Вы тут

«Кніга для дзіцяці павінна быць напісана так, каб і дарослы знаходзіў у ёй цікавосткі»


Як вяртаць моду на чытанне, пра што пісаць кнігі для сучасных дзяцей і якія мерапрыемствы дазваляюць не страчваць прамой сувязі з чытачамі — пра гэта і многае іншае размаўлялі прадстаўнікі Выдавецкага дома «Звязда», аўтары, якія тут выдаюцца, і бібліятэкары напярэдадні ХХVІІІ Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу.


Фота: bomdia.uk

— Мы на працягу многіх гадоў супрацоўнічаем з кнігагандлёвымі аб'ектамі і з бібліятэкамі. Таму ведаем, што нават сёння, у эпоху імклівага жыцця, кліпавага мыслення і хуткага чытання ў сеціве кніга застаецца найлепшым сябрам чалавека, — адзначыла намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Юлія Дашкевіч. — Даследчыкі высветлілі, што паглыбіцца ў іншую, апісаную аўтарам рэальнасць магчыма толькі пры чытанні друкаваных тэкстаў — калі мы будзем гартаць папяровую кніжку, а не яе электронную версію. Менавіта такое паглыбленне, паводле апытання, ва ўмовах нашага шалёнага часу асацыюецца ў многіх са словам «шчасце». Значыць, добрая кніга здольная зрабіць чалавека шчаслівым. І таму сяброў і прыхільнікаў мае нямала.

Пераканацца ў гэтым дазваляюць акцыі, сустрэчы з пісьменнікамі і, вядома ж, кнігі, якія трапляюць да чытачоў у выніку супрацоўніцтва выдавецтва і аўтараў. Так, напрыклад, з 1 кастрычніка мінулага года пачала дзейнічаць акцыя «Звязда» сустракаецца з сябрамі». Яна мае на мэце паспрыяць развіццю беларускай мастацкай літаратуры, адраджэнню традыцый чытання, а таксама знаёміць з дзіцячай класічнай і сучаснай літаратурай. Цеснае супрацоўніцтва вядзецца і з бібліятэкамі краіны. У сувязі з зімовымі святамі Выдавецкі дом «Звязда» сумесна з «Белкнігай» і з «Акадэмкнігай» пачалі рэалізоўваць праект «У новы год са «Звяздой», які распачаўся 1 снежня 2020 года і працягнецца да 1 сакавіка 2021 года. У межах акцыі «Культурны маршрут: сучасныя пісьменнікі дзецям» у школах, гімназіях, бібліятэках і дзіцячых садках Выдавецкі дом «Звязда» будзе праводзіць сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі. Пазнаёміцца з выданнямі як для дзяцей, так і для дарослых можна на сайце ўстановы альбо ў сацыяльных сетках.

— Вельмі прыемна, што наш творчы год пачынаецца з тэмы дзіцячай літаратуры і што напярэдадні кніжнай выстаўкі мы гаворым пра яе. Саюз пісьменнікаў зараз актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў нашым знакамітым кніжным форуме. Дзіцячая літаратура будзе прадстаўлена там выразна, шырока. Таму што мы разумеем: будучыню кнігі ў першую чаргу вызначае юны чытач, — сказала першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца Алена Стэльмах. — Тэма чытання сёння гучыць ва ўсім свеце. І вельмі многія краіны думаюць пра тое, якім стане грамадства. Наколькі яно будзе адукаванае, пісьменнае, а гэта пачынаецца закладвацца з самага ранняга ўзросту. Залежыць у тым ліку ад таго, якія кнігі чытаюцца дзецям.

Пісьменніца падзялілася з прысутнымі і падзеямі ў сваім творчым жыцці. Так, у Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да выхаду яе новая кніга «Супоўніца Міла», дзе чытачы змогуць даведацца пра ганчарную справу і пра асаблівую традыцыю ладзіць абед у сямейным коле. Дарэчы, якраз пра тое, што чытанне аб'ядноўвае і ў бібліятэкі сёння прыходзяць дзеці разам з бацькамі, гаварылі таксама. А вось папулярная дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая выказала наступныя думкі наконт таго, як сёння быць бліжэй да чытача:

— Мне здаецца, аптымальны варыянт — калі кніга напісана не толькі для дзіцяці. Калі пры чытанні яе сваім дзецям дарослыя і для сябе стануць знаходзіць нейкія цікавосткі. І канешне, у казках для дзяцей павінна быць шмат дабрыні. Дзеткі павінны выхоўвацца на вечных каштоўнасцях, дзе і міласэрнасць, і сяброўства, і павага, паразуменне. Таму што дзіця — гэта як чысты аркуш паперы. Тое, што будзе закладзена з маленства, тое і застанецца ў яго назаўсёды, вызначыць яго далейшы лёс. Дзіцячая кніга павінна вучыць самаму добраму, а пісьменнікі — ствараць казачны і ўтульны свет для сваіх юных чытачоў. Трэба будаваць творы на асноўных пастулатах — гэта маральныя каштоўнасці і духоўныя арыенціры. А ў астатнім можна напаўняць творы любымі дэталямі, каб рабіць іх сучаснымі і цікавымі.

Зараз чакае свайго часу новая кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, якая будзе называцца «Загадка прынцэссы Агнесы». Плануецца, што яе прэзентацыя адбудзецца якраз на Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы. А тыя кнігі, якія ўжо выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда», можна набыць і працягваць вандраваць разам з любімымі героямі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».