Вы тут

Зоя Елістратава: Нельга кідаць чытанне...


Калі трапляеш сюды, адчуваеш сябе як дома. Утульнасць, цеплыня, добразычлівасць Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, якая нядаўна адзначыла 120-годдзе, настройваюць на прыемную хвалю чытання, трапяткога прадчування таямніцы кнігі. Ці не таму тут заўсёды шмат наведвальнікаў?! Вось і гэтым разам звярнула ўвагу, што на абанеменце стварылася чарга. І гэта ў наш час, калі бібліятэцы прарочаць неадназначную будучыню. Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна з лёгкасцю разбурае стэрэатып пра тое, што кніжніца не запатрабавана: тут суквецце адметных супрацоўнікаў-прафесіяналаў, якія імкнуцца падзяліцца бібліятэчнай харызмай. Асабліва прыемна сустрэць умудроных гадамі і вопытам знаўцаў, рупліўцаў са шматгадовым стажам. Сярод іх — бібліятэкар І катэгорыі Сектара рэгістрацыі чытачоў і статыстычнага ўліку Зоя Елістратава. Карыфей бібліятэчнай справы, 12 студзеня яна адзначыла 50-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці. Сёння прызнаны ветэран, у бібліятэку яна прыйшла (толькі ўявіце!) у васямнаццаць гадоў. І засталася верная адной установе — «Пушкінцы». Незвычайны ўзор адданасці! Пра паўвекавое служэнне храму кнігі, пра адказную місію сустракаць чытачоў мы пагутарылі з Зояй Міхайлаўнай.


— Ці памятаеце ўражанні ад першага знаёмства з бібліятэкай?

— У Мінскую абласную бібліятэку я прыйшла, можна сказаць, пасля школы, у васямнаццаць гадоў. Была дзяўчынкай, а цяпер... Эх! Час хутка бяжыць! Бібліятэка яшчэ не працавала, не абслугоўвала чытачоў, бо збіралася пераязджаць у новы будынак. Я прыйшла ў стары, цяпер гэта вуліца Інтэрнацыянальная, там Палац прафсаюзаў і з правага боку ідзе вуліца ўніз да ракі. Стары будынак, дарэчы, захаваўся. Цяпер там, дзе была асноўная бібліятэка, — турыстычнае бюро, а на месцы абанемента — кафэ. Ёсць шыльда з надпісам, што там знаходзілася першая бібліятэка Мінска. Я спецыяльна хадзіла глядзець. Вялікі ганак, вельмі тоўстыя сцены (гэта дарэвалюцыйная пабудова, мабыць, ХІХ ст.) і асаблівыя падаконнікі. Вельмі цікава. Але будынак, па сутнасці, быў невялікі: там працавалі чытальная зала, апрацоўка, камплектаванне, дырэкцыя і метадычны аддзел. А абанемент знаходзіўся ў прыбудове. Я прыйшла ў студзені, калі ішоў працэс звязвання кніг. Мы фарміравалі іх у стосікі, а ў маі ўжо пачалі пераязджаць на Гікалы, 4. Прыехалі, расставілі кнігі. Я працавала ў сховішчы. Работнікаў спярша было мала, бо чытачы не абслугоўваліся. Калі супрацоўнікаў набралі, яны са сховішча наадбіралі кніжак, расставілі ў чытальныя залы, і 7 лістапада 1971 года бібліятэка адкрылася ў гэтым будынку. Добра помню, як перарэзвалі стужку. І мы пачалі працаваць. Я — спачатку ў сховішчы, потым — у зале тэхнікі. Пазней мяне назначылі начальнікам сюды, на рэгістрацыю, тут я прапрацавала з 1989 да 2010 года. Потым сышла на пенсію…

— А цяпер зноў тут… І як прыйшлі ў 1971-м, так і засталіся вернай адной бібліятэцы… Вы, значыць, патрыёт «Пушкінкі»?

— Хутчэй адналюб (смяецца). У старшых класах мая настаўніца рускай мовы казала: «Табе толькі ў бібліятэцы месца». Я шмат чытала, была спакойная, уседлівая. Акрамя таго, у майго таты мелася велічэзная бібліятэка. Тата быў вялікі кнігалюб. У 1960-х гадах кнігі не вельмі куплялі: час пасля вайны. І мой тата быў распаўсюджвальнікам. Ён працаваў на заводзе загадчыкам клуба. І аднойчы яго паслалі ў Маскву на семінар. А там чакала незвычайная падзея: Фурцава ўручыла грамату. Ён быў вельмі горды, што сама Фурцава ціснула яму руку. Сярод бацькавай калекцыі была кніга «Дзень міру», да якой дадавалася пласцінка з голасам Юрыя Гагарына. Мы слухалі яе ў дзяцінстве з замілаваннем. У гэтай кнізе пералічвалася, што ў пэўны дзень адбывалася ў свеце. Потым такія кнігі выпускаліся штогод, але тая — першага выпуску. І, што адметна, яна была ў нас.

— Кніга з пласцінкай ужо тады… Як цяпер — з дыскам. А бацька любоўю да чытання даў прыклад, скіраваў ваш шлях?

— У нас была вялікая бібліятэка. Мы раслі з братам і заўсёды ў ёй капаліся. Калі былі маленькія, тата ад нас кніжную шафу зачыняў. А ў яго быў «Дэкамерон» Джавані Бакача. Там апісаны фрывольныя сцэны. Ад дзяцей, вядома, кнігу гэтую хавалі. На шафе нават замочак быў, але брат яго ўмеў адмыкаць. І пакуль бацькі не было, крадком чыталі… У мяне і сын не ўяўляе жыццё без кнігі, увесь час чытае. Гэта дзядуля яго прывучыў!

— Пэўна, дзядуля быў аўтарытэтам для ўнука. І не ў апошнюю чаргу гэты аўтарытэт мацавала кніга… Яна, такім чынам, праводзіць повязь пакаленняў, становячыся галоўным сувязным звяном, як паказвае прыклад вашай сям’і.

— Мой сын старшы навуковы супрацоўнік у навукова-даследчым інстытуце МНС. Калісьці ў дзяцінстве дзядуля яму казаў: «Ты павінен стаць або афіцэрам, або інжынерам». Ён цяпер і афіцэр, і інжынер. Так хлопец заўсёды імкнуўся дагадзіць дзядулю.

— Калі трапіла да вас упершыню, уразілася колькасцю наведвальнікаў! На працягу гадзіны, пакуль я была, яны ішлі ды ішлі. І што адкажуць на гэта тыя, хто сцвярджае, што бібліятэкі сёння непатрэбны?..

— Хоць зараз у нас рамонт, але людзі ўсё роўна ідуць. На абанемент — пастаянна. Паколькі рамонт, калегі для выдачы ўзялі толькі мастацкую літаратуру, бо размясціць увесь фонд магчымасці няма. Дык народ ідзе па гэтыя мастацкія творы. Чытаюць — і ўсё тут! Асабліва перад святамі прыходзяць, набіраюць для баўлення вольнага часу. Я і сама сваім сяброўкам кнігі нашу. І яны з задавальненнем чытаюць. І нашы работнікі старыя, якія ўжо не працуюць, прыходзяць да нас і таксама бяруць нешта чытаць.

— Гэта наводзіць на думку, што рэальнасць не цалкам інтэрнэтная і вольны час не падпарадкаваны адно інтэрнэту…

— Ведаеце, інтэрнэт так атупляе… Нельга кідаць чытанне і глядзець толькі тэлеграм-канал.

— У вас шмат наведвальнікаў яшчэ і таму, што «Пушкінка» ў цэнтры.

— Ды некаторыя скардзяцца: «Ледзь знайшоў». А я здзіўляюся: «Як яе можна ледзь знайсці? Стаў насупраць ЦУМа і тут жа бібліятэку відаць!» Месцазнаходжанне, калі шчыра, — фактар другасны. Да нас ідуць, бо бібліятэка з гісторыяй, на слыху. Раней чытачоў было больш. Але мне ўсё роўна падабаецца. У нас вабіць атмасфера. Гэта адчуваюць наведвальнікі. Усё зроблена для таго, каб чыталі, атрымлівалі асалоду. І ў нас добрыя фонды. На абанеменце — шыкоўныя. Вядома, ладзяцца і масавыя мерапрыемствы. Выходзім да філармоніі з праграмай, забавамі. Арганізоўваем выстаўкі. Адна з адметных — выстаўка-хроніка пра гісторыю «Пушкінкі», якая пастаянна дэманструецца на лесвічных пралётах. Тут шмат пазнавальнага. У прыватнасці, можна прасачыць шлях бібліятэкі ад адкрыцця да сталення. А чаму імя Пушкіна? У 1899 годзе ў Беларусі ішла падрыхтоўка да святкавання стагоддзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна. Пры Таварыстве аматараў прыгожых мастацтваў была створана спецыяльная камісія, дзе паставілася пытанне аб адкрыцці ў Мінску публічнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, каб захаваць у памяці імя вялікага рускага паэта. У жніўні 1978-га, глядзім, створаны сектар інфармацыі па праблемах культуры і мастацтва, выходзіць у свет першы нумар «Хронікі культурнага жыцця Мінскай вобласці». Для аднаўлення бібліятэкі пасля Вялікай Айчыннай вайны кнігі паступалі з Дзяржаўнага фонду літаратуры, з бібліятэк Масквы, Ленінграда, Свярдлоўска. Цікава, што ў пачатку 1980-х бібліятэка выпісвала 64 найменні газет і 505 часопісаў.

— Прафесія бібліятэкара сёння, можа, не настолькі прэстыжная альбо гэта не мае значэння для таго, хто адчувае прызванне? І ці ўяўляеце сябе не ў бібліятэцы, а ў іншым месцы?

— Не ўяўляю. Мне здаецца, я на сваім месцы. Не было нават думкі сыходзіць. У каго ёсць прызванне, хто хоча працаваць, той не стане сумнявацца ў прэстыжы прафесіі. Але многія паступаюць, проста каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Мой сын вырас у бібліятэцы, вельмі любіў насіць заказы ў сховішча. У нас многа маладых супрацоўнікаў, якія шчыруюць ужо не адзін год. У беларускім чытальным зале на трэцім паверсе добры склад супрацоўнікаў, яны працуюць з душой. Вялікую работу праводзяць супрацоўнікі залы замежнай літаратуры. Там усякія клубы: і англійскі, і іспанскі... Прыходзяць людзі, якія ведаюць мовы, і размаўляюць. Ды, на жаль, каранавірус збіў увесь рытм.

— Але рытм чытання яму непадуладны… Што чытаеце?

— Люблю штосьці звязанае з гісторыяй. Каб абстрагавацца — дэтэктыўчык. А нядаўна прачытала кнігу «Каралеўскі лес» Эдварда Рэзерфорда пра гісторыю Англіі… Тоўстая, але цікавая. У гэтага аўтара гісторыі ад Х—ХІ ст. і да ХХ. Апісваецца некалькі сем’яў. Чытаць — захапленне, перагортваю старонку за старонкай. Дарэчы, мне сын неаднойчы прапаноўваў купіць электронную кнігу, але адмаўляюся: ад яе стамляюцца вочы. Трэба сказаць, што зараз многія аддаюць перавагу менавіта папяровай. Раней на абанемент не столькі людзей хадзіла, цяпер больш, бо народ цягнецца да папяровага варыянта, вяртаецца да традыцыйнага.

— Значыць, кніга не ператворыцца ў музейны экспанат, як многія прадказваюць

— Не павінна. Як і мы самі (смяецца), бо тэлевізар паглядзіш, дык бібліятэка быццам на грані. Але ж калі сваю прафесію любіш — усё цікава, заўсёды ідзе рух. Я ў маладосці ў бібліятэку лётала як на свята. Працаваць тут проста ў задавальненне, а самае галоўнае — зносіны з чытачамі, зарад ад кнігі. Праўда, калі сышла з залы тэхнікі, з кнігай стала меней кантактаваць, але чытаць не пераставала.

— А з беларускай літаратуры каго б вылучылі?

— Любіла Караткевіча. Прачытала амаль усё. Хоць у школе я не вывучала беларускую мову, «Чорны замак Альшанскі» адолела па-беларуску. Справа ў тым, што я дачка ваеннага, мой бацька з Расіі, данскі казак. Паколькі мне было складана вывучаць беларускую мову, мяне ад гэтага вызвалілі. Ды калі ў школе ў 10 класе я здавала беларускую літаратуру, завуч здзівілася: «Чаго не вывучала?! Добра ж размаўляеш!» І ў той жа час калісьці ў нас у бібліятэцы працаваў малады беларускі паэт Алесь Камароўскі (прыйшоў пасля арміі, быў загадчыкам беларускага аддзела). І калі я пачынала гаварыць пабеларуску, ён прыпыняў: «Змоўкні, не пагань мову!»

— Ці згадаеце сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі ў сценах вашай бібліятэкі?

— Калі дырэктарам была Наталля Чуева, ладзілася вельмі шмат сустрэч з творцамі ў актавай зале. Завітвала, у прыватнасці, Святлана Алексіевіч, калі напісала «У вайны не жаночы твар». Тут была прэзентацыя. Прыходзіў Леанід ДранькоМайсюк. І яшчэ многа іншых знакавых сустрэч.

— Цяпер працуеце ў сектары рэгістрацыі і сустракаеце чытачоў. Пераступаеш парог — і адразу ў абдымкі да вас. Вы як на перадавой, як праваднік у свет кніг. Наколькі гэта складаная задача?

— Сапраўды як на перадавой! Колішняя дырэктар «Пушкінкі» Тамара Рошчынская казала: «Вы — люстэрка нашай бібліятэкі: сустракаеце і праводзіце, прымаеце ўдар на сябе». Так што мяркуйце самі! Адказнасць вялікая.

— Адметна, што ў вашай бібліятэцы ёсць сплаў — ветэранаў-карыфеяў і таленавітых маладых.

— У нас працуюць, як кажуць, пенсіянеры і піянеры! Дарэчы, карыфеяў у «Пушкінцы» шмат. Мае калегі Наталля Баброва і Ала Жулега таксама хутка адзначаць 50-годдзе працоўнай дзейнасці, але яны прыйшлі пазней за мяне, у жніўні. Калі чалавек любіць прафесію, то ён будзе працаваць. Калі ж скончыў толькі для вышэйшай адукацыі — наўрад ці. Перш за ўсё прафесіянал павінен любіць працаваць з кнігай. Без гэтага не ўяўляецца бібліятэка. Не сакрэт, што многія бібліятэкары не чытаюць… Тады яны часта становяцца менеджарамі, штосьці ўвесь час прыдумляюць. Я з кнігай не расстаюся. Кніга для мяне асацыюецца з ціхім спакойным летнім днём. Люблю чытаць на лаўцы на прыродзе пад дрэвам. Кніга — як ціхае пяшчотнае сонца!

— Вялікі дзякуй, Зоя Міхайлаўна, за цікавую размову. Віншуем з 50-годдзем вашай працоўнай дзейнасці і жадаем моцнага здароўя, сонечнай радасці і добрых чытачоў!

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.