Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя спартыўныя навіны.


1. У Оберхофе скончыўся шосты этап Кубка свету. Жаночая зборная Беларусі заваявала сярэбраны медаль у эстафеце. Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола і Алена Кручынкіна да апошняй стойкі прэтэндавалі на перамогу, але фінішавалі другімі, адстаўшы ад пераможцаў на 1,74 секунды. У гэтай дысцыпліне наша каманда не падымалася на п'едэстал са студзеня 2015 года.

У спрынце найлепшы вынік сярод беларусак паказала Дзінара Алімбекава — 12-е месца. Алена Кручынкіна на 22-й пазіцыі, Ганна Сола прыехала да фінішу 44-й, а Ірына Крыўко — 67-й. У мас-старт адабраліся дзве беларускі: Дзінара Алімбекава размясцілася на 13-й пазіцыі, а Алена Кручынкіна — на 26-й. У агульным заліку Кубка свету Дзінара Алімбекава займае 7-ю пазіцыю і другую сярод спартсменак да 25 гадоў. Алена Кручынкіна — 24-я, Ірына Крыўко — 36-я, Ганна Сола — 40-я. У Кубку нацый жаночая зборная Беларусі размяш-чаецца на 6-й пазіцыі.

У першай гонцы этапу — спрынце — найлепшым сярод беларусаў стаў Антон Смольскі, які размясціўся на 42-й пазіцыі. Максім Верабей заняў 59-е месца, Раман Ялётнаў — 60-е, а Сяргей Бачарнікаў — 64-е. Няўдала беларусы выступілі і ў эстафеце, завяршыўшы гонку на 16-й пазіцыі. У мас-старце выступаў толькі Сяргей Бачарнікаў, які фінішаваў 21-ы.

У агульным заліку Кубка свету Сяргей Бачарнікаў займае 26-ы радок, Антон Смольскі — 31-ы, Раман Ялётнаў — 42-і, Максім Верабей — 47-ы. У Кубку нацый беларуская мужчынская зборная займае 8-ю пазіцыю.

2. Мужчынская гандбольная зборная выступае на чэмпіянаце свету ў Егіпце. Свой першы матч супраць расіян беларусы скончылі ўнічыю — 32:32. Самым выніковым іграком у беларускай камандзе стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 10 мячоў. Наступная сустрэча з сапернікамі з Паўднёвай Карэі скончылася на карысць беларусаў — 32:24. Самым выніковым беларусам у гэтым матчы зноў стаў Мікіта Вайлупаў: на яго рахунку восем закінутых мячоў. Дзякуючы гэтай перамозе, беларускія гандбалісты забяспечылі сабе выхад у наступны этап турніру. Наперадзе — матч з прадстаўнікамі Славеніі.

Папярэдні раўнд чэмпіянату свету скончыцца 19 студзеня, пасля чаго па тры найлепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у другі этап, на якім будуць падзелены на дзве шасцёркі. Затым па дзве найлепшыя зборныя трапяць у чвэрцьфінал і працягнуць барацьбу за ўзнагароды.

3. Фрыстайлісты скончылі выступленне на этапе Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які прымаў Яраслаўль. Ала Цупер заваявала «серабро» турніру. Алімпійская чэмпіёнка 2014 года набрала 89,82 бала. Апярэдзіла яе толькі амерыканка Меган Нік — 89,88 бала. Ганне Гуськовай дастаўся драўляны медаль — з вынікам 85,36 бала яна заняла чацвёртае месца. Настасся Андрыянава скончыла выступленне на 23-й пазіцыі.

Найлепшае выступленне сярод беларусаў прадэманстраваў Павел Дзік — пятае месца і адзнака ў 111,31 бала. Дзмітрый Мазуркевіч (101,87 бала) і Макар Мітрафанаў (101,25 бала) размясціліся на шостай і сёмай пазіцыі адпаведна. Ігар Драбянкоў стаў дзявяты (99,18 бала), Максім Гусцік — 17-ы (82,3 бала), Вячаслаў Цімерцаў — 24-ы (70,68 бала). У камандным турніры этапу Кубка свету ў Яраслаўлі беларусы занялі 5-е месца. Ганна Гуськова, Максім Гусцік і Павел Дзік набралі 274,40 бала.

Наступны этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы пройдзе 23 студзеня ў Маскве.

4. Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч дэбютаваў у НХЛ. Першы матч форвард Нью-Джэрсі сыграў у першым звяне атакі ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ супраць «Бостана». У гэтай гульні ён правёў на лёдзе 17 хвілін і не набраў балаў. Але ўжо ў наступным матчы «Нью-Джэрсі Дэвілз» супраць «Бостан Бруінз» Ягор закінуў сваю першую ў НХЛ шайбу. Менавіта гэтая шайба стала вырашальнай у матчы, які скончыўся перамогай каманды з Нью-Джэрсі. Вынік сустрэчы — 2:1. «Гэта найлепшы момант у маёй хакейнай кар'еры», — прызнаўся Ягор журналістам пасля гульні.

Раней у НХЛ з беларускіх хакеістаў выступалі Руслан Салей, Уладзімір Цыплакоў, Андрэй і Сяргей Касціцыны і Міхаіл Грабоўскі.

5. Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага заняў чацвёртае месца на заключным этапе ралі-рэйду «Дакар-2021». Этап працягласцю 447 кіламетраў беларус пераадолеў за 2 гадзіны 36 хвілін і 55 секундаў. Аляксей Вішнеўскі ўступіў пераможцу Марціну Маціку з Чэхіі толькі 4 хвіліны 28 секундаў.

У выніковым пратаколе ралі-рэйду Аляксей Вішнеўскі размясціўся на шостай пазіцыі. Яшчэ адзін пілот «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч заўчасна скончыў выступленне на «Дакары» пасля пятага этапу праз непаладкі ў каробцы перадач.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Ягор Шаранговіч паспяхова дэбютаваў у НХЛ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.