Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам


Прэзідэнцкі прыём прайшоў у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа»

Традыцыйна ён адбываецца напярэдадні або пасля старога Новага году. На мерапрыемстве з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымліваюць свае ўзнагароды дзеячы, якія дасягнулі значных вынікаў. У бягучым годзе свята праведзена ў стылі гогалеўскага твора «Вечары на хутары ля Дзіканькі».


«Гэты год прымусіў нас паглядзець на свет і сваё месца ў ім шырока расплюшчанымі вачыма. З аднаго боку, 2020-ы надзеў на нас маскі, з другога — зняў іх», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што людзі лепш пазналі адзін аднаго — у кімсьці расчараваліся, а ў кімсьці знайшлі апору, убачылі беларусаў, якія ў востры гістарычны момант засталіся верныя гонару і сумленню, што ў гэты прагматычны век асабліва каштоўна.

«Калі памятаеце, пару гадоў таму ў гэтай зале я сказаў, што нас будуць спрабаваць на зуб: вартыя мы ці не сваёй незалежнасці. Час праверыў нас і даў адказ: увогуле вартыя, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — У 2020-м нам фактычна аб’явілі вайну. І развязана яна была не супраць Прэзідэнта, дзяржслужачых і сілавых структур, а супраць моцнай дзяржавы ў цэлым. Дзяржавы, якая, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку».

Менавіта ў гэтым прычына, на думку Прэзідэнта, у выкліку нашай краіне. «Са слабой (краінай — „Зв.“) разабраліся б і без вайны. Калі б мы былі вельмі моцнымі, нам бы не прад’яўлялі такія прэтэнзіі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, суверэнітэт краіны немагчымы без моцнай улады (асабліва гэта важна ў час, калі сабраліся перагледзіць Канстытуцыю), якую ўвасабляе сабой не адзін чалавек, а нацыя, гатовая згуртавацца, калі дзяржава пад ударам.

«Мы выстаялі, таму што былі адзіныя ў імкненні захаваць мір і гістарычную праўду, свой уклад жыцця і менталітэт. Раскачаліся, праўда, не адразу, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму абвешчаны Год народнага адзінства— гэта не столькі задача на будучыню, як неабвержны факт і наш адказ нядобразычліўцам: беларусы былі і будуць адным народам».

Звяртаючыся да тых, як адзначыў Прэзідэнт, хто з-за прафесійнай дзейнасці заўсёды на ўвазе, і тых, каму давялося стаць публічным чалавекам, каб смела і адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, ён сказаў: «Вы, можа быць, нават не да канца ўсвядомілі, што перагарнулі не проста чарговую старонку нашай гісторыі, а перагарнулі ў кароткі перыяд часу свядомасць людзей, прынамсі, большасці нашага грамадства. Вы паказалі, што значыць любіць Радзіму не на словах, а на справе. Паказалі, што значыць быць сапраўдным патрыётам».

Прэзідэнт заявіў, што мы прайшлі праз выпрабаванні, якія зламалі не адзін народ, але ўзялі лёс у свае рукі. 

«Мы прачнуліся. І гэта лепшае, што магло з намі, беларусамі, адбыцца. Узялі свой лёс у рукі. Пагадзіцеся, наша родная Беларусь заслугоўвае, каб мы бераглі яе і шанавалі свой нацыянальны статус. Статус грамадзяніна моцнай і незалежнай краіны», — сказаў кіраўнік краіны.

«А каб захаваць такі статус, сёння мала абараняцца, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка, — трэба стаць актыўным гульцом у глабальным свеце, перад усім у інфармацыйным, таму што асноўныя баявыя дзеянні адбываюцца на гэтым полі».

«Не час для далікацтва, хоць гэта і супярэчыць нашаму нацыянальнаму характару. Каб выжыць, трэба зрываць маскі і называць рэчы сваімі імёнамі. Прыгожае слова фэйк — гэта звычайная хлусня, а пастпраўда — самая прымітыўная маніпуляцыя свядомасцю чалавека. Але гэтым і іншым тэхналогіям мы, як і раней, супрацьпаставім класічную аб’ектыўную і сумленную журналістыку», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што тэлеграм-каналы і Інтэрнет — вельмі моцная зброя, але яна не назаўсёды. «Вы ўбачыце згасанне гэтага феерверка. Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі (традыцыйных СМІ — „Зв.“)», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Вельмі важна, як сказаў Прэзідэнт, навучыцца адрозніваць дабро і зло, бо ўвесь мінулы год пад выглядам прыгожых лозунгаў і прадуманых вобразаў нам таксама спрабавалі прасунуць далёкія ад чаканняў і патрэб грамадства ідэі.

«Не мне вам распавядаць, хто якія палітычныя мэты і асабістыя выгады меў на ўвазе. Але дзякуй, што годна адказалі на гэты выклік. Можа, і не варта было ў гэтак святочнай атмасферы казаць пра сур’ёзныя рэчы, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Але я, падыходзячы да гэтай залы, падумаў, што гэта не першае такое маё мерапрыемства. Іх было каля двух дзясяткаў на маім прэзідэнцкім стагоддзі. Я інтуітыўна адчуў, што як ніколі раней, сёння прыйду да сваіх людзей».

Прэзідэнт заявіў, што кожны з прысутных на прыёме апынуўся ў эпіцэнтры палітычнага жыцця краіны. 

«Я схіляю галаву перад подзвігам такіх людзей. Вы яшчэ не разумееце, што гэта подзвіг і вы яго здзейснілі, але хутка зразумееце. Вялікае бачыцца на адлегласці. Гэты час вызначыў сваіх герояў — тых, хто ў няпросты для дзяржавы перыяд абраў шлях барацьбы. Барацьбы на мяжы сваіх магчымасцяў, насуперак пагрозам жыцця і здароўю», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Асабліва ён адзначыў прафесіяналізм і смеласць журналістаў і аператараў, якія сталі ў адзін шэраг з сілавікамі, не меншую мужнасць праявілі нашы спартсмены, артысты, урачы, педагогі і дзяржслужачыя.

«Расслабляцца нельга ніколі. Ніколі не сумнявайцеся ў маёй рашучасці. Я ніколі не адступлю», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што галоўнае — з усіх падзей вынесці ўрокі, што абавязкова зробяць і на Усебеларускім народным сходзе. 

Падчас святочнага вечара Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны, медалі і Падзякі Прэзідэнта дзяржаўным дзеячам, артыстам, супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі.

Ордэнам Айчыны II ступені ўзнагароджаны старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. Ордэн Айчыны III ступені з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч ўдастоены ордэна Пашаны.

Медалём «За адвагу» узнагароджаны спецыяльны карэспандэнт тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, медалём «За працоўныя заслугі» — аглядальнік аддзела выдавецкага дома «Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык і галоўны саветнік прэс-службы Прэзідэнта Валерый Шульга, медалём Францыска Скарыны — рэдактар ​​аддзела выдавецкага дома «Беларусь сёння» Дзмітрый Крат і спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Ігар Тур.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

На другасным рынку жыллё працягвае таннець (у глабальным плане без перапынкаў) ужо з верасня мінулага года.

Грамадства

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Няўжо гэтую цяжкую хваробу так лёгка абвесці вакол пальца?

Калейдаскоп

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Мода вясны — 2021 прапануе некалькі глабальных кірункаў: мінімалізм, унісекс і 1990-я.