Вы тут

Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» рыхтуецца да кніжнай выстаўкі


 

«Гістарычныя асобы ў літаратуры. Кніжныя праекты ад выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», выдадзеныя ў 2020 годзе» — пад такой назвай адбылася сустрэча прадстаўнікоў выдавецтва з журналістамі. Падчас мерапрыемства абмеркавалі навінкі, што будуць прадстаўлены сёлета на ХХVІІІ Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы.


— Калі ідзе размова пра гісторыю краіны, яе культуру, мы ўспамінаем тых людзей, дзякуючы якім гэтая гісторыя стваралася, — адзначае дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна. — Сёння, адгукаючыся на запыты нашага чытача, мы выдаём шмат кніг, якія паказваюць жыццё, працу, дасягненні выдатных людзей Беларусі.

Асабліва папулярныя кнігі серый «Асветнікі Беларусі» і «Гісторыя для школьнікаў». У першай серыі прадстаўлены аповеды пра беларускіх духоўных лідараў розных эпох, а другая дае наглядную і грунтоўную інфармацыю пра гісторыю, дапоўненую ілюстрацыямі, архіўнымі фотаздымкамі, карцінамі мастакоў. За мінулы год у гэтых серыях з'явіліся кнігі пра Ірыну Паскевіч, Усяслава Чарадзея, Міхаіла Клеафаса Агінскага. Выдалі і некалькі персанальных энцыклапедый, прысвечаных Максіму Багдановічу, Францыску Скарыне і іншым знакавым дзеячам. Летась з'явілася энцыклапедыя пра Уладзіміра Караткевіча, чый юбілей мы нядаўна адзначылі. Яна змяшчае больш за сотню артыкулаў, якія дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, прасачыць уплыў асобы пісьменніка на розныя сферы мастацтва.

Апошнім часам выйшлі ў выдавецтве і дзве кнігі пісьменніцы Наталлі Голубевай — «Надзея Грэкава. Міхаіл Малінін. Час памятаць» і «Кірыл Мазураў. Пра што маўчаў час». Гэтыя выданні раскажуць шмат цікавага пра кіраўнікоў нашай краіны ў розныя перыяды. Кнігі заснаваны на шматлікіх архіўных дакументах, аўтар не пакінула без увагі пэўныя драматычныя жыццёвыя моманты, якія робяць герояў кніг і іх учынкі больш зразумелымі для сучаснай аўдыторыі.

— Я вельмі ўдзячная, што мы можам вяртацца да гісторыі ХХ стагоддзя, пераасэнсоўваючы яе ў ракурсе розных падзей. Сёння, думаю, наспела неабходнасць гаварыць пра той час. Ён быў неадназначны, драматычны, паспяховы, складаны ў розныя перыяды, але менавіта ён заклаў падмурак для развіцця нашай краіны, — адзначае пісьменніца, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. — Гэта было ўнікальнае стагоддзе ў плане стварэння, фарміравання новай палітычнай сістэмы, што дала вялікай колькасці людзей перспектывы для самарэалізацыі.

Што да таго, якія выданні змогуць убачыць і набыць наведвальнікі ХХVІІІ Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, то тут будуць прадстаўлены кнігі трох кірункаў. Першы з іх звязаны з гістарычнай тэматыкай — папоўнілася серыя «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру», у ёй выйшла кніга Івана Сацукевіча «Мінск: ад руін да росквіту», якая паказвае беларускую сталіцу з нечаканага ракурсу. На тэму мастацтва чытачам прапануюцца такія выданні, як «Акварэлія», «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца» і іншыя. Трэці кірунак — кнігі, што раскрываюць тэму духоўнай культуры нашай краіны. Ён будзе прадстаўлены перш за ўсё такімі выданнямі, як «Жыровічы пад святым пакровам» і «Храм-помнік зямлі беларускай».

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: bel-en.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.