Вы тут

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана


У Віцебскай абласной філармоніі тыя, хто ўпершыню прыходзяць паслухаць арган, або даўно не чуў гукі «караля інструментаў», здзіўляюцца, што выканаўцы — прывабныя дзяўчаты. Напярэдадні зімніх свят карэспандэнт «Звязды» ацаніў выкананне арганістак — Веранікі Багдановіч-Язвінскай і Кацярыны Івановай.


Не кожнаму дадзена

Дзяўчаты, канешне, ганарацца тым, што іграюць на самым вялікім інструменце ў свеце. У ВНУ, дарэчы, выкладчыкі адразу іх папярэдзілі, што не ўсе, напрыклад піяністы, могуць стаць арганістамі. У прыватнасці, як ні стараўся адзін хлопец, як кажуць пра такіх, з талентам ад Бога, ну ніяк не мог асвоіць арган. Як пажартавалі мае суразмоўніцы, так, не ўсім дадзена. Навучыцца кіраваць гіганцкім інструментам вельмі цяжка. Напрыклад, паралельна трэба іграць рукамі і нагамі. І часта прыходзіцца «круціцца» падчас выканання, як вавёрка ў коле. Напэўна, гэта і ёсць гарантыя захавання фігуры. Дзяўчаты стараюцца рэпеціраваць па дзве-тры гадзіны штодня, калі не ў філармоніі, то на «міні-аргане» ў вучылішчы. Пры гэтым, кажуць, не стамляюцца, а адпачываюць, бо арган, быццам бы сапраўдны чараўнік, дорыць шмат карыснай энергіі. Такое адчуванне, што вырастаюць крылы…

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага. Навучэнцы пры іх дапамозе асвойваюць электронны арган.

Вераніцы 27 гадоў. Яна нарадзілася ў Нясвіжы. У 2018 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

Маладая арганістка — удзельніца Акадэміі старадаўняй музыкі ў Грацы (Аўстрыя) у 2016-м і у 2018-м у Мінску, майстар-класаў Трумэра (Аўстрыя), Прайзнера (Польшча), Шмітава (Расія).

Удзельнічае ў праграмах арганнай музыкі для дзяцей у Віцебскай абласной філармоніі. Летась падрыхтавала сольную праграму «Касмічнае падарожжа: працяг».

Кацярыне 26 гадоў, яна родам з Віцебска. Скончыла тую ж сярэднюю спецыяльную ўстанову каледжа імя Салярцінскага. Таксама яна выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з'яуляецца дыпламантам XІV Адкрытага фестывалю арганнай музыкі (Гатчына — Санкт-Пецярбург), навучэнка Акадэміі старадаўняй музыкі ў Грацы (Аўстрыя), удзельніца V Міжнародных арганных асамблеі (Калінінград), майстар-класаў Трумера (Аўстрыя), Пірхонена (Фінляндыя), Зілінга (Германія), Ле Прадо (Францыя), Прайзнера (Польшча), Шмітава (Расія). Кацярына вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, брала ўдзел у шэрагу фестываляў арганнай музыкі.

Іншапланецяне пачуюць арган

Дзяўчаты маюць шмат прыхільнікаў. У прыватнасці, вельмі папулярны канцэрт арганнай музыкі «Касмічнае падарожжа» для дзяцей і падлеткаў. Ён стаў цудоўным падарункам не толькі для іх, але і для дарослых. Музыка, у тым ліку з папулярных фільмаў пра пакарэнне нябёсаў, цікавыя падсветка ў зале і на сцэне, паказ кінафрагментаў нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Дарэчы, музыка самага вядомага кампазітара арганнай музыкі, Баха, была запушчана ў космас. Яна запісана на славутым залатым дыску, які адправіўся ў бясконцае вандраванне паміж зоркамі на касмічным апараце «Вояджэр». Такім чынам, арган — адна з візітных картак нашай планеты.

Спецыяльная музычна-пазнавальная праграма канцэртаў «У гасцях у караля» знаёміць з гісторыяй паходжання, прыладай і тэхнічнымі магчымасцямі самага грандыёзнага і велічнага з усіх музычных інструментаў — аргана. Вядучая канцэрта ў займальнай форме расказвае ўсю гісторыю арганнай музыкі ад яе вытокаў і да нашых дзён. І, вядома, юныя слухачы маюць магчымасць атрымаць асалоду ад чароўных гукаў гэтага караля музычных інструментаў. У зале Віцебскай абласной філармоніі, акрамя Баха, гучыць музыка Букстэхудэ, Шуберта і іншых кампазітараў. Выканаўцы дэманструюць асаблівую прыгажосць, моц і багацце гучання аргана.

У Віцебскай абласной філармоніі ў 2007 годзе быў устаноўлены па-сапраўднаму ўнікальны музычны інструмент — духавы арган нямецкай фірмы Glatter-Gotz. Гэта другі ў Беларусі інструмент (пасля Беларускай дзяржаўнай філармоніі), размешчаны не ў культавай установе. Духавы арган спраектаваны па індывідуальным праекце з улікам акустычных магчымасцяў залы і архітэктурных асаблівасцяў будынка філармоніі. Адметная канструкцыйная асаблівасць віцебскага аргана Glatter-Gotz — гэта спалучэнне гучання французскіх познерамантычных інструментаў і нямецкага рамантычнага аргана. Так званую інтаніроўку (настройку) праводзіў французскі майстар Жан Франсуа Дзюпон.

Зоркі былі ў захапленні

Вядомыя арганісты свету, якія выступалі ў філармоніі, адзначылі, што віцебскі арган з'яўляецца цікавы паводле свайго дызайну. Ён размешчаны ў выглядзе дзвюх вежаў па краях сцэны. У адсеках-калонах знаходзіцца 3000 (!) драўляных і металічных труб, якія ўяўляюць сабой сплаў волава і свінцу. Для корпуса аргана, драўляных труб і пульта арганіста выкарыстана драўніна буку, дубу, бярозы, елкі. У аргане 36 рэгістраў, што дазваляе выконваць музыку любых стыляў і кірункаў. У пульце арганіста два мануалы (па 58 клавіш), а таксама нажная клавіятура з 30 клавіш. Паветра ў арган падаецца з двух кампрэсараў, размешчаных у аркестравай яме. Пульт арганіста абсталяваны магутным камп'ютарам, здольным запамінаць да 4000 камбінацый рэгістраў.

Адкрыццё аргана ў зале Віцебскай абласной філармоніі адбылося 6 ліпеня 2007 года ва ўрачыстай абстаноўцы і прысутнасці кіраўніка дзяржавы. З гэтага часу віцебскі арган рэгулярна знаёміць сваіх слухачоў з шэдэўрамі сусветнай арганнай класікі розных стыляў, жанраў і кірункаў у выкананні вядомых выканаўцаў розных нацыянальных школ. Арганныя канцэрты набылі папулярнасць і сталі неад'емнай часткай культурнага жыцця горада.

На віцебскім аргане ігралі вядомыя выканаўцы з Францыі, Аўстрыі, Германіі, Швецыі, ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Расіі, Беларусі. «Гэта дзівосны арган! Велізарнае задавальненне працаваць з ім», — падзяліўся ўражаннямі Рональд Эбрэхт з ЗША. «Арган выдатны, яркі, гучны. Вельмі адчувальны, што патрабуе ад выканаўцы гранічнай канцэнтрацыі і дакладнасці. Граць на ім — асалода!» — заўважыў Аляксандр Ісакаў з Літвы. «Іграючы на аргане, я атрымаў велізарнае задавальненне. Канцэпцыя незвычайная, нечакана паспяховая пры дадзенай акустыцы. Гэта было выдатнае пачуццё — сядзець «у цэнтры» аргана і адчуваць арганную музыку з абодвух бакоў... Я не ўяўляю, што лепшае можна было б зрабіць для гэтай залы!» — канстатаваў Ханс Фагіус са Швецыі.

«Здзіўлены, наколькі гэта добры інструмент! Мару, што ён зменіць да лепшага гісторыю арганнага мастацтва Беларусі!» — вельмі эмацыянальна выказаўся Расціслаў Выграненка з Польшчы.

Пра музычную тэрапію чулі многія. Мае чароўныя суразмоўніцы ўпэўненыя, што музыка Баха і душу лечыць, і целу дапамагае аднавіць сілы. Нездарма ў філармоніі раяць паслухаць арган цяжарным. Віцябляне, дарэчы, у гэтым былі першапраходцамі ў краіне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва гераінь публікацыі


У тэму

У перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы арган азначае «інструмент», «прылада». А яго пульт афіцыйна мае назву «шпільціш». Правобразам аргана даследчыкі музыкі лічаць вавілонскую дуду (XІX стагоддзе да н. э.).

У «сям'і» арганаў паводле іх функцыянальнай прыналежнасці ёсць канцэртны, царкоўны, тэатральны, кінаарган (апошні выкарыстоўваўся для агучвання нямых фільмаў), кірмашовы, камерны (партатыўны, салонны) і іншыя. Існуюць экзатычныя разнавіднасці аргана, як, напрыклад, паравы, «гідраўлафон» і архітэктурнае збудаванне ў Харватыіі пад назвай «Марскі арган», на якім іграюць хвалі марской вады. Арган канцэртнай залы Бардуок у Атлантык-Сіці, ЗША — самы вялікі і самы гучны сярод калі-небудзь створаных музычных інструментаў. Мае сем мануалаў (клавіятура для рук), 455 рэгістраў і 33 112 труб. Даўжыня самай вялікай трубы складае каля 18 метраў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.