Вы тут

Як у ЗША рыхтуюцца да інаўгурацыі?


Амерыка рыхтуецца да інаўгурацыі 46-га прэзідэнта, якая заўтра апоўдні па мясцовым часе (20.00 па мінскім) пройдзе ў Вашынгтоне. Абранага кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна і віцэ-прэзідэнта Камалу Харыс прывядуць да прысягі ва ўмовах беспрэцэдэнтных мер бяспекі, паведаміла ТАСС. З-за пандэміі каранавіруса цырымонію першапачаткова збіраліся правесці ва ўсечаным фармаце, але падзеі ў Капітоліі, куды 6 студзеня ўварваліся прыхільнікі Дональда Трампа, унеслі ў яе новыя карэктывы. Абраны кіраўнік дзяржавы будзе ўступаць на пасаду на фоне пагроз аб новых беспарадках і ўспышках гвалту. Як у ЗША рыхтуюцца да цырымоніі


Патэнцыял гвалту

Днямі дырэктар службы Крыстафер Рэй распавёў аб «значнай колькасці размоў у сеціве з нагоды цэлага шэрагу мерапрыемстваў, якія адносяцца да інаўгурацыі і выклікаюць непакой». «Мы занепакоеныя патэнцыялам гвалту на мностве акцый пратэсту і мітынгах, якія запланаваны ў найбліжэйшыя дні ў акрузе Калумбія», — растлумачыў Рэй.

Як да гэтага паведаміла тэлекампанія ABC, у распараджэнні якой апынуўся дакумент спецслужбы, выступленні ўзброеных дэманстрантаў могуць пачацца напярэдадні. На думку ФБР, сярод пратэстуючых могуць быць прадстаўнікі экстрэмісцкіх груповак. Акрамя таго, Федэральнае бюро расследаванняў мае інфармацыю, што акцыі пратэсту з удзелам узброеных людзей плануюцца ва ўсіх штатах ЗША. Дзясяткі адміністрацыйных цэнтраў краіны перайшлі ў рэжым павышанай бяспекі. Як паведамляе Yahoo News, ФБР асобна папярэдзіла ўлады Мічыгана і Мінесоты.

Як паведаміла газета USA Today, яшчэ ў лістападзе на YouTube з'явілася недаступнае цяпер ужо відэа, дзе лідар ультраправага руху Proud Boys Энрыке Тар заклікаў сваіх паплечнікаў прыйсці 20 студзеня на інаўгурацыю Байдэна ў «знак супраціўлення, знак рэвалюцыі». Член Палаты прадстаўнікоў Конар Лэмб (дэмакрат ад штата Пенсільванія) заявіў, што некалькі тысяч прыхільнікаў Трампа заўтра плануюць штурмаваць Капітолій, каб перашкодзіць інаўгурацыі абранага кіраўніка дзяржавы. «Гаворка можа ісці аб 4 тысячах узброеных «патрыётаў», якія могуць акружыць Капітолій і не даць увайсці ніводнаму дэмакрату», — заявіў Лэмб CNN.

Раней паліцыю Капітолія раскрытыкавалі за тое, што яна не змагла прадухіліць беспарадкі 6 студзеня. Пасля быў адпраўлены ў адстаўку кіраўнік ведамства Стывен Санд, які распавёў газеце The Washіngton Post, што прасіў у Нацгвардыі рэзерв за некалькі дзён да штурму, але супрацоўнікі службы бяспекі Палаты прадстаўнікоў і Сената яму адмовілі.

Надзвычайнае становішча

Здаецца, на гэты раз улады паставіліся да пагроз значна больш сур'ёзна. Пра рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сталіцы абвясціў дзеючы прэзідэнт краіны Дональд Трамп. Ён распарадзіўся выкарыстоўваць усе неабходныя рэсурсы для падтрымання грамадскага парадку ў краіне, што дазволіла федэральным уладам у самыя кароткія тэрміны выдзеліць сродкі на аказанне гораду дапамогі, паведаміла ТАСС.

Ужо з 11 студзеня Сакрэтная служба ЗША, якая ў тым ліку займаецца і аховай першых асоб, прыступіла да ўзмацнення мер бяспекі. Капіталійскі ўзгорак і Белы дом абнеслі двухметровай агароджай, а адміністрацыйныя комплексы, крамы і рэстараны каля Кангрэса, хутчэй за ўсё, застануцца зачыненыя да 20 студзеня ўключна. Работу часова спыняць 13 станцый вашынгтонскага метро.

Служба нацыянальных паркаў да 24 студзеня закрыла манумент Джорджа Вашынгтона. Нацыянальная гвардыя ЗША мяркуе прыцягнуць да 25 тысяч сваіх вайскоўцаў. Сілавікі прыбудуць з усіх 50 штатаў. Гвардзейцам даручылі рыхтавацца да магчымага выяўлення самаробных выбуховых прылад, а таксама да таго, што некаторыя пратэстоўцы могуць быць сур'ёзна ўзброеныя.

Выданне Washіngton Post паведаміла, што байцы Нацгвардыі прыбылі ў Капітолій, дзе нясуць кругласутачнае дзяжурства з баявой зброяй. Выданне апублікавала здымкі, на якіх вайскоўцы адпачываюць на падлозе ў калідорах будынка і ў турыстычным цэнтры, што прымыкае да яго. Washіngton Post нагадаў, што Нацгвардыя размясцілася ў Капітоліі ўпершыню з Грамадзянскай вайны, якая завяршылася ў 1865 годзе.

На фоне глабальнай трывогі, што ахапіла краіну, інтэрнэт-кампаніі пачалі блакаваць асобныя суполкі і нават цэлыя дадаткі, дзе часта маюць зносіны прыхільнікі папярэдняга прэзідэнта. Напрыклад, кампанія Facebook забараніла публікаваць заклікі да перагляду вынікаў амерыканскіх выбараў. Тыя ж правілы цяпер дзейнічаюць і ў Іnstagram. Раней кіраўніцтва Facebook услед за Twіtter забараніла Трампу карыстацца яе сэрвісамі па меншай меры да заканчэння яго прэзідэнцкага тэрміну.

Анлайн-пляцоўка па арэндзе жылля Aіrbnb перастала аказваць паслугі ў Вашынгтоне і яго прыгарадах на працягу гэтага тыдня. Прадстаўнікі Aіrbnb таксама заявілі, што заблакавалі ў сваім сэрвісе людзей, звязаных з беспарадкамі ў цэнтры Вашынгтона.

З App Store і Google Play знік дадатак Parler, які пазіцыянаваў сябе як свабодную ад «цэнзуры» сацсетку. На ёй пераважна рэгістраваліся прыхільнікі Трампа і праварадыкальныя актывісты. Сваё рашэнне ўладальнікі гэтых сэрвісаў растлумачылі тым, што ў дадзенай сацсетцы распаўсюджваюцца заклікі да гвалту. Пасля таго як кампанія Amazon перастала аказваць Parler паслугі хостынгу, кіраўніцтва пляцоўкі заявіла, што, магчыма, ніколі не зможа аднавіць работу.

Lady Gaga выканае гімн

Як правіла, на цырымонію прыходзяць тысячы людзей. Яны збіраюцца на Нацыянальнай алеі, у той час як абраны прэзідэнт прыносіць прысягу на прыступках Капітолія. Пасля гэтага па Пенсільванскай авеню праходзіць ваенны парад, а ўначы праводзіцца інаўгурацыйны баль. У гэты ж раз мэр Вашынгтона Мюрыэл Боўзер і губернатары двух суседніх штатаў Лары Хоган (Мэрыленд) і Ральф Нортэм (Вірджынія) заклікалі амерыканцаў не наведваць горад падчас інаўгурацыі, прапанаваўшы грамадзянам паўдзельнічаць у цырымоніі віртуальна.

Як паведаміла CNN, некаторыя афіцыйныя асобы прапаноўвалі Джо Байдэну перанесці мерапрыемства ў анлайн, апасаючыся за яго бяспеку, але абраны прэзідэнт усё ж мае намер з'явіцца на прыступках Капітолія. У прызначаны дзень ён прыедзе ў Вашынгтон на цягніку са свайго роднага штата Дэлавэр. Дарэчы, за сваю доўгую палітычную кар'еру Джо Байдэн праехаў па гэтым маршруце каля васьмі тысяч разоў.

Як стала вядома, Дональд Трамп прапусціць цырымонію. Рэспубліканец стане першым за 152 гады прэзідэнтам ЗША, які адмовіўся з'явіцца на прысягу свайго пераемніка (ў 1869-м на падобны крок адважыўся адыходзячы з пасады Эндру Джонсан). Нягледзячы на тое што Трамп пагадзіўся пакінуць Белы дом, ён так і не прызнаў свайго паражэння на выбарах.

Як заявіў у размове з rt.com намеснік дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў і прагнозаў РУДН Павел Фельдман, у Вашынгтоне склалася вельмі напружаная сітуацыя з-за пагрозы ўзброеных выступленняў. У той жа час эксперт не чакае беспарадкаў, супастаўных па маштабе з акцыямі руху BLM (Black Lіves Matter) летам мінулага года. «Інцыдэнт з Капітоліем для многіх стаў нечаканасцю. Мабыць, зараз амерыканскія сілавыя структуры імкнуцца не дапусціць паўтарэння сцэнарыя. Але, з майго пункту гледжання, сцягванне войскаў у Вашынгтон мае хутчэй палітычны намер. Гэта спроба ў чарговы раз абвінаваціць Трампа ў тым, што ён быццам бы збіраецца арганізаваць паўстанне з апорай на правых радыкалаў», — заўважыў Павел Фельдман.

На цырымоніі выступяць спявачкі Lady Gaga і Джэніфер Лопес, паведаміў Інаўгурацыйны камітэт. У прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце камітэта, гаворыцца, што Lady Gaga выканае нацыянальны гімн ЗША, а Лопес выступіць з сольнай праграмай. А ўжо праз гадзіну пасля інаўгурацыі, як паведаміла газета Polіtіco, Сенат зоймецца справай аб імпічменце Трампа.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Войска ў Капітоліі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».