Вы тут

Вольга Ропат Горад О. Гісторыя аднаго смачнага горада (Урывак)


Аўтар разважае пра сябе так: «Хто я? Чалавек, які любіць мастацтва. Назіральнік. Літаратурны гурман. Калекцыянер водараў, адценняў, эмоцый, вобразаў. Пішу карціны. Мару не толькі выдаць зборнік апавяданняў, але і атрымаць зваротную сувязь, крытыку. Хочацца, каб дасылалі водгукі на мае творы. Дзе вы?» Мо чытачы «Чырвонкі». Чырвонай змены» адгукнуцца? На адрас часопіса «Маладосць», калі ласка.


Усявышні пстрыкнуў двума пальцамі левай рукі, і марыянеткі з'явіліся. Усявышні — не фокуснік і не рэжысёр.

Пустэча. Толькі зямля, неба і рака. Першым Горад агледзеў Пісьменнік у цёмна-вішнёвым паліто. Сцягнуў скураныя пальчаткі. Паклаў іх у заплечнік. Задуменна-ўзвышана паглядзеў удалечыню (успамінаем штампаваныя выразы твараў кінагерояў, асабліва воінаў, рыцараў, цароў). Каля Пісьменніка Усявышні паставіў высокага і тонкага, як спічка, Архітэктара, а таксама маленькага, «ёмістага» Скульптара з ружовымі шчокамі-яблычкамі. Архітэктар гідліва паглядзеў на першага госця. Скульптар маўчаў і сачыў за Архітэктарам. Ніхто з прыстуных не заўважыў, як падышоў Мастак, твар якога прыкрываў ад моцнага ветру лімонны шалік — хацеў дацягнуцца «пушыстасцю» да берэта-воблачка. Мастак паглядзеў на творцаў. Паглядзеў на неба.

І твар скрывіўся. На карункавым паветраным шары прыляцелі Парфумер і Музыка. Танклявы, з курчавымі попельнымі валасамі, Музыка размахваў рукамі, быццам лашчыў фартэпіяна. Парфумер у бэзавай кашулі, з маленькай кішэнькі якой выглядвала ружа, назіраў за плаўнымі рухамі знаёмага. Застаўся апошні кадр. Выскачыў з лодкі Фатограф у крэмавым капелюшы і пабег у бок кампаніі.

Прагучала музыка. Павольна падплыло мяккае, быццам напоўненае кандытарскім крэмам, воблака. Адчынілася дзверка, і танклявая лапка апусціла скрутак з заданнем. Белы скрутак, які быў у вышыню з 16-павярховы дом, паветраным змеем паляцеў уніз. Паскакалі літары колеру салодкага апельсіна:

«Стварыць вобраз горада»

— Значыць, мой шкляны дом будзе знаходзіцца вось тут! — папярэдзіў Архітэктар, паказаўшы кашчавым пальцам на цэнтр Горада.

Ніхто яму пярэчыць не стаў. Можа, з-за таго, што ў ім адчуваліся веліч і моц, а страчваць энергію, хвалю натхнення, творчы запал не хацелася. Бо ўсё толькі пачынаецца.

Кампанія рассыпалася, як дражэ «Скітлс». Усявышні сядзеў у воблаку колеру марской пены і назіраў за творцамі — кожную гадзіну выглядваў з круглага акна кандытарскага воблачка.

Пісьменнік успрыняў заданне літаральна: пачаў гуляцца са словамі «вобраз горада». Які наш Горад?.. Пісьменнік сеў на зямлю і дастаў блакнот з ручкай.

Ровар

Зара

Гора

Вада

Ода

Бра

Раб

Ваза

Дар

Горад галосных... Горад, у якім усё павінна спяваць! Горад свабоды!

Ён падняў галаву, і ў ягоных вачах адлюстраваліся бірузовае неба і кавалачак масленага сонейка.

Пісака, ідзі сюды! Дапамагаць будзеш! — крыкнуў Архітэктар.

— Не, шаноўны!

— Ты ўсё роўна нічога не робіш! Я не бачу тваю работу!

— Ты яе пакуль і не ўбачыш! Думаць таксама балюча...

Архітэктар прамаўчаў, але позірк быў такі, што, здавалася, працяў Пісьменніка. «Усе думаюць! Толькі хтосьці яшчэ і робіць! І робіць для людзей!»

Адчынілася ў воблаку дзверка. Танклявая лапка скінула лесвіцу. Па заказе Архітэктара маленькія жывёлінкі спускалі шкляныя каляровыя прамавугольнікі — сцены будучага дома.

Натхніўшыся гульнёй слоў і літар, Пісьменнік пайшоў да Музыкі. Той сядзеў каля ракі ды слухаў яе.

— Ну, як ты? Можа, мелодыя з'явілася? — з надзеяй спытаў Пісьменнік.

— Ведаеш, штосьці не магу злавіць яе... Слухаю раку. Можа, яна падкажа... — з кожным словам надзея Музыкі знікала.

— Можа, і так... Хто яго ведае?.. Мне, падаецца, удалося разгадаць... Наш Горад свабодны! Ты толькі прыслухайся: «воообраааз гооорааадааа» (павярнуў галаву ў іншы бок і быццам бы на сцэне яшчэ раз вымавіў) «вооообраз гооорада»... (паглядзеў на Музыку).

— Ты ўспрыняў заданне Усявышняга літаральна. Але ў гэтым ёсць цікавая ідэя. Колькі выразных «о» і задуменных «а»!

Пісьменнік пайшоў далей. Калі ідэя (Муза/думка — гаварыце, як вам больш падабаецца) прыйшла, то лепш пакінуць творчую асобу.

Парфумер тым часам перабіраў пукатыя шкляныя бутэлечкі з падрыхтаванымі пахамі. Адна кропелька ўпала на бела-персікавую з карункамі хустачку — узмах... Зморшчыўся. «Не, не тое...». Пальцы хутка забегалі па бутэльках. «Не, не... не падыходзіць… Груба... Салодка... Нейкай вішняй пахне...»

— Знайшоў водар Горада? — яшчэ ўдалечыні пачаў пытацца Пісьменнік, быццам яны суседзі па дамах.

— Усё не тое! Ты ўяўляеш? Са мной такога ніколі не было! Каб Я сядзеў гадзінамі ды мучыўся?

— Дык які водар табе трэба? Што падабаецца?

— Не ведаю. У маім куфры (жэстам падзывае, каб знаёмы паглядзеў на ягоны скарб) 555 пахаў. І ніводны не асацыюецца з гэтым Горадам!

— Значыць, варта прыдумаць яшчэ адзін. Асаблівы. Думаю, мне ўдалося раскрыць сакрэт Горада. Ён СВАБОДНЫ! Ад усяго! Колькі тут...

— У кожнага свая свабода. Сва-бо-да-а-а-а... Свабо-да-а-а-а... О! У мяне няма паху свабоды!

Парфумер рэзка адвярнуўся ад Пісьменніка і закрыў вочы, каб нішто не замінала носу нырнуць глыбей у паветра і адхапіць мімалётную свабоду. Пошуку і стварэнню паху не хацелася замінаць, таму Пісьменнік пайшоў далей.

Я ўзяла яшчэ адно салодкае воблачка-маршмэлаў і прыляпіла на бірузовае неба. Акунула сонейка ў растопленае сметанковае масла — цёплае, мякка-жоўтае святло ахутала Горад. Пераставіла Пісьменніка бліжэй да Мастака. Праверыла, ці ёсць яшчэ фарбы ў бутэльках. Быццам усё.

На карціне жоўтыя плямы перацякалі ў нябеснае, крэмавае і белае. Ніякіх персанажаў не было. Толькі колеры. Сонечна-жоўты з левага кута карціны перацёк у сярэдзіну, у самае сэрца — і спыніўся. Нябесны дыяганальны штрых перайшоў у адценні крэмавага.

У правым левым куце ляжаў белы. Вось і ўвесь твор. Мастак у такім захапленні стаяў перад карцінай, быццам напісаў першы і апошні шэдэўр...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.