Вы тут

Дэлегат Усебеларускага народнага сходу Таццяна Захожая: "Маладым трэба вучыцца адказнасці"


Беларусы сёння актыўна вызначаюцца з дэлегатамі на Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады і кірункі грамадска-палітычнага развіцця краіны. «Звязда» вырашыла пазнаёміць чытачоў газеты з Таццянай ЗАХОЖАЙ з вёскі Юцкі Дзяржынскага раёна, якую вылучыў дэлегатам прэзідыум Беларускага саюза жанчын.


«Я хоць і працую яшчэ, але ўсё ж пенсіянерка, — сказала жанчына.— У мяне ўжо ёсць такі досвед — быць дэлегатам на Сходзе, і для мяне гэта гонар. Спадзяюся, што мой жыццёвы вопыт будзе карысны».

Нарадзілася Таццяна ў шматдзетнай сям'і ў вёсцы Пагост Бярэзінскага раёна. Маці працавала на ферме даяркай, бацька — інвалід.

«Нас было пяцёра дзяцей, і маці прыходзілася працаваць адной, — успамінае Таццяна Уладзіміраўна.— Памятаю, мне было восем гадоў, а я ўжо дзвюх кароў даіла на ферме, каб ёй дапамагчы...»

Пасля 8-га класа паступіла ў Смілавіцкае СПТВ № 23 па спецыяльнасці «трактарыст-машыніст шырокага профілю». Маці, канешне, адгаворвала, маўляў, будзе няпроста, але Таццяна была ўпартая і цяжкасцяў не баялася. Па размеркаванні трапіла ў Барысаўскую ДРС-25. Працавала на МТЗ-50, гусенічным трактары Т-74, нават на катку. Потым вярнулася ў родную вёску, у саўгас «Камунар».

Ёсць у Таццяны Уладзіміраўны і ордэн «Знак Пашаны», і два медалі ВДНГ СССР, і званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола БССР... Яна мае Усесаюзны прыз працоўнай славы імя Пашы Ангелінай — адной з першых жанчын-трактарыстак, імя якой у 1930-я гады гучала на ўвесь СССР. Міністр сельскай гаспадаркі СССР Валянцін Месяц асабіста ўручыў узнагароду жанчыне па выніках яе работы за 1981-ы, калі Захожая атрымала найлепшы ў раёне ўраджай бульбы. З апошніх жа ўзнагарод — званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці» ў 2017-м, «Чалавек года Міншчыны» ў 2016-м, «Жанчына года» ў намінацыі «За адраджэнне вёскі» ў 2014-м ...

Таццяна Уладзіміраўна мае што прапанаваць на сходзе, і першае, аб чым неабходна гаварыць, — моладзь павінна вучыцца адказнасці.

Яшчэ дэлегат упэўнена: трэба зрабіць жыццё на вёсцы для маладых больш прывабным, каб яны не баяліся ехаць туды жыць.

«У нас дом культуры зачынілі, людзі сядзяць па хатах, а так не павінна быць, — упэўнена жанчына. — Я з гэтым ваявала яшчэ ў маладосці. У нас быў клуб, які працаваў толькі да 23:30 у выхадныя. А маладым хочацца танцаваць... Калі моладзь нічым занятая не будзе, то яна выйдзе на вуліцу, а там і да пабітых ліхтароў недалёка».

Яшчэ адной праблемай вёскі, на думку дэлегата, стаў транспарт. Нягледзячы на тое, што Юцкі знаходзяцца недалёка ад Дзяржынска і Мінска, аўтобус прыязджае да іх толькі два разы на дзень. І каб проста з'ездзіць на рынак ці да ўрача, трэба выклікаць таксі, а для непрацуючых пенсіянераў гэта дорага.

«Але ж, з іншага боку, дзяржаве нявыгадна вазіць па два-тры чалавекі на вялікім аўтобусе, — разважае Таццяна Уладзіміраўна. — Таму выйсце, зноў жа, толькі адно — прыцягваць у вёску моладзь, каб яна палюбіла працу на зямлі. Цяпер нямала для гэтага робіцца, ёсць імкненне зрабіць для жыхароў вёсак больш камфортныя ўмовы. І дарогі асфальтуюць, і ЖКГ стараецца добраўпарадкаваць месцы агульнага карыстання, і заробкі павышаюць. Напрыклад, працаваць трактарыстам на вёсцы вельмі ганарова, адпачынак даволі доўгі — 35 дзён. Заробкі ў нас цяпер таксама дастойныя, можна пад тысячу рублёў атрымаць. Для горада гэта, вядома, невялікія грошы, але тут, у нас, цалкам жыць можна. Хоць працуем часта без выхадных, па 10-12 гадзін, але гэта таксама па жаданні. Хочаш зарабіць — то і працаваць трэба нямала».

Таццяну Уладзіміраўну турбуе і дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, бо дзяцей у вёсках няма і школы там зачыняюцца.

«Ведаю, што дзяржава шмат у чым дапамагае бацькам з дзецьмі, — гаворыць дэлегат. — Мой сын стаяў шмат гадоў на чарзе, пакуль не нарадзілася трэцяя дачка. А там ужо на працягу года і прапанавалі пабудавацца. Самі разумееце, уласнае жыллё вельмі сур'ёзны стымул для маладых сем'яў, але трэба і надалей матываваць людзей нараджаць дзяцей».

Таццяна Уладзіміраўна згадвае, што перажыла шмат цяжкасцяў у 90-я гады. У параўнанні з імі сёння жывецца добра. Дэлегат спадзяецца, што дзяржаўная праграма развіцця на будучую пяцігодку, як і ў мінулыя гады, будзе распрацавана з разлікам на дабрабыт людзей і ўпэўненае развіццё краіны.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.