Вы тут

Боль спаленых вёсак: выхоўваць сапраўдных патрыётаў трэба на гістарычных фактах


Адной з пяці прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2020 года быў адзначаны аўтарскі калектыў, які спрычыніўся да стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.


У складзе калектыву працаваў і пазаштатны аўтар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Ізяслаў Катляроў. Пра тое, як ажыццяўлялася задума захаваць памяць пра людзей, якія прагнулі жыць і працаваць на сваёй зямлі, спазнаваць свет і здзяйсняць мары, пісьменнік распавёў нашаму карэспандэнту.

— Тэма спаленай вёскі хвалюе вас здаўна, знаходзіць адлюстраванне ў творчасці...

— Хвалявала, хвалюе і будзе хваляваць не толькі мяне, а кожнага, хто наблізіцца да ўсведамлення таго, што тут адбылося ў 6 гадзін раніцы 14 студзеня 1944 года. Менавіта тады фашысцкія карнікі знішчылі ў Але 1758 жыхароў гэтай і навакольных вёсак Парыцкага (цяпер Светлагорскага) і Жлобінскага раёнаў, якія сабраліся ў чаканні наступаючай Савецкай Арміі. Гэта — 12 Хатыняў. Сярод тых, каго спасцігла немінучасць, 950 дзяцей. А яшчэ ж у Але — брацкая магіла 1020 воінаў, якія загінулі пры вызваленні гэтых мясцін. Вось чаму Алу можна лічыць самай ахвярнай вёскай Беларусі. Спаленая, знішчаная разам з жыхарамі, яна так і не адрадзілася. Хаця нясмелыя спробы зрабіць такое былі. Ды жыць на зямлі, якая стала суцэльным пагостам, было невыносна. Многае аб лёсе вёскі і яе жыхароў я даведаўся ад таленавітага краязнаўцы, інваліда Вялікай Айчыннай вайны Усевалада Мігая. У журналісцкім блакноце з’яўляліся ўсё новыя і новыя запісы сведкаў трагедыі. Уражвалі лёсы загінулых і тых нямногіх, каму пашчасціла выратавацца. Тарас Колеснеў, ранены ў галаву, прыкінуўся мёртвым. Бачыў, як вялі на смерць жонку і пяцёра дзетак. Вольга Курловіч гэтак жа выратавалася разам з малалетнім сынам. Цудам застаўся жывым Арцём Усціменка, які быў запрошаны сведкам у Бранск, дзе судзілі ваенных злачынцаў за ўсё, што адбылося і ў Але. А хіба можна было забыць Аксінню Курловіч? Яе хату, насупраць якой стаяў афіцэр, ужо ахоплівала полымя. І жанчына, усведамляючы непазбежную смерць, папрасіла дазволу згарэць у роднай хаце. Пад дружны рогат карнікаў яна павярнулася і цвёрдым крокам пайшла у полымя... За ёй спяшаўся салдат, які паліваў яе бензінам…

Важным аказалася знаёмства з прафесарам кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ, доктарам фізіка-матэматычных навук Уладзімірам Бабковым, з жыхаркай вёскі Мольча Таццянай Калейчык, ад якой, дарэчы, пачуў упершыню народную песню пра Алу. «Вот м лес, м опушка, а за ней — деревушка. Слышны крмкм м стоны людей. Там фашмстскме гады бьют м жгут без поцады беззацмтных старух м детей...» А заканчвалася песня словамі: «М Алу мы забыть не дадмм...» Усё гэта прасілася не толькі ў газетныя журналісцкія публікацыі (дарэчы, іх было каля 50), але і ў паэтычныя радкі. Так узнікла дакументальная паэма «Ала». Дарэчы, у час, калі абгрунтоўвалася мая прапанова ўзвесці менавіта ў нас пад Раковічамі мемарыял «Баграціён», прысвечаны выдатнай наступальнай і вызваленчай аперацыі Вялікай Айчыннай вайны, напісаў дакументальную паэму «Брыдскі мох».

— Ініцыятыва ўвекавечыць памяць пра вёску ваша ці вы далучыліся да праекта?

— Калі пачалі пракладваць грунтавую дарогу праз Алу, аказалася, што робяць гэта па чалавечых касцях. Давялося змяніць напрамак. Вось тады і паставілі каля той дарогі памятны камень і паклонны крыж. Тут 14 студзеня звычайна праводзілі жалобныя мітынгі. Але асноўная трагедыя ўсё ж адбылася там, дзе знаходзілася брацкая магіла савецкіх воінаў. 25 лістапада 2014 года ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» быў надрукаваны мой артыкул «Ала — гэта 12 Хатыняў», які заканчваўся такімі словамі: «Толькі нядаўна ўрэшце дзякуючы энтузіязму Светлагорскага раённага выканкама і кіраўнікам некаторых мясцовых прадпрыемстваў з’явілася алея і пракладзена дарога, што вядзе не толькі да памятнага каменя і паклоннага крыжа, але, хочацца верыць, і да будучага мемарыяла...»

Да гэтага часу быў ужо эскізны праект, што распрацавала па маёй просьбе і прапанаванай ідэі вядомая санкт-пецярбургская мастачка Марына Быкава, натхніўшыся незвычайнай тэмай. Акцэнтаванай асновай яго былі вялізныя камяні, на якіх належала ўвасобіць сюжэты трагедыі. Усе яны паэтычна вызначаны ў маёй дакументальнай паэме «Ала». Праз некаторы час мы з Соф’яй Шах завіталі да тагачаснага старшыні райвыканкама і прапанавалі грашыма, падараванымі мне на дзень нараджэння, адкрыць дабрачынны рахунак для збору сродкаў на ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу. Рахунак быў адкрыты пры ўпраўленні капітальнага будаўніцтва нашага райвыканкама. Інфармацыйную падтрымку аказалі мясцовая газета «Светлагорскія навіны», жлобінская «Новы дзень», «Гомельская праўда», штотыднёвік «Культура», часопіс «Государственный контроль». Актыўна далучылася да гэтага клопату наша грамадскае аб’яднанне абаронцаў памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, якое ўзначальвае Тамара Вайцэхоўская. Першую тысячу рублёў пералічыў актывіст Валерый Яначкін. Сабралі добраахвотныя ахвяраванні працаўнікі вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». Аж чатырыста сваіх пенсійных рублёў пералічыў былы малалетні вязень Азарыцкага канцлагера Міхаіл Паркалаў, істотна дапамаглі дырэктар прыватнага прадпрыемства «БелСтыль» Аляксандр Шостак, кіраўнік Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната Іван Калупаха і Гомельскі абласны Фонд абаронцаў міру. Удзячна прыгадваць можна многіх. Гэта дазволіла заняцца правядзеннем рэспубліканскага тэматычнага пленэра скульптараў. Запрасіў да ўдзелу ў ім вядомых творцаў, членаў Саюза мастакоў Карнея Аляксеева, Валянціна Борздага, Сяргея Возісава, Ігара Засімовіча, Міхася Яршова, Кацярыну Зантарыя, Аляксандра Камардзіна, Валерыя Малахава. Адразу ж адчуў шчырую падтрымку старшыні Светлагорскага райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алы Манькевіч, генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання «Хімвалакно» Васіля Касцюкевіча і яго намесніка Сяргея Мяркулава. Па маім звароце прыязджаў у Алу і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. З самага пачатку было зацікаўленае спрыянне настаяцеля прыхода храма вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Баравікі архімандрыта Алексія і яго памочніка Аляксандра Коршука, гомельскай мастачкі Ларысы Зуевай, галоўнага ўрача санаторыя «Сярэбраныя крыніцы» Аляксандра Свяцілава.

Цяпер вельмі многае залежала ад скульптараў, якім забяспечылі належныя ўмовы працы, акружылі натхняльным клопатам. Не буду пераказваць сюжэты, а назвы твораў пералічу: «Малітва», «Няма ратунку!..», «Лікі», «Спаленае сэрца Алы», «Памяць пра апошні дзень», «Не страляй!», «Ала. 1944 г.», «Вымушанае самаспаленне», «Асуджанасць», «Непазбежнасць». Па сутнасці, гэта было ўжо асновай будучага мемарыяла.

— Як даўно займаецеся праектам?

— Найбольш актыўна — пасля адкрыцця дабрачыннага рахунку і шматлікіх публікацый у перыядычным друку. А калі гаварыць канкрэтна — з пачатку пленэра скульптараў у санаторыі «Сярэбраныя крыніцы». Гэта чэрвень 2019 года.

— З якімі складанасцямі сутыкнуліся на кожным з этапаў рэалізацыі праекта?

— Цяпер, калі ўсе праблемы ў мінулым, прыгадваць іх не хочацца. Справа ў тым, што тэрыторыя былой вёскі апынулася ў рэспубліканскім заказніку «Выдрыца», а таму нават адвесці зямлю пад будучы мемарыял аказалася вельмі складана. Наша прыродаахоўнае міністэрства адказвала вельмі дзіўна. Давялося звяртацца ў высокія інстанцыі.

Пачынаць трэба было, як ужо зазначыў, з рэспубліканскага пленэра скульптараў. А для гэтага знайсці і завезці на пляцоўку санаторыя «Сярэбраныя крыніцы» двухметровыя камяні з Мінскай і Віцебскай вобласці, устанавіць іх так, каб скульптарам было зручна працаваць. А кожны камень — вагой не менш чым восем тон. З вялікай удзячнасцю прыгадваю генеральных дырэктараў мінскага «Нерудпрама» Аляксандра Лойку, Светлагорскага аб’яднання «Хімвалакно» Васіля Касцюкевіча, цэлюлозна-кардоннага камбіната Юрыя Крука, дырэктара прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандра Бусла, дырэктара завода жалезабетонных вырабаў і канструкцый Ігара Барышніна... А потым, калі давялося райвыканкаму разлічвацца з санаторыем і скульптарамі, раптам аказалася, што ніякіх грошай з добраахвотнага рахунку знімаць на гэта нельга, бо ў ім сказана, што адкрыты ён для фінансавання ўзвядзення і абслугоўвання мемарыяла. Слова «пленэр» адсутнічае... Трэба было тэрмінова адкрываць пры райвыканкаме новы дабрачынны рахунак для фінансавання пленэра. Добрыя людзі нас зразумелі. Дапамаглі. Былі і іншыя непаразуменні. Яны зніклі пасля таго, як у снежні 2019 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка публічна падтрымаў ідэю ўзвядзення мемарыяла і паабяцаў прыехаць на яго адкрыццё. Літаральна за тры месяцы (зімняе надвор’е надзвычай спрыяла) мемарыял быў узведзены. Часткова яму прысвяцілі і рэспубліканскі суботнік. Мы з Соф’яй Шах з першага да апошняга дня ўзвядзення падтрымлівалі творчыя сувязі з праекціроўшчыкамі і з прарабам Сяргеем Чумаковым, пад кіраўніцтвам якога працаваў калектыў Гомельскага домабудаўнічага камбіната. А потым, нават пасля ўрачыстага адкрыцця мемарыяла, былі клопаты аб тым, каб звон набыў усё ж свой мемарыяльны голас.

— У фармулёўцы ўзнагароды прагучала ваша імя, а якое месца ў рэалізацыі гэтай ідэі займала ваша спадарожніца па жыцці паэтэса Соф’я Шах?

— Мы заўжды ўсё робім разам. Хіба што пішам паасобку... Абавязкова, ужо ў хатніх умовах, і дыплом, і ўсё, што належыць да яго, перадам ёй са словамі нязменнай удзячнасці. Для нас найлепшая ўзнагарода ў тым, што такі мемарыял існуе. Абавязак выкананы і ўзнагарода за яго — магчымасць прыступіць да выканання іншых абавязкаў. А іх у мяне шмат. Гэта і ўзвядзенне памятнага знака ў гонар першабудаўнікоў Светлагорска (ёсць рабочыя макеты, распрацаваныя па маёй просьбе скульптарамі). Нагода для такога памятнага знака — 60-годдзе Светлагорска, якое будзем адзначаць сёлета. Дарэчы, у гэтым горадзе я жыву 55 гадоў.

Хацелася б ушанаваць у гарадскім пасёлку Парычы Міхаіла Іванавіча і Марыю Якаўлеўну Пушчыных, якія адухоўлена жылі тут дзясяткі гадоў, узвялі прыгажуню царкву Святой Магдаліны (каля алтара пасля і былі пахаваныя). Адкрылі ў 1860 годзе першае ў Беларусі жаночае вучылішча Духоўнага ведамства. Потым, на жаль, знеслі і царкву, і іх магілы.

Даўно прапаноўваю паставіць помнік акадэміку-мовазнаўцу, ініцыятару стварэння Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) і яго першаму старшыні, аўтару першага паслярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» Сцяпану Некрашэвічу, які нарадзіўся ў нашай вёсцы Данілоўка.

— Цяпер амаль адышло пакаленне, якое зведала на сабе пакуты вайны, тыя, хто ваяваў. Што, на вашу думку, трэба, каб не скажалася інфармацыя пра вайну ў наступных пакаленняў?

— Вядома, узводзіць і помнікі, і мемарыялы (Беларусь паказвае выключны прыклад), але вельмі важна, каб яны былі запатрабаваны, працавалі належным чынам. Мемарыял «Ала» ў гэтым сэнсе аказаўся шчаслівым. Завітайце ў любы дзень — і пераканаецеся, што наведвальнікі тут ёсць заўжды. Гэта самы маштабна акцэнтаваны мемарыял, прысвечаны ахвярам фашызму. Цяпер на Гомельшчыне сам па сабе вызначыўся тэматычны экскурсійны маршрут: мемарыяльныя комплексы «Чырвоны Бераг», «Ала», «Баграціён», «Канцэнтрацыйны лагер Азарычы», лоеўскі «Музей бітвы за Днепр».

Пачуццё патрыятызму вельмі канкрэтнае. Яго нельга выхоўваць на абстрактных разуменнях. Вось чаму я шмат гадоў спрабую ініцыіраваць стварэнне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання абаронцаў памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Ёсць статут, зацверджаны ў Міністэрстве юстыцыі, ёсць Мінскае гарадское і Гомельскае абласное аб’яднанні, але адсутнасць агульнадзяржаўнай маштабнасці робіць іх памкненні значна менш выніковымі. Такое патрыятычнае аб’яднанне магло б паспяхова працаваць пры Цэнтры духоўнага адраджэння Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, дзе ёсць крыпта з капсуламі зямлі, узятай з розных гераічных і трагічных мясцін не толькі Беларусі.

— Як вы ацэньваеце сітуацыю з захаваннем памяці пра герояў вайны і яе ахвяр? Якія захады, акрамя таго, што ўжо зроблена, былі б актуальныя?

— Лічу, што патрэбна больш канкрэтнае заканадаўства, якое б прадугледжвала забарону прапаганды фашысцкай ідэалогіі, скажэння праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, спрыяла б беражліваму стаўленню да брацкіх магіл, помнікаў і манументаў. Менавіта на прыкладах гістарычных фактаў і неўміручай памяці герояў трэба выхоўваць сапраўдных патрыётаў. І тут вельмі неабходна аб’яднаць грамадскі і дзяржаўны клопат.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.