Вы тут

«Мы не ставім задачу пакараць абсалютна ўсіх, а хочам дамагчыся правапаслухмяных паводзін»


Аляксандр Лукашэнка падпісаў новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Раней яны абмяркоўваліся і былі падтрыманы дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.


Новыя кодэксы накіраваны на лібералізацыю адміністрацыйнай адказнасці і адначасова з тым спрашчэнне парадку прыцягнення да яе юрыдычных і фізічных асоб. Але асноўнай навелай перш за ўсё з’яўляецца іх скіраванасць на прафілактыку і папярэджанне. Змены ў заканадаўства былі падрыхтаваныя па даручэнні Прэзідэнта.

Сярод іншага, была ўведзена катэгарызацыя правапарушэнняў. Яны падзелены на тры асноўныя групы: адміністрацыйныя правіннасці, а таксама значныя і грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні.

— Гэта было неабходна для таго, каб дыферэнцаваць адказнасць грамадзян, — паведаміў першы намеснік начальніка Акадэміі МУС Аляксей Башан. — Падчас аналітычнай працы мы ўбачылі, што ў краіне дастаткова вялікая колькасць грамадзян прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. І трэба было разабрацца: ці настолькі ў нас грамадства само па сабе неправапаслухмянае, або ў нас ёсць якія-небудзь аб’ектыўныя падставы для таго каб змяніць заканадаўства?

Быў прааналізаваны значны масіў правапарушэнняў, які выяўляўся штогод. Спецыфіка гэтай працы была ў тым, што больш за 90% пратаколаў складаецца менавіта супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

— І мы прыйшлі да высновы, што насамрэч ёсць шэраг правапарушэнняў, які можна вывесці ў разрад правіннасцяў і значных правапарушэнняў для таго, каб знізіць колькасць фактаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці. А з іншага боку, будзе ўзмоцнены прафілактычны складнік. І наколькі зараз бачыцца, гэта задача была выканана эфектыўна і дастаткова добра, — лічыць Аляксей Башан.

Ён таксама распавёў пра выпадкі, калі чалавек можа быць наогул вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці.

—  Новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях утрымлівае спецыяльныя прадпісанні. Напрыклад, калі чалавек упершыню здзейсніў нейкую правіннасць, але раней да адказнасці не прыцягваўся, то ніякага пакарання для яго не будзе, акрамя вынясення папярэджання. Мы не ставім задачу пакараць абсалютна ўсіх, а хочам дамагчыся правапаслухмяных паводзін. Пры гэтым мы не можам згубіць рэгулюючую праваахоўную функцыю Кодэксаў. Трэба жорстка спыняць грубыя правапарушэнні, якія рэальна ствараюць небяспеку для тых, хто навокал. Менавіта таму павялічана адказнасць за некаторыя правапарушэнні. Напрыклад, калі на працягу года чалавек здзяйсняе адно і тое ж грубае правапарушэнне, то тэрмін адміністрацыйнага арышту павялічваецца з 15 да 30 сутак.

Аляксей Башан асобна спыніўся на навелах Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

— На парадку дня стаяла пытанне аб укараненні новых форм і метадаў у адміністрацыйным працэсе. Для нас важна было максімальна спрасціць вядзенне працэсу, калі гэта магчыма. Гаворка тут вядзецца пра наяўнасць відэа- і аўдыязапісаў. Які сэнс у шматгадзінных разбіральніцтвах, калі правапарушальнік згодны сам з тым, што ён здзейсніў учынак, за які прадугледжана адказнасць? Усё гэта ў сукупнасці павінна спрасціць працэс прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і разам з тым вызвалення ад яе. Але пры гэтым кропкава і дастаткова жорстка рэагаваць на здзяйсненне грубых правапарушэнняў.

Па словах Аляксея Башана, таксама ў арсенале праваахоўнікаў з’явіліся меры прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да непаўналетніх.

Падрабязней пра новаўвядзенні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці мы ўжо расказвалі раней.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.