Вы тут

Чаму раней не было холадна нават у люты мароз


 

Нарэшце, упершыню за колькі гадоў — хай сабе і ўсяго на некалькі дзён — накрыла зямлю сапраўдная зіма. Такая, як была ў дзяцінстве, — з празрыстым паветрам, якое, здаецца, звініць і пякуча казыча ў носе, з белымі бухматымі аблокамі на даляглядзе і са сляпучым халодным сонцам у высокім небе, з клубамі пары, што робяць людзей і машын аднолькава падобнымі на фантастычныя лакаматывы, са скрыпучым снегам пад нагамі. З пранізлівым холадам — як жа без яго, — ад якога нямеюць шчокі, пальцы на руках (нават у цёплых рукавіцах) і калені, а веі, калі дыхаеш праз шалік, пакрываюцца шэранню і імкнуцца прыліпнуць да броваў…


Карацей, амаль усё, як у маленстве. «Амаль» — бо, успомніце, — тады, даўней ніколі не было холадна, праўда? Прычым не толькі дзецям, але, здаецца, і дарослым. Прынамсі, у вёсцы. Пэўна, таму, што ўсе ўвесь час былі ў руху. Старэйшыя — даглядаючы скаціну, упраўляючыся па гаспадарцы. А дзеці — і пагатоў. Лыжы — найлепшая на нашай узгорыстай мясцовасці забава. Ці санкі — у іх можна было запрэгчы суседскага дурнаватага Біма і насіцца па вуліцы паміж высачэзных гурбаў. Або цэлафанавыя мяшкі з-пад калійных угнаенняў, набітыя сенам, — гэткі правобраз цюбінгаў, на іх на злом галавы ляцелі з віскам з Асінніка, самай крутой гары за рэчкай. Прыйдзеш дадому, калі ўжо сонца сядзе за хмызы, павесіш каля грубкі цяжкія рукавіцы, на якіх снег збіты ў буйныя абледзянелыя пацеркі, а сам укулішся на печ з кніжкай. Які холад? Ці быў увогуле час думаць, што холадна?

А яшчэ, я цяпер думаю, людзі раней не мерзлі нават у вясковых спартанскіх умовах, у якіх печ цёплая роўна настолькі, наколькі ты яе напаліш, бо зімой была адмысловая ежа. Смачная, сытная — ад адных успамінаў і сёння слінкі цякуць. Ну сапраўды, што на вёсцы елі і ядуць улетку? Акрамя халадніка ды маладой варанай бульбы з кропам так нічога і не ўспомніш, бо ўсё астатняе — што з грады сарвеш ці ў садзе падымеш. Зімовае ж вясковае меню — гэта проста кулінарная песня.

Вось, напрыклад, вараная кіслая капуста. Абавязкова ў печы ў чыгунку, абавязкова са свіной гудаўкай (іншае мяса, нават свініна, не дае таго непаўторнага смаку, пра курыцу і казаць няма чаго). Абавязкова да яе — бульба ў лупінах. Прычым чысціць пасля бульбу трэба не нажом, а проста разломваючы рукамі і акуратна пальцамі здымаючы тонкую скурку. Праверана неаднойчы — так смачней (чаму — растлумачыць не магу, але дакладна смачней). У капусту трэба пакласці яшчэ лыжку густой смятаны — тады зусім за вушы не адцягнеш.

А фасоля, вараная ў печы з панцаком... Туды яшчэ націралі на тарцы вялікую морквіну. Даволі густое гарачае варыва бялілі халодным малаком — гэты саладкаваты цёплы суп здаваўся самым смачным у зімовы абед... Быў у вясковым зімовым меню і суп-далікатэс — з сушаных баравікоў. Густа-карычневая поліўка са зморшчанымі кавалачкамі грыбоў, што былі на дотык падобныя на гуму, пахла на ўсю хату, разносячы нават у настылыя сенцы водар нагрэтай сонцам ігліцы на жнівеньскім узлеску... У выхадныя на сняданак нярэдка варыўся квасок — так у нашых мясцінах завуць мачанку. Падкалочаны мукой і яйкам булён на свіных скабачках і да яго — стос цёплых пульхных бліноў. А яшчэ можна было першы блін — гарачы, толькі з патэльні — з'есці з кавалачкам настылага, толькі прынесенага з кубельца сала. Смаката!

На «другое» — таксама сытныя, смачныя стравы. Калдуны — мая бабуля рабіла іх авальныя, падобныя на вялікія бульбяныя катлеты, а ўсярэдзіне — сакавітае мяса. Зваліся яны па-нашаму кульдзюкі. Ці бабка — на яе бульбу чысцілі цэлы вечар, пасля мама доўга дзерла яе на дробную тарку, дадавала цыбулю, нарэзаныя невялікімі кавалачкамі скваркі, залівала «цеста» ў гаршчок, ставіла ранкам у печ. Пасля ў гаспадарцы з'явілася вялікая чыгунная гусятніца, і бабка стала гатавацца ў ёй, больш «культурна». А вось кішку — крывяную каўбасу — спрадвеку пяклі на вялізнай прамавугольнай блясе, якая стаяла за печчу цэлы год, пакуль не закалолі свінчо. Бабуля казала, што гэта вялізная патэльня — з яе пасагу. А выходзіла бабка замуж у канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя. (Бляха тая, дарэчы, і сёння стаіць на сваім месцы за печчу ў нашай роднай хаце. Праўда, без справы — там ніхто не зімуе ўжо даўно, а летам — хто ж летам будзе кішку наліваць?). Нярэдка на зімовым стале была тушаная ў печы бульба — яе, як і моркву, у вялікай колькасці наразалі буйнымі крышанамі, ад морквы страва рабілася рудаватага колеру і саладкаватая. З салёнымі агуркамі ішла за мілую душу — аж за вушамі трашчала. А калі на выхадныя збіралася ўся сям'я — прыязджалі з Мінска студэнты — вечка з самага вялікага чыгуна станавілася самай вялікай патэльняй, на якой
спачатку смажылася сала, пасля ўзбіваўся дзясятак яек, і ўсё гэта шчодра залівалася змяшанай з малаком смятанай, якая павінна была закіпець. Патэльню здымалі з пліты, ставілі ў цэнтр стала, і ўсе пачыналі мачаць смакату прама з патэльні блінамі, скручанымі ў трубачку. І было так весела, так хораша, так цёпла, хоць сонца ледзь праглядвала праз густа распісаныя марозам шыбы...

...Цяпер, мерзнучы нават пры мінус пяці, сядзім у абагрэтых не намі кватэрах і думаем, як бы не з'есці чаго лішняга, шкоднага, тлустага. Толькі ні цяплей, ні здаравей чамусьці не становіцца. А смак сапраўднай зімы, як і сапраўдная зіма, — толькі ва ўспамінах. І часам думаеш: а ці было яно калі наогул? Ці проста прымроілася ў некалькі халодных дзён, пасля якіх ізноў прыйшла студзеньская адліга...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: khersonline.net

Загаловак у газеце: Смак сапраўднай зімы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.