Вы тут

Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць


На сумесным пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама і сесіі абласнога Савета дэпутатаў былі разгледжаны вынікі мінулага года і вызначаны задачы на 2021 год

У пачатку пасяджэння дэпутаты і члены выканкама падвялі вынікі работы за мінулую пяцігодку. Паводле папярэдніх ацэнак, вобласць выканае ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі, запланаваныя пяцігадовай праграмай, акрамя валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы па ВРП. Прырост валавога рэгіянальнага прадукту за пяцігодку чакаецца на ўзроўні 8,5 працэнта пры заданні 12,5 працэнта. Разам з тым, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у краіне — другі пасля Мінскай вобласці.


— Мінулы 2020 год у сувязі са складанай эпідэмічнай абстаноўкай быў дастаткова напружаны, — адзначыў старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС. — Але разам з тым народнагаспадарчы комплекс рэгіёна спрацаваў нядрэнна: па выніках 11 месяцаў вырас аб'ём прамысловай вытворчасці на 1,5 працэнта, на шэсць працэнтаў павялічылася валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі. У цэлым чакаецца перавыкананне па бюджэце вобласці, а таксама па бюджэтах раёнаў, за выключэннем трох — Брэста, Баранавіч і Брэсцкага раёна. На працягу года забяспечана дадатковае фінансаванне расходаў на ахову здароўя. Толькі на стымуляцыйныя выплаты работнікам гэтай галіны накіравана больш за 70 мільёнаў рублёў.

— Вынікі работы ў мінулым годзе дазволілі атрымаць дадаткова да першапачатковага плана больш за 30 мільёнаў рублёў уласных даходаў, — паведаміў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Міхаіл ЛОБАРАЎ. — Пры гэтым у пачатку года былі зарэзерваваныя 86,8 мільёна рублёў, з якіх дзесяць мільёнаў накіраваны на будаўніцтва школы на 1020 месцаў у мікрараёне Бараўкі, што ў Баранавічах. Астатняя частка сродкаў галоўным чынам пайшла на дадатковае матэрыяльнае стымуляванне медыцынскіх работнікаў за работу ва ўмовах, звязаных з інфекцыяй.

На сесіі адзначалася, што для далейшай эфектыўнай работы ў вобласці створана неабходная база, а таксама што прыярытэтнымі кірункамі бюджэтнай палітыкі застаюцца сацыяльная абароненасць насельніцтва і павышэнне яго дабрабыту. Напрыклад, на фінансаванне сацыяльнай сферы плануецца накіраваць 2,2 мільярда рублёў альбо 73,7 працэнта ўсіх расходаў. На адукацыю намечана накіраваць 948,3 мільёна, што на 7,4 працэнта больш, чым летась. На фінансаванне аховы здароўя рэгіёна прадугледжана 754,4 мільёна рублёў. Гэта практычна на ўзроўні мінулага года. Але начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Міхаіл Лобараў адзначыў, што ў залежнасці ад працягласці перыяду эпідэміі ковіду магчыма дадатковае фінансаванне галіны.

Расходы на сацыяльную палітыку ўзрастуць на 28,6 працэнта і складуць сёлета 226,6 мільёна рублёў. Напрыклад, удвая павялічыцца аб'ём сродкаў на аказанне разавай матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем'ям да новага навучальнага года. Расходы на культуру павялічацца на 7,5 працэнта і складуць 66,9 мільёна рублёў. Вырасце аб'ём фінансавання фізкультуры і спорту.

Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, першы год новай пяцігодкі павінен стаць асновай для аднаўлення эканамічнага росту. У многім развіццё эканомікі будзе залежаць ад інвестыцыйнай актыўнасці. Задача органаў улады — стварыць неабходныя ўмовы для патэнцыяльных інвестараў. Апошняе, у сваю чаргу, будзе мець уплыў на ўзровень заработнай платы насельніцтва, напаўняльнасць бюджэту, магчымасці для развіцця сацыяльнай сферы. Па-ранейшаму ў прыярытэце застаецца экспарт тавараў у краіны блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку КНР, дзяржавы Цэнтральнай Азіі і далёкай дугі, там гатовыя купляць якасную прадукцыю, якая выпушчана на Брэстчыне. Значыць, трэба нарошчваць аб'ёмы паставак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?