Вы тут

Чым адметны Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці?


Выяўленне і зберажэнне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны — важная задача для спецыялістаў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.


Супрацоўнікі аддзела традыцыйнай культуры ўпэўнены, што пакуль будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне элементы народных танцаў, сакрэты роспісу велікодных яек, рэцэпты аўтэнтычных страў, таямніцы старажытных абрадаў, дагэтуль наша фальклорная спадчына будзе заставацца надзейным падмуркам для грамадства будучага.

Ва ўстанове са шматгадовай гісторыяй беражліва захоўваюць і развіваюць традыцыйную культуру, ладзяць маштабныя святы, аказваюць падтрымку аматарскай творчасці Гродзеншчыны. Тут ёсць усё: фальклор, тэатр, музыка, танец, спевы, выяўленчае і прыкладное мастацтва. Летась у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, якому споўнілася 80 гадоў, фактычна было сканцэнтравана ўсё культурнае жыццё вобласці.

Таямніцы абрадаў і сакрэты рукатворнай прыгажосці

Дзякуючы зладжанай рабоце цэнтра ў вобласці адбылася безліч яркіх фестываляў, многія з якіх сталі візітнай карткай усёй краіны. Гродзенская зямля па праве можа ганарыцца адным з вядучых праваслаўных фестываляў свету — «Каложскім Благавестам». Крэатыўнымі ідэямі штогод папаўняецца вечна малады фестываль «Не старэюць душой ветэраны». Упэўнена заяўляюць аб сабе мясцовыя зоркі сцэны падчас традыцыйных «Лідскіх тэатральных сустрэч» і «Слонімскіх цудадзействаў». На працягу амаль 15 гадоў не страчвае сваю актуальнасць фестываль фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы». І ўсё гэта — толькі невялікі пералік безумоўных культурных брэндаў, да якіх мае дачыненне калектыў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Амаль паўвека таму ў сценах метадычнага цэнтра сямейнай дынастыяй Шунейкаў былі ўдасканалены кросны і адноўлена ткацтва тэматычных габеленаў. Унікальная майстэрня працуе і сёння, дзякуючы метадысту выставачнай залы Алене Феліксаўне Шунейцы — пераемніцы бацькавай тэхнікі падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, што ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Яшчэ адна гордасць абласнога цэнтра — выставачная зала, у якой за гады яе існавання было арганізавана больш за 500 унікальных экспазіцый. Салома- і лозапляценне, вышыўка, ганчарства, разьба па дрэве, выцінанка, жывапіс — сюды даўно «пратапталі сцежку» гродзенскія аматары рукатворнай прыгажосці.

Да новых вяршынь і даляглядаў

Варта сказаць, што работа цэнтра — не толькі святы, перамогі і выдатны настрой публікі. Гэта таксама бясконцы творчы пошук, пазапланавыя сходы, карпатлівая праца па суправаджэнні кожнага, хай невялікага, але ад гэтага не менш значнага мерапрыемства.

Гродзенскі цэнтр народнай творчасці заслужана можна назваць сапраўдным рухавіком разнастайных творчых працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне. На жаль, складаная эпідэмічная сітуацыя не дазволіла адсвяткаваць юбілей установы масава. Тым не менш культурнае жыццё вобласці цалкам на паўзу не пастаўлена.

Абапіраючыся на назапашаны за гады вопыт, маючы ў скарбонцы безліч смелых ідэй і праектаў, творчыя спецыялісты цэнтра будуюць упэўненыя планы. Інакш немагчыма, бо ў іх падтрымцы маюць патрэбу каля 1500 калектываў аматарскай творчасці; па метадычную і практычную дапамогу цэнтра звяртаюцца работнікі культуры з усіх куткоў вобласці. А, як вядома, калі хтосьці адчувае сябе карысным і патрэбным людзям, то любая работа ў яго спорыцца і проста гарыць у руках.

Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

Загаловак у газеце: «Каложскі Благавест» і «Слонімскія цудадзействы»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.