Вы тут

«Амбарная кніга» ад Мальдзіса, пратаколы ад «Маладняка»... Якія таямніцы гатовы адкрыць архіў у найбліжэйшы час?


«Гляджу на літар бісерны суплёт,

Чытаю лёс... То плачу, то смяюся.

Адзін лісток — як сведка, што народ

Не знік, не ўпаў, не змёр на Беларусі»

Гэта радкі з верша паэткі Ірыны Багдановіч, якім адкрываецца альманах «Аўтограф», выдадзены да 60-годдзя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, якое прыпала на толькі што прамінулы год.

Сюды, у старажытны будынак на мінскай вуліцы Кірыла і Мяфодзія, прыходзяць навукоўцы, пісьменнікі, журналісты і ўсе, хто хоча дакрануцца да таямніц беларускай гісторыі, патрымаць у руках рукапісы і лісты славутых людзей, зразумець падаплёку падзей... Якія таямніцы гатовы адкрыць архіў у найбліжэйшы час? Пра гэта мы пагутарым з яго дырэктарам Ганнай Запартыкай.


— Рыхтаваліся адзначаць свой юбілей шырока, за год-паўтара пачалі рыхтавацца, але з-за пандэміі адбылося ўсё сціпла, у коле супрацоўнікаў, — уздыхае Ганна Вячаславаўна. — Праўда, анлайн атрымалі шмат віншаванняў, быў устаноўлены экран, дзякуючы чаму да нашай урачыстасці далучыліся калегі-архівісты, пісьменнікі, вучоныя. Было і шмат публікацый, галоўны ж юбілейны праект — выданне альманаха «Аўтограф». Назва невыпадковая: у нашым архіве калісьці была насценная газета з такой назвай, яшчэ ў другой палове 1980-х, у ёй мы змяшчалі факты са штодзённага жыцця архіва. У альманаху адлюстраваная гісторыя стварэння архіва і яго фондаў — акцёраў Уладамірскіх, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі і многіх іншых. У раздзеле, для назвы якога ўзятае адметнае слоўца Адама Бабарэкі «уздалле», распавядаецца пра дакументы беларускага замежжа. У канцы мы змясцілі невялікую энцыклапедыю архівістаў «Нашы папярэднікі»...

— Вы згадалі «уздалле» Бабарэкі... Дасюль рэкамендую ўсім пазнаёміцца з двухтомнікам Бабарэкі, падрыхтаваным і выпушчаным вамі і Віктарам Жыбулем на аснове матэрыялаў архіва. Постаць Бабарэкі пацвярджае, што і сто гадоў таму на Беларусі былі мысляры і эксперыментатары еўрапейскага ўзроўню. Выхад двухтомніка стаў сенсацыяй... Нешта падобнае яшчэ рыхтуецца?

— Летась выйшла кніга дасюль не выдадзеных дзённікаў беларускіх пісьменнікаў ваеннага часу «Мы жылі ў буднях барацьбы». Цяпер займаемся творчай спадчынай беларускага спевака Міхайлы Забэйды-Суміцкага, якому ў мінулым годзе споўнілася 120 гадоў. Вы можаце бачыць у кабінеце экспазіцыю, прысвечаную яму. Рэдкія дакументы — тыя, што датычацца яго знаходжання ў Маньчжурыі, у Харбіне, дзе спявак жыў да 1932 года. Вось поўны працоўны спіс — у якіх школах Харбіна ён выкладаў. Ён жа скончыў эканамічнае аддзяленне юрыдычнага факультэта — так называлася вышэйшая навучальная ўстанова ў Харбіне. Забэйда-Суміцкі быў практычны чалавек, думаў, калі не атрымаецца з операй, ці раптам, не дай Бог, голас прападзе — а ён жа хварэў часта, і на сухоты ў тым ліку, — будзе «запасная» прафесія. Захаваліся фота з яго архіву з дароўнымі надпісамі легендарных оперных спевакоў свету, з некаторымі ён пазнаёміўся яшчэ ў Харбіне — тады многія раз'ехаліся па розных сусветных тэатрах. Вось афішы ды іншыя дакументы, якія распавядаюць пра той перыяд, калі Забэйда-Суміцкі прыехаў у Мілан, дзе скончыў школу вядомага опернага спевака і педагога Карпі. На стэндзе пасведчанне пра гэта. З 1940-га Забэйда-Суміцкі жыве ў Празе, працуе ў Нацыянальным тэатры. У яго была мара — пераехаць на Беларусь. Яму садзейнічалі ў гэтым Рыгор Шырма, Максім Танк. У 1963-м годзе з іх дапамогай Забэйда-Суміцкі прыехаў з гастролямі ў БССР, даў вельмі шмат канцэртаў — ад Мінска да Брэста і Гродна. Вось фота музыкі з Караткевічам і яго жонкай. Але здарыўся 1968-ы год, падзеі ў Чэхаславакіі, і пераезд не адбыўся. У Чэхаславакіі, дзе абвастрыліся антысавецкія настроі, нават былі знішчаныя пласцінкі з запісамі беларускіх песень у выкананні Забэйды-Суміцкага, якога і па сёння там-сям за мяжой называюць «савецкі спявак».

— Я ведаю, што дакументы архіва выкарыстаныя і ў падрыхтоўцы выданняў да юбілею Уладзіміра Караткевіча...

—Так, якраз зараз у нас праходзіць выстаўка, прысвечаная малюнкам Караткевіча, дакладней, «амбарнай кнізе», як называў яе Адам Мальдзіс. У доме Мальдзіса захоўваўся бланк канцылярскай кнігі. Калі Караткевіч убачыў яе ў сябра, зрабіў на вокладцы надпіс: «Часопісь інвентарнага ўліку выпітага», там пачалі з'яўляцца жартоўныя запісы і малюнкі. Шмат малюнкаў увайшло ў 19-ы том збору твораў Караткевіча ў 25-і тамах, які выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Караткевіч вельмі пазнавальна рабіў шаржы — Барадулін, Прашковіч, Грынчык... Калі мы ўбачылі вось гэты жаночы партрэт, адразу пазналі: архівіст Яніна Кісялёва. А вось як уявіў Караткевіч сябе і сябра: «Помнік Мальдзісу і Караткевічу. Такімі нас будуць уяўляць нашчадкі ў 2068-м годзе». Гэткія антычныя атлеты...

— Вельмі нефармальная, так бы мовіць, кніга... Узяць карціну, як адзначалі пісьменнікі дзень ракетных войскаў: стол, над якім высоўваецца некалькі пар ног, адны — у жаночым абутку... І рэпліка нейкага Славічка, які пытаецца, а дзе дзядзі і цёці?

— Славічак — гэта сын Адама Мальдзіса.

— Дык вось, калі вы маеце справу з такімі артэфактамі, інтымнымі, не прызначанымі для публікі, ці ўзнікаюць нейкія этычныя абмежаванні?

—Ну, што датычыцца жартоўных малюнкаў Караткевіча, ён бы і сам выставіў усё, не задумваючыся. Да таго ж мы не рабілі гэтую выстаўку для шырокай публікі. З іншага боку, з цягам часу падтэксты, якія закранаюць канкрэтных людзей, знікаюць... Дый асяродак Караткевіча — людзі разняволеныя ў добрым значэнні гэтага слова. Яны ўмелі пасмяяцца з сябе. Такія камерныя, вельмі асабістыя дакументы могуць адкрыць шмат новага, патлумачыць аспекты біяграфіі, сяброўства... Напрыклад, калі Мальдзіс і Караткевіч жылі ў суседніх дамах, дык «пераміргваліся» лямпамі. Маўляў, прыходзь... Хіба можа выдумаць такую яскравую дэталь? Дай Бог сённяшнім пісьменнікам так сябраваць... Іх настроі перадае знакаміты малюнак «Шляхціц з паловай выдзертай барады». Хто вырваў яму тую бараду, і хто пад той барадой хаваецца, каго са сваіх знаёмых Караткевіч маляваў — пакуль не высветлілі. Кніга з цікавай гісторыяй. Мальдзіс вёз яе, каб падарыць Аршанскаму музею, але не падарыў, і доўга потым жартаваў, чаму: «ззаду стаяла Запартыка і штурхала мяне, каб я аддаў кнігу архіву». Сапраўды, я ўгаварыла Адама Восіпавіча пакінуць рарытэт нам, у ягоным асабістым фондзе. Мальдзіс, дарэчы, вельмі ўзрадваўся, калі даведаўся, што мы зрабілі гэтую выстаўку. Ёсць у нас яшчэ адзін падобны альбом, яго прывёз з Рыгі мастак Вячка Целеш. Важыць той альбом, мусіць, каля дзесяці кілаграмаў. Там таксама шмат малюнкаў Караткевіча.

— Набліжаюцца два заўважныя юбілеі — Івана Шамякіна і Івана Мележа...

— Пра Шамякіна мы ўжо рыхтуем экспазіцыю. Па Мележы таксама будзе выстаўка, напэўна, яшчэ і віртуальная. Будзе матэрыял для часопіса «Полымя» на падставе дакументаў, якія раней не друкаваліся — маю на ўвазе не мастацкія творы, а даклады, выступленні. Вывучаючы фонд Мележа і Саюза пісьменнікаў, выявіла адно выступленне на 4-м пленуме Саюза пісьменнікаў СССР 1963 года, рукапіс якога адрозніваецца ад таго тэксту, што апублікаваны ў зборах твораў. У рукапісе згадваецца шмат прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў — і ў крытычным, і ва ўхвальным сэнсе. Але чамусьці Мележ на рукапісе пазначыў для машыністкі: друкаваць без прозвішчаў...

— Ці часта сустракаюцца такія несупадзенні, і ці заўсёды варта вяртаць зробленыя купюры?

— Калі яны зробленыя ў адпаведнасці з меркаваннямі цэнзуры — вядома, трэба вяртаць. Што наконт рэдактарскіх правак — тут ужо іншае, гэта работа над стылем, якая часта ішла на карысць твору. Але ж бывала, што купюры ўзнікалі па тэхнічных прычынах — скажам, не ўлазілі ў старонку нейкі радок ці страфа... І са згоды аўтара тэкст скарачаўся. Гэта таксама трэба выпраўляць. Калі мы рыхтуем да выдання нейкі зборнік, звяртаем на гэта ўвагу. Для нас важны самы першы арыгінал, аўтограф. Вядома, пасля аўтографа можа быць машынапіс, перапрацаваны тэкст. Аўтограф можа быць толькі эскізам, задумай. А пасля аўтар мог садзіцца за машынку і працаваць над другім, трэцім варыянтам... Пасля твор трапляў у рэдакцыю ці выдавецтва, там працавалі рэдактар, цэнзура. Калі рыхтавалася выданне ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, відавочна па рукапісах, як нешта закрэсліў адзін рэдактар, другі, трэці... Мядзёлка не згаджалася, штосьці вяртала, ужо ў машынапісе. Урэшце яе ўспаміны «Сцежкамі жыцця» выйшлі ў вельмі абрэзаным варыянце. Яна і не дачакалася сваёй кнігі, не патрымала ў руках. Але ў архіве захаваўся поўны варыянт.

— Пра вядомых медыйных персон заўсёды шмат публікацый... А пра каго з незаслужана малавядомых вы збіраецеся згадаць?

— Думаю, што мы адзначым 120 гадоў Веры Андрэеўне Ніжанкоўскай, якая вельмі шмат зрабіла для беларускай культуры. Яе імя часцей за ўсё згадваюць у сувязі з Браніславам Тарашкевічам — яна яго першая жонка. Але Вера Андрэеўна — яшчэ і краязнавец, даследчык свайго радаводу, які бярэ пачатак ад Кукальнікаў — браты Кукальнікі яе блізкія сваякі. Паэт Нестар Кукальнік, аўтар лібрэта оперы «Іван Сусанін», альбо «Жыццё за цара», і вядомы цэнзар Павел Кукальнік. Яе бацька, Андрэй Снітка, гісторык-археограф, дырэктар царкоўна-археалагічнага музея ў Мінску. Вера Андрэеўна — родная пляменніца выдаўца Аляксандра Уласава, яе род мае сувязі з Канчэўскімі, Пузырэўскімі, з апошняй галіны выйшаў вядомы мастак. Каштоўнасць яе фонда вельмі высокая. Увогуле падчас работы над нейкай персаналіяй сустракаеш шмат цікавага «ўскоснага» матэрыялу... Напрыклад, у Забэйды-Суміцкага была настаўніца, спявачка Плотніцкая... Я пачала шукаць пра яе звесткі — а дзе пра спявачку XІX стагоддзя можна знайсці звесткі, як не ў часопісах і газетах, дзе рэгулярна друкавалі водгукі на спектаклі? Знайсці было нялёгка, бо Плотніцкая, відаць, страціла голас і сышла са сцэны, бо ў адной з захаваных рэцэнзіі так і гаварылася — «Плотніцкая сёння была не ў голасе». Дык вось, мяне ўразіла, што тэатральныя рэцэнзенты таго часу пісалі не толькі пра спектакль, пра кожнага выканаўцу, але заўсёды пісалі і пра гледача, як глядач рэагаваў, як сябе паводзіў. Калі хтосьці размаўляў падчас прадстаўлення, грукаў біноклем, не быў уважлівы, наконт гэтата з'яўлялася абураная крытыка. Глядач успрымаўся рэцэнзентамі як частка творчага працэсу.

— Ці будзеце вы працягваць праект, прысвечаны гадавіне «Маладняка»?

— Безумоўна. Гэты праект, у якім, акрамя нашага архіву, удзельнічаюць Выдавецкі дом «Звязда», Музей гісторыі беларускай літаратуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, разлічаны да 2023 года, гэта значыць да стагоддзя легендарнага беларускага літаб'яднання. Самы актыўны ўдзельнік гэтага праекта — наш супрацоўнік, паэт Віктар Жыбуль. У альманаху «Аўтограф», напрыклад, змешчаны артыкул Жыбуля «Нявыдадзеная кніга «Супроць ветру» — выніковая праца Адама Бабарэкі пра Язэпа Пушчу: сімволіка назвы і праблема рэканструкцыі тэксту», а таксама артыкул пра фонд «маладнякоўца», напаўзабытага паэта Віктара Казлоўскага. Архіў наш мае добры досвед у даследаванні гісторыі «Маладняка» і «Узвышша».

— Як жа ён захаваўся — на фоне арыштаў маладнякоўцаў, знішчэння іх рукапісаў?

— «Маладняк» расфарміраваўся афіцыйна, а дакументы, паколькі гэта была зарэгістраваная ўстанова, пры ліквідацыі па законе мусілі быць перададзеныя ў архіў. Сёння такое ж правіла існуе. Вось дакументаў «Узвышша» няма — былі знішчаны, хоць мы вялі іх пошук. Захавалася частка ў архіве Адама Бабарэкі, у Нацыянальным архіве. А дакументы «Маладняка» перазахоўваліся ў былым архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, пад канец 1960-х былі перададзены ў архіў літаратуры і мастацтва. І было б няблага апублікаваць гэтыя жывыя, арыгінальныя дакументы з каментарыямі ў асобным зборніку. Пратаколы пасяджэнняў часткова выкарыстаныя ў зборніку Адама Бабарэкі, можна знайсці выпіскі з іх у многіх даследаваннях. Але поўнага зборніка матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць «Маладняка» і саміх маладнякоўцаў няма. А там столькі цікавага!

— Вельмі важны і запатрабаваны атрымаўся б зборнік! А вось у рабоце з архіўнымі дакументамі здараюцца містычныя выпадкі?

— Так. Памятаю, як да нас прыходзіў слынны архівіст Віталь Скалабан, ён шмат працаваў з фондамі Гарэцкага, Зоські Верас, іншымі. І ўсё казаў: «Цікава, чый жа будзе фонд № 500?» Калі Віталь Уладзіміравіч памёр, нам перадалі ягоныя дакументы. І вось прыходзяць да мяне супрацоўнікі з аддзела захоўвання, прыносяць на подпіс паперы па прыёме дакументаў у наваствораны фонд Скалабана, і бачу я пазначаны нумар фонду — № 500. Неверагодна…

— Дзе ж яшчэ і адкрываць неверагоднае, як не ў фондах архіва літаратуры і мастацтва!

P.S. Таму ўвага! У самым хуткім часе шукайце на старонках «Звязды» новую рубрыку — «Архіўныя гісторыі». У кожным выпуску Ганна Запартыка распавядзе вам пра сюжэты з унікальных фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і пра неверагодныя артэфакты, якія можна там знайсці.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.