Вы тут

Стваральнік “Маладняка”: новы віртуальны раздзел да 115-годдзя Андрэя Александровіча



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Стваральнік “Маладняка”: новы віртуальны раздзел да 115-годдзя Андрэя Александровіча

У 2021 годзе мы працягваем плённую працу над сумесным праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які парадуе карыстальнікаў новымі цікавымі матэрыяламі і навінамі. Праект ажыццяўляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (часопіс “Маладосць”).

22 студзеня адзначаецца 115 гадоў з дня нараджэння Андрэя Іванавіча Александровіча (1906–1963) – паэта, публіцыста, дзіцячага пісьменніка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Гэтай асобе Нацыянальная бібліятэка прысвяціла новы віртуальны раздзел праекта.

Карыстальнікі пазнаёмяцца з асаблівасцямі лёсу паэта, яго літаратурнай дзейнасцю. У фондах бібліятэкі захоўваецца ўся прыжыццёвая спадчына А. Александровіча. У праекце размешчаны 25 алічбаваных кніг, сярод якіх зборнікі вершаў: “Па беларускім бруку” (1925), “Прозалаць” (1926), “Угрунь” (1927), “Гудкі” (1930), паэма “Цені на сонцы” (1930), драматычная паэма “Напор” (1933), вершаваны зборнік “Узброеныя песні” (1936), шэраг твораў для дзяцей, а таксама яго проза: раман “Ваўчаняты” (1925), які напісаны ў суаўтарстве з “маладнякоўцамі” А. Вольным і А. Дударом, зборнік апавяданняў “Сутарэнне” (1925) і іншыя творы.

Радаслаў Андрэевіч Александровіч каля магілы бацькі. Мінск. Усходнія могілкі. 1969 г.

Цікавай будзе інфармацыя пра пастаноўку драматычнай паэмы А. Александровіча “Напор” рэжысёрам М. Міцкевічам і акцёрамі БДТ-2 (Віцебск), а таксама матэрыял па ўшанаванні памяці паэта, рэпрадукцыі партрэтаў А. Александровіча ў творчасці мастакоў.

У раздзеле сабрана літаратура пра  жыццё і творчасць А. Александровіча. Для даследчыкаў творчасці паэта, а таксама для ўсіх зацікаўленых мы прапануем поўныя тэксты матэрыялаў сучасных аўтараў, якія робяць праект “жывым” і актуальным. Тут вы знойдзеце артыкулы В. Жыбуля і Г. Севярынец, размешчаныя з дазволу аўтараў.

Адзначым, што падраздзел публікацый сучасных даследчыкаў у межах усяго праекта перыядычна папаўняецца новымі матэрыяламі, таму запрашаем да ўдзелу навукоўцаў, даследчыкаў і студэнтаў, якія цікавяцца творчасцю Андрэя Александровіча і іншых “маладнякоўцаў”.

А. Александровіч з жонкай і дзецьмі. З фондаў БДАМЛМ

Набліжае асобу паэта да нас “Фотагалерэя” з фотаздымкамі, выявамі дакументаў, рукапісаў, віншавальных паштовак, асабістых рэчаў А. Александровіча, што захоўваюцца ў фондах партнёраў праекта. Прадстаўлены фота Андрэя Іванавіча розных перыядаў жыцця і яго родных: сястры Алесі, літаратуразнаўцы і педагога, а таксама жонкі паэта, яго дзяцей і ўнукаў, сяброў і паплечнікаў.

Дзённік А. Александровіча. 25.11.1955 З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Ліст А. Васілевіч да А. Александровіча. 01.12.1960 З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

У праекце размешчаны старонкі з дзённіка Андрэя Александровіча і яго ліставанне з празаікам і перакладчыкам І. Барашкай, артысткай П. Мядзёлкай, пісьменніцай А. Васілевіч (арыгіналы захоўваюцца ў фондзе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва). Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць дакументы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.
Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося мерапрыемства “Віртуальная прэзентацыя літаратурнай спадчыны Андрэя Александровіча”. Пра адкрыццё новага раздзела, які прысвечаны 115-годдзю паэта, распавяла галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Юлія Амосава. Прагучала паведамленне загадчыцы інфармацыйна-аналітычнага аддзела Таццяны Лаўрык пра сумесны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” і празаічныя творы пісьменніка. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша расказаў пра кніжны фонд А. Александровіча, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, і дакументы пісьменніка ў архівах краіны. Мерапрыемства завяршылася выступленнем вядучага навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктара Жыбуля, які даследуе паэтычную спадчыну Андрэя Александровіча.

Запрашаем прагледзець запіс мерапрыемства і даведацца больш пра героя новага віртуальнага раздзела!

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/da-100-goddzya-litab-yadnannya-maladnyak/stvaralnik-maladnyaka-novy-virtualny-razdzel-da-115-goddzya-andreya-aleksandrovicha/

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.