Вы тут

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў


У аснове алімпізму заўжды была бязмежная сіла чалавечага духу. Без яе не было б гучных перамог, рэкордаў, Алімпійскіх гульняў, ды і самога спорту — усяго, ад чаго ва ўсяго свету займае дух. Гэта гісторыя менавіта такая, у яе цэнтры — малады хлопец, які не проста нікога не пакіне раўнадушным, але і навучыць кожнага быць мацнейшым за абставіны і нават сам лёс.


Дзмітрый Ходас.

Чэмпіянат Еўропы 2019 года для юнацкай зборнай па цяжкай атлетыцы выдаўся ўраджайным — шмат медалёў, пяць сусветных, 40 еўрапейскіх і 50 нацыянальных рэкордаў. Але радасць ад гэтага патухла на фоне аднаго выступлення. На трыумфатара турніру, уладальніка «бронзы» па суме двухбор'я і малога «золата» ў рыўку Дзмітрыя Ходаса ўпала штанга. У трэцяй спробе ў штуршку ён заявіў вагу ў 146 кілаграмаў, але, страціўшы кантроль, упаў, а штанга ўпала на яго. З таго часу Дзіма не можа хадзіць. Але каварнаму снараду не ўдалося задавіць яго характар і любоў да спорту.

Зараз Дзмітрый праводзіць трэніровачны збор у Мінску. Разам з ім з Хойнікаў прыехаў першы трэнер і сябар Віктар Саракалетаў. «Пакуль я не магу дакладна і цвёрда сказаць, ці буду я далей займацца спортам. Гэты збор патрэбны, каб яшчэ раз усё ўзважыць і прыняць рашэнне. Але я не магу ўявіць сваё жыццё без спорту. Сёлета я паступіў на завочную форму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, хутка пачнецца першая сесія. Таму праз некалькі гадоў змагу працаваць трэнерам. Раней я ўжо дапамагаў сябру трэніравацца, і мне падабаецца гэта дзейнасць. Аднак гэта ўсё роўна спорт. Ні ў якай іншай сферы я сябе ўявіць не магу», — расказвае Дзмітрый.

«Не пусціш у вучылішча — уцяку з дому»

Спортам Дзмітрый займаецца палову свайго жыцця — з дзевяці гадоў, зараз спартсмену 18: «Спачатку я хадзіў на дзюдо, але яно мяне не зачапіла, не склаліся адносіны з трэнерам. Мая «кар'ера» дзюдаіста скончылася недзе праз тыдні два пасля пачатку. Калі я быў у трэцім класе, да нас на ўрок прыйшоў трэнер і запрасіў усіх ахвотных у секцыю цяжкай атлетыкі. Мне было гэта нецікава. Але, калі праз два тыдні ён прыйшоў зноў, мне стала цікава, што ж гэта за цяжкая атлетыка такая, і я пачаў займацца». Любові з першага погляду ў іх не атрымалася, зусім хутка Дзмітрыю надакучыла. Але трэнер Віктар Саракалетаў адзначыў здольнасці хлопчыка і, як бачна, не прагадаў. «Праз нейкі час, пасля таго, як я закінуў цяжкую атлетыку, Віктар Уладзіміравіч прыехаў да маёй мамы. Ён упэўніў і мяне, і яе, што ў мяне ёсць талент і я павінен працягваць. Мы паслухалі трэнера, і я вярнуўся ў залу. Пасля першай перамогі на гарадскіх спаборніцтвах зразумеў, што я хачу займацца цяжкай атлетыкай і дасягаць высокіх вынікаў».

Па словах Дзмітрыя, трэніроўкі ў той час прыносілі адно задавальненне. Канешне, была дысцыпліна, якую юныя спартсмены часам парушалі. «Мне пашанцавала з першым трэнерам. Віктар Уладзіміравіч быў з намі на адной хвалі. Пасля трэніровак мы часта гулялі з ім у футбол, у хованкі. Ён нармальна ставіўся да нашых не самых прыкладных паводзін. Памятаю такі выпадак. Трэнер быў заняты, а мы з сябрамі гулялі ў футбол у іншай зале. Каля сцяны стаялі спартыўныя маты, і мы з сябрам за іх схаваліся. А яшчэ адзін сябар паклікаў трэнера і сказаў, што мы зніклі. Канешне, трэнер разгубіўся. А калі ён адвярнуўся, мы вылезлі і пачалі даказваць, што ўвесь час былі менавіта ў гэтай зале. Ён спачатку раззлаваўся, а потым разам з намі пасмяяўся», — успамінае Дзмітрый.

Поспехі Дзмітрыя на абласных спаборніцтвах пасадзейнічалі таму, што ў 2016 годзе яго запрасілі ў Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе створаны выдатныя ўмовы для заняткаў цяжкай атлетыкай. На той час хлопец ужо цалкам жыў спортам. Прызнаецца, спачатку здавалася, што ў вучылішчы будзе цяжка, без сям'і, з іншым трэнерам. Але потым зразумеў, што гэта важны этап у спартыўным жыцці, які трэба прайсці, каб дасягнуць спартыўных вяршынь.

Маме перспектыва аддаць сына ў такім малым узросце ў вучылішча не вельмі спадабалася. «Мама заўсёды падтрымлівала мае заняткі спортам, ганарылася поспехамі. Але, мабыць, як і любая маці, яна хацела, каб я вучыўся побач, быў разам з ёй. Толькі я гэтага не хацеў. Па-першае, у нашым горадзе няшмат варыянтаў для атрымання адукацыі. А па-другое, я вельмі хацеў вучыцца менавіта ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Я абураўся: усе, з кім я трэніраваўся, паступаюць, а мяне мама не адпускае, як гэта так. Мы шмат спрачаліся наконт гэтага. Я нават прыгразіў, што, калі мама мяне не адпусціць, уцяку з дому. І ведаеце, уцёк бы, потым, вядома б, вярнуўся. Я ўпэўнены, калі б мама не пусціла мяне ў Бабруйск, я быў бы вельмі на яе пакрыўджаны», — дзеліцца Дзмітрый.

У 15 гадоў Дзмітрый выканаў нарматыў на званне кандыдата ў майстры спорту. А пасля юнацкага чэмпіянату Еўропы 2019 года яму прысвоена званне майстра спорту. З канца 2020 года Дзмітрый — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Усе за аднаго

Па словах Дзмітрыя, вялікую ролю ў яго жыцці адыгрываюць сябры. З найлепшым сябрам Кірылам яны сябруюць яшчэ са школы. Разам займаліся цяжкай атлетыкай, разам парушалі дысцыпліну на трэніроўках і выконвалі практыкаванні, якія трэнер даваў як пакаранне. Цяпер Кірыл вучыцца ў Мазыры, дзе абараняе спартыўны гонар вучылішча. Але розныя гарады мужчынскаму сяброўству не перашкаджаюць.

«Са школьных часоў у мяне засталіся тры сябры і дзве сяброўкі. Нават не магу сказаць, колькі гадоў мы разам. Яны вельмі моцна мяне падтрымліваюць і мне дапамагаюць. На мой погляд, сяброўства паміж хлопцам і дзяўчынай існуе, я ў гэтым упэўніўся на сваім прыкладзе. У мяне шмат сяброў з цяжкай атлетыкі. Мы не маем зносін кожны дзень, але я ўпэўнены, што яны заўжды прыйдуць на дапамогу. Я не магу назваць сябе актыўным спартыўным аматарам, у мяне няма куміраў ці горача любімых спартсменаў. Хоць не, хлушу. Мае любімыя спартсмены — мае сябры», — з гонарам дзеліцца Дзмітрый.

Дзмітрый Ходас з трэнерам Віктарам Саракалетавым і сябрам Аляксандрам Трыпуцем.

Галоўнымі рысамі сапраўднага сябра хлопец лічыць здольнасць і шчырае жаданне зразумець, падтрымаць і дапамагчы. Сам ён стараецца быць менавіта такім у сяброўскіх адносінах. А сябры ў яго не толькі равеснікі. Дзмітрый расказвае, што дома ў Хойніках ён не спыняў трэніровак. Дапамагае трэнер Віктар Саракалетаў, які кожны дзень наведвае свайго вучня, дае практыкаванні на ногі, прэс, спіну. Ініцыятар і ідэйны натхняльнік збораў у Мінску і ўвогуле заняткаў спортам для Дзмітрыя — Аляксандр Трыпуць, вядомы беларускі параалімпіец, бронзавы прызёр Параалімпійскіх гульняў 2016 года. Вопытны спартсмен упэўнены, Дзмітрыю трэба займацца спортам, гэта дапаможа яму не апусціць рукі.

«З Віктарам Уладзіміравічам мы знаёмы даўно. І я лічу яго старэйшым сябрам. Хоць мы і нядоўга знаёмы з Сашам Трыпуцем, але я магу назваць яго сваім сябрам. За кароткі час ён многае зрабіў для мяне. Саша сам мне напісаў, падтрымаў, падарыў спецыяльны трэнажор для ног, многаму мяне вучыць. Прызнаюся, раней я не ведаў пра яго, але потым пачытаў у інтэрнэце. Мне вельмі прыемна, што побач такі чалавек», — адзначае Дзмітрый.

Усё ці нічога

Калі меркаванне, што нашы сябры — наша адлюстраванне слушнае, то Дзмітрый Ходас — адкрыты, моцны, валявы чалавек. З самага пачатку ў маладога спартсмена была ўстаноўка — заўжды быць першым. А іначай навошта гэта ўсё, упэўнены хлопец: «Я заўжды лічыў, што трэніравацца і змагацца патрэбна для таго, каб быць першым. Мне вельмі важны вынік, хоць і працэс таксама мае значэнне. Таму мне заўсёды цікава спаборнічаць з моцнымі канкурэнтамі, тады ёсць кураж і лёгкі страх, які надае сіл. Хоць і выступаю за сябе, але я нясу адказнасць за тое, што прайграўшы магу падвесці трэнера, каманду».

Імкненне быць першым праяўлялася ў Дзмітрыя яшчэ да спорту. Ён успамінае, што нават у дзіцячых гульнях яму патрэбна было перамагчы. Хлопцу падабаецца падцягвацца, то-бок пастаянна імкнуцца наверх. Спартсмен лічыць, што такі валявы характар у яго ад бацькоў. А спорт яго толькі ўмацаваў і загартаваў. Гэта, бадай, ці не асноўная прычына такой любові.

Дзмітрый адзначае, што спорт навучыў яго не здавацца і быць гатовым да ўсяго. «На спаборніцтвах я хваляваўся, але нікому гэтага не паказваў. Канешне, былі сумненні, што я не змагу падняць пэўную вагу. Можна зрабіць усё, варта толькі захацець і сабраць усе сілы ў кулак. Псіхалагічна я гатовы да ўсяго. Кожны пройгрыш ці няўдача — гэта ўрок, які даецца, каб наступны раз быць мацнейшым», — разважае Дзмітрый.

Пакуль спартсмен не прыняў канчатковага рашэння аб працягу сваёй кар'еры. Трэнер Віктар Саракалетаў адзначае, зараз перад Дзмітрыем адкрыты многія віды спору. На зборы ў Мінску ён лепей пазнаёміўся з параалімпійскімі веславаннем і лёгкай атлетыкай. «Дзіма — моцны малады чалавек, і яму па сілах асвоіць многія віды спорту, але трэба знайсці той, дзе яму будзе максімальна камфортна працаваць. Таму зараз мы ў пошуках. У цяжкай атлетыцы будзе вельмі складана з-за класіфікацыі спартсменаў-параалімпійцаў у гэтым відзе спорту. Дзіма ўніверсальны баец, ён лёгка засвоіць любы спорт. Ён можа кідаць кап'ё, веславаць і яшчэ шмат чаго. Вядома, канчатковае рашэнне будзе за ім. Наша задача — накіраваць яго, дапамагчы вызначыцца. Дапамагае і Дзімаў трэнер з вучылішча Міхаіл Рабікоўскі. Вялікі дзякуй і Сашу Трыпуцю, і Нацыянальнаму параалімпійскаму камітэту за дапамогу, за гэты збор. Для нас з Дзімам гэта абсалютна новы вопыт і добра, што побач ёсць дасведчаныя людзі, якія могуць падказаць і накіраваць. У нас, можна сказаць, пачатак новага жыцця. Але я ў першую чаргу, дзіцяча-юнацкі трэнер. Таму, калі, дасць бог, усё будзе добра, Дзіма пойдзе трэніравацца, а я вярнуся да малых. Хлопец многаму мяне навучыў», — расказвае Віктар Саракалетаў.

Адказваючы на пытанне аб крыніцы матывацыі, Дзмітрый Ходас доўга не думае: мая матывацыя — гэта блізкія мне людзі. Я займаюся спортам, раблю ўсё дзеля сваіх блізкіх, сяброў, сям'і, малодшай сястры, мамы».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.