Вы тут

Час званочкаў


Час званочкаў

Мир пробудился от тяжёлого сна.
И вот наступила ещё большая весна.

Не выносіць жа пластыкавае смецце па адной скрынцы-бутэльцы? Пластыкавае смецце я накопліваю часам доўга, каб пасля сабраць у адзін чорны/фіялетавы/белы смеццевы мяшок і пазбавіць яго права жыць са мной разам, займаць у мяне жылплошчу. Я выходжу з гэтым мяшком з кватэры, мяшок альбо зацягнуты на спецыяльную зацяжку, альбо завязаны маім тыповым вузлом. Я не еду са смеццем у ліфце, не бачу ў гэтым патрэбы, бачу ў гэтым непатрэбнае, неэтычнае. Спускаюся з дзявятага паверха, па дарозе заглядваю ў паштовую скрыню, бачу нейкія нікому не патрэбныя паперкі. Колькі соцень такіх непатрэбных паперак толькі на наш пад’езд. Выходжу з дому. Вясна. Лета. Зіма. Восень. Снег. Дождж. Спёка. Сусед з хворымі нагамі паліць на лаўцы. Суседка з хворым розумам лаецца на некага ўяўнага. Яны мне не зусім суседзі, але іх я прывык бачыць, таму няма розніцы, наколькі блізка ад іх кватэры тая, у якой жыву я.
Я жыву. Жыло неяк племя людажэраў і скончылася.

Долго шли — зноем и морозами.
Все снесли — и остались вольными.
Жрали снег с кашею березовой.
И росли вровень с колокольнями.

З дынаміка вырываецца голас Аляксандра Башлачова. Аляксандр даўно не жыве. Як кажуць у нас, трагічна загінуў. З дынаміка вырываецца голас Аляксандра Башлачова, як ён вырываўся сам, як ён вырваўся. Я вельмі люблю і цаню сапраўднасць. Больш за сапраўднасць мяне кранае толькі тое, што з яе вырастае — надрыў. Калі мастак сам ператвараецца ў інструмент найвышэйшых сіл, калі ён нацягвае на гітару свае жылы і даводзіць свой канцэрт да канца, то і канца ніколі не будзе…
Я жыву. Я веру ў тое, што ў мяне атрымліваецца штосьці. Хоць крыху. Я ведаю, што ніхто з нас не застанецца жывым. У гэтым і сутнасць жыцця. Тут я мог бы пачаць маралізатарства, банальнасці, але я раскажу вам пра смецце.
Каля майго пад’езда няма кантэйнера для пластыкавага смецця, таму я іду далей. Не нашмат далей, але выбегчы, выкінуць і зноў схавацца за дзверы і сцены не атрымаецца. Калі мароз, то прыйдзецца падрыхтавацца. Калі дождж — таксама. Падымаюся па лесвіцы на ўзгорак, праходжу міма крамы, пасля яшчэ вакол аднаго шматпавярховіка, і вось яно — месца, куды я іду. То бок ён — кантэйнер для пластыку.
Жыло племя людажэраў і скончылася.
Усё скончыцца? Усё пройдзе? А што прыйдзе? А хто прынясе? Ніхто не адмаўляецца ад таго, што зрабілі іншыя. Але колькі прадстаўнікоў гэтага «ніхто» ўпэўненыя, што немагчыма нічога зрабіць. Ніхто не можа паўплываць на змены клімату, на развіццё адукацыі і культуры, на прафілактыку псіхічных захворванняў, на колькасць хлусні і злачынстваў. Ніхто і ніколі не можа на гэта паўплываць. Людзі не маглі нават піраміды пабудаваць, то як жа ім смецце сарціраваць.

Век жуем. Матюги с молитвами.
Век живем — хоть шары нам выколи.
Спим да пьем. Сутками и литрами.
Не поем. Петь уже отвыкли.

Башлачоў вырываецца з дынаміка, садзіцца побач, назірае, як я п’ю каву (зараз пайду яшчэ па кубак), глядзіць у маё акно. Дзявяты паверх. Насупраць толькі іншыя вокны, а там нейкія людзі скардзяцца на штосьці сваё ці не скардзяцца, а давольныя ўсім. Мы ж не можам дапамагчы ўсім і кожнаму, таму не варта і спрабаваць. Калі толькі я буду рабіць, усё роўна нічога не зменіцца. Ведаеце, за што ганьбавалі Грэту Тунберг? За тое, што яна пасягнула на святое апраўданне. Адкінула вялікі догмат і вырашыла рабіць адна што атрымліваецца. Нядрэнна атрымалася.
Жыло племя людажэраў і скончылася.
Смецце. Гэта ж настолькі проста. Я старанна, доўга збіраю пластык і выкідваю ў кантэйнер для пластыку, куды збольшага выкідваюць усё. Чаму? Я не ведаю. Можа, таму, што няма розніцы, куды выкідваць, іншыя ўсё роўна не глядзяць.
Тэлефануе маці. Пад канец размовы пытае:
— То ўсё добра?
— Не, — адказваю.
— А што здарылася?
— А ты хіба не ў той жа час жывеш, што і я?
— Я ж не пра гэта. Я пра цябе асабіста.
— Асабіста?
А ці ёсць я асабіста? Ці ёсць штосьці чалавечае, што можна вырваць з чалавецтва? Пражыць так, каб не даць нічога і нікому і ўсе сказалі, што ён быў сапраўдным чалавекам?
Башлачоў вырываецца з дынаміка. Не хачу цытаваць. Гэта такі агрэсіўны боль. Вы спрабавалі граць на гітары? Першы час вельмі баляць пальцы, пакуль не прывыкнеш сціскаць струны, але ўсё роўна граеш. Мабыць, так і я пішу радок за радком.
Жыло племя людажэраў, і елі яны чужых людзей. Жылі яны ў далёкіх лясах, пра якія мы ніколі не чулі. Елі яны далёкіх людзей, пра якіх мы таксама ніколі не чулі, якіх мы ніколі не бачылі. На кожнае свята, па кожным патрабаванні лавілі, вязалі, варылі ці смажылі (спосаб прыгатавання гісторыя замоўчвае). Людзей вакол было няшмат, але хапіла, каб прывыкнуць да такога далікатэсу. Таму, калі чужыя людзі скончыліся, людажэрам прыйшлося брацца за сваіх. Вырашылі пачаць з дзяцей, бо з дзяцей жа яшчэ невядома, што атрымаецца, таму няхай не атрымліваецца нічога. Дзеці скончыліся. Перайшлі на жанчын, бо гэта жанчыны адказныя за дзяцей і вінаватыя, што тыя скончыліся. Скончыліся жанчыны. Мужчыны пачалі есці адзін аднаго ў залежнасці ад пасады і ўзросту.
Ад кантэйнера для пластыку заўсёды іду з адчуваннем нейкай агіды. Успамінаю, як англійскі футбаліст Маркус Рэшфард падчас частковага каранціну ў Вялікабрытаніі, калі школы былі закрыты, прымусіў вярнуць бясплатныя абеды для школьнікаў. Падняў вялікі шум, сам уклаў шмат грошай, каб дзеці не засталіся галодныя, бо ведаў, што гэта такое. Некалі даўно ён нават не думаў, што ў яго аднаго хопіць сілы дапамагаць, змяняць і рабіць. Бо хто ж з нас можа штосьці адзін? Кропля ў моры. Пластыкавая бутэлька ў самых разнародных адходах.

Хорошие парни, но с ними не по пути.
Нет смысла идти, если главное — не упасть.
Я знаю, что я никогда не смогу найти
Все то, что, наверное, можно легко украсть.

Ctrl+Space. Башлачоў знікае. Яго голас застаецца. Яго словы пераносяцца далей. Ён адзін, як ты ці я. Ён усе, як я ці ты. Ці дастаткова жыць, каб застацца жывым? Банальнае маралізатарства. Ваніль. Соплі. За маім акном вокны. Лётае птушка. Назаві мне самых знакамітых у гісторыі птушак. Пайду пакуль вынесу смецце.

Если нам не отлили колокол,
Значит, здесь — время колокольчиков.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.