Вы тут

Асаблівасці нацыянальнай «рыбалкі»


Асаблівасці нацыянальнай «рыбалкі». Колькі каштуе самаўпэўненасць і боязь паказацца дурнем

Учора мне нарэшце патэлефанавалі віртуальныя махляры. Чаму нарэшце? Проста апошнім часам столькі давялося пра іх чуць і чытаць, што нават дзесьці прыкра было, што яны мяне сваёй увагай абмінаюць. Я ўжо і падрыхтавалася як мае быць — пытаннечкі ўсякія цікавыя задаць, а яны ўсё ніяк. І вось акурат пад стары Новы год — гэткі «падарунак» вырашылі зрабіць — загаласіў на смартфоне выклік у вайберы. Звоніць мне ў гэтым месенджары толькі сяброўка з Германіі, а тут — цэлы BELARUSBANK на сувязі! Так і напісана было на экране, і аватарка адпаведная — зялёна-белая з жоўтым эмблема гэтага самага банка. Сур'ёзныя людзі, значыць, звоняць.


Глыбей удыхнуўшы і ўспомніўшы ўсе свае падрыхтаваныя фразы, зняла трубку. «Добры дзень. Служба бяспекі «Беларусбанка» вас непакоіць. Па дынаміцы вашага рахунку відаць, што ў вас спрабуюць спісаць усю суму...» — голас строгі, крыху занепакоены. «Чакайце-чакайце. А чаму вы тэлефануеце праз вайбер?» — «Справа ў тым, што мы званілі вам на мабільны, але з сувяззю нейкія праблемы. А дзейнічаць трэба тэрмінова, бо камп'ютарныя зладзеі спішуць вашы грошы беззваротна». — «Які жах! І што рабіць?» — «Хуценька паведаміце даныя вашай карткі, і мы яе заблакіруем». — «Малады чалавек, а вы не той самы махляр, які сам крадзе грошы?» — «Паслухайце, жанчына, пакуль вы тут сумняваецеся, мы губляем час. У такім выпадку ўсё пад вашу адказнасць. І пасля прэтэнзіі банку прад'яўляць не трэба». — «Добра. Яшчэ адно пытанне — і пайду па картку. Чаму ў вас вайбер на расійскім нумары? Вы што, з расійскага філіяла «Беларусбанка» тэлефануеце?» — «Як вы...» (далей адбой і кароткія гудкі).

З расійскім нумарам на вайберы, які і «дабіў» майго ветлівага і настойлівага суразмоўцу, што так клапаціўся аб захаванасці маіх грошай, я, канешне, тыцкала пальцам у неба. Нумар мог быць і ўкраінскі, і літоўскі, і з вострава Бора-Бора. Калі прымаеш званок, бачыш толькі імя, нумар не высвечваецца. Толькі пасля заканчэння размовы ў гісторыі званкоў стаў відаць і нумар. +7... Вось тут вы, галубкі, і пракалоліся. А мне проста пашанцавала ўгадаць. Карацей, нумар гэты я ў чорны спіс адправіла. Праўда, не думаю, што ў іх яшчэ з'явіцца ахвота мне тэлефанаваць.

Але ведаеце, што дзіўна? Пасля гэтай займальнай размовы я цэлы вечар правярала смс-паведамленні — ці не піша мне банк пра спісанне грошай. Было ў голасе таго, хто званіў, нешта такое, чаму вельмі хацелася верыць. І калі б не першапачатковая ўпэўненасць, што гэта «развод» і не пытанне, якое прымусіла махляра абарваць размову, хто ведае, можа, праз хвіліну я ўжо б дыктавала яму рэквізіты сваёй карткі...

Як адна мая знаёмая, якая працуе, скажам так, вельмі блізка ад сферы высокіх тэхналогій. Сітуацыя была падобная: званок увечары праз вайбер, паведамленне ад «службы бяспекі банка» аб спробе невядомых скрасці грошы з карткі. Пастаяннае прыспешванне — маўляў, яшчэ трохі памарудзіце — і вярнуць не атрымаецца. Яна таксама сумнявалася, задавала пытанні. Ёй прапанавалі зайсці па спасылцы, якую яны (!) прышлюць («так хутчэй»), зайсці на старонку банка і пераканацца, што ніхто не хлусіць. І яна зайшла на сайт, і ўбачыла лагатып банка і знаёмае афармленне, і «пераканалася», і ўвяла ўсю інфармацыю... І толькі калі ўбачыла, што з карткі зніклі шэсцьсот рублёў — усё, што было, разгледзела: адрас старонкі банка, спасылку на якую ёй дасылалі, мае зусім не беларускі (by), а ўвогуле невядома чый дамен. Прыкладна ў тым жа напрамку зніклі і яе грошы. Засталося толькі здзіўлена пытаць саму сябе: як магла так «павесціся»?

Зрэшты, нічога дзіўнага тут няма. Як і ў любой злачыннай прыбытковай і рызыковай справе, пастаўленай на паток, тут працуюць падрыхтаваныя прафесіяналы. Вішынг (калі адвольна перакладаць з англійскай — рыбная лоўля па тэлефоне) — распаўсюджанае міжнароднае махлярства. Яго ахвяр і ў Беларусі — ужо сотні, калі не тысячы. Прыводзіцца мноства прыкладаў, але, думаю, яшчэ больш застаецца за кадрам, бо многім, як і маёй знаёмай, сорамна прызнавацца, што вось так па-дурному «павяліся»...

Я вось яшчэ думаю пра тое, што для гэтых «рыбакоў»-прафесіяналаў з добра пастаўленымі натрэніраванымі галасамі, з выдатнай псіхалагічнай падрыхтоўкай беларусы — ці не самы лёгкі «ўлоў». Мяркуйце самі: колькі ўжо пра гэты вішынг расказваюць, колькі папярэджваюць, а падманутых ахвяр чамусьці не менее. Асабліва лёгка трапляюць «на вуду» маладыя пенсіянеры. І прычына тут, мне здаецца, менавіта ў нацыянальных асаблівасцях характару. Чалавек, які прычыніўся да высокіх тэхналогій спачатку ў «Аднакласніках», а пасля — праз мабільны банкінг, навучыўшыся аплачваць паслугі, пачынае лічыць сябе сябрам «клуба выбраных». І калі яму звоняць, як ён думае, з гэтага «клуба», замест таго, каб задаваць пытанні і сумнявацца, ён спяшаецца пацвердзіць свой статус, паказаць сваю дасведчанасць. (Бо звоняць жа з банка і па вайберы. А вось каб быў я «дзярэўня», каб не было ў мяне вайбера, дык і спісаліся б мае грошыкі, і ніхто б не папярэдзіў.) І наша звычайная асцярожнасць тут саступае таксама нашаму звычайнаму жаданню быць «не дурнейшым за іншых» і нашай зноў жа звычайнай боязі паказаць сваё няведанне ў нейкім пытанні (хаця што ў гэтым страшнага?). Я думаю, што «рыбакі» ўжо даўно ўсё пра нас зразумелі. Таму і гавораць так нахабна-ўпэўнена, і бяруць нас на «хутчэй-хутчэй» (бо гэта ж толькі «лохі» бескамп'ютарныя будуць марудзіць, а мы ж выдатна ўсё ведаем)...

Мы не такія? Дык і скажыце гэта тым, хто будзе званіць (або пісаць) і настойліва расказваць, як вас спрабуюць падмануць, скажыце, што ў вас ім няма чаго лавіць. Дакажыце гэта ім, але найперш самім сабе.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».