Вы тут

Сяргей Календа. Ціхая вуліца (Урывак)


Аўтар прапанаваў «Маладосці» апавяданне пра тое, як часам складана паразумецца ў сваёй сям'і, калі быт ператвараецца ў абсурднае існаванне, і «толькі вар'яцкае стаўленне да жыцця не дазволіць з'ехаць з глузду».


— Дай, Божа, мне сілы, каб лёгка палётаць па міры!

— А хто мне ўжо можа даць спакойна пабыць адной у сваім пакоі, блін?!

— Я ўсё чула, Марыя! Што за мацюкі!!!

— Ну мамаааааа, я не мацюкалася! Адчапіцеся ад мяне нарэшце!

Марыя ляснула дзвярыма свайго пакоя, а бацька пайшоў на кухню, зайшоў збоку ад жонкі, абняў яе за талію і праз яе руку схапіў тое, што яна старанна наразала — гэта была рознакаляровая пластыкавая кактэйльная саломка.

— М-м-м! Гэта як пераплыць Ла-Манш!

— Ага, скажы гэта Марыі, яна кажа, што гатую я кепска!

— Добра, што ты высокая такая, як вежа міру...

— От ты так заўсёды! Не каб праблему вырашыць, толькі зубы загаворваеш! — прамовіла жанчына, скінула з таліі руку мужа, павярнулася, адчыніла кухонную шафу, дастала пакунак мукі, высыпала яго на стол, наліла зверху піва з банкі, высыпала парэзаныя пластыкавыя кружочкі і пачала ўсё гэта раскачваць у цеста. — Сёння будзе макарона! І я спадзяюся, усе будуць есці нармальна!!! — апошнюю фразу маці пракрычала так, каб было чутна на другім паверсе, але ў пакоі дачкі толькі зрабілі музыку грамчэй.

— Марыя! Спускайся на вячэру! — маці пракрычала з кухні, наліваючы з каструлі ў талерку дзіўнае рэчыва: абвараныя кавалкі мукі з расплаўленымі пластыкавымі трубачкамі... Зверху яна вырашыла ўсё пасыпаць зямлёй з-пад кактуса, які стаяў пасярод кухоннага стала. — Марыя! Я паўтараць па сто разоў не буду! Хутчэй уніз!

— Як жа вы мяне дасталі!!! — закрычала Марыя, спускаючыся.

— Гэт ты мне тут ня тое! Ведаеш жа ж! Не адразу каб тут! Зараз вазьму мячык і пакажу табе астэроід!

Бацька схапіўся за рэмень, расшпіліў яго і выцягнуў са штаноў. У выніку атрымалася не вельмі, бо ў мужчыны з'ехалі долу штаны. Марыя засмяялася і пацягнулася па тэлефон, каб сфатаграфаваць бацьку ў смешным становішчы.

— Ах ты тваю направа! Пакладзі кран, інакш я не адказваю за пераезд!

Пакуль Марыя з бацькам гарлапанілі і бацька, заблытаўшыся ў нагавіцах, спрабаваў да дачкі дацягнуцца рэменем, маці ціхенька сабе памыла замест посуду хлебніцу і тостар, акуратна іх абцерла ручніком, а потым падышла са спіны да бацькі і з усёй моцы ўдарыла яго па галаве лабутэнам. Мужчына закрычаў не сваім голасам, у яго па лбе пацёк тонкі струмень крыві.

— Сядайце ўсе вячэраць! — прамовіла маці і пайшла на кухню.

Бацька яшчэ пакрычаў крыху, але хутка стаміўся і заглух.

— Лёня, пазвані сыну. Няхай ужо дадому едзе. Вячэра стыне, — прамовіла маці.

Лёня выцер рукавом скрываўлены лоб, узяў з тумбачкі мабільны тэлефон і набраў Віцю. Марыя села нарэшце за стол, але есці тое, што было ў талерцы, ёй зусім не хацелася.

— Мама, ну мамачка, слухай, не, я цябе шчыра прашу, згатуй што-небудзь нармальнае!

— Татку, можаш мне не званіць! Я ўжо дома! Галодны, як ваўкалак! — на парозе стаяў хлопец, трымаючы ў руках тэлефон.

— От мой харошы! — прамовіў бацька і пайшоў насустрач сыну.

— А што гэта ў цябе галава ў крыві?!

— А гэта нічога!

— Ну то добра!

— Давай за стол! — прамовіла маці і наваліла ў талерку сыну мучнога пластыку, пасыпанага зямлёй.

— Ох, смаката сёння якая! — абрадаваўся Віця.

Не паспелі ўсе як мае быць павячэраць, як раптоўны грукат у дзверы, а потым настойлівы званок выштурхнулі сям'ю з ідыліі.

— Адчыняйце! Гэта паліцыя!

Адчыняць дзверы не трэба было, Віця іх не зачыняў.

— Не варушыцца, усім пакласці рукі на стол, пакласці на стол, я сказаў!

Усе зрабілі так, як прасіў паліцэйскі, а Віця, на свой страх і рызыку, павольна ўстаў з-за стала.

— У нас усё добра... усё як мае быць... вы прыехалі да нас дарма, спадар паліцэйскі, — прамовіў сын, прыхапіўшы са стала батон. — Вось, трымайце, гэта мая дарагая матуленька сама выпякае. Цудоўны на смак! Вазьміце з сабой, я вас правяду да дзвярэй.

Паліцэйскі падпарадкаваўся падлетку, узяў батон і накіраваўся да выхаду.

— Добрага вам вечара, — прамовіў ён і хлопнуў дзвярыма.

Праехаўшы не адзін кіламетр, ён спыніўся. Уключыў аварыйныя агні, выключыў рацыю і закурыў.

Праз пару хвілін мужчына заўважыў пакладзены на суседняе крэсла батон. Узяў яго, пакруціў... Потым, павагаўшыся, адкусіў.

Не паспеў разжаваць кавалак, як на зубы трапілася вострае. Мужчына выплюнуў хлеб на далонь і заўважыў, што начынне батона складзена з цвікоў — маленькіх цвікоў для мэблі.

Спачатку паліцэйскі нават не здзівіўся, а толькі заўсміхаўся. Ізноў адкусіў, разжаваў, прамовіў: «Гіпноз нейкі», завёў машыну, уключыў мігалкі, развярнуўся і пагнаў назад, на вуліцу Ціхую, 6.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?