Вы тут

«Зарплату трэба зарабляць, а не атрымліваць»


Дзмітрый Чыгір — вядомы і паважаны чалавек не толькі на «Беларуськаліі», але і ў Салігорску. Пасля заканчэння горнахімічнага тэхнікума ў 2020 годзе ен прыйшоў працаваць машыністам горных выемачных машын на чацверты руднік. А з 2009-га яшчэ і ўзначальвае калектыў брыгады ачышчальнага комплексу лавы.


Дзмітрый Міхайлавіч вельмі адказны і дысцыплінаваны работнік, граматны спецыяліст, умелы арганізатар, які аб'яднаў калектыў, дзе на першым месцы — узаемавыручка, адказнасць да справы. Яго брыгада — адна з найлепшых на рудніку. Дзмітрый Чыгір узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», удастоены звання «Чалавек года Міншчыны — 2014». Таму цалкам заканамерна, што яго абралі дэлегатам на Усебеларускі народны сход.

З Дзмітрыем Міхайлавічам мы сустрэліся каля яго дома, меркавалі сфатаграфаваць яго ды пацікавіцца справамі. Але ён нас з фотакарэспандэнтам запрасіў у кватэру.

Дзверы адчыніла мілавідная жанчына.

— Гэта мая жонка Вольга, — пазнаеміў нас Дзмітрый.

— Спачатку папіце кавы, перакусіце, а затым ужо распытвайце ў мужа, што вас цікавіць, — запрасіла да стала гаспадыня. — І ніякія пярэчанні не прымаюцца.

— У вашага мужа небяспечная работа, хвалюецеся, калі ён заступае на змену? — пацікавіліся ў Вольгі.

— Мы не бяром у шахту мабільны тэлефон. Выключаем і аддаем пры ўваходзе. Пасля работы перш наперш уключаю яго і бачу некалькі прапушчаных выклікаў. Набіраю нумар Вольгі і супакойваю, што ўсё нармальна. І толькі тады яна кладзецца спаць альбо займаецца хатнімі справамі, — адказвае за жонку Дзмітрый.

— Хвалюецца, значыць, яшчэ любіць, — жартуе ён.

— І ўсе ж такі цяжка працаваць у лаве? — пытаем у яго.

— Мне няма з чым параўноўваць, бо ўсё жыццё працую на адным месцы. Але часам бывае цяжкавата, за змену тры разы даводзіцца выкручваць кашулю. Таму ў шахту ідуць толькі самыя адказныя і працавітыя, тыя, хто разумее, што зарплату трэба зарабляць, а не атрымліваць, каб дастойна жыць, утрымліваць сям'ю. Узяць хоць бы нашу брыгаду. Хлопцы, як на падбор, «хварэюць» за агульную справу.

Сапраўды, гэта адзін з найлепшых калектываў, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Невыпадкова і справа спорыцца. Брыгада дамагаецца высокіх паказчыкаў, выдае па мільёну тон руды ў год.

Дзмітрый вырас у Салігорску, таму ведае аб праблемах простых людзей і па меры магчымасці імкнецца іх вырашаць. Невыпадкова землякі абралі яго дэпутатам раённага Савета.

Дзмітрый Чыгір лічыць, што апошнім часам Салігорск развіваецца, шмат увагі аддаецца сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванню. У многім гораду дапамагае «Беларуськалій» — будуе новыя аб'екты, дзіцячыя садкі, жыллё. Аднак праблемы застаюцца. Напрыклад, патрабуюць удасканалення мясцовыя дарогі, а прыпаркаваныя ў дварах машыны ствараюць нязручнасці для пешаходаў. Дзмітрый Міхайлавіч — бацька дваіх цудоўных дзяцей — Уладзіславу шаснаццаць гадоў, Арыне хутка споўніцца пяць. Таму для малых і падлеткаў, на яго думку, павінна быць больш месцаў для забаў, адпачынку, пляцовак для заняткаў гульнявымі відамі спорту.

— А як сустрэлі навіну, што вас абралі дэлегатам на Усебеларускі сход? — удакладнілі ў суразмоўніка.

— Для мяне гэта было нечаканасцю. Лічу, што ёсць больш дастойныя кандыдатуры. Але ўсё роўна прыемна і, думаю, карысна паўдзельнічаць ў такім маштабным мерапрыемстве, паслухаць меркаванні, прапановы іншых дэлегатаў па ўладкаванні нашага жыцця, краіны.

— А якія б тэмы хацелі агучыць на форуме асабіста вы?

— На маю думку, самая галоўнае цяпер — аб'яднаць народ. Мы ўсе беларусы і павінны жыць у міры і згодзе, незалежна ад сваіх поглядаў, працаваць на развіцце і росквіт нашай агульнай Радзімы. І яшчэ варта звярнуць увагу на праблемы пенсійнай сістэмы, людзей, якія трапілі ў так званую пенсійную пастку, — выказаўся ў канцы Дзмітрый Чыгір.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».