Вы тут

Выйшла новая кніга паэтэсы Ніны Галіноўскай «У казачным лесе»


Сонечны зайчык не любіць пахмурнага надвор’я. А дзе хаваецца ён у ясны дзень? Пра гэта даведваемся з кніжкі Ніны Галіноўскай «У казачным лесе». Новая кніга — падарунак Выдавецкага дома «Звязда» да юбілею паэтэсы. Наплывае воблачка, цьмее вакол, у прыродзе і ў жыцці, а сонечны зайчык трапеча ў яе душы, вершах.


Фота Кастуся Дробава.

Ніна Галіноўская — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, даўно і плённа працуе ў дзіцячай літаратуры. Яна разумее: мастацкая кніга — вучэбны і жыццёвы дапаможнік, а яе аўтар — той жа настаўнік, ад таленту якога залежыць, які след у памяці і душах дзяцей пакіне яго творчая праца. Пісьменніца падрыхтавала для чытачоў цэлую палічку кніжак: «Камп’ютарныя сакрэты», «Палёт з Карлсанам», «Клубок і Калабок», «Зай-прагназіст», «Леў смяецца», «Звяры ў трамваі», «Размова сняжынак»… Вершы, песні, казкі, жарты, небыліцы, загадкі, скорагаворкі напісаны з веданнем псіхалогіі дзяцей, даходлівай мовай, без складаных абстрактных вобразаў — якраз для вучняў пачатковых класаў і дашкалят.

Паэтэса паступова, ад верша да верша, падводзіць дзяцей да высновы, што наша Радзіма — гэта ўся планета Зямля. І яе трэба любіць і берагчы, як і мілы сэрцу куточак, дзе ты нарадзіўся. З Зямлі ўзлятаюць, на Зямлю вяртаюцца дзеці ў вершах «Быць касманаўтам», «Юнга-касманаўт», «Планетаход», «Прыемны палёт». «Пада†е будзільнік звон. // Як шкада: палёт мой — сон. // Сон дзівосны, сон цікавы. // Я хачу, каб стаў ён явай».

Дзеці любяць марыць. Але не ўсе разумеюць, што мары — гэта не пісьмы да Дзеда Мароза з просьбай спраўдзіць жаданне. Ніна Галіноўская расказвае і паказвае на канкрэтных прыкладах, калі і як нараджаюцца мары. Праз знаёмства з камп’ютарам. Праз экскурсіі на завод, у метро, на будоўлю. Праз здольнасць спяваць, танцаваць, маляваць. З часам адны мары сплываюць, як воблачкі ў блакіце, з’яўляюцца новыя. А да самай запаветнай мары чалавек, бывае, ідзе ўсё сваё жыццё.

Для дзяцей і гульня — праца. Яны водзяць цацачныя аўтамашыны, будуюць з пяску палацы, лепяць з пластыліну розныя рэчы, фігуркі звяркоў і птушак. У свой час Ніна Васільеўна сама працавала ў дзіцячым садку і ведае, як важна пахваліць малых рупліўцаў, заахвоціць іх у гульні-працы добрым словам, усмешкай, дапамагчы, калі нешта не ладзіцца. І яны стараюцца, радуюць сваіх бацькоў, настаўнікаў, нас, чытачоў, у вершах «Балерына», «Малюнак на асфальце», «Табурэт», «Песня для мамы», «Тата здзівіцца».

Прэстыжныя, авеяныя славай і рамантыкай прафесіі касманаўта, марскога капітана, артыста, кампазітара, мастака. Але ж колькі людзей побач з намі займаюцца будзённымі, простымі справамі. Паэтэса не забывае нагадаць пра гэта, напрыклад, у вершы «Дзякуй прыбіральшчыцы». Працу такіх людзей таксама трэба цаніць!

Не ўсе дзеці добра вучацца, дапамагаюць бацькам дома і на дачы. Паэтэса не крыўдзіць іх грубым словам, а дае кожнаму ацэнку апасродкавана — праз рэчы, якімі яны карыстаюцца. Размаўляюць дзве рыдлёўкі-сяброўкі. Адна аж ззяе на сонцы пасля работы ў агародзе, другая жаліцца: «Добра жыць табе, цікава. // Я ж стаю ў кутку без справы. // Есць іржа мяне ўвесь час, // Гаспадар мой — Апанас». Такія вершы, прыперчаныя сатыраю, таксама вучаць, выхоўваюць. На сябра за папрок у гультайстве можна пакрыўдзіцца, нават пасварыцца. А які Апанас будзе крыўдзіцца на рыдлёўку? Выйсце адно: паказаць, што і ты любіш ды ўмееш працаваць.

Нішто ў жыцці не даецца лёгка і проста. І трэба з малых гадоў ведаць, каму, апрача людзей, абавязаны мы сваім спакоем, хто зачароўвае нас музыкай і спевамі, адкуль на стале нашым хлеб і малако. З першага прачытання запамінаецца верш «Зорачка».

Дзе ты хадзіла,

Зорачка наша? —

Траўку духмяную

скубла на пашы.

Чыстай вадзіцы

дала мне рака.

Многа прынесла

я малака.

Як жывую, бачыш гэтую кароўку. Уяўленне вымалёўвае і вобразы дзяцей, якія так ласкава сустракаюць кароўку на сваім падворку, дзякуюць за малако, частуюць лустачкай хлеба. З падказкі настаўніцы юныя мастакі могуць самі праілюстраваць верш — дакладна, як у аўтара, ці дадаўшы свае дэталі.

Дзеці да прыроды бліжэй, чым мы, дарослыя. Іх радуе, цешыць кожная пара года. Выйшлі з берагоў рэкі, і ў родны край «шыбуе вясна на чаўне». Адмыкае зямныя скарбы, вяртае з выраю птушак, упрыгожвае зямлю травой і кветкамі, а неба — блакітам і вясёлкай. Лета, восень і зіма маюць свае жывыя колеры і гукі, свае клопаты ў будні і святы. У гэты адвечны кругаварот жыццё ўцягвае людзей, жывёл і птушак, стракозак і матылькоў, дрэвы і расліны. Свет людзей і свет прыроды ў творах Ніны Галіноўскай так гарманічна паяднаны, што размываецца мяжа паміж явай і казкай. «Ад злосці ці дзеля пацехі // Спаліла маланка арэхі. // Арэшына нікне ў бядзе: // — Ну, чым пачастую людзей?» Паэтэса жыве з прыродай у згодзе, яе «адчувае душой». Без плакатных слоў і клічнікаў, ціха і мудра, на мастацкіх вобразах, вучыць яна бачыць зямную прыгажосць, любіць, разумець і ахоўваць прыроду круглы год. Прачытаеш верш і не адразу скажаш, радкі прамаўляе паэтэса ці яе лірычны герой. Душа адна, па-дзіцячы ўражлівая і адкрытая. «Вецер шэпча з каласамі. // Жмураць вочы васількі. // Жыта колецца вусамі — // Асцярожна, матылькі!..» Бацькі вучаць дома, настаўнікі — у школе, аднак кожнаму трэба прайсці яшчэ і школу прыроды, год за годам, каб зразумець і ўпэўніцца: за тваю любоў і клопаты «красою і хлебам аддзячыць зямля». Слушная падказка — не толькі дзецям, але і нам, дарослым.

У кніжках Ніны Галіноўскай шмат дзівос, аўтарскіх і дзіцячых прыдумак. Пытанні-загадкі і адказы на іх амаль у кожным сюжэтным вершы — з усмешкай у радках ці ў падтэксце. Дзе начуе дзень? Пра што размаўляюць сняжынкі? Калі ідзе рыбны дождж? Чаму танцаваў мяшок? На якім музычным інструменце граюць гусі? Для каго пячэ хлеб заяц? Каму дапамог верабей?.. А хіба не цікава даведацца, навошта катку званочак? Той, хто падарыў яму гэты званочак, радуецца болей, чым сам каток.

Бытавыя сцэнкі, падгледжаныя аўтарам у жыцці, становяцца казкамі: лясныя звяры, хатнія жывёлы і птушкі трапляюць у розныя сітуацыі — сур’ёзныя і кур’ёзныя, вясёлыя. «Запаліў у печы Зай — // Хоць ты ў сенцы уцякай: // Дым ідзе на хату сіні, // Хоць і юшку адчынілі». Аказваецца, галкі нанасілі ў комін галінак і перакрылі дымаход. Бядуе Зайчыха-маці: дзе есці дзецям наварыць? Дапамог сынок. Ён спілаваў елачку, прывязаў да жэрдкі, залез па лесвіцы на дах і — шах-шах! — ачысціў ад галінак і сажы комін. Радуецца, хваліць кемнага камінара маці: «Малайчына, Зай-сынок! Дым віецца да аблок».

Заяц сустрэў лісу, якая бегла з вёскі ў лес. І пытае, што яна нясе ў мяшку на спіне. Ліса адказала: «Муку на бліны». Пачуўшы галасы, мяшок заварушыўся — і «мука» закукарэкала. Цудоўны вобраз! Певень сюды, у аўтарскую казку, нібы заляцеў з фальклору, каб выкрыць хітрую лісу-злачынку.

Такія творы лёгка чытаюцца і запамінаюцца, а малюнкі да іх глядзяцца як кадры з вясёлых мульцікаў. Паэтэсу на літаратурных сустрэчах азадачваюць пытаннем: «А што з пеўнем пасля сталася?» Падбіваюць прыдумаць працяг са шчаслівым канцом, як у народных казках.

Часам дзеці без злога намеру займаюцца не тым, чым трэба. Паэтэса зноў жа апасродкавана, праз звяроў і птушак, падказвае, што робіцца не так, каб болей не памыляліся, як курачка ў вершы «Дарэмная праца».

Носіць курачка ваду,

Палівае лебяду.

Падышла паважна качка: —

Траціш час дарма, дзівачка!

Лепш пасеяла б ячмень —

Ела б кашу кожны дзень.

Адштурхнуўшыся ад верша-казкі, можна расказаць дзецям і пра лебяду, і пра ступу, у якой некалі таўклі ячмень на крупы і ў якой лятала з мятлой Баба Яга. Тым болей, што ў адну з казак яна і сама заляцела. А чаму надумалася пайсці працаваць выхавальніцай у дзіцячы сад, даведваемся, прачытаўшы казку «Падарожніца».

Ніна Галіноўская стараецца не паўтарацца і ў тэматычна блізкіх творах. Нават у кароценькім вершы ёсць свая інтрыга — з развязкай у апошніх радках. Унук убачыў на снезе дзіўныя слядкі, падобныя на літары. Расшыфраваў загадкавае «пісьмо» дзед: «Табе, Міколка, пішуць птушкі, каб ты зрабіў для іх кармушкі». Па дасціпнай прыдумцы аўтара дзед і знаўцам птушынай мовы стаў, і так, з усмешкай, заахвоціў унука да карыснай справы.

Клапоціцца паэтэса пра форму выяўлення сваёй задумы, рытмічную і інтанацыйную будову страфы і верша ў цэлым. Гісторыя не апісваецца, а падаецца ў дзеянні, у руху думкі і слова — звычайна праз размову аўтара і яго героя або праз размову паміж дзвюма ці болей асобамі. І так, праз сціслы дыялог, вымалёўваецца вобраз кожнага героя — з адметнымі ўласцівасцямі яго характару і душы.

Асобныя вершы і казкі просяцца ў школьныя чытанкі, дапаможнікі для заняткаў і гульняў у дзіцячым садзе. Больш сур’ёзныя творы — да каляндарных і сямейных свят, і такое, напрыклад, просценькае на першы погляд чатырохрадкоўе: «У Андрэйкі — параход, // У Сяргейкі — лодка. // Паплыве дзіцячы флот // У заліў Находка». Ключавое слова тут — Находка. Дашкалятам трэба расказаць, што заліў і порт з такой назвай знаходзяцца далёка ад нас, у Прыморскім краі. І яны з ахвотай «паплывуць» у першае сваё падарожжа за край свету.

Выдавецкі дом «Звязда» паспрыяў і выхаду ў свет кніжкі «Калі я шчаслівы». Малюнкі Галіны Хінка-Янушкевіч то фантастычныя, заснаваныя на казачных матывах, то рэальныя, зямныя — з красой і багаццем паўсядзённасці, жывёльнага і расліннага свету. Кніжка прыгожа глядзіцца, радуе вока як падарункавае выданне. А калі і з кім шчаслівы лірычны герой Ніны Галіноўскай, падкажа і аднайменны верш, і малюнак на вокладцы — з імёнамі самых дарагіх для нас людзей.

Натхнёна, з сонечным зайчыкам у душы, жыве і працуе Ніна Галіноўская. Яна часта выступае ў школах, бібліятэках, дзіцячых садках. Ёй шчыра дзякуюць, просяць даць аўтограф. Кожная яе кніжка — паэтычны падарунак дзецям, бацькам, настаўнікам.

Мікола МАЛЯЎКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».