Вы тут

Яго малітва заўсёды будзе гучаць у беларускіх храмах


Філарэт... У грэчаскай мове гэтае імя азначае — «той, хто любіць дабрадзейнасць». Прыгожае імя для прыгожай душы... Для беларусаў менавіта так успрымалася імя Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Філарэта, чыё свецкае імя — Кірыла Варфаламеевіч Вахрамееў.


Фота Анатоля Клешчука.

Калі чуеш вестку пра смерць чалавека глыбока веруючага, уцаркоўленага, боль ад страты змякчаецца тымі словамі веры, хрысціянскім стаўленнем да сыходу са свету зямнога, якія ты ўспрымаў ад гэтага чалавека. «Смерць! Дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?.. Але падзяка Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом!» Словы з паслання Апостала Паўла абавязкова гучаць на Вялікдзень, і шмат разоў мы чулі іх з вуснаў Уладыкі Філарэта, і сёння ўспомнім іх, гаруючы з нагоды ягонай смерці.

Чалавек мудры і тонкі, ён сябраваў з многімі прадстаўнікамі беларускай культуры — дарэчы, сам добра разбіраўся ў мастацтве. Нашчадак старажытнага купецкага роду, сын выкладчыкаў музыкі, меў музычную адукацыю, але абраў шлях манаха і святара. Пры гэтым яму было цікава і ўсё тое, што ствараецца ў свецкай духоўнай прасторы — бо духоўнасць, агульная, грамадская, вырастае з маленькага зернетка, прабіваецца і там, дзе, здавалася б, усё вельмі матэрыяльна, груба... Добры пастыр, пра якога кажа Біблія, даражыць усімі падапечнымі аднолькава і не пакідае іх ніколі. І ў сыходзе Уладыка Філарэт застаўся разам са сваім народам, падзяліўшы з ім страшную навалу пандэміі. Недарэмна прыхаджане часам любоўна называлі яго ў прыватных гутарках «уладычанька» — як свайго, блізкага чалавека, мудрага настаўніка, які зразумее, усміхнецца, падтрымае...

Калі заходзіш у стары храм, мімаволі думаеш пра ўсіх тых, хто да цябе тут маліўся, напаўняў яго сваімі думкамі, скіраванымі да неба, умацоўваў верай... Можна ўявіць, што яны і цяпер тут прысутнічаюць, моляцца разам з табою, за цябе. За час свайго служэння — а Уладыка Філарэт яшчэ ў 1978-м быў прызначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім — ён пабываў шмат у якіх беларускіх храмах, і не толькі дзеля службы. Клапаціўся і пра захаванасць помнікаў беларускай храмавай архітэктуры, пра аднаўленне старажытных храмаў і духоўных кніг. І цяпер у гэтых храмах заўсёды будзе адчувацца ягоная нябачная прысутнасць, як яшчэ аднаго ахоўніка нябеснага.

Уладыка сышоў на другім тыдні пасля Раства Хрыстова, у час святочны... Ды яшчэ якраз на Беларусі, якой ён шчыра аддаў столькі сіл сваёй душы, пачалася сапраўдная зіма — пяшчотны снег ахутаў чорныя дрэвы і кустоўе, ператварыўшы іх у гожыя дэкарацыі для каляднага святкавання. Пейзажы замілоўваюць, абуджаюць у памяці песнапенні, якімі сустракаюць Раство... Чысты белы покрыў на нейкі час ахінуў учарнелую ад бяды беларускую зямлю. Па гэтым белым покрыве ідзе да нас не толькі боль ад страт, але і надзея. І колькі б ні змяняўся пейзаж, людскія настроі, абставіны жыцця грамадства, светлая памяць пра Уладыку Філарэта застанецца пад гэтым небам, у нашых храмах, у нашых сэрцах.

Звяздоўцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.