Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.


1. У Антхольцы скончыўся сёмы этап Кубка свету па біятлоне. Турнір адкрыла жаночая індывідуальная гонка, падчас якой Дзінара Алімбекава паказала найлепшы вынік у камандзе. Яна заняла восьмае месца, дапусціўшы па адным промаху на першым і апошнім агнявых рубяжах. Ганна Сола размясцілася на 32-м радку пратакола, Ірына Крыўко — на 42-м, Алена Кручынкіна — на 72-м.

У мас-старце Беларусь прадстаўляла толькі Дзінара Алімбекава. Да фінішу яна прыехала 30-й. Але рэванш беларускія біятланісткі ўзялі ў эстафеце, дзе зноў аказаліся ў ліку наймацнейшых. Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Алена Кручынкіна, Ганна Сола занялі пятае месца.

У агульным Кубка свету Дзінара Алімбекава займае 7-е месца і лідзіруе ў заліку спартсменаў да 25 гадоў. Алена Кручынкіна на 27-й пазіцыі, Ірына Крыўко на 39-й, Ганна Сола на 42-й. Пасля сямі этапаў Кубка свету жаночая зборная Беларусі ў Кубка нацый займае 6-е месца.

Складанай індывідуальная гонка аказалася і для мужчын. Найлепшы вынік паказаў Антон Смольскі, у яго 28-е месца. Мікіта Лабастаў прыехаў да фінішу 32-і, Сяргей Бачарнікаў — 57-ы. Дзмітрый Лазоўскі заняў 77-ю пазіцыю, а Максім Верабей — 84-ю. У эстафеце мужчынская зборная заняла 13-е месца. Разам з Антонам Смольскім, Сяргеем Бачарнікавым і Мікітам Лабаставым у эстафеце ўдзельнічаў Дзмітрый Лазоўскі. У агульным заліку Кубка свету найлепшую пазіцыю сярод беларусаў займае Сяргей Бачарнікаў, ён 27-ы. Антон Смольскі на 31-м месцы, Максім Верабей на 50-м, Мікіта Лабастаў — 71-ы.

Зараз у Кубка свету паўза. Наступным стартам для біятланістаў стане чэмпіянат свету, які пройдзе ў славенскай Паклюцы 10—21 лютага.

2. Гандбалісты зборнай Беларусі пераможна скончылі выступленне на чэмпіянаце свету ў Егіпце. У апошнім матчы другога этапу беларусы выйгралі ў каманды Паўночнай Македоніі з вынікам 30:26. Самым выніковым у беларускай камандзе стаў Уладзіслаў Кулеш, які закінуў сем мячоў. Дагэтуль на другім этапе 27-га чэмпіянату свету беларусы сыгралі ўнічыю са шведамі — 26:26, а потым моцна прайгралі егіпцянам — 26:35. У першым групавым раўндзе беларусы перамаглі каманду Рэспублікі Карэя — 32:24, нічыёй скончыўся матч з расіянамі — 32:32 і нашы ўступілі зборнай Славеніі 25:29.

Зборная Беларусі скончыла выступленне на стадыі асноўнага раўнда, заняўшы пятае месца ў чацвёртай групе.

3. Беларускія канькабежцы выступілі на этапе Кубка свету, які прымаў Херэнвен (Нідэрланды). Ігнат Галавацюк заняў шостае месца на дыстанцыі 500 метраў, якую пераадолеў за 34,759 секунды. А на 1000 метраў ён прыехаў да фінішу дзясяты — 1 хвіліна 08,905 секунды.

Ганна Ніфантава паказала сёмы вынік на дыстанцыі 500 метраў, яе час 38,040 секунды. Марына Зуева пераадолела дыстанцыю ў 3000 метраў за 4 хвіліны 05,591 секунды і заняла дзявятае месца.

Наступны этап Кубка свету па канькабежным спорце запланаваны на 29—31 студзеня і пройдзе ён таксама ў Херэнвене. Там жа з 11 да 14 лютага адбудзецца чэмпіянат свету на асобных дыстанцыях.

4. У Маскве скончыўся этап Кубка свету па фрыстайле, дзе выступілі і беларускія спартсмены. Максім Гусцік заняў чацвёртае месца. Выніковая ацэнка беларуса пасля суперфіналу — 99,78 бала. Павел Дзік таксама выступіў у суперфінале, у якім заняў пятае месца з ацэнкай 89,14 бала. Макар Мітрафанаў скочыў выступленне на дзявятым месцы, Дзмітрый Мазуркевіч на 11-м. Станіслаў Гладчанка размясціўся на 17-й пазіцыі, Ігар Драбянкоў на 27-й.

Ганна Гуськова заняла 6-е месца. Ацэнка алімпійскай чэмпіёнкі — 54,52 бала. Ала Цупер скончыла выступленне на дзявятым месцы. А Настасся Андрыянава заняла 18-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе.

5. У Мінску скончыўся І этап Адкрытага кубка Беларусі па кулявой стральбе, прысвечаны памяці заслужанага трэнера СССР і БССР Анатоля Юрчанкі. За чатыры дні спартсмены пабілі два рэспубліканскія рэкорды — у Вікторыі Чайкі на 578 балаў, а ўжо на наступны дзень пяціразовая рэкардсменка мінулага сезона Уладзіслава Пронька ўстанавіла новы рэкорд у практыкаванні «стральба з пнеўматычнай вінтоўкі».

Лідарамі турніру сталі Марыя Мартынава, Вікторыя Чайка, Уладзіслава Пронька, Ілья Чыргейка, Курдзі Абдул-Азіз. Спаборніцтвы сталі першым этапам адбору да чэмпіянату Еўропы, які запланаваны на май.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Беларускія стралкі пачалі сезон

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?