Вы тут

Шляхі Леаніда Лявонава. Вядомы аграрый адзначыў 90-гадовы юбілей


Ён мог бы застацца на сваёй роднай Смаленшчыне, але лёс закінуў Леаніда Лявонава ў Хаціслаў, вёску пасярод пяскоў і балот. І ён застаўся тут назаўсёды. І перамяніў гэтае месца. За паўстагоддзя работы.


Замест Масквы — Хаціслаў

Яго вёска Лучонкі размешчана нашмат бліжэй да Віцебска, чым да Смаленска. З ранняга дзяцінства запомнілася, што бацькі па справах ці па пакупкі выбіраліся ў Віцебск, а ў Смаленск — вельмі і вельмі рэдка. Пасля сямігодкі ён таксама паехаў у найбліжэйшы горад з намерам працягнуць адукацыю. Пазнаёміўшыся з навучальнымі ўстановамі, знайшоў тое, што найбольш падыходзіла, і падаў дакументы ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Вытрымаў уступныя экзамены, паступіў. І ў 20 гадоў атрымаў дыплом агранома. Па размеркаванні прыехаў у Брэсцкую вобласць, з Брэста накіравалі ў Маларыту. Першым яго рабочым месцам стала пасада агранома ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама. Пазней яго прызначаць памочнікам начальніка палітаддзела па камсамоле.

Работы ў пасляваенны час было многа. Стараннага, ініцыятыўнага хлопца заўважаюць. Аднойчы яго выклікалі ў Брэст і прапанавалі паехаць на вучобу ў Ціміразеўскую сельгасакадэмію ў Маскве. Леанід з радасцю згаджаецца. Атрымаць грунтоўную адукацыю ў найлепшай ВНУ сельскагаспадарчага профілю ў сталіцы СССР выглядала падарункам нябёсаў для простага сельскага хлопца. Ён хуценька сабраў усе неабходныя дакументы, напісаў бацькам. З Брэста ў Маларыту ехаў нібы на свята... Але там яго хутка апусцілі з неба на зямлю. Тагачаснаму сакратару Маларыцкага райкама партыі Уладзіміру Каваленку патрэбныя былі кадры на месцы, а не вучоныя з маскоўскімі дыпломамі. Ён папрасіў паглядзець накіраванне... і на вачах юнака парваў гэтую паперу на дробныя кавалкі. Сказаў толькі: «Паедзеш у калгас, у Хаціслаў, старшынёй». Так з сабраным у Маскву чамаданам 23-гадовы аграном і камсамольскі работнік рушыў у незнаёмую вёску. Дарогі туды фактычна не было, ехаць даводзілася сцяжынамі паміж лясоў і балот. Падводай трэба было дабірацца не адну гадзіну, а пехатой у разводдзе людзі трацілі ледзь не паўдня. (Цяпер ад Маларыты да Хаціслава шлях на машыне займае 10—12 хвілін. — Аўт.)

Сход па яго абранні праходзіў цяжка. Калгаснікі з недаверам аднесліся да кандыдатуры прэтэндэнта на старшыню. «Хлапчыска, што ён зробіць, жыцця не бачыў?!» — выкрыквалі проста з месцаў удзельнікі таго сходу. Нямала сіл, энергіі, красамоўства спатрэбілася ўпаўнаважаным з раёна, каб угаварыць калгаснікаў прагаласаваць за новага старшыню. Не з першага разу, але сяк-так прагаласавалі. Упаўнаважаныя з'ехалі, а ён застаўся ў калгасе з гучнай назвай «Запаветы Леніна». Тое, што атрымаў Леанід Лявонаў, калгасам па-сутнасці назваць было нельга. Мелася некалькі вёсак з насельніцтвам. У абсалютнай большасці людзі жылі вельмі бедна. Бо землі бедныя, навокал пяскі і балота. Напачатку аб'яднання ў калектыўнай гаспадарцы налічвалася ўсяго 20 кароў. Вытворчых памяшканняў, накшталт фермы або канюшні не было і заваду. У навакольных лясах яшчэ сноўдаліся бандыты. І ў такіх умовах трэба было распачынаць работу, сеяць хлеб, атрымліваць малако і мяса.

Людзі на балоце

— Колькі сябе памятаю, усё гаварыў людзям пра светлую будучыню, запэўніваў, што ўсё ў нас атрымаецца — успамінае Леанід Іванавіч. — І людзі паверылі.

Яму, відаць, дапамагала, што пэўны вопыт работы ўсё ж меў. І ў райвыканкаме даводзілася наведваць гаспадаркі, якія крыху ўздымаліся на ногі, і на радзіме, на Смаленшчыне, бачыў па тым часе паспяховыя спробы калектыўнай гаспадаркі. І ўсё ж сённяшняму чалавеку, маладым кіраўнікам, думаю, складана ўявіць, з чаго можна пачынаць работу, калі няма ніводнай машыны, ніводнага трактара, ніводнага прыстойнага памяшкання для жывёлы. А за работу людзям трэба налічваць не рэальныя грошы, а працадні — палачкі ў табель.

Агледзеўшы калгас, малады старшыня зразумеў, што трэба нейкім чынам ствараць рэальную базу для кармлення жывёлы. «Кругом жа балоты ды пяскі. Калі паднімаўся вецер, пясчаныя буры былі такія, што людзі не ведалі, куды хавацца, толькі пясок на зубах рыпеў — згадаў былы старшыня. — Таму для пачатку рашылі сваімі сіламі правесці меліярацыю на балоце. Адмералі кавалак прыкладна гектараў у сто і абкапалі рыдлёўкамі ўручную балота: праклалі раўкі і зрабілі адвод вады ў канал. Сёння тую работу няма з чым і параўнаць па цяжкасці, стаялі дзе па калена, а дзе і па пояс у вадзе», — успамінаў Леанід Лявонаў. Але ж здолелі, абкапалі. Ён працаваў нароўні з усімі, паказваў прыклад.

Такім чынам атрымалі першае кармавое ўгоддзе, праўда, не лепшай якасці. Спачатку на балоце расла далёка не канюшына. Некалькі разоў давялося скасіць, акультурыць сенакос, каб потым збіраць значна лепшую траву для сена. Думаю, не трэба казаць, што касілі ўручную, касой, аралі, сеялі з дапамогай коней.

Вырашыў пытанне малады старшыня неўзабаве і з пясчанымі бурамі. Паслухаў старажылаў, параіўся з калегамі і прыняў рашэнне садзіць лес. На тых пясках, вядома, нічога не расло б іншага. А лес разросся. Тады нават стварыў калгаснае лясніцтва, набраў спецыяльную брыгаду людзей, якія займаліся лесапасадкай. Пазней тое лясніцтва перайшло пад эгіду лясгаса, яно і сёння ёсць у Хаціславе. «А цяпер еду часам, пагляджу на той лес, душа радуецца» — заўважае Леанід Іванавіч.

Тэхніка, кадры, дарогі

Калі першы трактар у гаспадарцы з'явіўся, зараз ён дакладна і не ўспомніць. Недзе гадоў праз пяць пасля яго заступлення на пасаду старшыні. І гэта быў тэхнічны прарыў. Тады ўсё разам пачало ажываць, развівацца: з'явілася тэхніка, пачалі ўзводзіць вытворчыя памяшканні. Узвялі фермы, вырасла пагалоўе жывёлы, пайшлі ўгору і надоі, і ўраджаі. Калгаснікі пачалі атрымліваць за работу грошы. А калі ў працаўнікоў вёскі з'явіліся пашпарты, яны не былі прывязаныя да месца жыхарства, як раней, многія пацягнуліся ў горад. Чыгунка праходзіць побач, дабірацца нават у Брэст для многіх стала спакусай. Тады старшыня заняўся вырашэннем кадравай праблемы. Паехаў у вёскі суседняй Украіны, пагаварыў з моладдзю. Украінскія вёскі тады былі густанаселеныя, у сем'ях традыцыйна было шмат дзяцей. Угаварыў дзяўчат прыехаць на работу, абяцаў пражыванне ў інтэрнаце і заробкі. Для гэтага тэрмінова вызвалілі адзіны адміністрацыйны будынак, які служыў канторай. Пераабсталявалі пад жылыя пакоі і пасялілі там 40 дзяўчат. Менавіта столькі прыехала на першы заклік Лявонава. Маладыя ўкраінкі сталі даяркамі, свінаркамі, цялятніцамі. Абсалютная большасць з іх павыходзілі замуж за мясцовых хлопцаў. Потым ужо гаспадарка дапамагала маладым сем'ям узводзіць уласнае жыллё.

Згадаў Леанід Лявонаў, як упершыню да яго ў гаспадарку прыехаў Пётр Машэраў, на той час першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ. Летам па лясных дарогах дабраўся неяк да Хаціслава машынай. Сказаў, што хоча паглядзець калгас, даехалі з ім толькі да Мельнікаў, далей машына не прайшла. Пётр Міронавіч пераабуўся ў боты, пахадзілі з ім па палетках. Тады ён паабяцаў прыехаць яшчэ раз. І слова сваё стрымаў, праз колькі гадоў прыехаў ужо па дарозе, якую калгас праклаў гаспадарчым спосабам. Пазней, праз многа гадоў тую дарогу пакрыюць асфальтам. А тады пракласці надзейную гравійку стала своеасаблівым прарывам. Бо дарога азначала іншы ўзровень жыцця.

Машэраў прыязджаў у гаспадарку і пазней ужо на пасадзе першага сакратара кампартыі рэспублікі, у той час, калі калгас «Запаветы Леніна» станавіўся вядомым, выходзіў па многіх паказчыках на лідарскія пазіцыі.

Калі вытворчасць стала прыносіць прыбытак, у Хаціславе пачалі шмат будаваць. У калгасе вахтавым метадам адзін час працавала шэсць будаўнічых брыгад з Украіны, многа ўзводзілі гаспадарчым спосабам. Выраслі цэлыя вуліцы з добраўпарадкаваных катэджаў і двух-трохпавярховых дамоў. У вёсцы пракладваецца водаправод і іншыя камунікацыі, асфальтуюцца дарогі, узводзяцца школа, дзіцячы садок, амбулаторыя. Дом культуры па тым часе быў адным з найлепшых у вобласці. Першым у раёне Хаціслаў перажыве газіфікацыю. Гэта ўжо дзякуючы таму, што Леанід Лявонаў быў абраны ў Вярхоўны Савет БССР. За цяпло ў дамах жыхары вёскі і зараз добрым словам згадваюць былога старшыню.

Добразычлівы кіраўнік

Да канца 1960-х у калгасе атрымлівалі па 25—30 цэнтнераў збожжа з гектара і 150—170 цэнтнераў бульбы, гэта рэкордныя паказчыкі таго часу. У 70-х гадах пачаўся сапраўдны росквіт гаспадаркі. Пра «Запаветы Леніна» загаварылі як пра калгас-мільянер. Сюды ехалі дзеля вопыту з усяго Савецкага Саюза, пра гаспадарку пісалі саюзныя і рэспубліканскія газеты. Два брыгадзіры паляводчых брыгад, трактарыст былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, ардэнаносцамі сталі галоўныя спецыялісты і радавыя працаўнікі. Сам Леанід Лявонаў за сваю працу быў адзначаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знак Пашаны». Яго былыя калегі, з кім давялося пагаварыць, лічаць, што іх старшыня цалкам заслугоўваў звання Героя Сацыялістычнай Працы. Але самі яны і далі тлумачэнне, чаму не атрымаў Зорку Героя хаціслаўскі старшыня: «Сціплы быў па натуры чалавек, за ўзнагародамі не ганяўся». Можа яно і так, лепшай узнагародай сёння бачыцца павага і пашана, з якой ставяцца аднавяскоўцы да былога кіраўніка калгаса. Былы брыгадзір брыгады Сушытніца, з якім давялося пагаварыць, Лявонцій Смаль сказаў, што Леанід Іванавіч запомніўся як надзвычай інтэлігентны кіраўнік, добразычлівасць была яго прынцыпам работы. У яго вучыліся ўсе калегі.

Галоўным дасягненнем калгаса-мільянера той пары стаў дабрабыт калгаснікаў. А вытворча-сацыяльнай базай, узведзенай пры Лявонаве, сельгаспрадпрыемства «Хаціслаўскі» карыстаецца і цяпер.

Паводле прызнання былога старшыні, нялёгкімі для гаспадаркі былі 1990-я гады. Але Лявонаў з калегамі-аднадумцамі здолелі ўтрымаць калгас, не толькі не дапусцілі развалу, але пакінулі яго прыбытковым наступнікам. Гэта было ў 2001-м.

— Мне пайшоў 71-ы год. Стаў заўважаць, што адстаю ад маладых у інфармаванасці, у творчасці, рашыў, што трэба саступаць маладым і сам напісаў заяву, — гаворыць шаноўны ветэран — Усціння падтрымала.

Разам 66 гадоў

Варта сказаць і пра жанчыну, без якой хаціслаўскі старшыня наўрад ці дабіўся б такіх вынікаў у рабоце. Гэта сяброўка ўсяго яго жыцця — Усціння Фёдараўна. Калі ён прыехаў у вёску, яна працавала старшынёй сельскага Савета, замяніла былога актывіста, старшыню, які загінуў ад бандыцкай кулі. Ёй нават самой тады прапаноўвалі ўзначаліць калгас, але дзяўчына наадрэз адмовілася. Як аказалася, нездарма. Старшыня, якога прыслалі, і стаў яе лёсам. Пажаніліся яны ў 1954 годзе, яна адразу пакінула сельсавет, перайшла на работу на пошту. Там і працавала да выхаду на пенсію. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў. Сын і дачка Лявонавых жывуць у Брэсце, малодшы сын у Маларыце. Унукі не забываюць бабулю з дзядулем, мінскія ўнучкі нярэдка заязджаюць у вёску — гавораць сужэнцы.

Яны ж з Усцінняй у горад не хочуць, засталіся жыць у сваім доме. «Уключыш тэлевізар, паглядзіш — жыццё ідзе, свет развіваецца, а ты ўжо, здаецца, убаку ад гэтага свету, на ўзбочыне жыцця, — па-філасофску разважае Леанід Іванавіч. — Добра толькі, што мы ўдваіх, што адно аднаго падтрымліваем».

Насамрэч ён уважліва сочыць за ўсімі падзеямі: на стале ляжыць стос свежых газет. І яшчэ, што кінулася ў вочы, вялікая бібліятэка, якую Лявонавы збіралі доўгія гады. У іх сціплым доме са сціплай абстаноўкай гэтыя кніжныя шафы красамоўна сведчаць аб прыярытэтах гаспадароў. Праўда, зараз Леанід Іванавіч чытае толькі перыёдыку, зрок стаў падводзіць.

У снежні Леанід Лявонаў адзначыў 90-гадовы юбілей. Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна прыехалі павіншаваць кіраўнікі раёна, былыя калегі, вучні. Згадалі, што ўсе свае 48 старшынёўскіх гадоў Лявонаў жыў клопатам пра калгас і пра вёску, якая пры яго рабоце набыла новае аблічча.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Фота з асабістага архіва Леаніда Лявонава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.