Вы тут

Лёччыкі


Лёччыкі

Я пазычыла лёччыка ў Альгерда Бахарэвіча. Так завуць аднаго з герояў рамана «Дзеці Аліндаркі», са смаргонскім прывітаннем у самой назве ад Францішка Багушэвіча, бо ў паэме «Кепска будзе» такое імя выдумаў аўтар «з каліндырыка» — Аліндарка. Значыцца, трэба з вялікай літары і лёччыка, раз гэта імя — Лёччык.
Калі перакладчык з беларускай Джым Дынглі падчас міжнароднага кніжнага кірмашу ў Эдынбургу запытаўся, якую б кнігу з напісаных беларускімі аўтарамі я параіла яму перакласці, дык перш чым падумаць, адразу сказала: «Дзяцей Аліндаркі». На шатландскі кірмаш я трапіла дзякуючы Джыму. Ён пераклаў маю кнігу эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі», адпаведна, на англійскую. Пашанцавала.
Але не заўсёды шчасціць. Лёччык дзядзя Франэк не расказаў, як быў пілотам кукурузніка. Не і не. Толькі моўчкі назіраў прывабную кропку за межамі зроку. Можа, ў яго непрыемнасць адбылася на лётнай працы? Адное дакладна ведаю: Франэк уваходзіў ў сямёрку лепшых кукурузных пілотаў Літвы. Бо ён доўгі час жыў у Вільні, а калі разваліўся Савецкі Саюз, вярнуўся на радзіму. Тут і застаўся, і адзінае, чаго ад яго дамаглася, — што ўвайшоў у сямёрку. Нават здымкаў не паказаў у лёччыцкай форме. Можа, і няма ніякіх здымкаў. Каб я была лёччыцай, дык ужо здымалася б калі трэба і не трэба.
Я папрасіла стрыечнага брата Вову даць тэлефон Франэка. Вова тэлефон прадыктаваў і заспяваў частушку:

Самалёт ляціць
кверху дудками,
эта наш самалёт
з прасцітуткамі.

У брата Вовы на любы выпадак або вершык, або песня. Толькі я сабралася набраць Франэка, як патэлефанаваў ён сам. І сказаў: «Прыходзь. Мы для цябе вішняў назбіралі». Франэк жыве з роднай сястрой, яна шмат старэйшая за яго. Мае над ім пэўную ўладу. Сама не выйшла замуж, і Франэк не ажаніўся. У іх свая хата, вялікая гаспадарка. Не да шлюбных цырымоній. Я так сабе тлумачу іхны лад жыцця.
Знарок позна па вішні пасунулася, каб пакінулі на ноч. Жывуць яны далёка, на вуліцы без ліхтароў. Дакладней, ліхтары стаяць, толькі ніколі не запальваюцца, калі цямнее. Бо ўскраіна. На ўскраіне ж рана кладуцца. Працуюць там людзі шмат. На золку падымаюцца. Вечаровае асвятленне без патрэбы. Я пайшла па цемры, па нябачнай камяністай дарозе. А лёччык дзядзя Франэк адвёз мяне дахаты на машыне разам з вішнямі. У скрынцы з-пад абутку, перавязанай шнурком, як торт. Гэта сястра ўпарадкавала. Я села побач з Франэкам на пярэдняе крэсла, на калені паставіўшы вішні, якія ўжо дзе-нідзе здрадніцкі прасочваліся. І думала, едучы: добра ўсё ж такі, што ночыць не пакінулі. Каб ноччу сястра Франэка выпадкова ўбачыла, як падслухоўваю пад Франэкавымі дзярыма, ці не прагаворыцца ён у сне што-небудзь пра кукурузнікі, дык не ведаю што. Здрадніца горай за вішні. Вось у машыне, як вёз, і сказаў тады адзінае пра лёччыцкія дасягненні.
Не хоча дзяліцца з раднёй авіятарскім вопытам — як хоча. Маецца ўласная гісторыя пра кукурузнік. Гэта было летам. Я хадзіла ў дзіцячы садок адразу за нашым трохпавярховікам. У вялікую, мяркую, даваеннай архітэктуры хату. Адна група дзяцей таму ўмяшчалася туды. Выдатна памятаю, як уся група падымаецца на борт зялёнага самалёта ў затаптанай траве. Белыя панамкі адна за адной прападаюць у цемры лётнага салона. І гэтак жа, як заходзілі, гужам, выбіраемся на бераг рэчкі, у высокую сакавітую асаку. Сам пералёт чамусьці не адклаўся ў памяці. Пешшу ад садка да рэчкі хвілін пятнаццаць. Чаму мы ляцелі самалётам?
Гляджу, а ў вадзе цытрынавага колеру жабка з чырвонымі лапкамі плыве. Крыху ўжо сумняюся ў рэальнасці таго, што адбываецца. Недзе траплялася жабка раней. Дзе? Так-так-так. У дзіцячай энцыклапедыі «Што такое? Хто такі?», зачытанай да дзюрак. Вось дзе. Гэта, значыцца, сон. Ці не сон? Я рэальна яго памятаю як успамін, а не тое, што сасніла. З гукамі матора і конікаў, з водарам ад ракі. Усё жыццё не магу разабрацца з ім, ці то праўда, ці то не.
Напрыканцы цёплага-цёплага сёлетняга верасня, як звычайна, скіроўваюся ў краму вакольным шляхам уздоўж гэтай самай рэчкі. Моцнае жаданне прайсціся басанож праз брод, дзе маленькімі мы купаліся з надзіманымі кругамі, раптоўна адчуваю. Пайшла. Як магла павольна. Разглядаючы каменьчыкі на дне, быццам каштоўныя рэдкіх парод самацветы. Бачу: плыве на ўсёй хуткасці цытрынавая жабка з чырвонымі лапкамі. Не ведаю, што і думаць. Значыцца, сапраўды быў кукурузнік у садку для палётаў на раку? Проста ў галаве не ўкладваецца.

Сон-не сон пра кукурузнік і жабку сніўся-адбыўся яшчэ да школы. А ўжо ў пачатковай школе я трапіла ў салон пасажырскага самалёта. Ён нікуды не ляцеў. Затое можна было перапробаваць усе сядзенні. Паглядзець у любы ілюмінатар. Нават зазірнуць у кабіну пілота з д’ябальскі складана абсталяванай прыборнай дошкай. Мужчына ў сіняй лёччыцкай форме ўсё гэта дазваляў, таму што быў тату стрыечны брат. Дзядзя Валодзя Скарынкін. Беларускі савецкі паэт. Скончыў Рыжскі інстытут грамадзянскай авіяцыі. Потым рабіў дыспетчарам у мінскім аэрапорце, яшчэ старым, на Чкалава. Побач з домам, дзе пасюль жыве.
А тады быў 1979 ці 80-ы год. Дзядзя Валодзя, дыспетчар, правёў у сапраўдны пасажырскі.
Чысты, ціхі. Аграмадны самалёт. Блакітная дарожка з лямцу скрадвала крокі. У кніжнай шафе дзядзевы паэтычныя зборнікі доўга ляжалі (і ляжалі б сабе): «Гукавы бар’ер», «Дазвольце ўзлёт», «Чацвёрты разварот». На памяць іх назвы ведаю. Пабудзі ноччу — не памылюся. Усе пра неба, куды дзядзя так і не злётаў пілотам. А потым у мяне з’явілася новая сяброўка, і ейны тата, Вікенцій, (неяк так выпадкова размова завялася) апынуўся гарачым прыхільнікам паэтычнага таленту дзядзі. Зборнікі дасталіся яму. Сяброўка кажа, што чытаеперачытвае. Знайшлі адзін аднаго. Дакладней, тры аднаго. Зборнікаў жа тры.
Тры фільмы на лёччыцкую тэму я паглядзела, перш чым пісаць пра лёччыкаў. «Авіятара» Марціна Скарсэзэ. Чаму кінакрытыкі вымаўляюць замест Скарсэзэ — Скарцэзэ? Вечна дзіўлюся. «Авіятар» пра піянера самалётабудавання Говарда Х’юза. Перад тым, як узяцца за самалёты, Хьюз займаўся фільмамі. Зняў самы дарагі ў гісторыі кінематографа фільм (за чатыры мільёны) пра лёччыкаў — «Анёлы ада». На зары гукавога кіно. «Анёлы…» і падштурхнулі яго змяніць спецыялізацыю. Паглядзела, вядомая справа, «Анёлаў...». Не зачапілі, шчыра кажучы. Хіба назвай. Ніколі мне, чалавеку са штомесячным даходам у сто даляраў, не зразумець наследніка кампаніі буравых установак для нафты, які патраціў шалёныя грошы на фільм, дзе толкам нават сцэнар не прапісаны. І «Нябесны ціхаход» 1945 года з Мікалаем Кручковым у галоўнай ролі. От яму пасуе форма лёччыка тых часоў. Скуранка, скураны шлем, крагі — як нацягвае і заскоквае ў кабіну У-2, нібыта ўсё жыццё толькі гэтым і займаўся. У-2 — гэта, паясню, біплан, ці мала хто не ведае. Самалёт з дзвюма паверхнямі крылаў, адна над адной, па прынцыпе этажэркі.
Але вось каб яшчэ нешта кіношнае ды пра кукурузнікі. І тут бліскавіцай, калі ўжо збіралася спаць і не думаць да раніцы ні пра якія біпланы, нібы асвяціла ўяўны постар «На поўнач праз паўночны захад». Самы загадкавы і першы, які глядзела яшчэ малая, фільм Альфрэда Хічкока. Адзіны момант, усе яго ведаюць, безумоўна, адклаўся на доўгія гады ў галаве. Даўжэзная сцэна з кукурузнікам. З-за напружання дзеянняў сцэна падаецца даўжэй удвая, калі дасканалага ад фрызуры да кончыкаў наваксаваных чаравікаў Кэры Гранта пераследуе кукурузнік па пустынным амерыканскім полі з лапікам сухіх кукурузных пачаткаў ля дарогі. Кукурузнік вымушае забрудзіць пылам і пяском ідэальны касцюм. Заўсёды перажываю за такія рэчы. Кукурузнік у Хічкока — вораг і забойца.
Сам жа па сабе кукурузнік часцей за ўсё самалёт мірны. Па назве відаць. У нас раней быў гарадскі аэрадром, у вёсцы Мацюляны, за сем кіламетраў. Туды спецыяльны рэйсавы аўтобус хадзіў. Кукурузнікі лёталі ў абласны цэнтр адтуль. «Усяго сорак хвілін — і ты ў Гродне», — казала суседка. Хуткасць. Цяпер больш за чатыры гадзіны трэсціся аўтобусам. Афоня яшчэ, успомніла, на кукурузніку збіраўся ляцець у фінале «Афоні» Георгія Данеліі. Падаецца, гэта была агульная саюзная практыка — з райцэнтраў у вобласць дабірацца. Проста не верыцца.
Такія розныя характары маюць кукурузнікі. Пасажырскія, сельскагаспадарчыя, транспартныя, спартыўныя. Зрэдку трапляюцца бязлітасныя маньякі. У Хічкока кукурузнік пераследуе Кэры Гранта без відавочнай прычыны. Абсыпае хімікатамі, страляе з кулямёта. Кэры Грант нічога не разумее. Адно толькі спрабуе выратавацца і выратоўваецца, дзякуй богу. Добра разумею Кэры Гранта ў гэты момант. Такое было перад Новым годам. Мы ўвечары з Наташай, калегай па заводзе станкабудавання, ішлі ў школу-інтэрнат з падарункамі для падшэфных. Сцяжынка вяла ад суда да шырокай дарогі між гурбаў снегу вышэй за чалавека. Раптам нейкі самазвал, тыпу калхіды, перакрыў выхад са сцяжынкі. Мы развярнуліся. Пасунуліся след у след назад, каб выйсці з таго боку, адкуль прыйшлі. Калхіда дала задні ход. І пакуль мы даклыпалі да пачатку сцяжынкі, ужо там чакала. Не разумеем, што робіцца, углядаемся у кабіну. У кабіне цёмна. Такое ўражанне, нібыта пустая, але ездзіць з канца ў канец. Не выпускае нас. Мы тады проста спыніліся пасярод гурбаў, у даўгіх штучных шубах, з падарункамі. Недарэчныя снягурачкі. Мы стаміліся. Пастаяла-пастаяла калхіда, з’ехала. Страху нацярпеліся. Яшчэ і ліхтароў няма, могілкі да таго ж насупраць суда. Добра хоць снег. Не так страшна, не так цёмна.
Якую мэту меў шафёр калхіды? Ніколі не даведаюся. Затое даведалася, што нязвычныя агарожы вакол шматлікіх дамоў прыватнага сектара, зробленыя з жалезных пласцін, на якіх павыразаны кругі ў тры рады, — гэта рэшткі ўзлётнай паласы смаргонскага аэрадрома. Да некаторых дамоў ад брамкі вядуць сцяжынкі з такіх пласцін. Перфарыраваныя яны называюцца. Урослыя ў зямлю, паржавелыя. Скрозь кругі прабіваецца трава. Горад іншым пачаў выглядаць. Самалётным нейкім.
У музеі на выставе, прысвечанай Першай сусветнай вайне, на здымку — зблізку два нямецкія лёччыкі, знятыя ў біплане. Я цяпер біплан ні з якім іншым самалётам не пераблытаю. Нават калі на фотакартцы толькі фігуркі да пояса, як на гэтай, і не бачна ні носа, ні хваста ад самалёта. Бачна адно: што трымаюць лёччыкі ў руках мяшэчкі, з віду буйныя дулі. Ды гэта не дулі, а бомбы. З адкрытай кабіны біплана збіраюцца кідаць дулі-бомбы на Смаргонь два лёччыкі. Сфатаграфаваліся ў паветры. У адкрытай кабіне, перад тым як кідаць. З суседняга біплана іх сфатаграфавалі, яны парамі часта ляталі. Доўга ўглядалася ў іхныя твары. Падаліся сумнымі. Аднак жа акуляры-кансервы паднялі на ілбы, каб сфатаграфавацца. Красуюцца. Быццам нешта геройскае рабіць збіраюцца…

Таня СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.