Вы тут

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян


Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы. Расследаванне з гэтай нагоды правяла карэспандэнтка «Звязды».


Прывабныя прапановы

Дапамогу ў пошуку працы аказваюць кадравыя агенцтвы і агенцтвы па найму персаналу. Чым яны адрозніваюцца і на што трэба звяртаць увагу суіскальніку, каб атрымаць працу, а не «патрапіць» на грошы.

«У сувязі з адкрыццём новай вытворчасці ў г. Мінску тэрмінова патрабуюцца рабочыя, мужчыны і жанчыны на ўкладку-упакоўку, фасоўку тавару. Можна працаваць парамі! Праца не складаная, па 10–12 гадзін з перапынкамі. Для іншагародніх прадугледжана бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце (для сямейных пар асобныя пакоі)» — зазывае аб'ява. А яшчэ выбар графіка працы, зарплата ад 1500 рублёў, харчаванне і спецвопратка за кошт арганізацыі. Можна без вопыту работы.

Пагадзіцеся, умовы прывабныя нават для мінчукоў, якія зарабляюць у офісе 700 рублёў, а для іншагародніх — проста знаходка. Зарплата і жыллё ў адным пакеце!

Тэлефаную па такой аб’яве ў агенцтва № 1. Пытаюся, ці праўда, што без досведу працы і кваліфікацыі можна зарабіць паўтары тысячы рублёў. Мне кажуць, што так, навучанне 2–3 дні. А дзе, цікаўлюся, размешчаны склад. Адказваюць, што «ўсюды: у Мінску і бліжэйшым прыгарадзе». А як дабірацца да прыгарада, ці возіць карпаратыўны транспарт ад канцавых станцый метро? Кабетку на іншым канцы проваду мае пытанні відавочна раздражняюць: «Вы што, на працу не даедзеце, калі склад у 15 хвілінах ад кальцавой?».

Але я працягваю пытаць: колькі каштуе ваша паслуга? Што менавіта напісана ў дамове? Ці можна атрымаць яго на электронную пошту, каб папярэдне азнаёміцца? Не, нельга, кажа, прыязджайце ў офіс з пашпартам, працоўнай кніжкай і 100 рублямі. «І вы гарантуеце мне працаўладкаванне?» — самае галоўнае пытанне. У агенцтве адказалі, што за 100 рублёў мне будуць «садзейнічаць», а як я буду карыстацца гэтай паслугай — мой выбар. «Можа, вы знойдзеце працу па нашаму спісу, можа, па знаёмству ўладкуецеся ці паедзеце працаваць за мяжу», — сказала яна. Так высветлілася, што 100 рублёў прапануюць заплаціць за нейкі спіс вакансій, а не за гарантаванае працаўладкаванне.

У агенцтва № 2 я патэлефанавала, маскіруючыся пад жыхарку Ашмян. Першае пытанне, якое мяне цікавіла: ці праўда, што інтэрнат бясплатны. Высветлілася, што «трэба толькі за камунальныя паслугі плаціць». Усякага кшталту дадатковыя пытанні пра спецыфіку працы на складзе ставілі маю суразмоўніцу ў тупік, маўляў, у іх шмат вакансій, таму прыязджайце з тым жа пералікам дакументаў, што і ў агенцтве № 1. Сто рублёў таксама патрабуецца, прычым наяўнымі, «з карткамі не працуем».  Вядомая рэч, грошы, атрыманыя па картцы, не схаваеш ад падатковай.

Нібы ўсё відавочна, схема «спачатку аплата, потым паслуга» — гэта спосаб адбірання грошай у даверлівых грамадзян. Дарэчы, калі той самы грамадзянін зразумее, што яго падманулі і захоча вярнуць грошы, нічога не атрымаецца. У дамове напісана, што агенцтва абяцала «аказаць інфармацыйныя паслугі». Яно іх і аказала: прадставіла спіс вакансій, якія ёсць у вольным доступе на сайтах саміх арганізацый альбо на «работных» сайтах.

Ад службы занятасці да сацсетак

Дапамогу ў працаўладкаванні можна атрымаць у дзяржаўнай службе занятасці, якая мае офісы па ўсёй краіне, таксама можна размяшчаць рэзюмэ і шукаць вакансію праз яе сайт. Папулярныя і некалькі «работных» сайтаў. Таксама ёсць агенцтва па працаўладкаванні і агенцтва па найму персаналу. Сацсеткі таксама могуць быць карысныя ў пошуку працы.

З гэтага пераліку памочнікаў толькі ў агенцтвах па працаўладкаванні бяруць грошы з суіскальніка, яны ў асноўным спецыялізуюцца на працоўных прафесіях. Агенцтва па найму персаналу таксама працуюць не бясплатна. Яны, як правіла, займаюцца падборам топ-менеджараў, спецыялістаў сярэдняга звяна, а за паслугі ім плаціць наймальнік, для якога яны шукаюць персанал.

Чаму ж людзі трапляюць у сеткі нядобрасумленных прадпрымальнікаў? Адны перакананыя ў тым, што «без знаёмства» на добрую працу не ўладкуешся. Гэты комплекс асабліва культывуецца сярод жыхароў раённых цэнтраў і вёсак, якія вырашылі пашукаць заробак у буйных гарадах і сталіцы. Іншыя лічаць, што ім патрэбныя пасрэднікі ў любой справе, каб адчуць сябе значнай персонай, маўляў, не я абіваю парогі, а нехта іншы гэта робіць для мяне.

Як знайсці рэальныя вакансіі

Рэальную гісторыю працаўладкавання распавёў жыхар аднаго з райцэнтраў, які ўжо другі год працуе ў Мінску: «Маладому хлопцу непрыстойна зарабляць 400 рублёў — гэта быў мой «верх» дома. Разам з аднакласнікам вырашылі паспытаць шчасця ў сталіцы. Зайшлі на адзін папулярны сайт, патэлефанавалі па тэлефоне, і паколькі мне не маглі адказаць, дзе менавіта ёсць вакансія і што там рабіць, але прапаноўвалі прыехаць заключыць дамову на паслугі і адразу заплаціць 90 рублёў, я адмовіўся.

Чуў, што добра зарабляюць складскія работнікі, вось і стаў шукаць вакансіі менавіта там. Выявілася, што не ўсюды прасілі даслаць рэзюмэ, можна было адразу пад’язджаць на сумоўе. Дамовіўся з трыма фірмамі на сумоўе ў адзін дзень, усюды паспеў. У прынцыпе, мне ніхто не адмовіў, таму сам выбіраў, дзе працаваць. Хутка прайшоў медкамісію, яе, дарэчы, аплачвае наймальнік, калі ты ўжо ўладкаваўся.

Навучанне пабудавана так, што старэйшы змены распавядае, як што арганізавана. Мяне прымацавалі да дасведчанага супрацоўніка, чатыры дні мы разам працавалі, потым — сам. Спачатку былі памылкі, што адбівалася на зарплаце. Па-сапраўднаму навучыўся працаваць за два месяцы, і вось тады зарплата стала прыкметна вышэйшай.

Мой аднакласнік купіўся на паслугі фірмы, атрымаў спіс з вакансіямі з сайта, у тым ліку быў і мой склад. Розніцы ніякай — прыйшоў з вуліцы або ад агенцтва. Дарэчы, у кадравай службе толькі моршчацца ад згадкі гэтых агенцтваў. З намі яшчэ працуюць хлопцы, якія заплацілі грошы агенцтву, там наогул у спісе не было ніводнай рэальнай вакансіі. У выніку хлопцы плюнулі на агенцтва, пачалі адкрываць сайты буйных кампаній і глядзець там вакансіі».

Літара закона

З 1 студзеня 2017 года дзейнічае пастанова Саўміна ад 22 кастрычніка 2016 года № 855  «Аб некаторых мерах па рэалізацыі Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”». Гэты дакумент у тым ліку рэгламентуе аказанне паслуг па садзейнічанні ў працаўладкаванні. Гэта значыць, што юрыдычныя асобы і ІП, якія маюць намер аказваць такія паслугі, абавязаныя падаць у Мінпрацы заяву аб уключэнні звестак у рэестр агенцтваў працаўладкавання і атрымаць пасведчанне ўсталяванай формы. Ніхто не мае права навязваць «комплекс паслуг» — калі чалавеку патрэбна дапамога, напрыклад, у складанні рэзюмэ, то толькі за гэтую паслугу ён павінен заплаціць. Пералік паслуг, якія могуць аказваць агенцтвы, дакладна вызначаны, як і норма аб тым, што яны не маюць права браць перадаплату, разлік вырабляецца толькі па факце выканання работ.

Ведайце свае правы

Эксперты таксама папярэджваюць, што не варта купляцца на страшылкі аб тым, што ў сталіцы «без прапіскі» на працу не возьмуць. Інстытута прапіскі як такога ўжо даўно няма, існуе рэгістрацыя па месцы пастаяннага і часовага пражывання. Не проста ж так у многіх дакументах ёсць пытанне аб месцы рэгістрацыі і месцы фактычнага пражывання.

Таксама палохаюць людзей «праверкай на судзімасць». Тут наогул усё проста: даведку аб адсутнасці (або наяўнасці) судзімасці можа атрымаць толькі сам грамадзянін, альбо асоба, якая дзейнічае па натарыяльна засведчанай даверанасці. Акрамя таго, пералік дакументаў, неабходных пры прыёме на працу, рэгламентаваны арт. 26 Працоўнага кодэкса, і ў ім такая даведка не фігуруе, затое ёсць норма аб тым, што забараняецца патрабаваць дакументы, не прадугледжаныя заканадаўствам. Даведка аб адсутнасці (наяўнасці) судзімасці абавязкова патрабуецца толькі пры працаўладкаванні за мяжой.

Рэзюмуючы, можна сказаць, што суіскальніка павінны насцярожыць вакансіі з завышаным заробкам, вялікай колькасцю «плюшак» і нізкімі патрабаваннямі да кандыдатаў. А ўжо калі вам прапануюць заплаціць грошы за працаўладкаванне, ад такіх прапаноў бяжыце на ўсю нагу.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Ілюстрацыі pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.