Вы тут

Дваццаць тысяч лье пад уражаннем


Кожнае слова мае адно ці некалькі значэнняў, замацаваных у тлумачальным слоўніку. У кожнага слова ёсць адмысловыя шляхі, якія выводзяць яго з межаў звыклага карыстання: незвычайныя граматычныя формы і спалучэнні, сугуччы, зніклыя карэнныя сэнсы. Вальжына Морт у эсэістычнай прадмове да паэтычнага зборніка Юлі Цімафеевай «ROT» піша: «Мы думаем пра паэзію як голас, узняты над штодзённым голасам». Але здаецца, што гэты голас гучыць не над, а па-за штодзённасцю, што ніякага «над» напраўду не існуе і сёння немагчыма высветліць палажэнне паэтычнай мовы. У прасторы, пра якую ідзе гаворка, такія паняцці адсутнічаюць.


Прадмова паступова складае вельмі канкрэтную і разгорнутую схему для разумення структуры верша. Даволі карысная практыка для аблягчэння чытацкага жыцця.

Шматлікія нюансы назвы таксама раскрываюцца ў прадмове Вальжыны Морт, якая адразу задае параметры глыбіні, каб нырэц на беразе мог ацаніць, ці вытрымае ён такое паглыбленне.

Кніга з самага пачатку рыхтуе чытача, быццам задае экспазіцыю, расстаўляе пачатковую сцэну спектакля: хоку пра лісце травы, прадмова, прысвячэнне «Тым, хто навучыў мяне гаварыць». Па апошнім узнікае асацыяцыя з Ганнай Ахматавай, і радок чытаецца як супраціў: «Тыя, хто па-сапраўднаму вучаць гаварыць, не шукаюць спосабаў прымусіць маўчаць». Невядома, ці ёсць тут насамрэч гэты кантэкст. Але на такой думцы дэшыфроўка спыніцца, толькі калі няўважліва прачытаць прадмову.

Зборнік адкрывае тэкст з назвай Mother tongue. «Мамін чырвоны язык...» Чытач адразу трапляе ў краіну падвойных сэнсаў. Немагчыма проста перакласці назву і чытаць тэкст, не ўлічваючы са школы «беларускую матчыну мову», што засела ў галаве. Згадваю, як у першым класе настаўніца адчытвала мяне, калі на пытанне «Без чаго чалавек не можа камунікаваць?», я адказала «язык» замест «мова».

Юля Цімафеева, магчыма, шмат карыстаецца асабістым вопытам як матэрыялам для тэксту. Счытваецца гэта хутчэй інтуітыўна, па эмацыянальнай насычанасці вершаў і частых згадках матыву памяці.

У адным з вершаў цэнтральны вобраз — брудныя анучы крыўдаў, пра якія аўтарка (ці гераіня) кажа: «Мае няхай павісяць яшчэ». Гэта яшчэ адна з  форм адлюстравання памяці. Некаторыя з гэтых ануч паэтка адмывае ад нудных дакладнасцей і перашывае ў лялькі-вершы, часам іх даводзіцца сшываць паміж сабой, часам — рабіць з іх заплаткі.

Яшчэ адна рыса паэтыкі — наданне з’явам і пачуццям фізічнай адчувальнасці, абалонкі, да якой можна дакрануцца.

Звярам, якіх я любіла,

ніколі не будзе трыццаць.

У памяці я пахавала

іхнія косткі і іхні брэх,

даўкі пах іхняй поўсці

і два шэрагі белых смочак

між задраных угору лапаў.

І сама я

дзяўчынкай жывой

пахаваная ў іх,

закапаных недзе,

галовах ці ў іх,

з’едзеных некім,

галовах, я таксама

з’едзеная.

Памяць — у пераспелых яблыках, у засохлых без слёз крыжах, роднасць — у тоўстых косах, пупавіне валосся. Часта сустракаецца канкрэтная структура метафары: два назоўнікі, назоўны і родны склон, па схеме «лісце травы». Такая пабудова — спосаб абвастрыць, найбольш канкрэтызаваць паняцце, але і пакінуць яму зразумеласць, адным краем прывязаць да штодзённай мовы, з якой у большасці выпадкаў непазбежна і расце любая іншая, у тым ліку паэтычная, а другі канец дацягнуць да ўнутранага свету тэксту. Мікраметафары ажыўляюць і абжываюць наваствораны свет макраметафары.

Яшчэ адна неад’емная частка экасістэмы тэксту — гукапіс, часам — яскравы, заўважны, часам унутраны, быццам інтуітыўны. Тэкст у Цімафеевай — менавіта працэс, наратыў, перацяканне са стану ў стан або павольны рух камеры ад адной кропкі да іншай.

Высокая значнасць гукапісу акрэслена не толькі матывамі языка-рота, але і шматлікімі мовамі, якімі карыстаецца паэтка, што адбіваецца на яе светаадчуванні і, адпаведна, тэкстах. Тут заўважны падыход да цэлага свету як да моўнай з’явы, у якой гукі ўстанаўліваюць унутраныя сувязі, а сам тэкст становіцца спробай параўнаць, памірыць сваю ўнутраную прастору са знешняй. Час у гэтай прасторы  — як шахматная дошка, падзеі на ім можна адвольна перастаўляць.

Стыхія гэтага зборніка, безумоўна, — зямля. Вальжына Морт у прадмове называе Юлю Цімафееву паэткай чарназёму. У тэкстах сапраўды шмат зямлі, шмат агародаў, і працэс росту аднолькавы ў чалавека, расліны і каменя, са слоў знімаецца абалонка і застаецца чыстае зерне.

Сябе аўтарка ўпісвае ў тэкст праз цела, таксама праз фізічна адчувальнае.

Але, нягледзячы на цялеснасць і шматлікае «я», паэтка, здаецца, своеасабліва дэперсаналізуе вершы. Гісторыя пра растварэнне сябе ў нечым большым, яскравейшым, мацнейшым прасочваецца і ў «Цырку», і ў «Мне ніколі не стаць сапраўднай».

Крык

Пакуль ты не крыкнеш,

з усёй сілы,

у чорную прорву

сябе,

ты не пачуеш,

як там глыбока

і як там пуста. Магчыма, калі паэт запаўняе ўсю прастору вакол сябе сваім светаадчуваннем, унутранай прасторай, ён можа згубіць у ёй сябе.

Зборнік «ROT» можна чытаць як суцэльную гісторыю або вандроўны даведнік, маршрут. Шлях ляжыць праз тэрыторыі памяці, рэчаіснасці і працы. У апошніх тэкстах аўтарка сваімі сюжэтаметафарамі намацвае рысы, спосабы патлумачыць сутнасць сваёй працы і  моўнага існавання. Як праз тоўстую мяккую тканіну  — бар’ер, які скрадвае вострыя дэталі формы. Але паэтка працягвае апісваць загадкавую псіхічную з’яву творчага працэсу максімальна зразумела і дакладна. Калі справа тычыцца паэзіі, гэтыя словы маюць кардынальна розныя значэнні.

На cтаронцы 80 чытач сустракаецца з адзінай аб’ектыўнай прычынай аддзяляць «жаночую паэзію» ад «мужчынскай». Жанчыны ў літаратуры раздзіраюцца на часткі паміж сваім унутраным і рэальным — целам, сям’ёй, справамі, бо жанчына праз рэпрадуктыўную фізіялогію і гендарнае выхаванне аказваецца мацней прывязанай да гэтага. Так раскрываецца фактар, які ўзмацняе патрэбу ў  прымірэнні светаў, пошук спосабу ўпісаць свой светапогляд у рэчаіснасць, не губляючы ні ў  адным, ні ў другім. Вечны ў паэзіі танец рэальнага і ўяўнага, які часта становіцца матэрыялам для тэкстаў.

Дзіўнае падарожжа: фінальная кропка змяшчаецца недзе паміж дзвюма крайнімі каардынатамі, дадзенымі табе на беразе. Магчыма, так бывае толькі на такой глыбіні, дзе канкрэтныя лічбы не працуюць.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».