Вы тут

Невядомая класіка: кітайскі кантэкст


Сучаснае вывучэнне гісторыі беларуска-кітайскіх культурных сувязей найчасцей факусіруецца на пасляваенным часе, сінхронным існаванні БССР і КНР, непасрэдных кантактах і дзяржаўнай палітыцы культурнага ўзаемаабмену. Пры гэтым незаслужана абмінаюцца ўвагай факты і розныя формы ранейшага прамога і апасродкаванага знаёмства, зварот да якіх адкрывае новыя магчымасці даследавання крос-культурных камунікацый, адметнасцей інтэрпрэтацый (мастацкіх і публіцыстычных) рэалій грамадскапалітычнага жыцця геаграфічна аддаленай краіны.


Добра (не)вядомая байка Кандрата Крапівы

Стаўленне да хрэстаматыйных твораў, уключаных у школьную праграму, як правіла, звязана з уяўленнем пра іх нязменнасць, зыходную дадзенасць. Між тым практыка пастаяннага ўдасканалення, звароту да ўжо надрукаваных і добра вядомых тэкстаў вядомая ў гісторыі і нацыянальнага, і сусветнага прыгожага пісьменства.

Некаторыя жанры па сваёй прыродзе арыентаваны на непасрэдны рэзанансны водгук, дынамічнае рэагаванне на актуальныя падзеі культурнага, грамадскага, палітычнага жыцця. Пры змене кан’юнктуры і некаторых рэалій іх надзённасць можа страчвацца, а твор будзе зразумелы ў поўнай ступені толькі пры рэтраспектыўным аналізе, чытацкай гістарычнай дасведчанасці. Гэта адна з  прычын перапрацоўкі мастацкіх тэкстаў, па магчымасці надання ім пазачасавых характарыстык. Такі лёс напаткаў і байку Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк», упершыню апублікаваную ў часопісе «Узвышша» (1927, № 1).

Наколькі з часам змяніліся аб’екты сатырычнага выкрыцця ў пазнейшых рэдакцыях твора, відазмяніліся формы паасобных слоў і выразаў, можна меркаваць па дэбютным выхадзе байкі (найбольш паказальныя адрозненні ў тэксце вылучаны паўтлустым курсівам):

Адзін вялізазны парсюк,

Які абегаў вёску ўсю,

За раніцу абшарыў завуголле,

Цяпер такі меў выгляд важны,

Як быццам старшыня якога трэсту,

Нібы ён не жадзён і цесту

І вось адзін тут падсвінак,

Які быў вылучэнцам з мас,

І кажа: «Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нядобра гэта й паміж нас,

А што ж, калі заўважаць людзі?»

Але галоўнае адрозненне першай рэдакцыі твора ад наступных заключаецца ў наяўнасці эпіграфа і яго экстраардынарным змесце:

Каб не папасці мне ў бяду

Праз розных шкоднікаў савецкага ладу,

Прашу я шкоднікаў шаноўных: ні хвіліны

Няхай ня думаюць аб тым,

Што байкі прысвяціў я ім, —

Я прысвяціў іх Чжан-Цзо-Ліну.

Паводле сучаснага кірылічнага напісання, Чжан Цзолінь (1875—1928) — вядомы ваенны і палітычны дзеяч. У час грамадзянскага супрацьстаяння адстойваў інтарэсы пекінскага ўрада, абапіраўся на падтрымку Японіі. На нядаўнія гады напісання твора Кандрата Крапівы прыходзіцца пік яго вайсковай кар’еры. У 1926 годзе Чжан Цзолінь прызначаны галоўнакамандуючым кітайскай арміі, атрымаў званне генералісімуса і стаў фактычным кіраўніком краіны. Пакручастая і яркая біяграфія выхадца з простай сялянскай сям’і, абставіны яго гібелі 4 чэрвеня 1928 года (падрыў цягніка — Хуангутуньскі інцыдэнт) выклікаюць нязменную цікавасць і розныя трактоўкі гісторыкаў Паднябеснай.

Першы нумар «Узвышша» агучваў праграмныя матэрыялы аднайменнага літаратурна-мастацкага згуртавання, утворанага 26 мая 1926 г., у склад якога ўвайшлі А. Бабарэка, З. Бядуля, П. Глебка, С. Дарожны, У. Дубоўка, Крапіва, М. Лужанін, Я. Пушча, К. Чорны, В. Шашалевіч. «Магчымасць утварэння ўзвышша беларускай мастацкай літаратуры» бачылася яго стваральнікам, сярод іншага, праз «аквітызм, як тую імклівасць, якою прасякаецца мастацкі твор у сваім ідэале і праз гэта ажыўляе патрачаную, — на змаганне з прыгнётам пануючых класаў і нацый, — энергію працоўнага люду на творчасць вялікага і прагожага жыцця».

Крапіва (менавіта так у той час падпісваўся пісьменнік, без іменнай часткі псеўданіма — Кандрат) апублікаваў у  першым нумары часопіса падборку баек з выкрывальным зместам, скіраваным на асобныя хібы рэчаіснасці: «Ганарысты парсюк», «Саромлівы», «Сава, асёл ды сонца». У вялікім корпусе адметных мастацкіх твораў «Узвышша», дзе прадстаўлены плён працы Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Лужаніна, Пятра Глебкі і іншых аўтараў, вылучаецца выразная ідэалагічная дамінанта. Беларускі часопіс апублікаваў пераклад «Злых нататак» з газеты «Правда» ад 12 студзеня 1926 года. Як пазначана ў падрадковых заўвагах рэдакцыі, змяшчаючы на старонках выдання «гэты артыкул выдатнейшага пралетарскага ідэолага, з вялікім задавальненнем павінны зазначыць, што нашы погляды на літаратуру спаткалі нечаканую падтрымку з боку тав. М. Бухарына. Гэта сведчыць, што з самага пачатку намі была ўзята правільная лінія».

Чжан Цзолінь, 1920-я гг

У прадмове маскоўскага аўтара сярод гарачых навін унутранай і міжнароднай палітыкі, якія пастаянна трэба адсочваць, называецца і кітайская грамадзянская вайна. Але гэтым разам злосная крытыка адрасавана праявам «кваснога патрыятызму» ў сучаснай рускай паэзіі. Пасля разбору некалькіх прыкладаў М. Бухарын катэгарычна падводзіць рысу: «…усё гэта сапраўдныя дробязі ў параўнанні з лозунгам, які беспасрэдна “базуецца” на “сарафанах” і “штанах”

— На кой же черт иные страны,

Кромя советской стороны!

Гэта ўжо ня толькі “нацыянальная абмежаванасць”. Гэта проста-напраста шавіністычнае свінства». Не выключана, што чуйны да кан’юнктуры Кандрат Крапіва ў сваёй байцы адрэагаваў на праграмны і шырока растыражаваны артыкул аднаго з тагачасных камуністычных лідараў, парупіўся падмацаваць некаторыя яго тэзісы і рытарычныя фігуры сваімі мастацкімі ілюстрацыямі.

Па старонках прэсы

У хуткім часе пасля выхаду ва «Узвышшы» байкі Крапівы «Ганарысты парсюк» была перадрукавана ў віленскай «Маланцы» (1927, № 10, 30 снеж.), толькі з абсалютна іншым эпіграфам, скіраваным на рэаліі нацыянальнага руху ў Польшчы і яго правадыроў: «Пасвячаецца некаторым з беларускіх дзеячаў. А каму, хай тыя самі дагадаюцца».

Змаганне кітайскага народа за свае сацыяльныя і нацыянальныя правы адпавядала памкненням беларусаў — аўтахтоннага насельніцтва ў Польшчы і Латвіі. Навіны аб стане грамадзянскага супрацьстаяння ў Паднябеснай рэгулярна прадстаўляліся ў беларускай прэсе гэтых краін.

У другой палове 1920-х гг. кітайская тэма пастаянна асвятляецца ў газеце «Голас беларуса» (Рыга, Латвія). Кароткія звесткі змяшчаюцца ў рубрыцы «Са ўсяго свету»; адзін з найбольш змястоўных артыкулаў — «Нацыянальнае адраджэнне Кітая» — быў апублікаваны 6 красавіка 1927 г. пад псеўданімам Кій. У допісе адзначалася, што тут «адбываюцца падзеі, маючыя аграмаднейшае значэнне для ўсяго свету. Кітайскі народ, якога захапілі было ў свае рукі чужаземцы, ангельцы, італьянцы, французы, японцы і амерыканцы, абудзіўся ад векавога сну і паставіў сабе мэтай скінуць чужацкае ярмо і здабыць сабе незалежнасць і волю».

Аўтар артыкула коратка ахарактарызаваў расстаноўку сіл далёкай грамадзянскай вайны. У гэтым апісанні згадана імя Чжана Цзоліня, толькі ў напісанні, адрозным ад сучаснага (і варыянтнасці ў беларускай фіксацыі 1920-х гг.): «Увесь Кітай падзяліўся на тры часткі: на Паўночы гаспадарыў японскі найміт, маршал Чан-Со-Лін…» Выснова рыжскай публікацыі вытрымана ў духу інтэрнацыянальнага змагання: «Усе шчырыя дэмакраты, усе народы, асабліва народы, падняволеныя іншымі нацыямі, ад усёй душы жадаюць кітайскаму народу як мага хутчэйшае перамогі».

Праз некалькі месяцаў рыжская газета істотна наблізіла падзеі далёкай краіны да мясцовага нацыянальнага ўспрымання. Зыходным фактаграфічным матэрыялам для артыкула «Беларусы ў арміі Чан-СоЛіна» стала публікацыя ў берлінскім часопісе «Hackebeils Illustrierte» (1927, № 13) фотаздымка групы беларускіх сялян-перасяленцаў з  берагоў Амура, якія ўжо некалькі гадоў прымусова ўдзельнічалі ў кітайскай грамадзянскай вайне: «Гэтыя беларускія сяляне, у белашэрых беларускіх нацыянальных світах і нацыянальных уборах, трапілі да Чан-Со-Ліна крыху неспадзяваным у наш век парадкам: іх прадалі Чан-Со-Ліну расійскія белагвардзейскія павадыры, якія прымусова змабілізавалі гэтых сялян на Амуры яшчэ ў 1918 і 1919 гадох і залічылі ў белыя арміі Прымор’я, а потым, уцякаючы ад бальшавікоў, пагналі гэтых людзей у Манчжурыю, дзе за японскія грошы наняліся ваяваць у Чан-Со-Лінаўскім войску».

Надзённай палітычнай сітуацыі прысвечаны змястоўны і беспрэцэдэнтна структураваны аглядны артыкул «Барацьба за вызваленне Кітая», апублікаваны ў заходнебеларускай газеце «Наша воля» (Вільня) 4 сакавіка 1927 г. Некаторыя з вылучаных частак персаналізуюць грамадзянскае супрацьстаянне ў Паднябеснай: «Заява кантонскага міністра Чэна», «Як выконваюцца казьні “агітатараў” у  Шанхаі», «Забастоўка ў Шанхаі зацягнулася», «Здрада ў лоне “паўночных арміяў”», «Чанг-Тсо-Лін і Ву-Пэй-Фу», «Расклад арміі Фанга», «Чанг-Тсо-Лін рашуча “ідзе на Шанхай”», «У Манчжурыі — пасля ад’езду Чанг-Тсо-Ліна», «Заявы чужых урадаў».

Побач з аглядным артыкулам на тэму палітычнага жыцця надрукаваны пачатак апавядання Ляа-Дзэ «У даліне Ганга», у якім закранаецца праблема нацыянальных і сацыяльных правоў насельніцтва Брытанскай Індыі, яго вымушаны ўдзел у вырашэнні міжнародных ваенных канфліктаў. Капітан Асота, бенгалец на службе ў вайсковых каланіяльных фарміраваннях, «даўно задумваўся над лёсам Індыі і індусаў, прыслухоўваўся да навукі Гандзі і Даса, чытаў агнёвыя рэчы Рабіндраната Тагора, сачыў за падзеямі ў Расеі, Турцыі і Кітаі; але ніяк ня мог рашыць, па якой дарозе мае ісці Індыя»; «На загад бяздушных ангельскіх банкіраў, яго, як машыну, вязуць кудысьці далёка з роднага краю, вязуць тушыць кітайскі пажар, гасіць агонь справядлівай помсты за той нялюдзкі здзек, які прыняслі ў Кітай з сабой эўрапейцы, — гасіць агонь, якім запылаць павінен быў бы ўвесь, можа, свет…».

Беларускі аўтар — Ляа-Дзэ

Кітайскім іменем Ляа-Дзэ падпісваўся Янка Маразовіч, пісьменнік і рэдактар заходнебеларускага часопіса «Маланка». Пра палітычныя погляды Янкі Маланкі (яшчэ адзін псеўданім аўтара) сведчыць падборка сатырычных вершаў «Песні паноў» («Маланка», 1927, № 9), у якой, паводле арыгінальнай аўтарскай задумы, абагулены прадстаўнік нацыі агучвае актуальныя праблемы сваёй краіны. «Паляк» марна спадзяецца на фінансавую падтрымку ЗША: «І яшчэ няшчасце // Маем мы цяпер: // Ноту за нотай // Шле СССР». «Ангелец» галосіць: «Гвалт! Ратуйце! Вось няшчасце // Маю я з бальшавіком… // Ён бунтуе у  Кітаі, // Узняў у Індыі пажар…» Адзіны іменны верш з трох прадстаўленых у «Маланцы» — «Чай-Тсо-Лін» — якраз і агучвае расстаноўку сіл у грамадзянскім супрацьстаянні Кітая:

Гэй! Хутчэй складай манаткі,

Шмаруй салам ногі, пяткі.

Уцякай і днём і ночай,

Куды толькі глядзяць вочы!

Не памаглі гарматы, танкі,

Фунты, доляры і франкі.

Чанг-Кай-Шэк мне справу псуе,

Нішто ад Фэнга не ўратуе.

Чую я: задасць мне перцу,

Што скажу тагды ангельцу?!

Бець мяне, ой, бець бяз концу,

Што скажу цяпер японцу?!

Страх з усіх канцоў нясецца;

Пэкін вось, як ліст трасецца.

Чую бедны, што заплачу,

Як Сукдэн апошні страчу.

Сярод пісьменнікаў, якія бралі ўдзел у рэалізацыі творчага праекта пад назвай «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928), быў і празаік Ляа-Дзэ (апавяданне «Вясеннім днём»). Зборнік стаў свайго роду маніфестам новага этапу нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа ў Польшчы.

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.