Вы тут

Не размаўляйце з дзецьмі з пазіцыі «куды ты нацэліўся». Чаму бацькам выпускніка важна своечасова заняць месца ў групе падтрымкі?


Заканчэнне школы і выхад у дарослае жыццё прафарыентацыйны псіхолаг Ганна Ісаенка вельмі трапна параўноўвае з першым скачком з парашутам або выхадам у космас. Свет ужо ўвайшоў у стадыю турбулентнасці, наша будучыня — абсалютна непрадказальная, таму ніхто не бярэцца рабіць доўгатэрміновыя прагнозы і разважаць пра «надзейныя прафесіі», а тут яшчэ і пандэмія каранавіруса дадаткова ўсё ўскладніла, зблытала многім іх жыццёвыя планы.


— Маладыя людзі пачынаюць усведамляць, што зусім неабавязкова яны змогуць дасягнуць нават таго ўзроўню дабрабыту, якога дасягнулі іх бацькі. Таму, адпаведна, выбар, кім быць, як будаваць свае планы на дарослае жыццё і як зарабляць грошы на свае патрэбы стаіць для іх вельмі востра, — расказала Ганна Ісаенка падчас свайго выступлення на EdCamp Belarus. — Калі я кансультую старшакласнікаў, то кажу ім: «Вам вельмі пашанцавала і вы ўступаеце ў дарослае жыццё без ілюзій, у адрозненне, напрыклад, ад мяне. Майму пакаленню падавалася, што наша жыццё будзе ісці па дакладным сцэнарыі. Можна было выбраць адну прафесію і прысвяціць ёй усё жыццё. Прыкладна праз пяць гадоў пасля заканчэння ВНУ атрымаць першае павышэнне на службе, праз дзесяць — другое, праз дваццаць — заняць кіраўніцкую пасаду і потым спакойна пайсці на пенсію. У цяперашнім свеце маладому чалавеку неаднойчы давядзецца змяняць род сваіх заняткаў, тым больш што пенсійны ўзрост у нас паступова павышаецца. Выбіраць прафесію ў ідэале трэба ў 15-17 гадоў, да гэтага ж часу неабходна паспрабаваць сябе ў розных ролях, каб праявіць сваю адоранасць. А бацькам важна зразумець, што адбываецца, і перастаць змагацца з яе праявамі.

Чым дзяцінства адрозніваецца ад дарослага жыцця? Пакуль ты малы, ты едзеш на заднім сядзенні аўтамабіля, якім кіруюць бацькі. Менавіта яны пракладваюць маршрут, вырашаюць, дзе зрабіць прыпынак, дзе падсілкавацца і гэтак далей. Але прыходзіць час, калі дзіця ўпершыню «бярэ руль» у свае рукі. І калі гэта не здарыцца ў 17 гадоў... У 30 да мяне прыходзіць малады чалавек, які кажа, што ў яго ўсё ёсць (і адукацыя, і работа), але ўсё гэта было не яго выбарам. Ён проста ўвасабляў чаканні бацькоў... Таму я заўсёды кажу старшакласнікам: не трэба скардзіцца ні на надвор'е, ні на складаныя ўмовы на дарозе. Трэба вучыцца ездзіць і ў галалёд, і ў завіруху. Гэта ўсё ўмовы задачы, якую неабходна вырашыць. І нікому не выдаецца гарантыя, што яго жыццё будзе спакойнае і шчаслівае, нават калі тваё прозвішча Ракфелер.

Я заўсёды прашу прыйсці на кансультацыю разам з бацькамі, таму што выбар прафесіі — гэта перадача руля ў сістэме ўзаемаадносін «бацькі—дзіця». І кажу ім: «З гэтага моманту вы становіцеся для свайго дзіцяці навігатарам, яго фанклубам, групай падтрымкі. Але выбар прафесіі — гэта менавіта той выпадак, калі самы час адысці ўбок і даць магчымасць вызначыцца». А я падчас кансультацыі бяру на сябе ролю інструктара па ваджэнні, расказваю пра ўсе магчымасці і варыянты і дапамагаю прыняць правільнае рашэнне.

За межамі здаровага сэнсу

Па словах Ганны Ісаенкі, вельмі важнае значэнне мае мэта, якую мы перад сабой ставім, чаго жадаем дамагчыся ў жыцці.

— Тут патрабуюцца амбіцыйнасць, смеласць і, я сказала б, па-добраму нават нахабнасць. Інакш як салдат можа стаць генералам? Хтосьці пра паспяховага чалавека можа сказаць: «Яму пашанцавала». Не, проста ён умеў марыць. Пасля таго, як мы ставім сабе амбіцыйную мэту, пачынаем бачыць сродкі для яе дасягнення і не ўпускаем магчымасцяў. Наша псіхіка ўладкавана так, што бачым мы толькі тое, што мае адносіны да нашых патрэб, а ўсё астатняе застаецца для нас проста фонам. Калі наша мэта — на «мільён», мы бачым увесь спектр сродкаў для яе дасягнення, а калі задача больш сціплая — то з вялікай доляй верагоднасці не заўважым усе магчымасці, якія не прапусцім, паставіўшы сабе грандыёзную задачу. А калі мы яшчэ і пачынаем кіравацца здаровым сэнсам... У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да педагогаў і бацькоў. Ні ў якім разе не размаўляйце з дзецьмі з пазіцый здаровага сэнсу! Не трэба зазямляць іх фразамі кшталту: «Куды ты нацэліўся? Там цябе ніхто не чакае! У бізнесменаў ёсць свае дзеці, якім тыя будуць дапамагаць...» Падлетак проста павінен верыць у тое, што ён стане прэзідэнтам, генералам, паспяховым бізнесменам або высокааплатным спецыялістам. Мара — гэта тое, што выходзіць далёка за межы здаровага сэнсу і сённяшнія магчымасці чалавека. Заўважана, што сярод аўтсайдараў і геніяў — аднолькавая колькасць людзей з высокім ІQ, таму справа зусім не ў вашым інтэлекце.

Першы складнік поспеху — гэта мэта, другі — сродкі, а трэці — праактыўнасць. Трэба падняць з канапы сваю «пятую кропку» і штосьці рабіць, ісці на мерапрыемства, што зацікавала ў «Фэйсбуку», выступіць там. Нават няўдалае выступенне лепшае за тое, што ўвогуле не адбылося. І ўжо дакладна не трэба чакаць поспеху ад кожнага здзейсненага кроку. Да яго прыводзяць толькі дзесяць працэнтаў дзеянняў. Галоўнае — не сядзець на месцы. Будзе мэта — знойдзецца і патрэбная вам нятхняльная гісторыя поспеху.

Ганна Ісаенка расказала, што часта падчас кансультацыі вельмі хутка становіцца зразумела, што чалавек не бачыць сябе наёмным работнікам: «Будучых прадпрымальнікаў я пазнаю літаральна з парога. Такія дзеці звычайна вельмі нязручныя для педагогаў, паколькі ім складана падпарадкоўвацца ў жыцці чужым правілам — яны жадаюць устанаўліваць свае. Такое дзіця заходзіць у мой кабінет, на тэрыторыю, дзе гаспадаром становішча з'яўляюся я, і кажа: «Я сяду тут. А вы дзе? І ўвогуле мне кансультацыя не патрабуецца. Размаўляйце лепш з маімі бацькамі...»

Розныя сцэнарыі

Прафкансультант прапануе падлетку параўнаць сябе з... катом. Кім ты хочаш быць: дзікай ці дамашняй жывёлінай? Дзікі кот — абсалютна свабодны: ён гуляе, дзе пажадае, хоча — залазіць на дрэва ці на дах, а хоча — качаецца па траве, харчуецца чым заўгодна. Але ў гэтай свабоды ёсць жорсткая цана пытання — трэба самому здабываць сабе ежу. Яму ніхто не налье вады, не пакліча ветэрынара. Але калі навучыўся паляваць, ты прыгажун! Спрытны і смелы! А дамашні кот несвабодны, затое ў яго ўсё стабільна, галоўнае — прытрымлівацца правіл, устаноўленых гаспадаром. Калі вы наёмны работнік, то працуеце на мэты свайго працадаўца, а як толькі вашы і яго мэты пачынаюць разыходзіцца, узнікае канфлікт.

— Тут дзейнічаюць розныя правілы гульні і розныя сцэнарыі дарослага жыцця. З «дзікімі катамі» я магу размаўляць, напрыклад, пра стартапы і першыя крокі ў прадпрымальніцтве, — кажа Ганна Ісаенка. — Мушу канстатаваць, што наша школа арыентавана больш на «дамашніх катоў», бо «дзікія» вучаць толькі тое, што ім насамрэч цікава і патрэбна. Далей мы шукаем рэсурс, за кошт якога будзем узлятаць. Вядома, што 80 працэнтаў паліва ракета выдаткоўвае на старце, а для таго, каб стаць прафесіяналам, патрабуюцца 10 тысяч гадзін упартай працы. Яны могуць прайсці па-рознаму: як катарга або як шчасце, калі чалавек абраў прафесію, зыходзячы са сваёй адоранасці, — заўважае псіхолаг. — А такая сфера ёсць у кожнага, галоўнае — яе распазнаць. Вы ведаеце, у чым заключаецца феномен яўрэйскай мамы? Яна выхоўвае сваіх дзяцей з цвёрдай верай у сябе, менавіта таму сярод прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці столькі паспяховых у самых розных сферах нашага жыцця людзей. А мы часта назіраем, як вельмі разумны, але рэфлексіўны і няўпэўнены ў сабе чалавек топчацца на месцы, бо бачыць на сваім шляху шмат перашкод і сумняваецца. Вось чаму вельмі важна выхоўваць дзяцей з верай у сябе — гэта іх галоўны пункт апоры. На жаль, часта дводзіцца чуць ад маладых людзей: «А што, так можна было?» У кожнага абавязкова павінен быць не толькі план А, але і план В, і нават план С.

Адоранасць — яшчэ не гарантыя

Па словах псіхолага, ёсць розныя віды адоранасці: акадэмічная, мастацкая, практычная, прасторавая, духоўная, камунікатыўная, эмацыянальная, міжасобасная... У школе лепш за ўсё бачаць акадэмічную — схільнасць да навукі і інтэлектуальнай дзейнасці. Звычайна, калі настаўнік-прадметнік заўважае бляск у вачах дзіцяці, ён адразу заманьвае яго на факультатывы, рыхтуе да алімпіяд. Сустрэча зацікаўленага настаўніка і адоранага вучня — вялікае шчасце для абодвух. Іншая справа, калі ў дзіцяці не акадэмічная адоранасць, у гэтым выпадку яно можа застацца без падтрымкі. І добра, калі яно ад гэтага не зламаецца...

— Такога, каб дзіця зусім нічым не цікавілася, не бывае. Бывае няўважлівасць бацькоў, нежаданне прымаць абраную сынам ці дачкой справу. Здараецца, яны прыводзяць да мяне дзяцей і просяць растлумачыць ім, што іх захапленні несур'ёзныя, — кажа Ганна. — У мяне ёсць любімае пытанне да «зусім безнадзейных» дзяцей, на думку іх бацькоў: «Што ты будзеш рабіць, калі дома цэлы дзень нікога не будзе?» Настаўнікі, як і бацькі, павінны быць уважлівыя да любой праявы адоранасці. Гэта ў першую чаргу наднарматыўная актыўнасць — справа, якой дзіця гатова займацца ўвесь вольны час, нават насуперак іншым. Мне кажуць: «А калі яно проста ўвесь час глядзіць серыялы ці відэа ў інтэрнэце?» Цудоўна. Давайце разбірацца, што яно глядзіць! У мяне была дзяўчынка, якая сказала, што ў дзень без бацькоў прывяла б да сябе сяброў і разам з імі глядзела б кіно. Пытаюся: «Якое?» Пра героя, які імкнецца да мары і перамагае перашкоды. Навошта? Абмеркаваць, як у яго гэта атрымалася. Перад намі будучы менеджар па развіцці персаналу!

Уменне выслухаць і супержываць таксама можна ператварыць у прафесію, бо інакш чалавека з эмацыянальнай адоранасцю будуць проста выкарыстоўваць як камізэльку, у якую можна паплакаць. Эмпатыя, калі ты ўваходзіш у рэзананс з іншымі людзьмі, — гэта талент. Часта патрабуецца нейкая размова, штуршок, каб зразумець, як захапленні можна ператварыць у прафесію і дасягнуць поспеху.

У практыцы прафкансультанта нячаста здараюцца выпадкі, калі можна прасачыць, як склаўся лёс маладога чалавека праз шмат гадоў, але некалькі цікавых кейсаў Ганна Ісаенка агучыла. Вось адзін з іх. Яўгенія была выдатніцай і ў звычайнай, і ў музычнай школе. Выбірала паміж медыцынай і музыкай. Тэсціраванне паказала высокі ўзровень развіцця ў яе патэнцыйных здольнасцяў і даволі высокі каэфіцыент карыснага дзеяння іх рэалізацыі. У дзяўчыны быў ярка выражаны педантычны характар: калі яна рабіла дамашняе заданне, то выконвала ўсё ад «А» да «Я» і да глыбокай ночы. Не магла выбраць, што галоўнае, а што другаснае. Усё было для яе аднолькава важным. У выніку Яўгенія была пастаўлена перад выбарам. З яе характарам можна было быць добрым музыкантам у аркестры, але эмацыянальна «запальваць» у якасці сольнага выканаўцы і збіраць стадыёны наўрад ці атрымалася б. Для гэтага патрабуецца яшчэ і адпаведная харызма! Быць урачом-кансультантам і працаваць з людзьмі таксама не яе варыянт, затое з педантычным характарам і высокім узроўнем інтэлекту можна было стаць бліскучым навукоўцам. У выніку Яўгенія скончыла біяфак БДУ, навучалася на спецыяльнасці «мікрабіялогія». Ні адна бактэрыя не мае шанцаў ад яе схавацца! Прайшло 15 гадоў. Сёння Яўгенія з'яўляецца кандыдатам біялагічных навук, стажыравалася ў Ізраілі, цяпер працуе ў Канадзе.

У Яўгеніі была сяброўка Марыя. Сферай яе інтарэсаў былі медыцына і спорт. У дзяўчыны быў эмацыйны псіхатып. З такіх дзяцей ніколі не вырастаюць чэмпіёны, паколькі іх прызначэнне ў жыцці — прыгажосць і гармонія адносін. Ім уласцівая павышаная адчувальнасць да ўсяго, што адбываецца навокал, гуманнасць і спагадлівасць. Такі псіхатып падыходзіць для работы з людзьмі ў сферы медыцыны, але не падыходзіць для спорту. Вось толькі паступіць у медыцынскі ўніверсітэт з сярэдняй паспяховасцю было амаль немагчыма. У выніку, скончыўшы ўніверсітэт фізічнай культуры, Марыя стала ўрачом-рэабілітолагам. Цяпер працуе ў буйной прыватнай медыцынскай кампаніі. І паверце, запісацца да яе на прыём вельмі праблематычна...

Спецыяліст па прафарыентацыі часта кажа маладым людзям, што па цячэнні плыве толькі здохлая рыба, таму трэба вучыцца плаваць і супраць яго.Таксама яна гаворыць, што адоранасць забяспечвае магчымасці, а зусім не гарантыю больш высокіх дасягненняў. Ці зможаш ты імі правільна распарадзіцца, залежыць толькі ад цябе...

Новы год Ганна Ісаенка распачынае з новага праекта — запуску анлайн-школы для падлеткаў «Будзь смялейшы! Выбіраем прафесію!» Яна тлумачыць назву так: «Вельмі важна, каб хтосьці ў добразычлівай абстаноўцы падбадзёрыў цябе, усміхнуўся, падтрымаў і некалькі першых крокаў прайшоў з табой разам, узяўшы цябе за руку. У дарослым жыцці вы неаднойчы будзеце паўставаць перад неабходнасцю выбару. З кім жыць? Якія каштоўнасці адстойваць? За што змагацца? Але гэты ваш выбар — першы!»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота дадзена EdCamp Belarus

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».