Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Багатая, дзякаваць богу (і людзям!..), пошта ў любімай звяздоўскай рубрыкі: шмат гісторый, шмат кампліментаў, якія, як правіла, застаюцца «па-за кадрам»... І хіба зрэдку, пры падвядзенні вынікаў конкурсу на найлепшую гісторыю, выносяцца на старонкі «Звязды».

Такім чынам яшчэ адзін ліст (у якасці прывітання новаму, спадзяёмся, актыўнаму аўтару) і яшчэ адна бываліца (ці прызнанне, так бы мовіць, старому). А далей — усё, як раней: «Провад» працуе. Да сустрэчы па пятніцах!


«Я выпісваю «Звязду» з тых часоў, калі стала атрымліваць зарплату — пайшла працаваць, — піша спадарыня Ларыса Купрыянчук з Рагачоўшчыны. — Падабаецца падача матэрыялаў, разнастайнасць рубрык. Чытаючы іх, я, бывае, спрачаюся з аўтарам, часам згаджаюся, бывае — пераконваюся ў сваёй недасведчанасці і нават здаю экзамен на веданне роднай мовы...

Але ж ці не больш за ўсё мне падабаецца ў газеце рубрыка «Алё, народ на провадзе!» Я проста ў захапленні ад многіх гісторый і шчыра зайздрошчу тым, хто ўмее пра нешта расказаць, хто можа так лёгка пасмяяцца з сябе. Паспрабую і я. Праўда, што з гэтага атрымаецца, пакуль не ведаю...».

Віват усім, хто не баіцца... у тым ліку спрабаваць!

А што датычыцца ведання...

Як кажуць нашы суседзі-расіяне: «Знал бы прикуп, жил бы в Сочи».

Лепш там ці не? Гэта, як падказвае жыццёвы досвед, залежыць не ад назвы горада, наяўнасці мора, грошай, машын і шмат чаго яшчэ. Рабі пільна — і тут будзе Вільня, казалі продкі.

Ад іх жа праверанае часам: рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе! То ў добры шлях?!

Ну а дружба пачынаецца... З усмешкі!


І не толькі з яе

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта... Можа, таму, што ў хату пяць разоў на тыдзень прыходзіць «Звязда»? Што па пятніцах там любімая рубрыка «...Народ на провадзе», з якой, уласна...

Нічога крамольнага — проста адна праўдзівая гісторыя. Праўда, перш чым расказаць яе, трэба што-нішто растлумачыць. Справа ў тым, што я — чалавекі імпульсіўны. Гэта значыць, што нечым захапіўшыся, ужо не спынюся. Дзякуючы гэтай якасці ў нас з'явіліся свая бібліятэка, пчальнік, клеткі з трусамі, па́лкі для шведскай хадзьбы і шмат што яшчэ...Тое ж датычыцца і людзей: гэта значыць, што калі нехта з іх нечым уразіў, мне хацелася аб гэтым сказаць, напісаць, сазваніцца з чалавекам альбо нават пашукаць магчымасці, каб сустрэцца ды пазнаёміцца. Часам гэта мне ўдавалася, часам, на жаль, не. Але і ў такім выпадку я (без ніякіх крыўд) працягвала сачыць за жыццём, за творчасцю сваіх улюбёнцаў.

Дык вось быў час: у гады перабудовы я страціла сувязь са «Звяздой». Тады не да падпіскі неяк было. Людзі старэйшыя помняць і пустыя паліцы ў крамах, і талоны з купонамі... Аднак чытаць газеты мне па-ранейшаму хацелася, таму ў вольную хвіліну я заходзіла на пошту (гэта блізка было, на той бок вуліцы), садзілася ў дальнім куточку і, можна сказаць, адводзіла душу — гартала свежую прэсу.

У «Звяздзе» вочы «зачапіліся» за «Простую мову», за рубрыку «...Народ на провадзе!». Помню, што чытала іх, а здавалася, што... слухаю, чую блізкія жывыя галасы, цікавыя слоўцы, сваё, роднае прастамоўе... І гэта — не кажучы пра сюжэты, пра стыль, пра гумар...

Міжволі запомніла прозвішча аўтара, стала шукаць яго на старонках газеты, якую ўжо хацелася атрымліваць дома і ў якую самой карцела штось напісаць. Але ж спачатку пазваніць гэтай загадкавай Валянціне Доўнар, пагаварыць, а калі пашчасціць, то, можа, і пабачыцца?

...Не магу сказаць, што мая просьба аб сустрэчы была прынятая з радасцю (я потым зразумела, што не самы ўдалы выбрала час: канец месяца, года, свя́ты на носе — работы ў кожнага шмат), але ж згоду я атрымала... Мы прызначылі дзень. Значыць, сустрэчы быць!

Ехаць на яе з пустымі рукамі (а тым больш напярэдадні каталіцкіх Каляд), згадзіцеся, ідэя не з лепшых». Купляць банальныя кветкі-цукеркі — таксама. Тады што? «Дзівачка, — пасмяялася з мяне сяброўка. — Ты ж «Поле цудаў» глядзіш? Глядзіш. Ты ж бачыш, што Якубовічу людзі возяць? Ды ўсё! Вось і ты нічога не ўскладняй».

І сапраўды, падумала, навошта гарод гарадзіць, калі непадалёк ад нас — досыць вялікі свінакомплекс і калі там на заказ вэндзяць парасят. «Да святочнага стала, да Каляд (я чамусьці думала, што Доўнар з каталічак) гэта ж самае тое!..»

Засталося дамовіцца і забраць.

...Як цяпер помню, у Мінск, у рэдакцыю «Звязды» я ехала падрыхтаваная і цалкам шчаслівая. Ды і там: вось ён, патрэбны адрас, — Дом прэсы. Вось пяты паверх і дзверы амаль насупраць ліфта з надпісам «Рэдактар аддзела пісьмаў...». Вось насустрач мне з-за стала падымаецца ўсмешлівая танклявая жанчынка, вітаецца, дапытліва ўзіраецца, глядзіць, як я ўрачыста кладу на стол велікаваты пакунак.

— Што гэта?! — здзіўлена пытае ў мяне.

— Ну як «што»? Падарунак. Вам... Да каляднага стала...

— Я не каталічка...

— Ну тады да навагодняга...

— Не... Прабачце, але ніякіх падарункаў я не бяру, — сказала як адрэзала мая візаві.

Першы раз у жыцці я апынулася ў такой недарэчнай сітуацыі: стаяла і не ведала, што рабіць.

А вось гаспадыня таго кабінеціка наадварот — ужо гаспадарыла: хуценька дастала з шуфляды нейкі пакет, паклала туды мой «падарунак» і, уручыўшы, дала зразумець, што на гэтым знаёмства... скончана.

У бок ліфта ішла, як чужымі нагамі, успамінаючы аднаго знаёмца — яго надпіс на дзвярах: «Перш чым зайсці, падумай, ці патрэбен ты тут?». Выглядала так, што я зайшла, не падумаўшы?

— Нешта здарылася? — спытаў у мяне спадарожнік, калі прыпаўзла да машыны.

— З чаго ты ўзяў? — паспрабавала «адбіцца» я.

— Дык на вас жа твару няма...

— Няма і не трэба, — сказала яму. — Глядзі на дарогу. Мы едзем дамоў.

Больш да самай хаты сваёй я не сказала ні слова: нібы ў шахматнай гульні пракручвала ўсе хады і — з аднаго боку — не разумела нічога, а з іншага — ці не ўсё. Ну сапраўды, зусім незнаёмая цётка... Сярод белага дня... З нейкім парасём. Кажа — у падарунак... А можа, наўмысна? Можа, з праверкай на чэснасць?..

Словам, прыехаўшы дамоў, я адразу ж засела за ліст (думала: гэта першы мой і апошні). У ім я, помню, усё тлумачыла і шчыра прасіла прабачэння.

...Адказ на яго прыйшоў ледзь не назаўтра! Літаральна пад Новы год я атрымала хай трохі меншы ў аб'ёме, але ж таксама... пакунак (?!).

У ім былі прыгожая віншавальная паштоўка, некалькі звяздоўскіх блакнотаў і календароў, а галоўнае — кніга (з аўтографам!) з кароткіх мініяцюр Валянціны Доўнар «Праз каханне».

Чытаючы ды разглядаючы ўсё гэта, я быццам здымала з сэрца слой наледзі, разам з якой тут жа «сплывала» горыч неразумення і горкай крыўды.

...Пасля гэтага ў нас са «Звяздой», можна сказаць, найлепшыя сяброўскія сувязі. Я па-ранейшаму выпісваю і па магчымасці прапагандую газету, па-ранейшаму сачу за рубрыкамі
«...Народ на провадзе!», «Хто каго?», «Простая мова» і цяпер са шчырай усмешкай ды цеплынёй успамінаю, з якога ж, як ні круці, «свінства» (!) пачалося наша знаёмства з вядучай рубрыкі.

Н. С., Бярэзінскі раён

Зух супраць мух...

Як вядома, ва ўсім свеце і з усіх відаў спорту найбольшую цікавасць выклікае футбол. Камандная гульня: нашы — супраць не нашых... Праўда, цяпер у камандах ёсць шмат іншаземцаў. Я са здзіўленнем даведаўся, што ў Гарадзеі гуляюць французы, а ў Жодзіне — бразільцы. Таму гульні ўжо не такія цікавыя. А вось некалі... Дагэтуль помню, як у 1966-м разам з бацькам і ноч-апоўнач хадзілі да суседзяў на тэлевізар (свайго не было), каб паглядзець чэмпіянат свету ў Англіі.

А ладзілі ж іх і на месцах. Напрыклад, наша футбольная каманда ў Чачэрскім раёне была адной з наймацнейшых. Ды як іначай, калі ў камандзе поруч гулялі старшакласнікі, маладыя механізатары, сын старшыні калгаса, калі сам старшыня быў заўзятарам (а недзе і спонсарам), калі на поле выходзілі Бык, Дуб, Буржуй, варатар Баржа (Баўжа — прозвішча варатара ЦСКА — чамусьці не прыжылося)... Ды ад адных гэтых мянушак сапернікі дрыжэлі! Каманда разбівала ўсіх — яшчэ і таму (я сам быў сведкам), што старшыня ад лініі поля мог лёгка выдаць: «Рубель за гол!»

Гэта, вядома ж, сціплы ганарар, аднак галы былі!.. Нашы забівалі!

...Але ж бачыў я і тое, як забівалі ім.

Тады наша каманда як чэмпіён раёна прымала на сваім полі футбалістаў з Рагачова, якія з першых хвілін далі зразумець, што мацнейшыя, бо гулялі тэхнічна, лёгка, прыгожа. Яны забілі два мячы, і на полі адразу пацішэла.

Гэта была іншая гульня, іншы ўзровень! Як той казаў, зух супраць мух, а супраць зуха і сам муха.

Яўген Шастакоў, г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж... Гісторыю спадарыні Ларысы Купрыянчук чытайце ў адным з найбліжэйшых нумароў

Прэв’ю: pobasenki.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.