Вы тут

Франтавы «карцёжнік» Іван Харкевіч: на «рубашках» яго карт галоўнымі пачварамі былі Гітлер, Гебельс, Гімлер, Герынг


Журналісцкі лёс часта дорыць цікавыя сустрэчы, знаёмствы. Вось і сярод маіх суразмоўцаў шмат гадоў назад — болей як паўтара дзесяцігоддзя — быў франтавы карыкатурыст Іван Харкевіч.


Ён памёр у 2007 годзе, а тады, у 2004-м, калі адбыўся наш дыялог, жыў у Санкт-Пецярбургу. Мастак, відаць, назаўсёды застанецца ў гісторыі як майстар, што валодаў адмысловай зброяй — зброяй мастацкай сатырычнай прапаганды. У час Вялікай Айчыннай Іван Харкевіч нават карты прыдумаў адмысловыя. Пра іх і іншыя сатырычныя вынаходніцтвы санкт-пецярбургскага творцы і гаварылі мы ў тым даўнім інтэрв’ю. Некаторыя фрагменты яго і ўзнаўляю сёння, калі майстэрства Івана Харкевіча смела можна было б узяць на ўзбраенне супраць сучаснага беспамяцтва ў дачыненні да Вялікай Айчыннай вайны, да тых драматычных падзей, якія прыйшлі на прасторы Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы ў 1941 годзе разам з фашысцкай навалай...

— І што ж гэта за карты? — запытаўся я тады ў Івана Іванавіча. 

— Я служыў і працаваў у газеце Паўночна-Заходняга фронта «Сябра салдата», якая выдавался на нямецкай мове. Так, на нямецкай, бо яе раскідвалі па лініі фронта, імкнуліся рознымі шляхамі даставіць у нямецкія акопы. У нас было шмат перабежчыкаў, якія, зразумела, добра ведалі жаргон нямецкіх салдат і афіцэраў. Вось гэта і дапамагло мне скласці тэксты, якія я размясціў на «рубашках» карт. А каралямі намаляваў Гітлера, Гімлера, Гебельса, Герынга. Фюрэр атрымаўся гэткім пікавым фраерам, якія да 1943 года ўжо значна збавіў ранейшую сваю пыху. Дамы на картах — нямецкія сатэліты — Венгрыя, Італія, Фінляндыя, Італія. 

І як нямецкія салдаты паставіліся да вашых карт? Ці вядома вам пра іх рэакцыю?

Карты задумваліся як пропуск пры пераходзе лініі фронта перабежчыкамі, якія наважыліся здацца ў палон. Але тады карты ўсё ж не надрукавалі. Хутка пачалося наступленне... І, пэўна, ідэя гэтая не была ўхвалена недзе «наверсе». А без гэтага, зразумела, ніякі нават самы творчы праект не мог бы адбыцца. Асабліва ў тыя часіны...

Але праз шмат дзесяцігоддзяў карты невялікім накладам усё ж такі выдалі.

Антыфашысцкая тэма хвалюе сумленных людзей і зараз. А тады... Тады Паўночна-Заходні фронт стаў 2-м Беларускім фронтам. Так, разам з рэдакцыяй газеты «Сябра салдата» Іван Харкевіч пазнаёміўся з Беларуссю часін трагедыйных, драматычных... І яго аловак, яго фарбы яшчэ болей рашуча жалілі фрыцаў, гітлераўскіх захопнікаў. «Ведучы дыялог з нямецкімі салдатамі, я бачыў перад сабою спаленыя беларускія паселішчы. Гневу хапала. Але было і разуменне, што, можа быць, угледзеўшы мае малюнкі, хтосьці з варожых шарэнгаў яшчэ здолее выйсці з дзікунскага ачмурэння», — гаварыў Іван Харкевіч у размове са мною. І перабежчыкі сапраўды былі. Яны пераходзілі лінію фронта, трымаючы ў руках газету «Сябра салдата». 

Пачаўшы пасля вайны працаваць у кніжнай графіцы, ілюстраванні дзіцячай літаратуры, мастак усё ж не закінуў карыкатуру, сатырычныя жанры ў выяўленчым мастацтве. У 1956 годзе ён прыйшоў на працу ў славутае аб’яднанне «Баявы аловак», якое было заснавана яшчэ ў 1939 годзе. Час вайны прайшоў, але не мінулася баявітасць сатырыкаў, таму і назву захавалі. Палітычнай сатырай Іван Іванавіч ужо не займаўся. А затое не меней рашуча «ваяваў» з заганамі побыту, шматаблічнага грамадскага жыцця, з паўсядзённымі бядотамі-згрызотамі. Імкнуўся высмеяць хабарнікаў, людзей несумленных. Шаржыраваў, крытыкаваў бюракратаў, жулікаў, дробных злодзеяў, несуноў. «А трэба было б „буйных“ злодзеяў і хапуг жаліць, муштраваць, а не толькі дробных, мо тады і не было б істотных заганаў, таго жорсткага пералому, які прымусіў грамадства, розныя сацыяльныя групы насельніцтва аказацца ў няпростых умовах», — сказаў у нашай размове франтавы карыкатурыст Іван Харкевіч. 

... У 2008 годзе франтавыя сатырычныя малюнкі Івана Харкевіча выйшлі асобным альбомам «Зброя контрпрапаганды». Шкада, што мастак ужо не здолеў пабачыць гэтае выданне, пакінуўшы жыццё зямное. Увага да творчай спадчыны франтавога карыкатурыста з Санкт-Пецярбурга, заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі нагадала і пра цікавую ваенную спадчыну беларускіх мастакоў-карыкатурыстаў. Часам беларускі «Вожык» узнаўляе тыя яркія «калючкі», тое, што зроблена творцамі-патрыётамі, сапраўднымі змагарамі за свабоду нашай Айчыны, друкуючы ў часопісе рэпрадукцыі малюнкаў ваеннага часу. А мо ўсё ж наспела пара і асобным альбомам выдаць найболей яркія карыкатуры, шаржы..? 

Павел АЛЬСОВЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».