Вы тут

Дыялогавая пляцоўка паспяхова прайшла ў Гомельскім раёне


Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная павышэнню ролі мясцовага кіравання і самакіравання, прайшла ў Гомельскім раёне. Правядзенне сустэчы ў фармаце, які дазваляе абмеркаваць вострыя пытанні і прааналізваць запыты грамадскасці, ініцыявалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч і кіраўнік дэпутацкага корпуса Гомельскага раёна Вікторыя Ладуцька. Удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі сталі дэпутаты пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, а таксама актывісты органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання.


Кацярына Зенкевіч падвяла вынікі работы за мінулы год і абазначыла перспектыўныя кірункі ў рабоце на 2021-ы. Не засталіся без увагі старшыні абласнога Савета дэпутатаў і тыя аспекты дзейнасці дэпутацкага корпуса, якія сёння асабліва запатрабаваныя ў рабоце з насельніцтвам на месцах.

— Людзі выступаюць з ініцыятывамі, выказваюць свае прапановы, яны нацэленыя на дыялог, таму якасная работа са зваротамі грамадзян мае выключную ролю ў дзейнасці дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — Адзін з ключавых пунктаў узаемадзеяння, безумоўна, — агульная работа над праектамі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

На сустрэчы аб канкрэтных прыкладах падобнай сумеснай паспяховай актыўнасці паведаміў старшыня Чонкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксей Кобзараў.

— Летась на сельскіх сходах, падчас сустрэч з дэпутацкім актывам жыхары Чонак унеслі шэраг прапаноў па паляпшэнні інфраструктуры пасёлка. Частку з іх вырашылі рэалізаваць праз асваенне добраахвотных узносаў грамадзян. Так, у 2020 годзе жыхары сельсавета сабралі найбольшую суму сродкаў самаабкладання за апошнія пяць гадоў. Такі вынік, лічу, дасягнуты ў тым ліку дзякуючы самаадданай рабоце актывістаў мясцовага самакіравання, — падкрэсліў ён.

Жыхары Чонак вельмі актыўна адгукнуліся на заклік зрабіць свой пасёлак больш утульным і камфортным. Частку сабраных сродкаў выкарысталі для закупкі скрынь, якія былі ўстаноўлены на набярэжнай ракі Сож. Астатнія грошы выкарысталі для набыцця спартыўна-гульнявога дзіцячага комплексу, які размясціўся недалёка ад амбулаторыі агульнай практыкі.

— Вынікам людзі задаволеныя. Яны ўжо абмяркоўваюць, на якія мэты можна накіраваць добраахвотныя ўзносы сёлета, — адзначыў старшыня сельвыканкама.

Аб тым, як з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваюцца добраахвотныя ўзносы грамадзян на добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый і правядзенне сацыяльна значных мерапрыемстваў, расказала старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.

— Летась у раёне работа па зборы сродкаў самаабкладання дазволіла дадаткова прыцягнуць у бюджэт больш за 46,8 тысячы рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года аб'ём сабраных сродкаў павялічыўся больш як на тры тысячы рублёў, — адзначыла кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна. Яна ўдакладніла, што значнае павелічэнне аб'ёму прыцягнутых сродкаў самаабкладання назіраецца ў Пакалюбіцкім, Прыбыткаўскім, Чонкаўскім сельвыканкамах.

Старшыня райсавета дадала, што апошнім часам у раёне ўсё больш людзей удзельнічае ў рашэнні пытання забеспячэння грамадскіх інтарэсаў праз самаабкладанне. Калі па выніках 2019 года ўзносы ўнеслі 4596 грамадзян, то ў 2020 годзе колькасць плацельшчыкаў у раёне павялічылася на 126 чалавек.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі ўзнялі і шэраг праблемных пытанняў, з якімі сутыкаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання ў рабоце на месцах. У чаканні правядзення Усебеларускага народнага сходу дэпутаты пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню і актывісты органаў грамадскага самакіравання спадзяюцца, што многія хвалюючыя пытанні будуць вызначаны і вырашаны падчас форуму.

Так, адзін з дэлегатаў VІ Усебеларускага народнага сходу ад Гомельскага раёна — старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Бізня — узняла пытанне, якое хвалюе і яе калег з сельвыканкамаў прыгараднай зоны вакол абласнога цэнтра.

— На тэрыторыі Улукаўскага сельсавета 12 могілак. Штодзень да мяне паступаюць заявы ад гамяльчан, якім прасцей і зручней пахаваць сваіх родных на вясковых пагостах. У выніку могілкі ў буйных аграгарадках прыгараднай зоны перапаўняюцца. Праблема і ў тым, што гэтыя тэрыторыі не знаходзяцца на балансе прадпрыемстваў ЖКГ, а усё добраўпарадкаванне праводзіцца сіламі сельсаветаў, — звярнула ўвагу яна.

Старшыня Красненскага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Буднікаў узняў пытанне пашырэння паўнамоцтваў органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Ён упэўнены, — неабходна перагледзець механізм акумулявання сродкаў самаабкладання насельніцтва:

— У нас людзі гатовыя ўдзельнічаць фінансава ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Адкрыццё дэпазіту дазволіць сельсавету назапашваць сродкі пад канкрэтныя праекты па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, — лічыць кіраўнік сельвыканкама. — Але пакуль прававога механізму для гэтага няма.

Па выніках сустрэчы ўдзельнікі сышліся на думцы, што любыя пытанні канструктыўна разглядаюцца толькі ў дыялогу, а стварэнне адмысловых дыялогавых пляцовак — выдатны спосаб абмеркаваць хвалюючыя сітуацыі.

— Важна, што сёння ёсць магчымасць сумеснымі намаганнямі арганізоўваць новыя формы работы мясцовага кіравання і самакіравання, удзельнічаць у абмеркаванні актуальных тэм і выходзіць з ініцыятывамі, — рэзюмавала старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: «Драйвер» грамадскай актыўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».