Вы тут

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць


Здаецца, што ўсё самае галоўнае ў жыцці ўжо было: захапленне, каханне, нараджэнне дзяцей, вучоба, работа, сябры... А цяпер работы няма, дзеці выраслі, сяброў засталося мала, грошай ледзь-ледзь хапае, затое балячак — хоць адбаўляй. Увогуле, нічога добрага. Вельмі часта ў людзей так званага сярэбранага веку развіваецца дэпрэсія. Некаторыя схільныя да з'яўлення дэменцыі. Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.


— Марына Валер'еўна, што найперш сведчыць аб тым, што чалавек старэе?

— Прырода так паклапацілася пра чалавека, які старэе, што ў гэтым узросце інтэлектуальныя і эмацыянальныя рэсурсы выкарыстоўваюцца вельмі эканомна, зберагаючы магчымасці памяці і розуму для найбольш значных і істотных тэм і прадметаў. Гарманічнае псіхічнае старэнне ў аптымальным варыянце прадугледжвае пазіцыю спакойна-мудрага сузірання, разумнага прымірэння з наступаючымі зменамі і перспектывай завяршэння жыцця.

Запаволенне псіхічных працэсаў з'яўляецца нармальнай прыкметай старэння. Лёгкая затарможанасць рэакцый суправаджаецца як бы пагаршэннем кемлівасці, запаволеннем маўлення, аднак змест выказванняў можа сведчыць аб глыбокім аналізе і вялікім жыццёвым вопыце. У гэты перыяд пагаршаецца здольнасць запамінаць нешта новае. Запаволенасць псіхічных рэакцый бывае таксама звязана і з пагаршэннем слыху і зроку, што, натуральна, уплывае на ўвагу і здольнасць успрымання ў пажылых людзей.

Старадаўняя французская прыказка — «Кожны старэе так, як ён жыў» — вызначае толькі адну з тэндэнцый, уласцівых пажылому і старэчаму ўзросту. Яна не адлюстроўвае іншых заканамернасцяў гэтага ўзроставага перыяду. У рэальнасці старасці ўласцівыя многія якасці, якія аб'ядноўваюць дагэтуль непадобных людзей. Сюды адносяцца і некаторая эгацэнтрычнасць, і марудлівасць у прыняцці рашэнняў, і адмысловы недавер.

— Можна ўвогуле адзначыць, што ў пажылога чалавека часта мяняецца, калі не сказаць псуецца, характар...

— Так. Старому чалавеку цяжка мяняць сваё меркаванне. Нягнуткасць у сваіх поглядах — гэта так званы кансерватызм старэйшага пакалення. Гэта звычайна праяўляецца ва ўзважаных разважаннях і непрадузятай ацэнцы з'яў, але часам прымае выгляд упартасці і нязгоды.

Пажылым людзям уласціва ўсё большая засяроджанасць на сабе, перш за ўсё, на сваім здароўі. Адначасова можа мяняцца і эмацыянальная цікавасць, больш вузкімі і фармальнымі становяцца кантакты. Пажылым людзям часта ўласцівыя крыўдлівасць, незадаволенасць, недаверлівасць.

Магчыма ўзмацненне тых рыс характару, якія з'яўляліся індывідуальнымі адрозненнямі чалавека на працягу жыцця. У іншым варыянце, наадварот, адбываецца згладжванне ранейшых рыс характару. У найбольш спрыяльным выпадку чалавек становіцца больш ураўнаважаным і памяркоўным. У крайніх сітуацыях змены асабовых рыс вельмі выражаныя, за кошт чаго нарастае падабенства ў людзей, якія дажываюць да глыбокай старасці.

— Усе мы ведаем , што «старасць — не радасць». Гэта і праблемы са здароўем, і выхад на пенсію, і абмежаванасць кантактаў... Што з'яўляецца найбольшым стрэсам у пажылым узросце?

— Пажылыя людзі па-рознаму рэагуюць на перамены ў сваім сацыяльным становішчы, якія непазбежна спадарожнічаюць старэнню. Прычым, гэта заклапочанасць нярэдка ўзнікае яшчэ да наступлення позняга ўзросту. Кагосьці больш хвалююць фізіялагічныя прыкметы старэння, для іншых найбольш адчувальным момантам з'яўляецца спыненне прафесійнай дзейнасці, сыход на пенсію. Для большасці людзей вельмі значным аказваецца пагаршэнне фінансавага становішча.

— Ад людзей сярэдняга ўзросту нярэдка даводзіцца чуць: хутчэй бы на пенсію! Чаму ж на яе нярэдка дрэнна рэагуюць, пастарэўшы?

— Уявіце, што чалавек усё сваё жыццё працаваў, ды яшчэ, магчыма, што і на адным месцы на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. І вось знешнія ўмовы памяняліся — ён сышоў на пенсію. Але працягвае па-ранейшаму жыць тымі мінулымі гадамі, якія ён праводзіў, па сутнасці, на адным месцы. І прыстасавацца да новых умоў ужо вельмі складана ці наогул немагчыма. Папросту кажучы, чалавек выходзіць з аднаго рэжыму свайго жыцця, а ў іншы так і не можа ўвайсці. Магчыма, ён проста не ведае ці не ўмее пабудаваць сваё новае жыццё ў новых абставінах.

Але ж можна яго арганізаваць і пражыць так, каб у новых знешніх умовах ужо не біцца аб ранейшыя пытанні: што далей? Як быць? Як жыць? Што трэба, каб зрабіць гэта «з чыстага ліста»? Найперш, напэўна, хоць бы адзін раз у жыцці паспрабаваць адказаць на пералічаныя пытанні самому сабе.

— Ці могуць псіхічныя расстройствы ўзнікаць у познім узросце, калі да гэтага чалавек усё жыццё не меў падобных праблем?

— Могуць. Гэтыя парушэнні ў адных выпадках суправаджаюць пагаршэнне фізічнага здароўя, у іншых з'яўляюцца вынікам стрэсавых уздзеянняў і перажыванняў. Трывожнасць, плаксівасць, бяссонніца, пастаяннае чаканне чагосьці дрэннага — найбольш частыя праявы гэтых расстройстваў. Яны сапраўды могуць быць цяжкімі, пакутлівымі, пагаршаюць якасць жыцця, але звычайна не нясуць пагрозу памяці і розуму, чаго так баяцца пажылыя людзі.

Своечасовае выяўленне гэтых расстройстваў і лячэнне аблягчае стан. Пры гэтым, як правіла, няма неабходнасці змяшчаць пажылога чалавека ў бальніцу.

— Як вызначыць, што ў блізкага пачынаюцца гэтыя праблемы?

— Пэўным арыенцірам, натуральна, служаць скаргі на змяненне самаадчування або нязвыклы стан. Аднак трэба мець на ўвазе, што людзі ў сталым узросце шукаюць у першую чаргу псіхалагічныя тлумачэнні гэтых з'яў, звязваюць іх з нягодамі пражытага жыцця або нейкімі нядаўнімі сумнымі падзеямі. Часта праходзіць доўгі час, перш чым пацыенты прыйдуць са скаргамі да ўрача ці пакуль праявяць занепакоенасць блізкія пажылых людзей.

— Спадарожнікам людзей сталага веку часта становіцца бяссонніца...

— Сапраўды, парушэнне сну — адна з найбольш частых скаргаў пажылых людзей. Многія лічаць, што гэта ледзь не абавязковы спадарожнік старэння. У познім узросце можа адбывацца скарачэнне працягласці начнога сну з больш раннім ранішнім прабуджэннем, аднак гэта, як правіла, не выклікае скаргаў. Да лекара звычайна звяртаюцца з цяжкасцямі ў засынанні або адсутнасцю сну, павярхоўным сном з яркімі снамі, частымі абуджэннямі сярод ночы, адчуваннем неспакою, трывогі, немагчымасцю зноў заснуць, цяжкім станам разбітасці раніцай, адсутнасцю пачуцця адпачынку. Многія пачынаюць самастойна прымаць сродкі для паляпшэння сну.

Між тым прычын, якія выклікаюць парушэнні сну, досыць шмат, яны разнастайныя і не заўсёды звязаныя з псіхічнай няўстойлівасцю. Парушэнні сну часта абумоўлены пагаршэннем фізічнага здароўя, такімі захворваннямі, як гіпертанічная хвароба, сардэчная недастатковасць, цукровы дыябет, адэнома прастаты. Зразумела, што ў гэтых выпадках наладжванню сну спрыяе лячэнне асноўнага захворвання, а не прыём снатворных прэпаратаў.

Мала хто ведае, што шэраг прэпаратаў для лячэння некаторых хвароб пагаршаюць якасць сну. У такіх выпадках змена рэжыму прыёму лекаў ліквідуе праблемы са сном. Раптоўныя абуджэнні характэрныя таксама пры так званых начных спыненнях дыхання (апноэ) або парушэннях рытму дыхання, калі чалавек храпе ў сне. У норме пры саматычных захворваннях у пажылых людзей парушана працягласць сну, з прычыны гэтага здараюцца частыя абуджэнні. Калі ж незадаволенасць сном пажылога чалавека ўключае ў сябе і цяжкасці засынання, і раннія абуджэнні, і адчуванне адсутнасці сну, то ў аснове гэтых парушэнняў можа быць псіхічнае расстройства.

— На што яшчэ часта скардзяцца пажылыя людзі?

— Расстройствы настрою і трывожнасць нярэдка спадарожнічаюць праявам псіхалагічнага дыскамфорту ў перыяд старэння. Скардзячыся на дрэннае самаадчуванне, чалавек адзначае пачуццё ўнутранай трывогі, напружанасці, невытлумачальнага хвалявання ў грудзях, «дрыжання», «трапятання», немагчымасці расслабіцца. У іншых выпадках перажыванні і трывогі напоўнены бояззю за здароўе — сваё або блізкіх, найбліжэйшую і аддаленую будучыню — сваю і сям'і. Гэта могуць быць уяўленне катастрофы са сваім здароўем, страх інфаркту, інсульту, боязь стаць абузай для навакольных або страх перад адзінотай і немагчымасцю атрымаць неабходную дапамогу.

Калі страхі і трывогі запаўняюць усе думкі, вызначаюць змест жыцця і накіраванасць дзеянняў, падпарадкоўваюць сабе ўсё існаванне чалавека, а нярэдка і яго навакольных, то гаворка ідзе ўжо пра расстройства. Гэты стан не сведчыць пра глыбокія паражэнні псіхікі, і доўгі час уяўляецца псіхалагічна зразумелым. Але тут патрэбная своечасовая медыкаментозная і псіхатэрапеўтычная дапамога.

— А як яшчэ можна палепшыць псіхічны стан пажылога чалавека?

— Ёсць некалькі эфектыўных спосабаў. Найперш гэта фізічныя практыкаванні, якія прыносяць як фізічную, так і псіхалагічную карысць, уключаючы задаволенасць жыццём, добры настрой і псіхічную гармонію, змякчэнне праяў псіхалагічнага дыстрэсу і сімптомаў дэпрэсіі, зніжэнне крывянага ціску, паляпшэнне работы сэрца.

Паляпшае стан і сяброўскае стаўленне. Пажылыя людзі маюць патрэбу ў заахвочванні сваіх дзеянняў. Пажадана часцей пацвярджаць іх правільнасць і заахвочваць поспехі. «Вы сёння больш упэўнена рухаецеся з кіем!», «Як добра вы сёння селі на ложку!», «Вам гэтая кофта вельмі да твару!» Вельмі дабратворна дзейнічае распытванне пажылых людзей пра іх мінулае. Папрасіце пажылога чалавека расказаць аб яго сваяках, дзяцінстве, месцах, дзе ён жыў у маладосці, пра ранейшую работу, інтарэсы. Вельмі добра разам разглядаць старыя фатаграфіі мясцін, дзе ён нарадзіўся, жыў, працаваў, асабліва тыя, на якіх ён сфатаграфаваны ў росквіце сіл ці пры выкананні сацыяльна значнай работы.

Гэта заўсёды спрыяе павышэнню самапавагі пажылога чалавека. Аднак сталыя людзі павінны адчуваць вашу сапраўдную зацікаўленасць у падзеях, пра якія яны распавядаюць, ваша жаданне перажыць тое, што калісьці яны перажылі і адчулі. Калі пажылы чалавек не паверыць вашай зацікаўленасці, то, хутчэй за ўсё, замкнецца ў сабе, і вы надоўга страціце яго давер.

Алена КРАВЕЦ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.