Мемарыял ствараўся з нуля, і для мяне гэта першы вопыт маштабнай і гістарычна значнай работы. У 2019-м мы стварылі памятны знак братам Лізюковым — тром братам-беларусам, якія загінулі ў час вайны. Але ўсё ж мемарыял — гэта больш складаны і адказны праект. Я вынікам нашай работы задаволены, хоць заўсёды хочацца лепш. Самае галоўнае прызнанне — людзі едуць у Алу, мемарыял запатрабаваны і людзі яго прынялі.

Аляксандр АНІСІМАЎ, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзі-
дэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2020 года. Узнагароду ён атрымаў за значны ўклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку, за рэалізацыю буйных рэспубліканскіх і міжнародных творчых праектаў:

— Для мяне зала Палаца Рэспублікі і гэтая сцэна звязаныя з сур'ёзнымі і вельмі цікавымі ўспамінамі. У складзе філарманічнага аркестра мы правялі тут мноства сур'ёзных акцый і ўрачыстых мерапрыемстваў. Тут былі рэалізаваныя шматлікія мастацкія мерапрыемствы. Напрыклад, у 2004 годзе да Дня горада Мінска мы рэалізавалі грандыёзны праект з удзелам шасці аркестраў і чатырох хораў. І мелі тады вялікі поспех у публікі.

Сёння я ўпершыню знаходжуся тут для атрымання ўзнагароды. Вядома, гэта вельмі радасная падзея і я вельмі гэтым ганаруся.

Таццяна і Андрэй БАРЫТОЛЬ. Таццяна разам з мужам Андрэем — бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Салігорску. Прэмію «За духоўнае адраджэнне» 2020 года яны атрымалі за значны ўзнёсак у выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў:

— Самае галоўнае ў сям'і — павага, мы павінны чуць і паважаць меркаванне і жаданні дзяцей, з гэтага і пачынаецца сям'я. Нам з мужам прыемна даваць дзецям сямейнае цяпло. У нас наперадзе шмат мэт, і спыняцца мы не збіраемся. Мы яшчэ не ўсіх дзетак паднялі, у нас яшчэ ёсць сілы дапамагчы дзецям і велізарнае жаданне ўбачыць іх поспехі, перамогі. Вядома, мне вельмі дапамагае муж. Калі дзетак шмат, з імі складана. І дзецям трэба мужчынскае меркаванне, мужчынская парада.

У нас шмат сямейных традыцый, мы разам адзначаем дні нараджэння, іншыя святы. Самыя галоўныя сямейныя святы ў нас — Вялікдзень і Новы год. Дзеці іх любяць. І душа радуецца, калі дарослыя дзеці прыязджаюць і ўсе разам рыхтуюць святочны стол, нават самыя маленькія бяруць удзел.

Аляксандр АНІСІМАЎ, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2020 года. Узнагароду ён атрымаў за значны ўнёсак ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку, за рэалізацыю буйных рэспубліканскіх і міжнародных творчых праектаў:

— Для мяне зала Палаца Рэспублікі і гэтая сцэна звязаныя з сур’ёзнымі і вельмі цікавымі ўспамінамі. У складзе філарманічнага аркестра мы правялі тут мноства сур’ёзных акцый і ўрачыстых мерапрыемстваў. Тут былі рэалізаваныя шматлікія мастацкія мерапрыемствы. Напрыклад, у 2004 годзе да Дня горада Мінска мы рэалізавалі грандыёзны праект з удзелам шасці аркестраў і чатырох хораў. І мелі тады вялікі поспех у публікі.

Сёння я ўпершыню знаходжуся тут для атрымання ўзнагароды. Вядома, гэта вельмі радасная падзея, і я вельмі гэтым ганаруся.

Аляксей Талай — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп» 2020 году.

Аляксей — дырэктар Мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па інваспорту, заснавальнік праекту «Спартсмены Беларусі — сіла ў адзінстве».

— Для мяне вялікае шчасце і гонар быць удастоеным такой узнагароды — прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп». Мне радасна быць адным з трох шчасліўчыкаў, якіх так высока ацанілі. Значыць, я за гэтыя гады змог зрабіць штосьці важнае і добрае для падрастаючага пакалення, для дзяцей і моладзі. Спорт дапамагае нам засвоіць, што  вады не засіліш не паварушыўшыся. Патрэбна кожны дзень старацца, працаваць, нават калі ты не маеш рук і ног, і ёсць людзі, якія з цябе смяюцца і здзекуюцца. Важна ўсё пераадолець, паверыць у свае сілы і зрабіць крок наперад, у першую чаргу, дзеля сваіх родных і блізкіх. З такім пасылам я выступаю ў школах і ва ўніверсітэтах. Мы запусцілі грандыёзны рэспубліканскі праект «Спартсмены Беларусі — сіла ў адзінстве». У яго межах мы з зоркамі беларускага спорту «запальваем» дзяцей спортам, адцягваем іх ад гаджэтаў. І потым бацькі актыўна тэлефануюць і пішуць у сацыяльных сетках з удзячнасцю за тое, што мы робім такую важную справу.

Зараз я рыхтуюся да Паралімпійскіх гульняў у Токіа. Я адзін з 11 паралімпійцаў, якія ўжо заваявалі ліцэнзію. Трэніруюся кожны дзень, не губляючы часу. Раніцай у мяне можа быць сустрэча ці мерапрыемства, а вечарам я ўжо бягу ў БДУФК у басейн і інтэнсіўна плаваю свае 1200 і 1500 метраў. І, калі дасць бог, і я заваюю хаця б бронзу Паралімпійскіх гульняў і горда падыму наш сцяг у Токіа, большага шчасця для мяне не будзе.

Марыя ДАДАЛКА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.