Вы тут

Трэнер Сяргей Грыбанаў: Спорт дазваляе людзям з інваліднасцю рэалізаваць сябе


Калі падбіраць метафару да прафесійнай кар'еры Сяргея Грыбанава, самай трапнай будзе — узыходжанне на гару. А шлях туды, як вядома, лёгкі не бывае. Так і ў яго — розныя гарады, розныя прафесіі і жыццёвыя абставіны. Але заўсёды — гарачая любоў да спорту і жаданне праявіць сябе. Нарэшце — дайшоў, сабраў калекцыю медалёў з чэмпіянатаў свету і Еўропы, Параалімпійскіх гульняў і не спыніўся. Зараз Сяргей Грыбанаў працуе з параалімпійцамі як трэнер, фізіятэрапеўт і масажыст. Як гэта магчыма — ён расказаў «Звяздзе».


Фота Яна Хведчына.

— Сяргей Міхайлавіч, адкуль у вас такая любоў да спорту?

— Мой бацька — майстар спорту па самба. Ён ваенны, актыўна займаўся ваенна-прыкладнымі відамі спорту. І тата заўжды быў ці чэмпіёнам, ці прызёрам акругі. Мама каталася на лыжах, нават удзельнічала ў спаборніцтвах. Мабыць, любоў да спорту перадалася мне праз бацькоўскія гены. Але ў дзяцінстве мяне не бралі ў спартыўныя секцыі праз парушэнні зроку. Я быў вызвалены ад фізкультуры ў школе, але нелегальна хадзіў у спартыўны зал у ваеннай часці, дзе служыў тата. Мы тады яшчэ ў Літве жылі. Пасля — працаваў слесарам на прадпрыемстве, там быў выдатны спартыўны комплекс з басейнам, трэнажорнай залай, лазняй і нават боўлінгам. Для невялікага горада Шаўляй у савецкі час гэта было ў навіну. А ў 1993 годзе наша сям'я пераехала ў Дзяржынск, і там я таксама пайшоў у трэнажорную залу. Але спорт — гэта не толькі трэніроўкі, гэта ж спаборніцтвы і падрыхтоўка да іх, што і адрознівае спорт ад фізкультуры.

— І калі ў вашым жыцці пачаліся сістэматычныя заняткі спортам?

— У 1995 годзе я паступіў у Гродзенскае медыцынскае вучылішча, і там мяне сталі прыцягваць да спаборніцтваў, я добра пазнаёміўся з лёгкай атлетыкай. А ўжо ў 1996 годзе выйграў чэмпіянат краіны ў кіданні дыска. Потым былі розныя жыццёвыя моманты. Пасля вучылішча працаваў у сельскай бальніцы, і не заўсёды атрымлівалася трэніравацца з-за шасцідзённага працоўнага тыдня. Потым перайшоў на паўстаўкі і адзін дзень працаваў у бальніцы, адзін дзень — трэніраваўся. Сям'я мне, канешне, дзякуй не сказала, але так было трэба. Мая спартыўная кар'ера склалася дзякуючы трэнеру Аляксандру Інакенцевічу Літвіненку. Ён дапамог мне ўладкавацца на работу ў Мінск, і я, нарэшце, змог сумяшчаць работу і трэніроўкі. З 1999 года ў нас пачалося нармальнае ўзаемадзеянне спартсмена і трэнера, бо займацца спортам «набегамі» не вельмі эфектыўна.

— Прабачце за нясціплае пытанне, але колькі вам было гадоў, калі вы пачалі кар'еру спартсмена?

— У 1999 годзе мне было 27 гадоў і да 36 гадоў мае вынікі толькі раслі. У 36 гадоў я ўстанавіў свае асабістыя рэкорды, і толькі потым пачаўся спад. У першы год прафесійнай кар'еры, у 2000 годзе, я выканаў нарматыў на майстра спорту. А ў 2001-м заваяваў два медалі на сваім першым міжнародным старце, на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы. У 2002-м заваяваў ліцэнзію на Параалімпійскія гульні 2004 года, дзе стаў бронзавым прызёрам у кіданні дыска. І кожны год быў на п'едэстале ці побач з ім, але ўсё ніяк не атрымлівалася перамагчы. На Параалімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне заняў толькі чацвёртае месца. Мог бы ўзяць медаль, але перашкодзілі пэўныя арганізацыйныя моманты.

— Якія?

— На Параалімпіядзе ў Пекіне былі аб'яднаны татальна сляпыя спартсмены і мы, атлеты з рэшткавым зрокам. І ў татальна сляпых быў моцны гандыкап (спосаб ураўнівання магчымасцяў слабых удзельнікаў спаборніцтваў з больш моцнымі праз прадстаўленне ім пэўнай перавагі. — прым. «Звязды»). І каб выйграць у татальна сляпога, трэба было выступіць як здаровы алімпіец. З гандыкапамі заўжды ўзнікала шмат цяжкасцяў, гэтае пытанне пастаянна абмяркоўвалі. Таму што цяжка справядліва ацэньваць выступленні. І цяпер на Параалімпійскіх гульнях раздзяляюць спартсменаў з рэшткавым зрокам і татальна сляпых.

— Для пачатку спартыўнай кар'еры ваш узрост быў дастаткова салідны. Цяпер як трэнер вы ўзяліся б за «сталага спартсмена»?

— Я лічу, што лепей позна пачаць займацца спортам, чым ніколі. Я паўнавартасна працую трэнерам з 2013 года, і ў мяне ніводнага спартсмена, маладзейшага за 30 гадоў. Калі чалавек схільны да пэўнай дзейнасці, то пачынаць можна ў любым узросце. Работа з параалімпійцамі — гэта не толькі непасрэдна трэніровачны працэс, але яшчэ і шэраг арганізацыйных момантаў, за якія адказвае трэнер.

— Сваёй кар'ерай спартсмена вы задаволены?

— Так, улічваючы, што я ніколі не лічыў сябе вельмі спартыўна адораным чалавекам. У майго трэнера Аляксандра Літвіненкі было два кідальнікі — я і Юра Бучкоў, мы былі своеасаблівымі канкурэнтамі. І трэніраваліся мы аднолькава інтэнсіўна, але Юра быў на крок наперадзе. З цягам часу я яго абагнаў. Спорт даў мне магчымасць паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Проста так чалавека з парушэннямі зроку ніхто б не узяў, а параалімпійца — калі ласка. Падчас паступлення быў цікавы эпізод. Камісія глядзіць атэстат, дзе няма адзнакі па фізкультуры, па статуце ўніверсітэта залічыць такога абітурыента немагчыма. А побач — пасведчанне майстра спорту міжнароднага класа, і як яго не ўзяць. Сапраўды, навошта майстру спорту фізкультура? Спорт дазваляе людзям з інваліднасцю атрымаць адукацыю, зарабляць грошы, паглядзець свет, дзякуючы выездам на спаборніцтвы.

— Як так атрымалася, што вы сумяшчалі свае спартыўныя выступленні, работу трэнера і масажыста?

— Яшчэ падчас сваёй спартыўнай дзейнасці я на грамадскіх пачатках дапамагаў калегам як масажыст, бо меў пэўныя веды. Афіцыйна я скончыў спартыўную кар'еру ў 2012 годзе, калі заняў шостае месца на Параалімпійскіх гульнях у Лондане. І пасля мяне запрасілі працаваць масажыстам у нашу каманду па лёгкай атлетыцы. Але з выступленнямі я не развітаўся. У 2015 годзе ў якасці трэнера рыхтаваў Аляксандра Трыпуця на Параалімпіяду ў Рыа, працаваў з Юліяй Няжурай, быў масажыстам нацыянальнай каманды і знаходзіў час на свае трэніроўкі. І на чэмпіянат свету ў 2015 годзе я паехаў у трох іпастасях. І ў гэтым жа годзе на Гран-пры заваяваў ліцэнзію для каманды. І гэта была тлустая кропка ў кар'еры. Стала зразумела, што больш я такую нагрузку не пацягну. І зараз мая асноўная дзейнасць — медыцынская работа, і як у трэнера ў мяне не вельмі шмат людзей.

— Сяргей Міхайлавіч, растлумачце, калі ласка, у чым заключаецца работа спартыўнага фізіятэрапеўта?

— Насамрэч, называць мяне фізіятэрапеўтам не зусім правільна, гэта не адпавядае беларускай медыцынскай класіфікацыі. У нашых медыцынскіх установах — гэта доктар, які назначае лячэнне, фізіяпрацэдуры, ванны, лячэбную фізкультуру. Я больш займаюся масажам і мануальнай тэрапіяй. Гэта паляпшае кровазварот і лімфазварот, дапамагае псіхалагічна расслабіцца. Быў цікавы прыклад. На Параалімпійскіх гульнях 2014 года біятланіст бег два этапы адной эстафеты. І мне прыйшлося проста на трасе яго «аднаўляць» паміж гэтымі этапамі, часу, канешне, было вельмі мала. Але вопыт быў цікавы. Навошта спартсменам аднаўленне арганізма, і так зразумела. А сёння, калі так востра стаіць праблема допінгу і калі забаронены нават некаторыя вітаміны, роля немедыкаментозных метадаў у падрыхтоўцы спартсменаў значна ўзрастае. І калі правільна іх выкарыстоўваць, то эфектыўнасць трэніровачнага працэсу павялічваецца, адпаведна, паляпшаецца і вынік на спаборніцтвах. Тым больш, зараз столькі новых метадаў і курсаў, былі б магчымасць і час, толькі і вучыўся б, павышаючы кваліфікацыю.

— Вы расказвалі, што ў сваёй рабоце выкарыстоўваеце метад прыкладной кінезіялогіі. У чым яго сутнасць?

— Гэты метад заснаваны на мануальным мышачным тэсціраванні, праз якое можна шмат даведацца пра арганізм. Дзякуючы мышачным тэстам, рэфлексам можна зразумець, у якім стане знаходзяцца ўнутраныя органы. І такім чынам падабраць правільны рацыён, медыкаменты ці нават скласці план трэніроўкі. Мышачныя тэсты паказваюць, што робіцца з арганізмам. Паколькі я актыўна «нясу» метад прыкладной кінезіялогіі ў масы, мне хацелася б, каб як мага больш спецыялістаў ім авалодала. На Захадзе гэта ўжо дастаткова распаўсюджаны метад, у нас ён пакуль толькі набірае папулярнасць.

— Працуючы з параалімпійцамі, напэўна, трэба дасканала ведаць асаблівасці здароўя кожнага, каб правільна пабудаваць работу...

— За столькі гадоў я ўжо дасканала вывучыў кожнага спартсмена. З фізічнымі асаблівасцямі прасцей, але ж трэба і добра разумець псіхалогію чалавека. Часта кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў, але ў тым жа медыцынскім вучылішчы мне не змаглі растлумачыць, як псіхалагічныя праблемы пераходзяць у «механічныя». А калі я пачаў займацца кінезіялогіяй, то зразумеў. Пры сур'ёзных псіхалагічных праблемах, моцных перажываннях мышцы не працуюць так, як трэба. І як пры гэтым можна казаць пра высокія вынікі і рэкорды? Псіхалагічны стан чалавека звязаны з фізічным мацней, чым здаецца на першы погляд. І таму яшчэ адна мая задача як кінезіёлага — накіраваць думкі спартсмена ў правільным кірунку. І лепей гэта рабіць загадзя, да спаборніцтваў. Калі чалавек доўгі час перажывае, хвалюецца, у яго перастройваецца эндакрынная сістэма, мяняецца гарманальны фон. За некалькі дзён цяжка ўсё гэта змяніць. За гады работы я заўважыў, што шмат старых псіхалагічных праблем, нават не звязаных са спортам, праяўляюцца якраз падчас спаборніцтваў. А дзе тонка, там і рвецца.

— Чалавеку, які не займаецца прафесійным спортам і не рыхтуецца да спаборніцтваў, варта звяртацца да спецыяліста-кінезіёлага?

— Калі чалавек клапоціцца аб сваім здароўі і хоча ведаць, у якім стане знаходзіцца арганізм, то канешне варта. Кінезіялогія разглядае чалавека комплексна: мышцы, косці, унутраныя органы, біяхімічныя працэсы, псіхалагічны стан. Яна дапамагае знайсці галоўную прычыну парушэнняў. А як вядома, у чалавечым арганізме ўсё звязана паміж сабой. Кінезіялогія дапамагала лячэнню, калі ў мяне хварэла дзіця ці калі хварэў я сам.

— Чым у першую чаргу павінен валодаць добры масажыст?

— Добрымі рукамі — яны павінны быць моцныя, сухія і цёплыя. Масажысту, як музыканту, патрэбны талент і прыроджаныя асаблівасці арганізму. Сіла ў руках, як музычны слых: альбо ёсць, альбо няма. У пэўнай ступені можна натрэніраваць рукі, але без таленту вялікага поспеху не будзе. Калі я паступаў у медыцынскае вучылішча, у нас быў прафесійны адбор, і не ўсіх абітурыентаў бралі толькі праз рукі.

— Сяргей Міхайлавіч, да Параалімпійскіх гульняў у Токіа застаецца менш за год. Як вы са сваімі спартсменамі працуеце з гэтай нагоды?

— Паколькі трэнерская праца — не асноўная для мяне, падапечных спартсменаў у мяне няшмат. З  Юліяй Няжурай рыхтуемся да адбору на Параалімпійскія гульні. У выпадку Юлі перанос Параалімпіяды на год аказаўся на руку. Праўда, яна перанесла каранавірус, які негатыўна паўплываў на яе спартыўную форму. Але, спадзяюся, мы ўсё навярстаем.

У маёй групе працуе мой таварыш Аляксандр Субота, таксама рыхтуецца да адбору на гульні. І я працую з яшчэ адным маладым спартсменам з парушэннем слыху Андрэем Фамянковым.

Канешне, спартсменам цяжка без спаборніцтваў, без іх зніжаецца матывацыя да працы. Нават мяне, вопытнага чалавека і ўжо нядзеючага спартсмена, засмуціла навіна аб пераносе Параалімпійскіх гульняў. Але ж час ідзе і гульні ўсё бліжэй. Спадзяюся, што не адменяць адборачныя спаборніцтвы, бо, шчыра кажучы, зараз мы жывём толькі імі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.