Вы тут

Школьнікі з мінскай гімназіі № 14 сабралі «гуманітарную дапамогу» для птушак


Імкненне спачуваць і дапамагаць – адна з найважнейшых якасцяў, якія адрозніваюць цывілізаванага чалавека. Здольнасць да эмпатыі фарміруецца ў дзяцінстве, і без яе немагчыма развіць у чалавеку ўменне суперажываць іншым людзям (і наогул жывым істотам), прымаць права іншых на суб'ектыўнае меркаванне, бачыць свет не аднабакова, а ва ўсёй яго прыгажосці і разнастайнасці.


– Часам дарослыя лічаць цяперашняе юнае пакаленне "лічбавымі дзецьмі": абыякавымі і эгаістычнымі. Кажуць, што яны ўткнуліся ў свае тэлефоны і больш нічога не заўважаюць. Але гэта не так, – перакананая педагог-арганізатар гімназіі № 14 Мінска Вольга Корхава. – Наадварот, іх нельга папракнуць у эгаізме: яны заўсёды адгукаюцца, калі нехта мае патрэбу ў дапамозе. І гатовыя зрабіць нават больш, чым прапануюць настаўнікі.

Акцыя "Цёплыя лапы" пачалася з малодшых класаў – з прыходам маразоў Вольга прапанавала дзятве сабраць проса, каб засыпаць яго ў кармушкі для птушак на школьным двары.

– Я не чакала, што да нашай акцыі далучацца і навучэнцы 5-8 класаў, і старшакласнікі. Гімназісты вырашылі пайсці далей: сабраць корм і неабходныя рэчы для бяздомных катоў і сабак. У гэтым нас падтрымалі валанцёры дабрачыннага руху "Разам", – распавядае суразмоўца.

Уласна кажучы, гэта не першая падобная акцыя ў гімназіі: у мінулыя гады школьнікі ўдзельнічалі ў выставе-кірмашы творчых работ, а атрыманыя сродкі адпраўлялі ў фонды дапамогі бяздомным жывёлам. У мінулым і гэтым годзе, у сувязі з пандэміяй, такая форма работы стала немагчымай. Але абставіны не перашкодзілі дзецям зрабіць свет крыху дабрэйшым.

– Навучэнцы прыносілі не толькі проса і корм для катоў і сабак (часам цэлымі пачкамі, часам – у цэлафанавых мяшочках: адсыпалі ў сваіх хатніх гадаванцаў). Прыносілі ланцужкі, нашыйнікі, спецыяльныя пялёнкі для кацянят і шчанюкоў, цёплыя домікі для гадаванцаў – і набытыя, і зробленыя сваімі рукамі. “Сабачай” і “кашачай” ежы было сабрана вельмі шмат. На днях мы ўрачыста перадалі ўсе гэтыя рэчы валанцёрам. Мы ганарымся нашымі вучнямі. Думаю, нават нам, дарослым, часам можна павучыцца ў дзяцей дабрыні і прыгажосці душы.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.