Вы тут

Хараство традыцыйнага праз погляд сучасніка. Што ўяўляе сабой нацыянальнае адзенне беларусаў


Нацыянальнае адзенне беларусаў фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў і мела шмат агульнага з адзеннем рускіх і ўкраінцаў. Пры пэўнай падобнасці вопратка беларусаў вызначалася асаблівымі рысамі: наяўнасць своеасаблівых элементаў і назвы састаўных частак, характэрных толькі для Беларусі, колеравая гама, спосабы аздаблення… Канчаткова традыцыйны касцюм сфарміраваўся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У ім найбольш яскрава выявілася ўсё майстэрства народа і яго эстэтычныя густы.


Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

Сёння, у перыяд актыўнай глабалізацыі, акрамя спецыялістаў, мала тых, хто цікавіцца тэмай беларускіх строяў, хто вывучае іх гісторыю і асаблівасці. Так ці інакш гэта становіцца прадметам мінулага ў многіх краінах (недзе ў меншай, а недзе ў большай ступені).

Няхай мы звыклі ўспрымаць нацыянальны касцюм як музейны экспанат, многія імкнуцца не толькі захаваць для будучыні, але і выкарыстаць яго шматгранныя вобразы ў сучаснасці. Выставачны праект «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн», дзе дэманструюцца аўтэнтычныя строі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і адзенне з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў, дае магчымасць параўнаць, як выглядала вопратка продкаў і як сённяшнія творцы выкарыстоўваюць яе элементы ў сваіх мастацкіх праектах.

Праект «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн» у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта ў культуры. Экспазіцыя, куратарам і аўтарам канцэпцыі якой выступіла навуковы супрацоўнік музея Дана Антановіч-Андрэева, уключае восем аўтэнтычных беларускіх строяў з фондаў музея, вырабы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а таксама касцюмы з  калекцый сучасных беларускіх дызайнераў адзення, якія ў свой час былі прадстаўлены на подыумах Мілана, Стакгольма, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Яраслаўля і іншых гарадоў. Выстаўка можа стаць зыходным пунктам для знаёмства з культурным кодам беларусаў, а  таксама для яго вывучэння, лічаць арганізатары.

— Нацыянальны касцюм з’яўляецца выдатным прэзентацыйным пачаткам для прадстаўлення Беларусі за мяжой. Мы цікавыя сваімі традыцыйнымі касцюмамі, мастацтвам, фальклорам. Нашы суайчыннікі ведаюць, што такое беларускі строй, і хочуць выкарыстоўваць элементы традыцыйнага строю ў сучаснай вопратцы. Так, сёння выдатна апрануты і аматарскія, і прафесійныя калектывы. Стала менш эклектыкі і больш дакладнасці. Вельмі важна, што традыцыі народных касцюмаў шырока выкарыстоўваюцца сучаснай моладдзю, бо ў іх закладзены ген, які сведчыць аб прыналежнасці да нацыі, — адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі падчас адкрыцця экспазіцыі ў Гістарычным. Ён падкрэсліў: выстаўкі такога кшталту заўсёды будуць прыцягваць наведвальнікаў, бо гэта блізкае, роднае і зразумелае, і выказаў упэўненасць, што з’явяцца дзясяткі новых узораў і калекцыя атрымае больш шырокую вядомасць.

З крыніцы народнага

Строй Ганны Краснер з калекцыі «Надзея». Фота Яўгеніі Шыцькі.

Акрамя ўласна адзення, на выстаўцы ёсць электронныя слайды, што дэманструюць асаблівасці традыцыйнага адзення ў розных рэгіёнах Беларусі. Да таго ж аўтары праекта прапануюць уключыцца ў ролю даследчыка, з увагай разгледзець прадстаўленыя ўзоры беларускіх строяў, а таксама прааналізаваць і абмеркаваць сучасныя вобразы, створаныя па матывах традыцыйных касцюмаў. Мяркуючы па такіх фестывалях і конкурсах, як «Млын моды», «Этна Стыль» і многія іншыя, сучасныя дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да традыцыйных форм культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных, формаўтваральных, дэкаратыўных рашэнняў.

Прадстаўлены даволі сучасны вобраз «Рака жыцця» Дзяніса Наліўкі (фіналіста Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды»). Касцюм вытрыманы ў характэрных колерах: белы  — увасабленне чысціні, чырвоны — сімвал жыцця. Пікселізаваны арнамент прадстаўлены ў тэхніцы машыннай вышыўкі і  аплікацыі. Даволі незвычайны вобраз прадставіла таксама Анастасія Рабава (з  калекцыі вясна-лета 2020), якая працуе ў  змешанай аўтарскай тэхніцы, выкарыстоўваючы пляценне. За аснову ўзяты цвёрды матэрыял і таксама два самыя характэрныя для традыцыйнага беларускага касцюма колеры: чырвоны і белы. Выкананыя ў тэхналогіі пляцення каша аб’ёмныя канструкцыі ўтвараюць структураваную сукенку — сучасная інтэрпрэтацыя беларускага касцюма.

Вылучаецца сярод іншых мадэль Аліны Хлябы «Ваtleyka / Bielrekanstrucyja» з ільну і бавоўны — мнагаярусная кампазіцыя з падобных элементаў, традыцыйных спадніц, якія за кошт напластавання ствараюць адчуванне сіметрыі рытму. Цікавай падаецца і работа Вольгі Самошчанкі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы асаблівай тэхніцы. Гэта паліто ў стылі каларблок, выкананае ў тэхніцы пэчворк (спалучэнне аўтарскіх студэнцкіх работ па ткацтве розных гадоў, сабраных у адзіную кампазіцыю). Галаўны ўбор — тканае палатно, выкананае студэнтамі Акадэміі мастацтваў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (4 курс, выкладчык Ірына Мазюк). Асноўная ідэя твора — адлюстраваць, што мастацтва народнага ткацтва можа выглядаць сучасна ў вырабе паліто класічнага крою. Не абышлося і без прамога звароту да міфаў і легенд: камплект з калекцыі «Дзявоя» Святланы Князевай натхнёны багіняй старажытнаславянскай міфалогіі, якая, згодна з вераваннямі, ахоўвала незамужніх дзяўчат. У працэсе стварэння выкарыстоўвалася натуральная тканіна і аплікацыя ў тэхніцы выцінанкі, а таксама ручная вышыўка. Калекцыя заняла 1-е месца на фестывалі-конкурсе «Млын моды» ў 2018 годзе.

Сучасны касцюм, створаны на аснове традыцыйнага беларускага строю, выконвае важную функцыю папулярызацыі нацыянальнай культуры і каштоўнасцей беларускага народнага мастацтва сярод моладзі, а таксама заяўляе самабытны вобраз Беларусі на міжнароднай арэне, упэўнены араганізатары. Нядзіўна, што народныя касцюмы сёння выклікаюць такую цікавасць у  сучасных майстроў. Нават самы дасведчаны навуковец не зможа не ацаніць хараство традыцыйнага касцюма і высокае майстэрства яго выканання.

— Прыемна, што адзін з апошніх праектаў канца 2020 года прысвечаны нацыянальным строям. Гэта сапраўднае свята гісторыі і культуры, а таксама нашай самабытнай, унікальнай і арыгінальнай спадчыны, якой мы ганарымся, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

Важна разумець, што народны строй, спалучаючы ў  сабе практычнасць і эстэтычнасць, заўсёды быў больш чым проста адзеннем. Касцюм адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус беларусаў, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў арнаменце часам чыталіся цэлыя гісторыі. Між тым у экспазіцыі музея змешчаны ўзоры вышыўкі на адзенні і на ручніку, а таксама розныя прыстасаванні: грэбень для часання льну (пачатак XX ст., г. Давыд-Гарадок), прасніца (1891—1910 гг., Камянецкі раён, в. Радасць), чаўнакі (пачатак XX ст.), юрок для намотвання нітак (першая палова XX ст.), верацяно (пачатак XX ст.) і інш.

Экскурс скрозь час

Дэфіле падчас адкрыцця выстаўкі. Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

Нельга сказаць, што цікавасць да традыцыйнага касцюма з’явілася толькі апошнім часам. Але некалькі нядаўніх знакавых праектаў згадаць варта. Сярод іх — персанальная выстаўка «Скрозь час» мастака па касцюмах члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Смаляк. Праект размясцілі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Яго экспанаты сталі крыніцай натхнення для тых, хто іх апранаў, і прынеслі эстэтычнае задавальненне кожнаму, хто разглядаў. Было прадстаўлена больш за 30 касцюмаў, 40 эскізаў, распрацаваных аўтарам з 1995 да 2020 года, і 50 фотаздымкаў, што дазволілі прасачыць творчы шлях мастачкі за 25-гадовы перыяд дзейнасці.

Экспазіцыя выстаўкі складалася з трох асноўных частак. У першую ўвайшлі сцэнічныя касцюмы, створаныя па матывах гістарычных касцюмаў ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, што дэманструюць сучасны аўтарскі погляд на багатую і шматгранную культурную спадчыну Беларусі. Другая частка знаёміла з аўтарскімі сцэнічнымі касцюмамі, распрацаванымі па матывах беларускіх народных строяў і народных вясельных касцюмаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія ўяўляюць сабой сучасную сцэнічную стылізацыю беларускага народнага касцюма, выкананую з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік: ручнога ткацтва, вышыўкі, нашыўкі тасьмой і карункамі. Дапаўнялі выстаўку і склалі трэцюю частку эскізы і фатаграфіі аўтарскіх сцэнічных касцюмаў і касцюмаў, распрацаваных мастаком непасрэдна для калектываў, якія працуюць у тэатральным, музычным, харэаграфічным і іншых відах мастацтва. Каб стварыць такі касцюм, патрэбна нямала часу, бо спачатку вывучаецца канцэпцыя, прадумваецца рэалізацыя ідэі, падбіраюцца матэрыялы і толькі пасля гэтага выконваецца замова заказчыка. У выніку гэта можа заняць і паўгода.

Зусім нядаўна распачаўся праект «Традыцыйны строй», які вядзе ўстанова «ЭтнаТрадыцыя» сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Традыцыйны строй» — першая анлайнэнцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі, якая дазволіць даведацца, як апраналіся нашы продкі ў розных рэгіёнах краіны, убачыць, што нацыянальнае адзенне беларусаў адрозніваецца ад адзення славянскіх суседзяў, мае значныя асаблівасці ў межах самой Беларусі. А яшчэ — даведацца пра глыбінныя сэнсы, якія нясе кожны элемент традыцыйнага строю. Першы экскурс зладжаны ў Берасцейскі край. На YouTube-канале «Традыцыя» змешчаны ролік пра дамачаўскі строй. Ён бытаваў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку Дамачава, вёсках Чэрск, Рудня, Ліпінкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (зараз Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці).

Фрагмент экспазіцыі. Фота прадастаўлена Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

Увогуле, праект плануюць рэалізоўваць на беларускай і англійскай мовах, што дазволіць паказаць эстэтыку беларускага нацыянальнага строю замежнікам. Акрамя канала ў YouTube (наступныя відэа будуць змешчаны на старонцы пад назвай «ЭтнаТрадыцыі»), своеасаблівая віртуальная энцыклапедыя народных строяў Беларусі змешчана на старонках у Instagram, Facebook ды інш.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.