Вы тут

Чалавечы голас


Чалавечы голас

Неяк у далёкім юнацтве ў мяне здарыўся экзістэнцыяльны крызіс, і трэба было за нешта чапляцца, каб выжыць. І вось, стоячы з прыкушанымі вуснамі на балконе, я чую ГОЛАС. З грасіраваннем, нямоцны, з ярка выяўленым вібрата, вельмі цёплы, умольны, упрашальны. У ім то адчай гучаў, то пяшчота, ён і спавядаўся, і суцяшаў. І нават меладраматычныя інтанацыі ніяк яго не апашлялі. І ў маёй пустыні нешта шчоўкнула, нейкім цудам голас пераканаў мяне ў звышкаштоўнасці жыцця.
Так, трымаючыся за гэты голас, я і выбралася на свет. Пазней я даведалася імя спевака — Шарль Азнавур.

ЧТО Азнавур мне? ЧТО дрожанье
на непонятном языке
армянских связок? Подражанье
не то Пиаф, не то реке…
Но если выбирать мне ГОЛОС,
что соткан из любви и слёз,
что утешает, молит, холит,
то это будет он. Всерьёз.

Тэрапія чалавечым голасам можа быць моцнай. У феномене яго самае дзіўнае тое, што ён з’яўляецца асобасным маркерам у нашмат большай ступені, чым усе астатнія складнікі асобы. І справа тут не толькі ў непаўторнасці тэмбру, але і ў тым, што вельмі многае адкрываецца ў чалавеку, міжволі трансліруецца ў соцыум менавіта праз голас. У мове гэта нарматыўнасць маўлення, чысціня і разнастайнасць інтанацый і асаблівасці мадуляцыі фраз — моўная мелодыя, тэмпарытм, багацце або беднасць абертонаў (глыбіня), гучнасць і г. д., іншымі словамі, тое, што спецыялісты назвалі прасодыкай (прасодыяй).
Невыпадкова ў замежных фільмах мы пазнаём герояў па дублёрах, чые галасы зліваюцца з тварамі персанажаў, і з цяжкасцю прымаем замену акцёра. Канечне, тэмбр і сіла голасу залежаць ад фізіялагічных характарыстык, але нават гэтую данасць моцныя асобы пераадольвалі. Самы яскравы прыклад — старажытнарымскі аратар Цыцэрон. Ён, як вядома, меў ад прыроды слабы голас і кепскую дыкцыю, але з дапамогай спецыяльных практыкаванняў здолеў змяніць гэтыя характарыстыкі.
У розных культурах былі і ёсць «людзі-галасы», то бок тыя, чый голас звязаны з пэўнай падзеяй і нават гістарычным перыядам, як, напрыклад, Ісаака Левітана, ці з пэўным мастацкім вобразам, як галасы добрага казачніка Зіновія Гердта, Юрыя Якаўлева і Інакенція Смактуноўскага, Васілія Ліванава і Клары Румянавай. Што да галасоў, якія спяваюць, — о, тут можна бясконца доўга расказваць пра гісторыю станаўлення вакальнага мастацтва, традыцыі і класіфікацыі. Але я пра іншае: пра цуд чалавечага голасу. Вакалісты таксама бываюць вельмі розныя, незалежна ад тыпу голасу і музычнага жанру, у якім яны працуюць, а менавіта: ёсць, на мой погляд, сярод тых, хто спявае, і людзі-птушкі з фенаменальнымі данымі, і спевакі-асобы, для каго голас з’яўляецца важнейшым інструментам данясення перш за ўсё думкі і пачуцця, і, мабыць, акадэмісты, якія імкнуцца да bell canto.
Людзі-птушкі — як стыхія, блізкая да прыроды. Нездарма перуанская спявачка Іма Сумак вучылася спяваць, пераймаючы птушак, а цыганка Валянціна Панамарова, варажбітка савецкага джаза (фры-джаз), спявала, перакрыкваючы вадаспады і спаборнічаючы з птушыным клекатаннем ды горным ветрам. Многія памятаюць Панамарову як выканаўцу рамансаў, а сапраўдны яе голас, не стрыманы рамкамі жанра, — у джазавых кампазіцыях (гл. альбом «Искушение»). Гэта голас самой планеты, хтанічных сіл, камланне жрыцы. Да такіх прыроджаных талентаў можна аднесці і новую зорку з Казахстана Дзімаша Кудайбергенава, і іншых вакалістаў з каласальным дыяпазонам прыроднага інструмента.
Акадэмічных спевакоў, якія адшліфавалі голас да фантастычнага хараства і гнуткасці, пачынаючы ад знакамітага ў эпоху Гендэля контр-тэнара Фарынелі, у гісторыю музыкі ўвайшло дастаткова, асабліва італьянцаў. Не буду стамляць пералікам, але Марыя Калас для мяне была спявачкай нумар адзін з прычыны тэмбру незвычайнай прыгажосці. Халодныя серабрыстыя тоны каларатурнага сапрана Бэлы Рудэнка, глыбокае, грудное мецца Абразцовай і барытанальны аксаміт незабыўнага Хварастоўскага… Яны сышлі, а галасы засталіся — у запісах і ў нашых сэрцах.
Экспрэсія Мэрк’юры і Лауры Пергаліцы (LP), ласкавы тэнарчык Дэміса Русаса, мяккае кантральта Шэр, гартанныя прыгукі Бічэўскай і Аляксандры (з беларускага дуэта), пацешная хрыпатца ZAZ, вытанчанасць у фразіроўцы Мікалая Наскова, кранальная дзіцячасць Бьёрк, неабдымная моц тужлівага голасу Лізы Джэрард (L. Gerrard з Dead Can Dance), таямнічая пяшчота Элізабет Фрайзер (салісткі Cocteau Twins)... Іх галасы пазнаюць, іх любяць.
Джазавыя галасы — гэта, наогул, асобны космас, у першую чаргу таму, што ўяўляюць сабою іншую, не такую, як у класіцы або эстрадзе, вакальную традыцыю. Увабраўшы элементы блюза і госпелс, манеру скэт (імітацыя голасам духавога інструмента), а пазней на стыку джаза і рока — іншыя варыянты гучання, яны маглі быць вельмі рознымі: цёплымі, даверлівымі, з яркай індывідуальнай афарбоўкай, як у Білі Холідэй і Луі Армстронга, і як труба, вострыя, палётныя, звонкія. Змрочна-экстатычныя, як у Дзіяманты Галас, камерныя і задушэўныя, як у Раберты Флак і Меладзі Гарда. У злучэнні з нацыянальнымі традыцыямі іншых народаў джазавы саўнд утвараў новыя формы і стылі. Так, напрыклад, узнік незвычайны вакал Ніно Катамадзэ і Азізы Мустафа-задэ. Джазавы вакал увогуле, як правіла, патрабуе вельмі рухавага голасу, з вялікім дыяпазонам, то бок уключае рэзкія актаўныя скачкі, глісандзіраванне, інтанацыйнае балансаванне (так званыя «брудныя тоны», блюзавыя), адкрытыя гукі, часам амаль што моўныя інтанацыі…
Ёсць спевакі безгалосыя, як гэта ні дзіўна. Гэта не пра прыгажунек, якія спяваюць, а пра аўтарскую песню і яе выканаўцаў. У гэтым жанры першасны сэнс слова, вакал другасны. Такі спеў называюць тэмбральным: гэткі гаварок, як у Веранікі Долінай ці Булата Акуджавы, рык Высоцкага, кароткія задыханыя фразы роданачальніка аўтарскай песні Аляксандра Галіча… З’яўляючыся ў першую чаргу аўтарамі тэкстаў, яны маюць права падаваць свае думкі ў любой вопратцы. Іх паэзія зліваецца з аўтарскай інтанацыяй назаўсёды. У гэтым заключаецца адметнасць бардаўскай песні, якая магла ўзнікнуць толькі на базе рускіх музычна-паэтычных традыцый. Гэтыя ж традыцыі, складзеныя на базе сілабатанічнай сістэмы і ў той самы час — важкасці слова, спрыялі незвычайнай з’яве ў 60-я гады ХХ стагоддзя — папулярнасці дэкламацыі аўтараў-паэтаў, чыё выкананне можна было параўноўваць са спевамі. Я да гэтага часу памятаю размашыстыя інтанацыі Вазнясенскага і хрустальныя — Бэлы Ахмадулінай на вечарах у політэхнічным. Вось так уголас чытаць-спяваць свае вершы, збіраць вялізныя аўдыторыі можна было, напэўна, толькі ў межах той культуры. Іосіф Бродскі таксама адтуль. Яго манатонная меладычная лінія з павышэннем тону ў канцы нагадвае літургічную мелодыку. Аматары паэзіі Бродскага памятаюць яго непаўторны голас як эмацыйна нейтральны, але гіпнатычны.
Даследчыца беларускага фолка Руся (SHUMA) гаворыць, што навучанне тэхніцы дыхання і правільнай падачы гука моцна ўплывае на перастварэнне чалавекам унутранага патэнцыяла і рыс паводзін. Хочаце, каб вас пачулі, — пастаўце голас пэўным чынам, а не мармычыце сабе пад нос.
Пагадзіцеся, феномен чалавечага голасу надзвычай цікавы.

Людміла РАХМАТУЛІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».