Вы тут

Мы плануем, а бог смяецца?..​ Але ж калі-нікалі смяёмся і мы


Што праўда, тое праўда: на «Звязду» можна падпісацца заўжды — з любога месяца і ў любым аддзяленні паштовай сувязі. Ведаючы гэта, тым разам, па дарозе з грыбоў, збочылі ў сціплае вясковае, падалі ў акенца паперку з адрасамі, сказалі: «Нам, калі ласка, «Звязду»... На квартал».

Рэакцыя спадабалася: «Ой, а я ж таксама гэту газету выпісвала! — прызналася жанчына, што стала побач... Там яшчэ рубрыка была «...Народ на провадзе!» — «Дык яна, — «суцешылі», — і сёння ёсць! Выходзіць кожную пятніцу». — «Ды быць такога не можа!» — здзівілася жанчына. — «Можа-не можа, — «скаламбурылі» мы, — але ж ёсць» і...


«Я неяк падлічыла, што нашаму «проваду» хутка 20, — піша спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўчыны. — Сур'ёзная дата! Такую — не грэх бы і адзначыць! Як? Тут варыянтаў шмат. Першая думка — пагартаць старыя газеты, перачытаць ранейшыя падборкі (а гэта ж, мусіць, цэлая эпапея?) і ўсе самыя цікавыя гісторыі надрукаваць яшчэ раз — «на біс», калі можна так сказаць, альбо «па заяўках працоўных»... Бо ім жа (то-бок нам, працоўным) вельмі шмат што помніцца, прычым гадамі, а то і дзесяцігоддзямі, шмат што перадаецца з вуснаў у вусны. Вось мне, напрыклад, у памяці «Слова не верабей» Кароткіна, «Доктар? Чараўнік» Курсевіча, «Прасіць трэба з розумам» Багер, «Бабуліны трусы» (аўтара ўжо не помню, бо даўно друкавалася...). А таму — нехта чытаў ды забыўся, нехта не выпісваў тады газету, а зараз, згадзіцеся, як знайшоў бы!

Да таго ж чытачы змаглі б паглядзець, які «Народ...» быў тады, на пачатку стагоддзя (аб чым і як ён пісаў), а які стаў цяпер. На мой погляд, — лічыць спадарыня Соф'я, — розніца быць павінна».

«Што відавочна, — піша чытачка, — ёсць яна і ў нашага «аўтарскага цэха»: хто-ніхто (мусіць, з розных прычын?) з яго «звальняецца», хто-ніхто — наадварот — прыступае да працы. Прыемна бачыць новыя прозвішчы і разумець, што ёсць газета, у якой (апроч іншага) можна расказаць сваю гісторыю і тым самым пасмяшыць, парадаваць
іншых... Ды і сябе таксама. Я, напрыклад, да сёння помню, колькі шчасця было, калі ўбачыла ў газеце свой першы творык, колькі кампліментаў пачула тады ад людзей! У мяне ад іх ажно крылы выраслі! І, між іншым, далёка «занеслі»: з таго дня на старонках «Звязды» выйшла аж 130 маіх гісторый. Асобныя з іх (сам сябе не пахвалі, дык так і памрэш), ну напэўна ж, заслугоўвалі не толькі прызавых месцаў, але і перадрукоўкі на біс!..»

«А таму (гэта маё цвёрдае перакананне), — заяўляе Соф'я Парфір'еўна, — рубрыцы быць! І конкурсу, дай бог, таксама. Адзінае, што сёлета — на карысць іншых — я адмовілася б ад узнагароды (калі такая выпадзе) і ад «пасады» старшыні вялікага чытацкага журы. Пяць гадоў... Напэўна, ж хопіць? Іншым трэба дарогу даць... Тым больш што ў нас хапае людзей з вострым пяром і пачуццём гумару, з жаданнем ацэньваць іншых. Вось такому б чалавеку і «лейцы ў рукі»! Няхай кіруе!»

Нешта ў гэтых прапановах, здаецца, ёсць? Ці не так? Давайце абмяркуем?

А пакуль — яшчэ некалькі лістоў. «Ужо каторае дзесяцігоддзе, — піша спадарыня Алена Маркава з Мінска, — я выпісваю «Звязду», чытаю гісторыі са звяздоўскага «проваду» і дзіву даюся, адкуль яны бяруцца, чаму не канчаюцца?! А галоўнае — усе і сапраўды цікавыя, вясёлыя, павучальныя... Многія з іх я захоўваю ў спецыяльнай папцы, каб яшчэ раз перачытаць самой, каб парадаваць сваіх сяброў і вучняў... Словам, па крупінках збіраючы і распаўсюджваючы беларускі народны гумар, наша «Звязда» і яе чытачы робяць вялікую добрую справу. За гэта — мой нізкі паклон!»

«У фільме «Безыменная зорка» грамада, як вы помніце, збіралася на вакзале, — нагадвае спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны, — а ў нашым Падсвіллі — на базары. Людзі з'язджаюцца на іх па чацвяргах, каб нешта прадаць ці купіць, каб пабачыцца... Дык вось неяк раз да мяне там падышоў незнаёмец і сказаў (літаральна): «Дзякуй вам за вашу пісаніну. Кожны дзень чакаю «Звязду» і гляджу, вы ёсць там ці не...»

Гэтыя словы, як я потым зразумела, — працягвае шаноўная чытачка, — не столькі пра мяне, колькі пра ўвесь «калектыў» аўтараў з таго ж «Проваду», бо селі мы з мужам перачытваць гісторыі, змешчаныя ў 2020-м, і міжволі ўспомнілі... шапку Манамаха. Яна, як вядома, была досыць цяжкой ад золата, з якога зроблена, ды каштоўных камянёў... Тое ж самае можна сказаць і пра «збор» вясёлых гісторый. Чытаць іх гадзінамі, запар, адну за адной неяк не выпадала, бо многія хацелася яшчэ раз абдумаць, «пераварыць», асобныя — абмеркаваць... А вось ацаніць ды выбраць найлепшыя — па-сапраўднаму цяжка!

Не ведаю, як іншыя, мы з мужам зыходзілі з простага: ці ўсміхаліся, ці здзіўляліся, чытаючы? І што потым запомнілі? Спісак свой дадаём, але ж разам з высновай, што рубрыка — цікавая і патрэбная, што «Проваду» быць!»

Тое ж чытаем і ў лісце спадара Багуслава Боўбеля з Мінска: «Вясёлыя і праўдзівыя гісторыі...», без перабольшвання, упрыгожваюць газету, — лічыць чытач, — робяць яе непадобнай да іншых. А таму нельга абрываць гэты «Провад»! Няхай ён служыць, хай людзі і надалей успамінаюць сваё, пішуць, чытаюць іншых. Гэта, вядома ж, на карысць... Што датычыцца найлепшых апавядальнікаў, то тут без сумненняў: першыя месцы трэба аддаваць спадарыням Любові Чыгрынавай (я налічыў ажно11 яе бываліц), другое — Соф'і Кусянковай и Зоі Наваенцы... А зрэшты, многія аўтары варты ўзнагарод. Асабліва — за гісторыі ў вершах».

І лісты, — трэба разумець — таксама?

Шмат пісаў народ

у «Провад»

(Нам, пісакам,

абы повад...)

Потым марыў усур'ёз,

Як складзецца

ў «байкі» лёс:

Як патрапіць у газету

Не падрэзанай пры гэтым,

І як будзе ў навіну

Усім чытаць пра даўніну,

Пра жыццё вясковае,

Школьнае, вайсковае,

Пра суды, хваробы, святы,

Пра гаротных і багатых,

Пра сюрпрызы і труну

(Можа, нават не адну?),

Пра канцэрты і мароз,

Крадзяжы, падман,

склероз,

Пра вясёлых мужыкоў —

Грыбнікоў і рыбакоў,

Пра свякроў,

пра цешчу, жонку...

Шмат было

пра самагонку,

(Столькі, можа,

і не варта б?),

Ды жыццё дыктуе жарты,

А без жартаў —

не пражыць.

Значыць «Проваду»

ў нас быць!

Настойвае на гэтым спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска і прапануе свае новыя гісторыі.

Што да старых, змешчаных у прамінулым 2020-м, то вялікае чытацкае журы і гэтым разам аддало свае сімпатыі творам спадарынь Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны і Любові Чыгрынавай з Мінска (праўда, тут галасы раздзяліліся паміж гісторыямі «Макаранка адпачывае» (26.07) і «Любіў цалаваць, любі і калыхаць» (02.10)...

Той жа «малюнак» з «...Сапраўдным палкоўнікам» (24.01) і «Сюрпрызам для класнага» (28.02) спадарыні Зоі Наваенкі з Глыбоччыны.

Але ж ёсць выпадкі, дзе сімпатыі супалі, прычым — амаль аднадушна! Такім чынам:

ДРУГОЕ МЕСЦА (бо першае маленькае рэдакцыйнае журы вырашыла сёлета не прысуджаць) за вершаванымі гісторыямі спадароў Міколы Камароўскага з Оршы «Не было б шчасця, ды няшчасце памагло...» (22.05) і Віктара Сабалеўскага з Узды «Гулі і пана разулі!» (25.08).

ТРЭЦЯЕ МЕСЦА за гісторыямі «Старанны Іванчык» (4.01) спадарыні Ніны Кандрашонак з Петрыкава, «Урок філасофіі, альбо час сеяць і час прасейваць» (23.10) Любові Чарнец з Барысава і «Трэба глядзець дэтэктывы» (10.04. Прозвішча аўтара паведамлялася толькі для рэдакцыі).

На лічаныя балы ад гэтых гісторый адсталі бываліцы спадароў Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, Сяргея Кузняцова з Быхаўшчыны, Віталя Жураўскага з Жодзіна, спадарыні Таццяны Новік з Клецка ды іншыя, якія ў мінулым, 2020 годзе не перамаглі.

Аднак конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю, як вы заўважылі, працягваецца. Журы — невялічкае, рэдакцыйнае ў складзе першага намесніка галоўнага рэдактара газеты Наталлі Карпенкі, рэдактара аддзела Надзеі Дрындрожык, і спецыяльнага карэспандэнта Веранікі Канюты працуе. Таму шанцы на перамогу па-ранейшаму застаюцца. Пішыце! Калі ласка, з нумарам тэлефонаў для аператыўнай зваротнай сувязі.

Загадзя з удзячнасцю,

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж і гэтым разам — парада. Паспрабуйце не выкідваць газеты з творамі, якія вам спадабаліся. Праз нейкі час (праверана) яны чытаюцца нібы ўпершыню і — што важна — да лепшага мяняюць настрой. Гэта — па-першае. Па-другое, на фінішы года вы пры жаданні зможаце вызначыць сваю дзясятку найлепшых гісторый і такім чынам стаць сябрам вялікага чытацкага журы, якое праз год, нароўні з маленькім, будзе падводзіць вынікі.

...Мы плануем, а бог смяецца? Так!.. Але ж хоць зрэдку, хоць калі-нікалі, пакуль жывём, будзем усміхацца і мы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».