Вы тут

Прэзідэнт пра даходы лясной гаспадаркі: Гэта тое, аб чым мы марылі гадоў 15–20 таму назад


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам віцэ-прэм’ера Аляксандра Субоціна і міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу. Кіраўніку краіны расказалі пра вынікі работы галіны ў мінулым годзе і вызначылі кірункі яе развіцця на будучыню.


«Я запрасіў вас, каб абмеркаваць стан спраў у асноўнай нашай галіне, фундаментальнай. Гэта адна з базавых галін нашай эканомікі. Пры падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства я выявіў цікавыя факты. Насельніцтва наша наўрад ці ведае, што амаль 40 працэнтаў тэрыторыі Беларусі пакрыта найкаштоўнейшым аднаўляльным рэсурсам. І за гады нашай незалежнасці мы павялічылі плошчу зялёнага багацця амаль на мільён гектараў. Я пра гэта не ведаў. Гэта кажа пра тое, што мы не драпежнікі і да прыроды, і да рэсурсу, які дараваў нам Гасподзь, адносімся па-чалавечы», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго звестках, карэнны запас драўніны дасягнуў велізарных памераў — амаль 2 мільярдаў кубічных метраў, доля спелых лясоў і перастойных дрэвастояў больш 20 % ад агульнага запасу. Але галоўнае, што адзначыў кіраўнік краіны, — аднавілі тое, што страцілі падчас Савецкага саюза, калі дзелавую драўніну гналі за межы краіны, а адтуль прывозілі мэблю. «Тады доля спелых лясоў складала 3 працэнты, сёння — 20. Вось гэта параўнанне для мяне таксама было навінкай», — дадаў Прэзідэнт.

Ён паведаміў, што галіна працуе стабільна, нягледзячы на эпідыміялагічную сітуацыю. Сельская гаспадарка і дрэваапрацоўка далі значны прырост.

«Дрэваапрацоўка дасць прыросту дзесьці 5–6 працэнтаў. У дрэваапрацоўцы вялікая ваша заслуга, бо крыніца, сыравіна — гэта нашы лясныя рэсурсы. Вы таксама нядрэнна спрацавалі ў рашэнні тых праблем і задач, што былі мною пастаўлены па перапрацоўцы адходаў», — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных на сустрэчы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў апошнія гады шмат лясных масіваў былі вырублены з мэтай прафілактыкі караедаў. Вялікія аб’ёмы драўніны, якія маглі за некалькі год згніць, складзіравалі. Каб папярэдзіць гэта, былі пабудаваны пелетныя заводы, якія выпрацоўвалі каштоўнае паліва.

«Як вы дакладваецце, усё (пелетнае паліва — «Зв.») закантрактавана, і нашы пелетныя прадпрыемствы выйшлі на прыбытак», — сказаў Прэзідэнт і звярнуў увагу, што засталося пабудаваць 6 заводаў, 7 ужо ў працэсе стварэння.

«Усяго пабудуем да 15 заводаў, а далей будзем глядзець. Запыт на гэту прадукцыю будзе заўсёды. Гэта выгадная для нас прадукцыя. Навошта, каб у лесе згніла нізкаякасная драўніна? Мы яе перапрацуем у дровы і з высокай рэнтабельнасцю прададзім», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў патрэбу ў такой прадукцыі маюць не толькі еўрапейскія пакупнікі, але і самім неабходна закрыць патрэбу.

«Трэба дакладна вызначыцца, колькі нам неабходна трэсак, пелетаў, каб замясціць для ацяплення прыродны газ. Што ж мы палім імпартны рэсурс, а ў сябе пад нагамі велізарны рэсурс гэты?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што абсалютна падтрымлівае прапанову вызначыць на перспектыву, колькі будуць нарыхтоўваць драўніны для ўнутраных патрэбаў.

«Мы павінны ацяпляць дамы людзей, гарады, аграгарадкі, вёскі дровамі. У нас хапае гэтага аднаўляльнага рэсурсу. Такім чынам мы зможам скараціць спажыванне прыроднага газу, за які мы плацім вялікія грошы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзяліўся: мяркуе, што справы ў лясной прамысловасці на бягучую пяцігодку варта абмеркаваць у шырокім коле.

«Дзесьці мы павінны арганізаваць прыстойную нараду (мы ўвагай Прэзідэнта асабліва не песцім леснікоў, і гэта дрэнна) і пагаварыць пра задачы на пяцігодку і хаця б у агульных рысах намеціць планы развіцця нашай лясной гаспадаркі», — паведаміў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны адзначыў — добры паказчык, што галіна прыносіць у два разы больш даходаў, чым атрымоўвае з бюджэта грошай на развіццё.

«Гэта тое, аб чым мы марылі гадоў 15–20 таму назад», — рэзюмаваў кіраўнік краіны.

Даведка. Па інфармацыі прэс-службы Мінлясгаса, агульная плошча зямель ляснога фонду за апошнія пяць гадоў павялічылася на 1,4 % і склала 86 %. Агульная плошча пакрытых лесам зямель пашырылася на 74 тысячы гектараў і складае 8 мільёнаў 300 тысяч гектараў. Лясістасць рэспублікі блізкая да аптымальнай (больш за 40 %). У мінулым годзе паступленні ад вядзення лясной і паляўнічых гаспадарак склала 460 мільёнаў рублёў. Стратныя арганізацыі ў галіне адсутнічаюць.

Адзін з найважнейшых кірункаў лесагаспадарчых устаноў — забеспячэнне перапрацоўшчыкаў драўнінай. У 2020 годзе арганізацыямі міністэрства нарыхтавана больш за 21 мільён кубаметраў драўніны. Летась згодна даручэнню Прэзідэнта ўведзены ў экслуатацыю сем вытворчасцяў па выпуску паліўных гранул у Барысаўскім, Навагрудскім, Пружанскім, Клічаўскім, Жыткавіцкім, Капыльскім і Мазырскім раёнах. Працягваецца праца па стварэнні новых пелетных заводаў у Ганцавіцкім, Смаргонскім, Асіповіцкім і Старадарожскім раёнах.

Каментарый у тэму

Па словах міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы, галіна спрацавала па выніках года ў гістарычным максімуме па экспарце прадукцыі. У галіне адсутнічаюць стратныя арганізацыі, і эканамічны складнік станоўчы. Дасягнуць значных вынікаў, як канстатаваў кіраўнік ведамства, удалося дзякуючы павелічэнню перапрацоўкі драўніны, стварэнню адпаведных вытворчасцяў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

«Прэзідэнтам пастаўлена задача працягнуць працу па прыцягненні ў абарот драўніннага рэсурсу, які маецца ў нашай краіне, працягнуць працу па стварэнні нашых вытворчасцяў па выпуску паліўных пелет. Плюс да гэтага Прэзідэнт паставіў задачу перагледзіць яшчэ раз выкарыстанне мясцовых відаў паліва», — паведаміў журналістам пасля сустрэчы Віталь Дрожжа.

Ён адзначыў, што ў бліжэйшы час будуць перагледжаны падыходы да выкарыстання газа як паліва — то бок ацяпляцца будзем не газам, а мясцовымі аднаўляльнымі відамі паліва.

«У бліжэйшы час мы палічым мэтазгоднасць пераходу з газу па трэскі, пелеты, брыкеты і адпаведнае рашэнне будзе», — сказаў міністр.

Віталь Дрожжа паведаміў, што ўдалося вырашыць і праблему з жуком-караедам — за тры гады плошчы хворых лясоў паменшыліся ўтрая.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».