Вы тут

Авантуры шляхціца Пранціша Вырвіча зрабіліся гексалогіяй


У краме «Акадэмічная кніга», што на сталічным праспекце Незалежнасці, адбылася незвычайная прэзентацыя шостай кнігі цыклу гістарычна-прыгодніцкіх раманаў Людмілы Рублеўскай. Гэта значыць, што на рахунку пісьменніцы — ужо гексалогія, з’ява для беларускай літаратуры выключная.


Дзеянне раманаў адбываецца ў XVIII стагоддзі, фантазія аўтаркі пераплятаецца з гістарычнымі фактамі, чытач пераносіцца ў непаўторную атмасферу стагоддзя крыналінаў, шляхецкіх двубояў і палацавых інтрыг. Шостая кніга, якая, як і папярэднія, выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», мае назву «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі». Такім чынам, прыхільнікі серыі зноў сустракаюцца з улюбёнымі героямі — загонным шляхціцам Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам па мянушцы «Полацкі Фаўст».

Як заўважыла на прэзентацыі дырэктар крамы Вольга Глухоўская, галоўны герой эпапеі Пранціш Вырвіч, прыдуманы пісьменніцай, стаў ужо практычна рэальнай гістарычнай персонай. Тым болей што першая кніга гексалогіі экранізаваная на «Беларусьфільме», хаця рэспубліканская прэм’ера ўсё яшчэ адкладаецца з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Але нягледзячы гэтую сітуацыю, у «Акадэмкнізе» сабралося шмат прыхільнікаў творчасці Людмілы Рублеўскай, некаторыя нават прыехалі з іншых гарадоў. Пісьменніца распавяла пра сваю працу з унікальнымі гістарычнымі матэрыяламі, пра тое, што ў рамане чытачы сустрэнуцца з такімі незвычайнымі персанажамі, як стваральнік беларускай медыцынскай школы Жан-Эмануэль Жылібер, вынаходнік жывёльнага магнетызму Месмер, механік аўстрыйскага двара Кемпялен, эксцэнтрычная і жорсткая княгіня Тэрэза Радзівіл ды іншымі. 

На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі здымачнай групы фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча», у прыватнасці вядомы акцёр Канстанцін Міхаленка, які сыграў у фільме ролю князя Багінскага.  Увогуле, падчас імпрэзы жартавалі на тэму, што з-за масачнага рэжыму можна ўявіць, што перанесліся ў XVIII стагоддзе, калі былі ў вялікай модзе маскарады і маскі.

Людміла Рублеўская падпісала ўсім жадаючым свае кнігі, пакінула ў краме і падпісаныя асобнікі для будучых пакупнікоў у межах акцыі «Калядны падарунак — з аўтографамі аўтараў». Цяпер у «Акадэмкнізе» можна набыць кнігу з подпісам пісьменніцы, і не толькі «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі», але і некаторыя з яе іншых выданняў.

А тыя, хто не патрапіў на прэзентацыю, могуць сустрэцца з Людмілай Рублеўскай на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбудзецца з 18 да 23 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа»”, дзе пісьменніца таксама прадставіць сваю новую кнігу.

Галіна ЧАСЛАЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».