Вы тут

Ці быў знаёмы Уладзімір Караткевіч з Канстанцінам Паустоўскім?..


Сярод падарункаў да юбілею аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» — і кніга гісторыка літаратуры Анатоля ВЕРАБ'Я.


У выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет зборнік выбраных артыкулаў пра Уладзіміра Караткевіча «Блізкае і дарагое». Аўтар — кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей. Нагадаем, што дасведчаны літаратуразнавец, гісторык беларускай літаратуры, шматгадовы выкладчык філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1990 — 2020 гг.), мэтанакіравана і паслядоўна займаецца даследаваннем жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры, аўтара неўміручых твораў «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», іншых раманаў, аповесцяў, апавяданняў, п'ес, вершаў... У 1985 годзе выйшла кніга А. Вераб'я «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча». Пасля да чытача прыйшлі яго кнігі «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1997; даследванне было адзначана Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Саюза беларускіх пісьменнікаў), «Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць» (2005). Дзякуючы намаганням літаратуразнаўцы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» рэалізоўваецца праект па выданні Збора твораў У. Караткевіча ў 25 тамах. Так фанатычна, самаахвярна служыць справе захавання і пашырэння спадчыны класіка хіба што толькі Анатоль Верабей.

Новая кніга ўяўляе сабой зборнікі артыкулаў, надрукаваных у розныя гады. Уважлівае знаёмства з імі падказвае, што і ў гэтым выданні даследчык імкнецца да стварэння цэласнага партрэта шматаблічнага пісьменніка. Пра гэта сведчаць ужо і самі назвы раздзелаў, у якіх згрупаваныя артыкулы: «Праблемы жыцця і творчасці»; «Беларускі літаратурны кантэкст»; «Сусветны літаратурны кантэкст»; «Рэгіянальны кантэкст». Творчасць, пісьменніцкая біяграфія Уладзіміра Караткевіча разглядаецца ў судакрананні з Францыскам Скарынам, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Уладзімірам Жылкам. А. Верабей паказвае адносіны класіка са сваімі сучаснікамі — з Максімам Танкам, Юльянам Пшырковым, Янкам Брылём, Уладзімірам Калеснікам, Васілём Быкавым, Генадзем Кісялёвым, Алегам Лойкам, Адамам Мальдзісам.

Адным з любімых пісьменнікаў У. Караткевіча быў Канстанцін Паустоўскі. А. Верабей адзначае: «Уладзіміра Караткевіча многае збліжае з К. Паустоўскім. Абодва пісьменнікі вучыліся ў Кіеўскім універсітэце, там фарміраваліся яны як асобы і творцы. І адзін, і другі былі нястомнымі вандроўнікамі. Яднае іх і глыбокая духоўная роднасць.

У лісце да К. Паустоўскага ад 26 сакавіка 1965 г. У. Караткевіч пісаў: «Дорогой Константин Георгиевич!

Заранее прошу извинить меня за то, что, быть может, отниму у Вас несколько минут рабочего времени. Но ведь может случиться так, что человеку уже нельзя не написать старому, испытанному другу, пусть даже этот друг и не подозревает о твоем существовании. А вы для меня именно такой друг в любую минуту жизни...»

Дарэчы, існуе пазнака на рукапісе п'есы У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі», што твор быў закончаны ў Тарусе 30 жніўня 1963 г. А пад уражаннем той паездкі было напісана апавяданне «Барвяны шчыт». Ёсць ва Уладзіміра Караткевіча і паэма «Таруская віла». Тэматычна твор звязаны з дарагім для К. Паустоўскага горадам Таруса ў Калужскай вобласці.

А. Верабей перакананы ў тым, што класікаў рускай і беларускай літаратуры «... збліжае рамантызм іх творчасці. Думаецца, што У. Караткевічу імпанавалі думкі рускага пісьменніка пра тое, што «рамантычная настроенасць не дазваляе чалавеку быць хлуслівым, цёмным, баязлівым і жорсткім», што ў рамантыцы заключаецца высакародная сіла. У апавяданні «Лятучы галандзец» У. Караткевіч сцвярджаў, што каб не зачарсцвець душою, трэба верыць у легенды, не страчваць светлага і чыстага ўспрымання рэчаіснасці».

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»