Вы тут

Больш за 20 краін прымуць удзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы


XXVІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе пад такой назвай з 18 да 21 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа». Чакаецца, што ў ёй прыме ўдзел больш за 20 краін. Пра яе праграму, удзельнікаў, асноўныя мерапрыемствы расказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ.


— На гэтай выстаўцы прапануюцца новыя ідэі, меркаванні не толькі ад яе арганізатараў, але і ад усіх удзельнікаў, якія будуць прэзентаваць свае літаратурныя праекты мінулага года і плануемыя да выпуску выданні на бягучы год. Аматар кніг і чытання чакаюць новыя імёны і фарматы. Наша краіна сёлета адзначае шматлікія юбілейныя даты беларускіх літаратараў, што з'яўляецца нагодай для прэзентацыі вялікай колькасці кніжных праектаў ад беларускіх выдавецтваў. Эпідэмічная сітуацыя ўнесла карэктывы ў правядзенне мерапрыемства, сёлета некаторыя прадстаўнікі замежжа не змогуць прысутнічаць у нас, аднак мы ўкаранілі новыя фарматы работы, у прыватнасці многае будзе праводзіцца анлайн.

Сёлета — 30-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў, гэта паслужыла падставай для вызначэння цэнтральнага экспанента выстаўкі — СНД. Пляцоўка будзе сімвалічна аформлена ў стылі агульнага дома, які складаецца з асобных пакояў.

— У гасцёўні, напрыклад, наведвальнікі азнаёмяцца з найбольш яркімі кніжнымі праектамі, экспазіцыямі кніг, а таксама ўладальнікамі Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Дзіцячая кніга нязменна з'яўляецца самай запатрабаванай на выстаўках. Таму ў адпаведным пакоі будзе дадзена магчымасць не толькі ўбачыць навінкі, даведацца аб іх стварэнні, але і цікава правесці час бацькам з дзецьмі. У кабінеце пісьменнікаў будуць прадстаўлены найлепшыя кнігі ўсіх 11 краін СНД па гісторыі, культуры, мастацтве, пройдуць сустрэчы з аўтарамі. Нацыянальны стэнд Беларусі будзе прадстаўлены імправізаванай творчай кухняй, — гэта самая «кніжная» частка цэнтральнай пляцоўкі выстаўкі. Тут будзе выстаўлена максімальная колькасць кніг, выдадзеных за мінулы год у краіне, — адзначыў Ігар Бузоўскі.

Упершыню адбудзецца адбор работ, якія перамаглі ў літаратурным стартапе LіtUP, для выдання іх сёлета дзяржаўнымі выдавецтвамі. Такая ініцыятыва прапануецца для тых, хто лічыць сябе сучасным літаратарам, хто хоча выдаць кнігу, якая зацікавіць грамадства, жадае паказаць свае літаратурныя магчымасці. Найлепшыя стартап-праекты будуць адзначаны на фінале 20 лютага. Традыцыйна арганізатары выстаўкі забяспечаць работу бясплатнага паэтычнага аўтобуса, які будзе рухацца ад станцыі метро «Няміга» да выставачнага цэнтра. Гэта дазволіць усім ахвотным даехаць да месца правядзення выстаўкі і пачуць ужывую творы аўтараў падчас паездкі.

— На цэнтральнай сцэне па традыцыі пройдуць прэзентацыі найбольш значных кніжных праектаў, узнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет». Таксама адным з галоўных мерапрыемстваў стане Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які запросіць на сваю дыскусійную пляцоўку творчых людзей — прадстаўнікоў пісьменніцкіх колаў з розных краін для сустрэч, выступленняў. Будзе весціся і анлайн-трансляцыя па YouTube-канале, можна будзе адрасаваць свае пытанні непасрэдна яго ўдзельнікам.

Мерапрыемствы выстаўкі-кірмашу пройдуць не толькі на пляцоўках выставачнага комплексу, але і ў кнігарнях, бібліятэках, музеях. У іх адбудуцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і іншае. У тэатрах і кінатэатрах, на тэлеканалах у дні работы выстаўкі пройдуць паказы фільмаў, спектакляў паводле твораў вядомых пісьменнікаў Беларусі і іншых краін.

У першыя дні, з 18 да 20 лютага, Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш будзе працаваць з 10 да 20 гадзін, 21 лютага — з 10 да 18 гадзін. Адкрыццё запланавана на 18 лютага а 12-й гадзіне, закрыццё — 21 лютага а 17-й гадзіне. Уваход бясплатны. Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінгарвыканкам, ААТ «Белкніга», ТАА «Макбел».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Моц друкаванага слова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Верагоднасць угадванняна ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадванняна ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.

Грамадства

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?

Якую ролю адыграла моладзь у эканамічным і культурным жыцці краіны.

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.