Вы тут

Магілёўскі інстытут МУС правёў своеасаблівую прафарыентацыю ў стылі касплея


Сёння стварэнне вобраза ўпадабанага героя кіна-, мультфільма, становіцца вельмі папулярнай з'явай сярод моладзі. І магілёўская вышэйшая ўстанова, дзе рыхтуюць міліцэйскія кадры, вырашыла гэтым скарыстацца, каб прыцягнуць да сябе ўвагу моладзі.


— Мы зацікаўлены ў тым, каб да нас прыходзілі неабыякавыя да справы людзі, а інтарэс да прафесіі заўсёды пачынаецца з чагосьці яркага і запамінальнага, — кажа афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага інстытута МУС Кірыл Маржанаў. — Напэўна, шмат каму запаў у душу вобраз міліцыянера. Мы прапанавалі ператварыцца ў любога персанажа з міліцэйскімі пагонамі і паўдзельнічаць у нашым конкурсе «Вы мой герой!». Трэба было размясціць сваё фота ў сацыяльнай сетцы Іnstagram, суправадзіць яго выявай арыгінала і напісаць невялікае абгрунтаванне, чаму абраны менавіта гэты герой. Адгукнулася больш чым дзвесце чалавек.

Мяркуючы па тым, што на конкурс прыйшло некалькі дзясяткаў варыянтаў дзядзі Сцёпы, персанаж савецкага пісьменніка Сяргея Міхалкова карыстаецца вялікай папулярнасцю і ў сучаснай моладзі. Некалькі ўдзельнікаў прымералі на сябе вобразы брутальнага Глеба Жыглова і абаяльнага Валодзі Шарапава з кінастужкі «Месца сустрэчы змяніць нельга». Шмат хто згадаў міліцыянераў з эксцэнтрычных савецкіх кінакамедый «Брыльянтавая рука» і «Аперацыя Ы». Не меншай папулярнасцю карыстаюцца героі папулярных расійскіх серыялаў «Глухар», «Каменская», «Паліцэйскі з Рублёўкі». Знайшоўся нават «двайнік» з вядомай амерыканскай франшызы 1990-х — «Рабакоп». Разам з цудоўнымі фота прыйшлі і вельмі кранальныя прызнанні.

— Для мяне любімы вобраз — дзядзя Сцёпа, — адзначыў Уладзіслаў Качук з Курылавіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. — Імпануе, што ён добры, моцны і вясёлы. У дзяцінстве вельмі любіў глядзець гэты мультфільм і марыў сустрэцца з яго героем.

— Мне падабаецца ў трусе Джудзі Хопс тое, што яна заўсёды прытрымліваецца сваёй мэты і дамагаецца вялікіх вынікаў, — напісала вучаніца сярэдняй школы № 21 горада Бабруйска Ганна Кунічык пад сваім здымкам у касцюме гераіні мультфільма «Звераполіс».

Вучань Лучнікоўскай сярэдняй школы з Мінскай вобласці Максім Біч нават вонкава аказаўся падобны на свайго куміра — Уладзіміра Шарапава. Здымак атрымаўся вельмі каларытны за кошт таго, што аўтар вельмі добра папрацаваў над элементамі свайго адзення. Наогул удзельнікі ўразілі сваім творчым падыходам да справы. Антон Даніленка, вучань Сялецкаўскай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна, напрыклад, з падручнага матэрыялу змайстраваў касцюм таго самага Рабакопа.

— Мы былі вельмі ўражаны такой актыўнасцю моладзі, — кажа Кірыл Маржанаў. — Вельмі прыемна, што нашы ўдзельнікі настолькі дасведчаныя і прасунутыя. Яны цікавяцца не толькі сучаснымі кінатворамі, але добра ведаюць і савецкае кінамастацтва. На жаль, складаная эпідсітуацыя не дазволіла запрасіць пераможцаў да нас, каб узнагародзіць іх у сценах Магілёўскага інстытута МУС. Дыпломы і падарункавыя сертыфікаты мы накіравалі ім поштай. У найбліжэйшы час плануем арганізаваць шэраг падобных конкурсаў у дыстанцыйным рэжыме. Яны таксама будуць накіраваны на папулярызацыю нашай прафесіі і фарміраванне станоўчага іміджу інстытута. Абяцаем зрабіць гэта цікава. Так што сачыце за анонсамі на нашым сайце і ў сацыяльных сетках.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага інстытута МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».