Вы тут

На Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Трамвай “Жаданне”»


На Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Трамвай “Жаданне”» ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Валянціны Ераньковай. Меладраму меркавалі прадставіць яшчэ ў кастрычніку, але планам было наканавана здзейсніцца толькі ў канцы снежня. У пастаноўцы занятыя заслужаныя артысты Сяргей Чэкерэс (Стэнлі Кавальскі) і Валерый Шушкевіч (урач), а таксама акцёры Кацярына Шатрова (Бланш Дзюбуа), Іна Савянкова (Стэла), Сяргей Жбанкоў (Мітч), Юлія Кадушкевіч (Юніс), Аляксей Качан (Стыў), Аляксандр Душачкін (малады чалавек, агент па падпісцы), Таццяна Кухто (наглядчыца).


Вечар у пачатку мая

У свой час за твор «Трамвай “Жаданне”» яго аўтар Тэнесі Уільямс быў удастоены Пулітцэраўскай прэміі, а таксама вылучаўся на атрыманне прэміі «Оскар» як найлепшы сцэнарыст за адаптацыю для экрана — у аднайменнай стужцы 1951 года рэжысёра Элія Казана галоўныя ролі выканалі Віўен Лі і Марлон Брандо. Усе гэтыя акалічнасці паспрыялі таму, каб твор «Трамвай “Жаданне”» стаў адным з самых вядомых у творчасці амерыканскага драматурга, хоць увогуле большасць яго п’ес маюць шмат агульнага, бо будуюцца на канфлікце духоўнага і цялеснага пачаткаў, пачуццёвага парыву і цягі да духоўнай дасканаласці.

«Трамвай “Жаданне”» пачынаецца з імпрэсіяністычнага апісання месца і часу дзеяння, якога не можа замяніць нават найлепшая сцэнаграфія, а ў спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага яна сапраўды асаблівая. Ва ўтульнай Малой зале, дзе глядач становіцца не столькі назіральнікам, колькі выпадковым сведкам, на агульную атмасферу станоўча ўплывае ўсё: цёмны фон, прыглушанае святло, «сціснутасць» прасторы, цёмныя бліскучыя пустыя і поўныя бутэлькі, што нібы ўтвараюць сцены, становячыся метафарай фізічнай і духоўнай турмы… Дарэчы, над сцэнаграфіяй і касцюмамі працавала галоўны мастак тэатра Ала Сарокіна.

«Двухпавярховы рагавы домік на Елісейскіх палях у Нью-Арлеане — вуліцы паміж ракой і чыгуначнымі шляхамі. Убогая ўскраіна, і ёсць у ёй, аднак, у яе заняпаласці — не ў прыклад такім жа задворкам іншых вялікіх амерыканскіх гарадоў — нейкая цалкам асаблівая, задзёрыстая краса. Дамы тут збольшага белыя, аблезлыя ад непагадзі, з вычварнымі франтонамі, аббудаваныя нетрывалымі лесвічкамі і галерэйкамі. У доміку дзве кватэры — уверсе і ўнізе, да дзвярэй абедзвюх вядуць абшарпаныя белыя лесвічкі.

Вечар у пачатку мая, яшчэ толькі-толькі пачынаюць збірацца першыя прыцемкі. З-за белага, ужо набрынялага імглой дома неба праглядвае такім невымоўным, амаль бірузовым блакітам, ад якога на сцэну нібы ўваходзіць паэзія, якая лагодна сунімае ўсё тое прапашчае, сапсаванае, што адчуваецца ва ўсёй атмасферы тутэйшага жыцця. Здаецца, так і чуеш, як цёпла дыхае бурая рака за берагавымі пакгаўзамі, што прыкра духмяна пахнуць кавай і бананамі. І ўсяму тут пад настрой гульня чорных музыкантаў у бары за вуглом. Ды і куды ні кінь, у гэтай частцы Нью-Арлеана, вечна дзесьці побач, рукой падаць, — за першым жа паваротам ці ў суседнім доме — якое-небудзь разбітае піяніна адчайна заходзіцца ад галавакружных пасажаў беглых карычневых пальцаў.

У адчайнасці гэтай ігры — гэтага «сіняга піяніна» — блукае самы хмель тутэйшага жыцця», — так пачынае сваю п’есу Тэнесі Уільямс. Дарэчы, «сіняе піяніна» адыгрывае не апошнюю ролю ў тэксце. Пад яго акорды, якім падпявае труба пад сурдзінку, завяршаецца дзеянне. І складана ўявіць у якасці музычнага суправаджэння нешта іншае, чым, напрыклад, «French Quarter» Алекса Норта, кампазіцыю, што гучыць у пачатку вышэйзгаданага фільма. Кампазітарам жа спектакля ў тэатры імя М. Горкага выступіў Аляксей Еранькоў, і, як падалося, у выніку музыка не ў поўнай ступені здолела падтрымаць тую атмасферу, якой дамагаліся ўсімі іншымі сродкамі. Месцамі яна занадта ўжо ненапружаная і бясстрасная, хоць заўсёды ёсць верагоднасць, што такім чынам стваральнікі імкнуцца дасягнуць адчування дысанансу паміж дзеяннямі і іх значэннем для сям’і ды галоўнай гераіні.

Кампраміс як спосаб не звар’яцець

Адчуванне роспачы, якое ахоплівае ўвесь твор, прасочваецца ўжо ва ўступным слове аўтара. Дзеянне пачынаецца з прыезду Бланш Дзюбуа, настаўніцы англійскай мовы з манерамі арыстакраткі, да малодшай сястры Стэлы, якая замужам за простым рабацягам Стэнлі Кавальскі. Нягледзячы на загулы і скандалы гэтага мужчыны, Стэла любіць яго і даруе яму любое слова ці ўчынак. Яны пачынаюць жыць утрох, і паміж нервовай Бланш і грубым Кавальскі прабягае чорная кошка. Сваячка яму не падабаецца, бо ў ёй бачыцца пагарда, таму ў ім абвастраецца саслоўная варожасць да распешчанай і да таго ж распуснай Бланш. Фінал трагічны — асуджанасць чытаецца адразу, хоць Бланш і спрабуе збегчы ад лёсу, выратавацца ў абдымках простага хлопца Мітча. Ён баязлівы і сарамлівы ад прыроды. Усё яго жыццё прайшло побач з хворай маці. З-за моцнай адданасці ёй Мітч так і не пабудаваў сваю сям’ю. Ён таксама рабочы, таксама марнуе час за картамі, але пры гэтым валодае шчырасцю, дабрынёй, уменнем адчуць прыгажосць. Бланш нездарма заўважае яго на агульным фоне, і ён інтуітыўна цягнецца да яе. Аднак мужчына таксама слабы, лёгка трапляе пад уздзеянне сябра і забывае пра ўнутраны голас, які прасіў даць жанчыне шанц быць пачутай. Ён баязліва не прыходзіць на сустрэчу з каханай і становіцца маўклівым саўдзельнікам яе цкавання. У фінале гераіня падвяргаецца сексуальнаму гвалту. Яе вязуць у вар’яцкі дом — гэта магіла і спакой, адсутнасць усялякіх жаданняў.

Гераіня імкнулася выкарыстаць апошні шанц здзейсніць сваё жаданне прытуліцца да хатняга агменю, уладкавацца ў жыцці. І гэтым апошнім прытулкам, з якім нішто не параўнаецца ў спакоі, стаў менавіта вар’яцкі дом, дзе духоўная хвароба, ад якой апошнім часам пакутавала Бланш, была зрынута ў забыццё. Іншага завяршэння гісторыі галоўнай гераіні тут быць не магло.

Між тым маршрут Бланш да дома сястры ў Новым Арлеане быў такім: спачатку трэба было сесці ў адзін трамвай пад назвай «Жаданне», потым у іншы — «Могілкі» і праз шэсць кварталаў — Елісейскія палі, бедны прамысловы раён, дзе знаходзілася кватэра Стэнлі і Стэлы. Менавіта ў гэтых найменнях схаваны сэнс назвы п’есы: прага кахаць і быць жаданай прыводзіць зламаную, забітую жанчыну ў магілу. У пошуках кахання як адзінай абсалютнай каштоўнасці прыгажуня растрачвала сябе ў любоўных прыгодах. У надзеі здабыць былое багацце яна страціла радавы маёнтак (які, што важна, называўся «Мара»). Спрабуючы заглушыць боль ад сутыкнення з рэчаіснасцю, яна падпарадкавалася схільнасці да выпіўкі. З марай аб сямейным прытулку ў гасцях у Стэлы яна паехала ў Новы Арлеан, хоць было зразумела, што ёй там не будуць рады. Неўтаймаваныя жаданні, якіх заклікаюць прытрымлівацца зменлівыя адэпты разняволенасці, не прынясуць гора нікому, акрамя сябе. Але нешта падказвае гледачу, што гэта вынік не столькі распешчанасці, колькі вытанчанасці і інтэлекту. Бланш выбірае адзінокі і бессэнсоўны бунт супраць канфармізму і прыстасавальніцтва сястры.

Ключавую ролю ў станаўленні асобы Бланш Дзюбуа адыграў яе муж, які скончыў жыццё самагубствам. У шчырай размове з Мітчам яна расказвае пра хлопца, якога любіла і якому не здолела дапамагчы, а, наадварот, знішчыла: муж, імя якога Бланш не згадвае, аказваецца нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. Магчыма, гэтая дэталь сюжэта навеяна нейкім эпізодам з асабістага жыцця Тэнесі Уільямса, які з часам прыняў свае сексуальныя схільнасці. Да таго ж драматург прызнаваўся: у творы «Трамвай “Жаданне”» адбіліся яго ўласныя страхі. Задоўга да напісання п’есы ў яго быў нервовы зрыў, ён звольніўся з фабрыкі міжнароднай абутковай кампаніі, бо гэтая праца не падабалася, да таго ж адчуваў у сабе іншае пакліканне. Зрэшты, нялюбая праца спатрэбілася: рысы характару аднаго з калег драматург пасля ўклаў у вобраз Стэнлі. Увасабленні гэтага персанажа, вельмі яркага і моцнага, глядач меў магчымасць бачыць неаднойчы, што наводзіць на непатрэбныя параўнанні. І ўсё ж найбольш упадабаны Стэнлі ў выкананні Марлона Брандо (для савецкага гледача не засталася незаўважанай роля, якую сыграў Армен Джыгарханян), таму канкурэнцыі тут не пазбегнуць. Сяргей Чэкерэс у ролі грубага, самаўпэўненага мужчыны не расчараваў, хоць, здаецца, дзякуючы яму персанаж стаў больш спакойны.

Многія крытыкі даўно заўважылі, што канфлікт у п’есе складваецца не толькі з сутыкнення інтарэсаў і характараў. Гэта сутыкненне і нават супрацьстаянне светаў — грубага, поўнага падману, пошласці, прымітыўных жаданняў і ўчынкаў ды духоўнага, сплеценага з мар, летуценняў і спадзяванняў. Духоўны свет, нягледзячы на заганы, увасабляе Бланш, якая шукала суцяшэнне ў кожным сустрэчным. Грубую рэальнасць адлюстроўваюць Стэнлі і Стэла, якім дастаткова простага побыту і забаў. Перад гледачом барацьба ідэалаў і жорсткай праўды жыцця. Важнасць твора ў тым, што ён прапаноўвае прынцыповае непрыманне заган сучасных рэалій, а не здрадлівы кампраміс з імі. Пастаноўка ў НАДТ імя М. Горкага не адкрывае нічога новага ў знакамітай п’есе, але адмысловае прачытанне айчыннымі пастаноўшчыкамі і акцёрамі здольнае надаць ёй новыя адценні і прымусіць пражыць з героямі гэты насычаны кавалак выдуманага жыцця.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта НАДТ імя М. Горкага

Загаловак у газеце: Зняважаныя і асуджаныя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.