Вы тут

У імя дабрыні і міру


Праваслаўны свет адзначыў адно з галоўных хрысціянскіх святаў — Раство Хрыстова. Усе дарогі ў гэты дзень вядуць да храмаў. У Беларусі існуе непарушная традыцыя: каляднае набажэнства абавязкова наведвае Кіраўнік дзяржавы.


 

У той чацвер яго чакалі ў новай мінскай Крыжаўзвіжанскай царкве. Прэзідэнт прывёз у падарунак ікону, запаліў свечку, звярнуўся да вернікаў. Аляксандр Лукашэнка казаў аб мінулым 2020‑м і новым 2021‑м годзе, заклікаў да адзінства, прасіў берагчы сваіх родных і блізкіх. А пачаў з таго, што сказаў пра асабістае дачыненне да гэтага дня:

— Гэта светлае, добрае свята. Усе мы чакаем ад яго не толькі дабра, але і цудаў. Гэтым, напэўна, мы вельмі падобныя на нашых дзяцей. Асаблівасць такіх, маіх любімых святаў — як Раство Хрыстова, Вялікдзень — заключаецца ў тым, што кожны з нас, кожны чалавек ідзе сваёй дарогай да свайго храма. Гэта той найвялікшы здабытак, які мы з вамі маем.

Да мінскага храма Узвіжання Святога Крыжа (а ён будаваўся з разлікам адначасова прымаць да 300 чалавек) у тую калядную раніцу людзей прыйшло шмат больш. Прэзідэнт, звяртаючыся да вернікаў, задаў, здавалася б, рытарычнае пытанне: навошта ідзем? І сам на яго адказаў:

— Абсалютна перакананы: усе тыя, хто ідзе да храма, ідуць за мірам. Ідуць за дараваннем. Ідуць за тымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, якія жывуць у нас. Больш за 2 тысячы гадоў таму Каляды сталі нейкім пунктам адліку новай цывілізацыі, новай светабудовы, дзе пануюць любоў, справядлівасць, дабро і міласэрнасць. Гэтыя рысы характару абсалютна ўласцівыя беларускаму народу. У кагосьці больш, у кагосьці менш. Але ў цэлым імкненне да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці — у крыві.

І таму нас, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, захоўвае Бог. Казаў ён, зыходзячы з урокаў апошняга часу. Нагадаў аб пандэміі, яе страшных наступствах, правёў паралелі з іншымі краінамі. А затым сказаў:

— Мы павінны разумець, што толькі разам можам выратаваць гэты кавалак зямлі, і нашы дзеці змогуць пасля нас жыць сваім розумам на сваёй зямлі. У навагоднім пасланні я ўжо сказаў пра тое, што мы можам страціць што ёсць. І самае страшнае — мы можам гэта страціць незваротна.

Ад Кіраўніка дзяржавы ў сценах храма гучала пажаданне: думаць пра будучыню. Не толькі пра сваю — сваіх дзяцей:

— Менавіта ў гэты святы дзень ён адтуль папярэджвае нас… Гэта вельмі актуальна і вельмі важна.

Калі яшчэ думаць пра найбліжэйшую будучыню і будаваць планы, як не ў Каляды? Бо менавіта гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, якраз тое свята, якое як мінімум на год наперад вызначае новае жыццё. Адсюль і пажаданне:

— Я вельмі хачу, каб мы не паўтарылі папярэдні год, хоць я не кляйміў яго ганьбай. Нам патрэбны быў той год, каб мы зразумелі, узяўшыся за розум, і падумалі над будучыняй. Каб мы ўбачылі ўсіх, хто з намі побач, каб мы дакладна вызначыліся, хто ёсць хто. Нам патрэбен быў той год, але ён патрэбен быў нам у мінулым. Я не хачу, каб ён паўтарыўся ў гэтым і будучым годзе. Я хачу, каб будучы год быў лепш — і ён будзе лепш! Калі мы не проста пажадаем, а зробім усё неабходнае, што залежыць ад кожнага з нас.

Але і пра мінулае таксама забываць нельга. Пабудаваны ў 2020 годзе храм Узвіжання Святога Крыжа мяжуе з мемарыяльным комплексам «Масюкоўшчынскі лагер смерці», які з’яўляецца месцам памінання аб пахаванні больш за 80 тысяч ваеннапалонных і мірных савецкіх грамадзян, закатаваных у нацысцкім канцлагеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Крыжаўзвіжанская царква, адзначае Прэзідэнт, гэта перш за ўсё помнік усім тым загінулым:

— Гэта людзі, якія не здрадзілі, якія не здаліся. Гэта людзі, якія змагаліся і гінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі важна для нас цяпер. Уся наша Беларусь, як я часта кажу, — помнік той вайне. Ну не павінны мы, беларусы, нават у дробязях гераізаваць нацызм. Не павінны мы! У імя памяці тых загінулых. Мы павінны свята шанаваць тых людзей, дзякуючы якім сёння жывем.

Кіраўнік дзяржавы каторы раз настойвае: Беларусі і яе народу не патрэбныя сутыкненні. Пры гэтым прызнае: жыццё цяпер сапраўды складанае. Але трэба глядзець наперад. Ідуць інфармацыйныя войны. Разгарнулася страшная бойка за розумы людзей. Выкарыстоўваюць любы выпадак, нават пандэмію. Таму трэба аб’яднацца, каб не страціць тое, што належыць усім.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад на актуальную тэму — якраз напярэдадні ноччу ў Вашынгтоне штурмавалі Капітолій:

— Цытадэль сусветнай дэмакратыі, як яны сябе падавалі. Хто б мог падумаць? Ніхто. Хоць у гэтым ёсць нейкая справядлівасць з боку Трампа. Але гэта дрэнна. Гэта дрэнна, калі ідуцьна штурм і гінуць людзі. Таму нам трэба сабрацца, нам трэба супакоіцца.

Адсюль просьба ад Кіраўніка дзяржавы:

— Каб вы мяне разумелі і не асуджалі з ходу. Паспрабуйце зразумець. Я чалавек мірны. Але я не магу дапусціць, каб хтосьці прыйшоў сюды і вось так адкрыта разбурыў гэтую нашу мясціну… Нам не патрэбныя ні войны, ні сутыкненні. Нам іх прынясуць, паглядзіце, нам спакойнага жыцця не дадуць. Нам свабодна дыхаць ніхто не дазволіць у цэнтры Еўропы. Гэта сутычка. І, не дай бог, яна ператворыцца ў гарачую вайну на нашай тэрыторыі! Але дзе не будуць вырашацца нашы пытанні, дзе не будзе нашых інтарэсаў.

А ў Беларусі ведаюць не па чутках не толькі, што такое вайна, але і якім можа быць мір. У сувязі з гэтым асобная падзяка ад Аляксандра Лукашэнкі прагучала ў адрас святароў:

— Мы захавалі міжканфесійны свет. У нас няма раздраю паміж каталікамі і праваслаўнымі (мы хрысціяне). У нас няма ніякага канфлікту паміж хрысціянамі і мусульманамі, іудзеямі і іншымі канфесіямі, а іх больш за 25 — малыя, вялікія, — якія засяляюць нашу краіну. Усім хапае месца! Так і павінна быць. У нас няма міжнацыянальнай варожасці. Мы не глядзім: паляк, яўрэй, рускі, літовец ці ўкраінец, беларус, якія пражываюць тут, на нашай зямлі.Нам трэба захаваць гэты свет. Мы для ўсёй планеты, усіх краін прыкладам з’яўляемся. Няма нідзе такога міру і спакою, як у Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму Узвіжання Святога Крыжа абраз Божай Маці «Спагнанне загінулых», стварэнне якой адносіцца да XVІІ стагоддзя. Абраз памерам 35x45 сантыметраў быў выраблены ў майстэрні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра Мінска, пры яго вырабе выкарыстоўваліся ў тым ліку сусальнае золата і пярліны. У адказ Прэзідэнту падарылі бронзавы сувенірны звон, па ніжнім краі якога звонку маецца надпіс: «Божа, захавай тых, хто палюбіў хараство дома твайго». Акрамя таго, у дар Аляксандру Лукашэнку паднеслі выраблены з паліраванай бронзы макет храма Узвіжання Святога Крыжа, а таксама кнігу Мікалая Гаўрылава «… І выцера Бог кожную слязу». Кніга апавядае пра лёс салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон у першыя дні вайны. У цэнтры падзей — той самы лагер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне, дзе загінулі тысячы савецкіх вайскоўцаў і мірных жыхароў.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які прысутнічаў у храме, сказаў у сваю чаргу такія словы:

— Няхай гэтае святое свята заахвоціць нас да таго, каб і мы прыносілі Госпаду свае ўдзячныя сэрцы… Каб мы здзяйснялі добрыя справы блізкім сваім. Таму што і гэта Хрыстос прымае на свой бок. Будучыня нашай краіны шмат у чым залежыць ад таго, наколькі мы зараз звернемся да Хрыста. Да яго прыкладу — вялікаму, узвышанаму, непаўторнаму. Наколькі мы будзем прытрымлівацца яго прыкладу? Важна, каб мы ўсе — ад малога да вялікага, ад старэйшых да малодшых — прыносілі свае дары Хрысту. Хто можа больш — той больш, хто менш — менш, але ад чыстага сэрца, ад усёй стараннасці. І несумненна гэта будзе залогам далейшага нашага дабрабыту, выкліча водгук у Хрыста і будзе ўвасабленнем нашага жыцця і добрага здароўя кожнага з нас, і радасці, і блаславення нашай зямлі і яднання паміж намі.

Аляксей ФЯДОСАЎ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».