Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вотчын Маларыцкага раёна


Да Кацярыны Бягезы ў Вотчын мы завіталі ў дзень, калі на поўдні Брэстчыны выпаў снег, першы за гэтую зіму. Пасля доўгай шэра-чорнай пары душу парадавалі бялюткія прасторы. А па белым двары гаспадыні бегалі розных узростаў і колераў каты. Катафеі пужліва азіраліся на чужынцаў і хітравата лашчыліся да гаспадыні, маўляў, у місках нічога не засталося, трэба прыбавіць.


Шэсць кіламетраў, памножаныя на 16

Кацярына Міленцьеўна шкадуе кожную жывую істоту, вось і пазбіраліся да яе амаль з усёй вёскі вусата-хвастатыя стварэнні. Многія з летніх жыхароў-дачнікаў катоў падкормліваюць, каб весялей было на падворку, а на зіму хаты закрываюць і з'язджаюць у горад. Вось і цягнуцца небаракі да добрай бабулі. Тая корміць іх, дык яны тут, падобна, адчуваюць сябе прывольна.

У некалі, паводле яе вызначэння, «вясёлым і харошым» Вотчыне засталося шэсць пастаянных жыхароў. Летам бывае ўдвая, а то і ўтрая больш, падцягваюцца нашчадкі былых гаспадароў. А зімуюць цяпер — яна, яшчэ адна жанчына ды некалькі нестарых мужчын, як яна гаворыць, хлопчыкаў. Вось і ўсё насельніцтва.

У Вотчын Кацярына выйшла замуж за свайго Сцяпана ў 1962 годзе. Сама яна родам з суседняй украінскай Гуты. Да роднай вёскі напрасткі недзе кіламетраў шэсць. Раней пехатой туды бегала ледзь не кожны тыдзень. Цяпер... падлічылі з Кацярынай Міленцьеўнай, каб ёй дабрацца ў сваю вёску праз афіцыйны пагранічны аўтапераход «Макраны», трэба пераадолець каля сотні кіламетраў толькі ў адзін канец. Калі да пандэміі на Украіну хадзілі цягнікі, было прасцей і бліжэй, можна было па чыгунцы дабрацца ў Забалацце, адтуль да Гуты — кіламетраў дванаццаць. Нядаўна там памерла яе сястра, дык на пахаванне жанчына не папала. Кажа, раней зранку выйшла б з хаты, за гадзіну-паўтары прыйшла б... Такія вось сённяшнія рэаліі жыцця на памежжы.

— Некалі былі вялікія сем'і, не тое, што цяпер, адно ці двое дзяцей у сям'і — разважае Кацярына Міленцьеўна. — Мае бацькі выгадавалі дзевяцярых. У памяці засталося, што весела было, асабліва як у школу хадзілі, усе ўжо велікаватыя, бацькам дапамагалі. Пасля работы на танцы, на вячоркі бегалі, песні спявалі, не заўважалі нават, што жылі бедна. На танцах і сустрэла свайго Сцяпана, які прыходзіў у Гуту з Вотчына.

Дзеці вайны: раненне ў яе і тэрмін для яго бацькі

А ў вайну перажыць іх сем'ям давялося шмат. Нарадзілася Кацярына Міленцьеўна ў 1942 годзе. Ведае з расказаў маці, як тая з двума малымі ўцякала ад немцаў падчас аблавы, і куля іх усё ж дагнала. Кацярынцы, якой не было і года, куля трапіла ў верхнюю частку пляча, але прайшла навылет, косці не зачапіла, толькі невялічкі след застаўся. А маладую жанчыну з іншымі жыхарамі вёскі пагналі потым у лагер у Забалацце, адтуль набіралі людзей на розныя работы, у тым ліку і для адпраўкі ў Германію. Там маці з двума малымі жыла ледзь не два гады, у лагеры Каця і пачала хадзіць. У Германію не забралі, бо жанчына была з двума дзецьмі на руках. Каб выжыць і накарміць дзяцей, хадзіла на чыгуначную станцыю жабраваць. Нямецкія салдаты-франтавікі кідалі няшчасным жанчынам з вагонаў тушонку, бульбу, кавалкі хлеба, так і карміліся. Часам з лагера вадзілі на работу ў поле і давалі мукі альбо крупы. А жылі ў тым лагеры ў зямлянках з палком. Потым ім дазволілі вярнуцца дадому. Бацьку ў 1944-м забралі на фронт, і амаль адразу ён атрымаў цяжкае раненне, пасля шпіталя вярнуўся дадому.

Але не толькі ад акупантаў цярпелі тутэйшыя людзі. Шмат гора сербанулі і пасля вайны, у навакольных лясах яшчэ доўга хаваліся бандыты, ці, як іх тут называлі, «бульбашы». Іх людзі баяліся, бо тыя прыходзілі звычайна ноччу і бралі ўсё, што ім падабалася з маёмасці, прымушалі дапамагаць, а часам забіралі ў свае атрады маладых мужчын, пагражаючы зброяй. Многія, асабліва актывісты, ад іх рук загінулі. Пацярпеў і бацька яе мужа Сцяпана. «Свёкру загадалі запрэгчы каня і перавезці іх праз роў у лес з амуніцыяй. Вядома, перавёз, а куды дзенешся? У канцы прыгразілі, калі каму раскажа, не пашкадуюць усю сям'ю. А на судзе потым паставілі ў віну, што не данёс, і далі 15 гадоў — расказвае пенсіянерка. — У гэтай вёсцы, можа, з дзясятак мужчын пасадзілі на 10, 15, 25 гадоў. А ў нас, у Гуце, нікога не пасадзілі, хоць дапамагалі аднолькава. Калі ружжо настаўлялі на дзяцей, у гаспадара не заставалася выбару... Адно толькі добра, што 15 гадоў не сядзеў свёкар, потым усё ж была амністыя, і яго выпусцілі», — уздыхае жанчына.

Калі ў жарце становіцца многа праўды

Са Сцяпанам яны пабудавалі хату, выгадавалі траіх дзяцей. Трыццаць гадоў яна адпрацавала цялятніцай на ферме. Ферма тады была побач, у Вотчыне. «І так выйшла, што сярод жанчын-работніц я была маладзейшая. Мы любілі жартаваць-смяяцца. Бывала, кажу ім: «Ох, я самая маладая з вас, вось вы некалі ўсе паўміраеце, я застануся, усё тут будзе маё». І рагочам далей, а я і не задумвалася нават, што гэта некалі можа стаць праўдай. А цяпер вось нікога з тых ранейшых жывёлаводаў ужо няма, і фермы няма. І школы пачатковай, і магазіна. І ўжо восем гадоў як няма майго Сцяпана. Прыехаў аднойчы праўнук малы да мяне, ідзём з ім па вуліцы. А ён пытае: «А тут хто жыве? А ў гэтай хаце? А ў гэтай?» А я адказваю, што нікога няма, усе паўміралі. А ён дзівіцца: «І чаму ў гэтай вёсцы ўсе людзі паўміралі?» Прыйшлося яму тлумачыць, што старэнькія былі тыя дзядулі і бабулі, цяпер вось толькі хаты іх і засталіся», — гаворыць жанчына.

Але Кацярына Міленцьеўна як была працавітая, так і засталася. У свае 78 гадоў трымае гаспадарку, у хляве ёсць свінні, куры, індыкі. Праўда, летам асноўныя клопаты па гаспадарцы бярэ на сябе гарадскі зяць. У яго такі рэжым работы, што працуе суткі праз трое. І адразу пасля змены кіруе ў вёску. Паводле слоў цешчы, ён дня не можа пражыць без лесу, у грыбы, ягады, проста ў лес ходзіць штодня. І заадно харчовую праграму сям'і выконвае, гадуе розную жыўнасць. А зімой яна ўжо самастойна спраўляецца са значна меншай гаспадаркай. Хоць дзеці ўгаворвалі адмовіцца хаця б ад самай цяжкай часткі работы, напрыклад, збыць свіней. Яна ж пакуль не згаджаецца. Кажа: «Перад Калядамі, як забілі кабанчыка, добра было ўсім у сумкі свежыны накласці». Для яе гэта вялікая радасць, што можа дапамагчы дзецям-унукам з прадуктамі, і не абы-якімі: сваімі, смачнымі, экалагічна чыстымі.

Суседзі, якім патрэбная дапамога

Акрамя таго, Кацярына Бягеза гатуе есці, штодня дапамагае дваім суседзям. Яны інваліды з дзяцінства, бацькі паўміралі. Мужчынам, старэйшаму з якіх пад пяцьдзясят, патрэбна дапамога. Самастойна яны не могуць весці гаспадарку з прычыны разумовай адсталасці. У жанчыны афіцыйна аформлена апякунства. Яна і дапамагае, есці наварыць кожны дзень, старэйшы звычайна прыходзіць і забірае. Яшчэ падкажа, як трэба прыбраць у хаце, што зрабіць па дамашняй гаспадарцы:

— Яны і паслухаюць, асабліва старэйшы, той усё можа зрабіць, трэба толькі падштурхнуць, пакіраваць.

...У мяне і самой першы хлопчык хворы нарадзіўся, памерла тое дзіцятка, не дажыўшы і да двух гадоў. Я ведаю, што такое хворае дзіця. Колькі часу прайшло, а ўсё свайго ўспамінаю, — з горыччу разважае жанчына. — І гэтых не магу пакінуць. Тут больш няма каму пра іх паклапаціцца. Каб не я, то, мусіць, іх ужо ў прытулкі забралі б, а так яны ў сваёй хаце, дзе выраслі, дзе ўсё прывычнае для іх. Я пенсію іхнюю атрымаю і ўсё распісваю: большая частка на прадукты ў аўтакраме, гэтая частка — нешта купіць з тавараў, а гэта — адкласці на паліва. Вось і нядаўна заказала прычэп дроў, прывезлі гатовых, паколатых. А прапаліць печ яны самі здолеюць.

Старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Аляксандр Карабейка, з якім мы наведалі вёску, расказаў потым пра спробу аформіць малодшага з інвалідаў у сацыяльную ўстанову. У яго стан здароўя горшы, таму і было прынята такое рашэнне. А калі дакументы падрыхтавалі і прыехалі за ім з раёна, камісія застала ў хаце ўсіх у слязах. Плакаў, бо не хацеў ад'язджаць, малодшы, плакаў яго старэйшы брат, плакала, на гэта гледзячы, і Кацярына Міленцьеўна. А потым сказала: «Пакуль змагу, буду памагаць хлопцам». І яго не забралі. Пажылая апякунка спраўляецца, а адчуванне неабходнасці іншым людзям, здаецца, надае ёй сілы.

Яна ўсіх шкадуе, усім спачувае. Расказала яшчэ пра аднаго суседа, з якім, на яе думку, несправядліва абышоўся лёс. Жыццё не склалася як трэба, бо своечасова не знайшоў сабе пару, так і пражыў бабылём. Працаваў зваршчыкам, таму датэрмінова выйшаў на пенсію, а па ўзросце яшчэ і не пенсіянер. І што здзіўляе яго суседку, ідэальны парадак у хаце: бялізна вымытая, падлога памытая, хоць і ў чарку чалавек зазірае — галоўным чынам, відаць, з-за суму. Адным словам, патэнцыйны гаспадар прападае.

Майстрыха на ўсе рукі

Затое ў яе зусім няма часу сумаваць. Пра гаспадарку і штодзённае гатаванне ежы для падапечных ужо гаварылася. У выхадныя Кацярына Міленцьеўна спявае ў царкоўным хоры, а ў царкоўнай бібліятэцы бярэ кнігі, каб чытаць вечарамі. Выпісвае газету, каб быць у курсе навін, глядзіць тэлевізар. Раней вышывала, цяпер гэтае хобі пакінула, бо зрок аслаб. Ручнікі на абразах, падушкі, абрусы — усё вышыта яе рукамі. І нават ходнікі, дыван на падлозе — не проста тканыя, а вышываныя. Апошняе нячаста даводзілася бачыць, гэта, хутчэй, украінская традыцыя, якую Кацярына прынесла з сабой у беларускую вёску.

А яшчэ яна каравайніца, якіх не так многа ў акрузе. Раней часта пякла пірагі, вясельныя караваі, цяпер гэта па зразумелых прычынах здараецца рэдка. Муж старэйшай унучкі працуе аператарам на Брэсцкай студыі тэлебачання. Аднойчы, як здымалі сюжэт пра маларыцкіх каравайніц і майстрых, завіталі і да бабулі Кацярыны. Яна свой каравай пякла, можна сказаць, на камеру. Вядома, сюжэт быў пазней размешчаны ў інтэрнэце. Дык расказвалі, што водгукі прыйшлі не толькі з розных куткоў нашай краіны, але нават з Германіі.

Дзеці Кацярыны Бягезы жывуць недалёка, сын і дачка — у Брэсце, яшчэ адна дачка — у Маларыцкім раёне. Бабуля мае ўжо сем унукаў і шэсць праўнукаў. Усе любяць прыязджаць у Вотчын летам. Калі будзе нагода сабрацца ўсёй вялікай сям'ёй, то яна сваіх фірменных пірагоў абавязкова напячэ.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Калі прыехалі забіраць суседа-інваліда, яна ўзялася стаць апекуном

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

На другасным рынку жыллё працягвае таннець (у глабальным плане без перапынкаў) ужо з верасня мінулага года.

Грамадства

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Няўжо гэтую цяжкую хваробу так лёгка абвесці вакол пальца?

Калейдаскоп

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Мода вясны — 2021 прапануе некалькі глабальных кірункаў: мінімалізм, унісекс і 1990-я.